Панядзелак, 06 Жнівень 2012 10:08

26 сакавіка 2012 г. – 70 гадоў з дня нараджэння І. С. Арабейкі (1942), паэта

“Найдарожшы куток на зямлі” для Івана Сяргеевіча Арабейкі – вёска Хмелева Жабінкаўскага раёна, дзе ён з’явіўся на свет 26 сакавіка 1942 года.

{gcontent}У сям’і, дзе нарадзіўся паэт, было дзевяць дзяцей. Маці граматы не мела, але ўсім сваім жыццём перадавала дзецям вялікаю сялянскаю мудрасць – любіць працу, вучыцца, цярпліва і мужна пераносіць нягоды жыцця. Бацька меў сямігадовую адукацыю, ведаў шмат мясцовых паданняў, легендаў, казак, любіў чытаць на памяць вершы А. Пушкіна, байкі І. Крылова.                                      

З 1949 года Іван Арабейка вучыўся ў Хмелеўскай сярэдняй школе. Недзе з чацвёртага класа пачаў пісаць вершы, спачатку на рускай мове. Падштурхнула да творчасці, запаліла іскрынку ў душы хлопца настаўніца Ганна Мікалаеўна Брашчук. У 1957 годзе ў газеце “Піянер Беларусі” быў аб’яўлены конкурс твораў пра Вялікую Айчынную вайну, і Іван асмеліўся паслаць у газету верш “Магіла партызан”. Але атрымаў адказ з адмоўнай ацэнкай твора за подпісам Хведара Жычкі. Гэта на некаторы час прыглушыла цікавасць да літаратуры.                                                                     

Паэтычны дар у Івана межаваўся з дакладнымі навукамі. Таму ў 1959 годзе, пасля заканчэння дзесяцігодкі, паступіў у Беларускі палітэхнічны інстытут на хіміка-тэхналагічны факультэт. Студэнтам старэйшых курсаў наведваў пасяджэнні літаратурнага аб’яднання пры газеце “Чырвоная змена”, у якой у 1963 годзе быў надрукаваны першы верш паэта “Клён”. Публікацыя акрыліла паэта. З таго часу ён пачаў сур’ёзна працаваць над вершамі.           Пасля заканчэння інстытута ў 1964 годзе, атрымаўшы дыплом інжынера-тэхнолага сілікатнай прамысловасці, Іван Сяргеевіч трапіў па размеркаванні на шклозавод “Нёман” у пасёлак Бярозаўка Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. Таму ў кнігах Арабейкі, асабліва ў першым зборніку “Услед за сонцам”, часта сустрэнеш вершы, прысвечаныя шкладувам, рабочаму класу. У 1968 годзе ён вярнуўся ў Брэст. Працаваў майстрам змены на заводах зборнага жалезабетону (1968–1969) і газавай апаратуры (1971–1973), выкладчыкам кафедры ачысткі прыродных і сцёкавых вод Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (1967–1971), інжынерам камбіната па добраўпарадкаванню горада (1973–1975). З 1975 года І. Арабейка працуе ў Брэсцкім аддзяленні гандлёва-прамысловай палаты Беларусі.                                   

З 1979 года Іван Арабейка – член Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 1981–1983 гг. ён вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, куды яго рэкамендаваў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Гэта быў час, насычаны цікавымі падарожжамі па літаратурных мясцінах і сустрэчамі з многімі пісьменнікамі.                                                                                                    

Свой першы паэтычны зборнік, які выйшаў у 1972 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, Іван Арабейка назваў “Услед за сонцам”. Вобраз сонца звязаны ў яго вершах найперш з сагрэтымі яго промнямі аколіцамі роднай вёскі Хмелева. Чым бы ні займаўся Іван Сяргеевіч, ён помніў яркія фарбы маленства, водар вёскі і вобраз маці, якая так рана памерла.

У 1978 годзе І. Арабейка выдаў свой другі пэтычны зборнік “Асенні ранак”, у які акрамя вершаў увайшла паэма пра подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Не мог Арабейка, дзіця вайны, абмінуць подзвіг бацькоў. Лірычная паэма “Сцяна” была напісана пад уплывам ад сустрэч з удзельнікамі абароны цытадэлі. “Арабейка, – як адзначае крытыка, – стварыў лірычную ў аснове паэму, галоўнай тэмай якой з’яўляецца даніна пашаны героям ад палявой і сялянскай берасцейскай зямлі.”

З сярэдзіны 80-х Іван Сяргеевіч адышоў ад актыўнай паэтычнай дзейнасці амаль на 20 гадоў. Фактычна знік з літаратуры, зрэдку адорваў чытача невялікімі перакладамі з украінскай мовы. Яго вершы друкаваліся ў перакладах на рускую і ўкраінскую мовы. Першая спроба вяртання Івана Арабейкі да паэзіі адбылася ў 2005 годзе вершам “І зноў вясна, і зноў цвітуць сады”, у цэнтры якога лёс земляка, прайшоўшага праз агонь вайны і пекла палону. Верш “І зноў вясна, і зноў цвітуць сады” быў апублікаваны ў жабінкаўскай раённай газеце “Сельская праўда” да 60-годдзя Вялікай Перамогі. А ў пачатку 2007 года аўтар прынёс у рэдакцыю “Сельскай праўды” звыш двух дзясяткаў твораў, напісаных апошнім часам: “Даўняе”, “Ліда”, “Маліны”, “Быў” і інш. Тэмы ўсё тыя ж, якія мы ведалі па Арабейкавых зборніках, усё тое ж уменне працаваць са словам, але творы гучаць па-філасофску абвострана.

