Панядзелак, 27 Люты 2017 10:35

17 студзеня 2017 г. — 285 гадоў з дня нараджэння Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1732–1798), апошняга караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя літоўскага, асветніка, мецэната

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (да каранацыі Станіслаў Антоні) нарадзіўся 17 студзеня 1732 года ў мястэчку Воўчын Брэсцкага павета (зараз в. Воўчын Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Паходзіў з магнацкага роду Панятоўскіх, з’яўляўся трэцім сынам кракаўскага кашталяна Станіслава Панятоўскага і Канстанцыі Панятоўскай, народжанай княжны Чартарыйскай. Атрымаў выдатнае дамашняе выхаванне пад пільным кіраўніцтвам маці.

Станіслаў скончыў калегіум тэатынаў у Варшаве, валодаў пяццю замежнымі мовамі. Удасканальваючы свае веды, шмат падарожнічаў па Еўропе. З маладосці быў звязаны з групоўкай Чартарыйскіх, якая мела значны ўплыў у Рэчы Паспалітай.

 

У 1755–1764 гадах займаў ганаровую пасаду стольніка ВКЛ. У 1755–1756 і 1757–1758 гадах знаходзіўся ў Пецярбургу як сакратар англійскага пасольства і пасол Саксоніі і Рэчы Паспалітай. Малады, адукаваны, прыгожы дыпламат стаў сваім чалавекам пры двары. Ён блізка сышоўся з вялікай княгіняй Кацярынай Аляксееўнай (будучая імператрыца Кацярына II), у хуткім часе Станіслаў Панятоўскі стаў адным з яе фаварытаў.

Пасля смерці караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста III (1763) Чартарыйскія і Кацярына II вылучылі кандыдатуру С. Панятоўскага на трон Рэчы Паспалітай. Імператрыца разлічвала на падпарадкаванне ёй новага караля, патрабавала за падтрымку перадаць Расіі тэрыторыі ўсходняй Беларусі. На элекцыйным сойме 6 верасня 1764 года Станіслаў Панятоўскі быў абраны каралём (пры каранацыі ўзяў імя Аўгуст).

Яго праўленне – гэта перыяд заняпаду Рэчы Паспалітай, спробы рэформаў і ўмацавання дзяржаўнага ладу краіны. Напачатку С. Панятоўскі спрабаваў вызваліцца ад поўнай залежнасці ад Расіі, шукаў шляхі да саюзу з Аўстрыяй і Францыяй. Ва ўнутранай палітыцы выступаў за пагадненне з рэспубліканцамі Патоцкімі, каб адстаяць незалежнасць дзяржавы. Аднак апазіцыйная групоўка магнатаў Патоцкіх засталася непрыхільнай да караля, захаваўшы свае погляды на дзяржаўны лад са слабай каралеўскай уладай. Станіслаў Аўгуст спрабаваў стварыць сваю групоўку цэнтрысцкага характару, што прывяло да канфлікту з Чартарыйскімі.

Скарыстаўшы Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю, Кацярына II навязала сойму і каралю дагавор 1768 года, якім Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне Кардынальных правоў. Улада караля апынулася пад кантролем Расіі.

Шырокія колы патрыятычна настроенай шляхты ўзняліся за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай, супраць караля і стварылі Барскую канфедэрацыю. На тэрыторыю Рэчы Паспалітай зноў былі ўведзены расійскія войскі, і канфедэраты пацярпелі паражэнне. Вынікам гэтага стаў першы падзел Рэчы Паспалітай (1772). Пасля С. Панятоўскі паступова ўзмацніў сваю ўладу. У 1775 годзе створана Пастаянная Рада – цэнтральны орган выканаўчай улады на чале з каралём. Былі прыняты рашэнні, накіраваныя на развіццё прамысловасці і гандлю, паляпшэнне прававога становішча мяшчан, абмежавана ўлада гетманаў, войска і было падпарадкавана каралю.

