Панядзелак, 27 Люты 2017 10:31

20 студзеня 2017 г. — 215 гадоў з дня нараджэння Ігнація Жалязоўскага (свец. Якаў Лявонцьевіч; 1802–1872), рэлігійнага праваслаўнага дзеяча, епіскапа Брэсцкага

Ігнацій (Якаў Лявонцьевіч) Жалязоўскі нарадзіўся 20 студзеня 1802 года ў вёсцы Вялікія Сяхновічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і ўніяцкага святара.

У 1812–1821 гадах Якаў вучыўся ў Брэсцкім дваранскім вучылішчы. 26 кастрычніка 1824 года ў Тараканскім Богаяўленскім манастыры (цяпер Драгічынскі раён) пастрыжаны ў манаства. У 1825 годзе паступіў у Галоўную ўніяцкую духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце. Пасля паспяховага завяршэння навучання (1829) ён вярнуўся на радзіму ў якасці настаўніка Кобрынскага павятовага духоўнага вучылішча, дзе працаваў да снежня 1833 года. Кобрынскае вучылішча было створана ў 1830 годзе, першым наглядчыкам быў Іаан Лявонцьевіч Жалязоўскі (1800–1831), старэйшы брат Якава Жалязоўскага.

 

У 1836–1839 гадах Якаў Жалязоўскі – інспектар Літоўскай семінарыі (у Жыровіцах), якая стала цэнтрам падрыхтоўкі ўніятаў да ўз’яднання з праваслаўнай царквой. У час Полацкага царкоўнага сабору (1839) падпісаў сярод іншых святароў «Саборны акт аб уз’яднанні» уніяцкай царквы з праваслаўнай. У 1839–1948 гадах – настаяцель Барысаглебскага манастыра ў Гродне, клапаціўся аб захаванні Барысаглебскай (Каложскай) царквы – помніка архітэктуры ХІІ ст., які і сёння застаецца гонарам і прыгажосцю зямлі беларускай.

20 мая 1848 года быў рукапаложаны ў Віленскім кафедральным саборы мітрапалітам Літоўскім і Віленскім Іосіфам Сямашка ў епіскапа Брэсцкага з прыняццем імя Ігнація. Ігнацій Жалязоўскі ў 1848–1870 гадах кіраваў Брэсцкай епархіяй, адначасова ён быў назначаны другім вікарыем Літоўскай епархіі. Быў дзейсным памочнікам мітрапаліта Іосіфа Сямашкі. Жыў у Жыровічах і Гродне (з 1852), дзе была рэзідэнцыя епіскапа. У новым высокім званні Ігнацій Жалязоўскі пачаў дзейнічаць надзвычай энергічна. Менш чым за дзесяцігоддзе ён асабіста агледзеў усе цэрквы, уключаныя ў межы епархіі, пры гэтым уласнаручна асвяціў 16 праваслаўных храмаў, большасць з якіх была ператворана з каталіцкіх ці ўніяцкіх.

З асаблівай ахвотай, з цёплым адчуваннем радасці епіскап вяртаўся на радзіму. Калі летам 1852 года ўладыка аглядаў 65 храмаў Кобрынскага павета, ён не мог абмінуць Вялікія Сяхновічы. Можна толькі здагадвацца, якія думкі, успаміны наведвалі Ігнація пры набліжэнні да зямлі продкаў, што падаравала яму жыццё. Нямала сіл брэсцкі епіскап ахвяраваў на тое, каб навучыць мясцовых святароў правільнаму выкананню сваіх абавязкаў.

Уладыка мэтанакіравана адстойваў ідэю канчатковага ўсталявання праваслаўя, меў дастаткова аўтарытэту, каб адстойваць яе перад вельмі значнымі асобамі. Пасля паўстання 1863–1864 гадоў садзейнічаў закрыццю касцёлаў і пераўтварэнню іх у цэрквы.

Епіскап Брэсцкі прыклаў шмат намаганняў да рамонту старых і ўзвядзення новых храмаў, ахвяраваў на гэта асабістыя сродкі. У Брэст-Літоўску ў красавіку 1862 года быў закладзены Свята-Сімяонаўскі сабор. Узводзілі храм па праекце брэсцкага гарадскога архітэктара В. Палікарпава. Унутраная прастора царквы складала 49,5 кв. сажняў і магла змясціць да 700 чалавек.7 лістапада 1865 года з крэпасці ў новы храм перанеслі мошчы прападобнага мучаніка Афанасія Філіповіча (1597–1648), ігумена Брэсцкага, а на наступны дзень храм быў асвечаны.