У цяперашні час Іван Сяргеевіч Арабейка жыве ў вёсцы Жыцінь Жабінкаўскага раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктароўна, бiблiёграф

{/gcontent}

Творы I. С. Арабейкi

  1. Асенні ранак : вершы / І. Арабейка. Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. 62 с.
  2. Услед за сонцам : вершы / І. Арабейка. Мінск : Мастацкая літаратура, 1972. 55 с. (Першая кнiга паэта).
  3. Нізінны край, мой кут абраны; Запавет; Курапатка; У акне : вершы / І. Арабейка // Жырандоля : літ. альманах Бресцкага абл. аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, № 1, 2008. Мінск : Кнігазбор, 2008. С.72–74.
  4. Жабінка; Жывуць жукі; Кутузаў; Гісторыю штудзіруючы; У вянок класіку; Міколу Пракаповічу; Аляксею Філатаву; Алесю Каско : вершы / І. Арабейка // Жырандоля : літ. альманах Брэсцкага абл. аддзялення Саюза бел. пісьменнікаў / пад рэд. Л. Валасюка і інш. № 3, 2010. Брэст : ААТ Брэсцкая друкарня, 2010. С. 67–70.
  5. Журавлиные обозы; Мне туда не доехать; Отрывается – вон уже стая : [стих.] / И. Оробейко // Белой Вежи свет : поэзия Брестчины в переводах Валерия Гришковца. Брест : Академия, 2005. С. 85–86.
  6. А мы вакол кастра сядзім; Калядны дождж; Цаню спакой і цішыню : вершы / І. Арабейка // Сельская праўда (Жабiнка). 2012. 28 студз. С. 3.
  7. Выйду ў вечаровае сутонне; Навошта гэты ранні снег; Прыснілася: я ладным дзецюком; Меў я крылья і здароўя не прасіў; Не, я не ўмер, я ўглыб сябе зашыўся : вершы / І. Арабейка // Сельская праўда (Жабiнка). 2009. 21 сакав.
  8. Зіма – 2007 : верш / І. Арабейка // Сельская праўда (Жабiнка). 2007. 27 студз.
  9. І зноў вясна, і зноў цвітуць сады : верш / І.Арабейка // Сельская праўда (Жабiнка). 2005. 17 мая.
  10. Маліны; У белым доме ля сіняй бухты; Быў : вершы / І. Арабейка // Сельская праўда (Жабiнка). 2007. 24 сакав. С. 5.
  11. Можа, варта на міг прыпыніцца : верш / І. Арабейка // Заря. 2006. 10 авг.
  12. Паркан і яблыні ўсе ў шэрані; Сяджу ля печы, грэю лоб і плечы : вершы / І. Арабейка // Сельская правда (Жабiнка). 2010. 10 крас. С. 7.
  13. Бор : [стих.] / И. Оробейко // Заря. 2002. 7 сент.
  14. Подлечиться сходи в лес сосновый : [стих.] / И. Оробейко // Заря. 2003. 12 авг.

 

Аб жыцці і творчасці паэта

  1. Iван Арабейка // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 208–210.
  2. Арабейка Iван Сяргеевiч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / пад рэд. Г. П. Пашкова і інш. – Мінск : БелЭн, 1996. Т. 1. С. 443.
  3. Арабейка Iван // Беларускія пісьменнікі : бiябібліяграфiчны слоўнiк : у 6 т. Мінск : БелЭн, 1992. Т. 1. С. 93–94.
  4. Iван Арабейка // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. С. 23.
  5. Сянкевiч, М. Чысты голас з Хмелева : да 70-годдзя паэта Iвана Арабейкi / Мiкола Сянкевiч // Брестский курьер. 2012. № 12. С. 21.
  6. Бензярук, Р. Гучаць вершы свежа, молада : Івану Арабейку – 65 / Р. Бензярук // Сельская праўда (Жабінка). 2007. 24 сакав.
  7. Бензярук, Р. …i стала песняй назаўжды / Р. Бензярук // Сельская праўда (Жабінка). 2006. 24 мая.
  8. Бензярук, Р. Сорак дарог / Расціслаў і Анатоль Бензярукі. Брэст : Альтернатива, 2007. С. 77–81.
  9. Старычонак, В. “І птушкі, і хмары, і дрэвы, як людзі” // Роднае слова. 2007. № 9. С. 18–21.
  10. Іван Арабейка : да 65-годдзя з дня нараджэння : [буклет] / Жабінкаўская ЦБС; склад. Т. А. Епішка. Жабінка, 2007.
  11. Калеснік, У. Зорны спеў : літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды / Уладзімір Калеснік. Мінск : Мастацкая літаратура, 1975. С. 382–387.
  12. Філатаў, А. Надзеямі жыве душа : да 65-годдзя паэта Івана Арабейкі / А. Філатаў // Брестский курьер. 2007. № 13. С. 28.
  13. Сахарчук, В. Івану Арабейку – 60 / В. Сахарчук // Сельская праўда (Жабінка). 2002. 27 сакав.
  14. Каско, А. Каб вяртацца да слова : Івану Арабейку – 50 / А. Каско // Сельская праўда (Жабінка). 1992. 21 сакав. С. 2.
  15. Iван Арабейка // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Жабінкаўскага р-на / [уклад. Р. Я. Смірнова]. Мінск : Ураджай, 1999. С. 470.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3154 разоў Апошняя змена Пятніца, 20 Сакавік 2020 10:10