Асобай увагі заслугоўвае мецэнацкая і асветніцкая дзейнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пры двары караля былі сабраны лепшыя мастакі і скульптары. У час яго кіравання была праведзена рэканструкцыя Каралеўскага замка ў Варшаве. С. Панятоўскі заўсёды падтрымліваў асветніцтва і адукацыю, апекаваў тэатр і мастацтва, адкрыў мастацкую школу, накіроўваў стыпендыятаў на вучобу за мяжу. У Варшаве адкрыў Рыцарскую школу (кадэцкі корпус), рыхтаваў адкрыццё акадэміі мастацтваў, акадэміі навук і літаратуры, нацыянальнага музея. Ён быў ініцыятарам выдання газеты «Манітор», збіраў калекцыі гіпсавых бюстаў, гем і манет. Асабіста падтрымліваў адкрыццё мануфактур, спрыяў прамысловай здабычы солі.

Станіслаў Панятоўскі спрабаваў правесці дзяржаўную рэформу. Ім быў прыняты Дзяржаўны закон – першая ў Еўропе канстытуцыя. Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, якая была абвешчана 3 мая 1791 года, замацоўвала межы паўнамоцтваў дзяржаўнай улады, правы і абавязкі грамадзян.

Адносная раўнавага ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай была пахіснута дзеяннем новай апазіцыі, якая на Чатырохгадовым сойме (1788–1792) правяла шматлікія і грунтоўныя рэформы. Панятоўскі пайшоў на пагадненне з рэфарматарамі. У адказ кансерватыўная групоўка магнатаў – Таргавіцкая канфедэрацыя – садзейнічала ў 1792 годзе акупацыі краіны расійскімі войскамі. Рэформы былі скасаваны, Станіслаў Аўгуст далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і на яго лягла адказнасць як на капітулянта. У час Гарадзенскага сойма (1793) Панятоўскі дзейнічаў цалкам пад кантролем Расіі і пагадзіўся на другі падзел Рэчы Паспалітай.

На пагрозу поўнай ліквідацыі незалежнасці народ Рэчы Паспалітай адказаў паўстаннем 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Кароль не праявіў мужнасці ў такой складанай сітуацыі, і паступова ініцыятыву ўзялі войскі Прусіі і Расіі. Станіслаў Аўгуст быў адхілены ад улады, хоць фармальна захаваў трон. Пасля паражэння паўстання па загаду Кацярыны II С. Панятоўскі выехаў у Гродна. Тут ён даведаўся пра трэці падзел Рэчы Паспалітай і 25 лістапада 1795 года падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II. Гэтым актам было спынена існаванне Рэчы Паспалітай і яе часткі – Вялікага Княства Літоўскага.

Пасля смерці Кацярыны II Павел I выклікаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Пецярбург, дзе 12 лютага 1798 года той памёр ад апаплексічнага ўдару. Быў урачыста пахаваны ў Пецярбургскім касцёле святой Кацярыны Александрыйскай, у 1938 годзе яго астанкі перапахаваны на радзіме – у Свята-Троіцкім касцёле ў Воўчыне.

Воўчынскі касцёл пасля Вялікай Айчыннай вайны прыйшоў у заняпад. У 1988 годзе беларуска-польскай камісіяй былі наладжаны раскопкі на тэрыторыі воўчынскага касцёла. Былі знойдзены рэшткі каралеўскай труны, якія былі перавезены ў Польшчу. 14 лютага 1995 года ў Каралеўскім замку ў Варшаве, у кафедральным касцёле святога Яна, знайшоў канчатковы прытулак апошні кароль Рэчы Паспалітай.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Станислав Август Понятовский // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1 : Брестская область, кн. 2. С. 370.

  2. Станислав Август Понятовский // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 89.

  3. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у [3] т. Мінск, 2006. Т. 2. С. 625–626.

  4. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 145–146.

  5. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6. С. 401–402.

  6. Панятоўскі Станіслаў Аўгуст // Асветнікі зямлі беларускай, X – пачатак XX ст. : энцыкл. даведнік : 2-е выд. Мінск, 2006. С. 318–319.

  7. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі // 250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур. Мінск, 2008. С. 47–49.

  8. Несцярчук, Л. М. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі: манарх, асветнік, мецэнат / Леанід Міхайлавіч Несцярчук. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2011. – 300 с. : іл.

  9. Мусевіч, Г. Жыццё і смерць апошняга польскага караля : [Станіслаў Аўгуст Панятоўскі] / Георгій Мусевіч. – Камянец : [б. в.], 2005. – 71 с.: iл.