21 чэрвеня 1870 года Ігнацій Жалязоўскі з-за хваробы (у 1866 і 1869 гг. перанёс інсульты) пакінуў епіскапскую кафедру, апошнія гады жыў у Барысаглебскім манастыры ў Гродне, займаўся мецэнацтвам, збіраў бібліятэку. Узнагароджаны ордэнамі святой Анны І ступені і святога Уладзіміра ІІ ступені.

Па ўспамінах сучаснікаў, айцец Ігнацій вылучаўся сумленнасцю, сціпласцю і адданасцю свяшчэннаму служэнню, у зносінах з людзьмі быў непрадузяты, вытрыманы. У асабістым жыцці гэта быў строгі манах-аскет. Нярэдка вечарамі ладзіў спеўкі кліраса, сам акампаніраваў на скрыпцы, быў знаўцам царкоўных спеваў. Сабраў вялікую бібліятэку, цікавіўся рускай літаратурай. Яшчэ перад смерцю ён пажадаў выканаць даўняе абяцанне і пакланіцца праваслаўным святыням у Кіеве, дзе ў верасні 1870 года ён адслужыў апошнюю ў жыцці службу.

Ігнація Жалязоўскага не стала 1 красавіка 1872 года. На пахаванне, якое згодна традыцыі адбылося на трэці дзень пасля смерці, прыехалі архіепіскап мінскі Міхаіл (Галубовіч), ад якога ў 1848 годзе ўладыка Ігнацій прыняў брэсцкую кафедру, і Яўгеній (Шэршылаў), якому яе перадаў, зыходзячы на пакой.

З 1875 года ў Віленскім духоўным вучылішчы была ўстаноўлена імянная стыпендыя епіскапа Ігнація для дзяцей-сірот, якія паказвалі выдатныя здольнасці ў авалоданні навукамі і добрых у сваіх паводзінах.Фундатарамі стыпендыі сталі протаіерэй Антоній Катовіч, святары Іаан Лявіцкі, Васіль Макавецкі і іншыя.

У 1889 годзе ў Расійскай імперыі шырока святкаваліся 50-я ўгодкі ўз’яднання ўніяцкай царквы з праваслаўем, ва ўсіх храмах служылася літургія ў памяць падзеі. Сярод імёнаў стваральнікаў гэтага факта неаднаразова гучала імя, пеліся царкоўныя гімны ў светлую памяць уладыкі Ігнація Лявонцьевіча Жалязоўскага, былога епіскапа Брэсцкага.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Жалязоўскі Ігнацій / Анатоль Бензярук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 364.

  2. Жалязоўскі Ігнацій (1802–1872) / А. Р. Бензярук // Асветнікі зямлі Беларускай : энцыкл. даведнік. Мінск, 2001. С. 164.

  3. Бензярук, А. Ігнацій Жалязоўскі, Якаў Лявонцьевіч епіскап Брэсцкі (1802–1872) / Анатоль Бензярук // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа. Гродна, 2009. Ч. 1. С. 329–333.

  4. Жалязоўскі Ігнацій // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка / рэд.-уклад. Р. Я. Смірнова. Мінск, 1999. С. 131–133, 492, 502.

  5. Орловский, Е. Судьбы православия в связи с историею латинства и унии в Гродненской губернии в ХІХ столетии (17941900) / Е. Орловский. Гродно : [б. и.], 1903. – Из содерж.: Игнатий Железовский. С. 83–85, 133–136, 142–160, 215–217, 238–252, 259–261, 282–284, 297–298.

  6. Черепица, В. Не потерять связующую нить : история Гродненщины ХIХ–ХХ столетий в событиях и лицах : исследования, документы, комментарии / Валерий Черепица. Гродно : [ГрГУ], 2003. – 420 с. – Из содерж.: Игнатий Железовский. С.9697.

  7. Брестская епархия = Brest Dioceze : [история 1019–2001 гг.] // Наследие православной Беларуси / сост. С. Р. Бегиян ; пер. на англ. яз. А. А. Цариковой. Минск, 2011. С. 4–5.

  8. Носко, М. М. История строительства Свято-Симеоновского собора в г. Бресте / М. М. Носко // Канфесіі на Беларусі: гісторыя, сучаснасць : зборнік матэрыялаў міжнар. навук.-практ. канф., 7–8 кастр. 2004 г. Брэст, 2005. C. 197–200.

  9. Свята-Сімяонаўскі кафедральны сабор: [г. Брэст]// Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагiн. Мінск, 2001. С. 27.

  10. Ролич, О. Епископ Игнатий (Железовский) / Ольга Ролич // Заря. 2015. 15 января. С. 17.

  11. Носко, М. Епископ Игнатий (Желязовский) : [Яков Леонтьевич Железовский (18021872), епископ Брестский] / Михаил Носко // Брестские епархиальные ведомости. 2005. № 2 (12). С. 42–46.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1552 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Ліпень 2020 10:56