  10. Романович, С. Тайна королевской крипты / Светлана Романович, В. Богданов. – [Б. м. : б. и.], 2005. – 18 с.

  11. Мілінкевіч, А. Воўчынская гісторыя : [гісторыя перазахавання Станіслава Аўгуста Панятоўскага, в. Воўчын Камянецкага р-на]/ Аляксандр Мілінкевіч. – Гродна : [б. в.], 2004. – 76 с. : iл.

  12. Татаринов, Ю. А. Заботы последнего короля // Заботы последнего короля ; Заколдованный замок ; Тупичевский художник : повести / Ю. Татаринов. Минск, 2009. С. 353.

  13. Мальдис, А. И. Странный король Станислав Август // Соотечественники : очерки о белорусах и уроженцах Беларуси, обогативших мировую культуру / А. Мальдис. Минск, 2013. С. 71–78.

  14. 17 студзеня – 280 гадоў з дня нараджэння Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1732–1798), апошняга караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. 2011. № 10. С. 18–20 (дадатак : Даты беларускага календара).

  15. Курков, И. Н. Закадычные враги // Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Курков. – Минск, 2005. – С. 95–96.

  16. Zienkowska, K. Stanislaw August Poniatowski / KrystynaZienkowska. Wroclaw : Zaklad Narodowy im. Ossolinskich, 2004. 451s.

  17. Szyndler, B. Powstanie kosciuszkowskie 1794 / Bartlomiej Szyndler. Warszawa : Wyd-wo Ancher, 2001. 452s.

  18. Zgorzelska, A. Dzieje krolewskiego Wolczyna / Aleksandra Zgorzelska ; oprac. tek. Ewa Gawlikowska-Swiechowska. Warszawa, 1995 : Fundacja Kultury Polskiej. – 34 c.

  19. Michalski, J. Konstytucja 3 Maja : [вт. ч. С. А. Понятовский] / JerzyMichalski ; red. A. Rutkowski. Warszawa : Zamek Krolewski w Warszawie, 1985. 66s.

  20. Павловский, Б. Тайна последнего короля / Борис Павловский // Вечерний Брест. 2015. 16 октября. С. 7.

  21. Рубашевский, Ю. Последняя тайна последнего короля / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2014. 28 ноября. С. 4.

  22. Завадский, О. В Бресте вспомнили о последнем короле Польши : [о научной конференции, посвященной 250-й годовщине коронации С. А. Понятовского, в Генеральном консульстве Польши в Бресте] / Олег Завадский // Брестская газета. 2014. 28 ноября (№ 48). С. 10.

  23. Іваноў, А. Доўгім шляхам да ісціны : [аб кнізе Л. М. Несцерчука «Станіслаў Аўгуст Панятоўскі»] / А. Іваноў // Заря. 2011. 8 октября. С. 9.

  24. Ксёнжек, Э. Трагедия последнего короля / Э. Ксёнжек // Вечерний Брест. 2009. 30 января. С. 3.

  25. Муха, Ф. Королевская история : интерес к загадочной интриге, связанной с перезахоронением последнего польского короля / Федор Муха // Вечерний Брест. 2008. 31 мая. С. 15.

  26. Рубашевский, Ю. Реквием по королю / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2008. 15 февраля.

  27. Трибулева, Е. Подарок последнего короля / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2006. 16 июня. С. 4.

  28. Басов, С. Брестская история королевского портрета : [о портрете С. А. Понятовского, последнего короля Речи Посполитой, который находится в фондах Брестского областного краеведческого музея] / С. Басов // Echa Polesia. 2006. № 2/3. С. 4145.

  29. Марчук, Н. Жыццё і смерць Станіслава Аўгуста Панятоўскага / Н. Марчук // Літаратура і мастацтва. 2006. 28 ліпеня. С. 12.

  30. Гладышчук, А. Кароль з Воўчына / Анатоль Гладышчук // Вечерний Брест. 2004. 24 ноября. С. 9.

  31. Мусевіч, Г. Жыццё і смерць апошняга польскага караля / Георгий Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1998. 18 сакавіка.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2251 разоў Апошняя змена Панядзелак, 20 Ліпень 2020 12:12