Пятніца, 03 Сакавік 2017 15:55

23 кастрычніка 2017 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Івана Піліпавіча Супрунчыка (1942), народнага майстра Беларусі, разьбяра па дрэве, мастака, этнографа

Іван Піліпавіч Супрунчык нарадзіўся 23 кастрычніка 1942 года ў вёсцы Цераблічы Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У Піліпа Фядотавіча (1910–1944) і Аксінні Сцяпанаўны Супрунчык (1913–2000) ён быў чацвёртым. Бацька загінуў на фронце ў час вызвалення Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

Дзяцінства Івана было асвечана пяшчотнай любоўю маці і яе асаблівым клопатам пра меншага з дзяцей. Ад маці Іван атрымаў неацэнны скарб гістарычнай памяці аб зямлі, на якой нарадзіўся, і пакаленнях людзей, якія тут жылі. Вельмі значную ролю ў духоўным станаўленні мастака мела яго хросная маці Арына Васільеўна Паўловіч (1913–2010).

Маляваць Івана ніхто не вучыў, сам маляваў гадоў з дзесяці. У Цераблічах да 1956 года не было нават электрычнасці, а ў юнака было гарачае жаданне ведаў, пешшу хадзіў за 18 км у Давыд-Гарадоцкую бібліятэку, дзе браў кнігі пра мастакоў і мастацтва.

У 1961–1964 гадах Іван Супрунчык служыў у Савецкай арміі (Магілёўская вобл.), дзе яму даручалі афармляць насценгазеты. Потым працаваў мастаком-афарміцелем у калгасе «Праўда», маляваў транспаранты, лозунгі. У 1965 годзе ажаніўся з Марыяй Іванаўнай Сімончык, настаўніцай пачатковых класаў. Уладкаваўся працаваць бібліятэкарам у Церабліцкую сельскую бібліятэку, якую тады адкрылі. У 1980 годзе завочна скончыў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Адпрацаваў у бібліятэцы 36 гадоў, да выхаду на пенсію.

У 1966–1970 гадах завочна вучыўся ва Усесаюзным народным універсітэце мастацтва імя Н. Крупскай (Масква) на факультэце малюнка і жывапісу. Працуе ў станковай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры. Аўтар жанравых кампазіцый на тэмы Вялікай Айчыннай вайны, беларускага фальклору, твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Іван Супрунчык паставіў у Цераблічах сем помнікаў загінуўшым у апошнюю вайну аднавяскоўцам.

Удзельнік мастацкіх выстаў з 1967 года, пленэраў і семінараў з 1980 года (Гродна, Навагрудак, Стоўбцы, Баранавічы, Іванава, Русіна Баранавіцкага раёна, Кобрын, Брэст, Гарадная Столінскага раёна). Беларускім разьбярам пленэры давалі магчымасць творча рэалізаваць сябе. Калектыўная праца і нефармальныя зносіны ўтварылі сяброўскае кола таленавітых разьбяроў з розных месцаў Беларусі: Іван Супрунчык, Уладзімір Чыквін, Аляксандр Лазерка, Ірына Кушнярук, Міхаіл Корабаў, Анатоль Маголін, Анатоль Туркоў і іншыя.

З цягам часу разьбярская манера майстра змянілася. Ён адмовіўся ад дапрацоўкі скульптуры разцамі і цяпер працуе выключна сякерай. Нават маленькіх каляднікаў высякае толькі адной сякерай. Пластыка яго скульптур зрабілася больш напружанай, вобразы страцілі статыку. Здаецца, што майстар спяшаецца ўвасобіць вобразы, якія нарадзіліся ў яго ўяўленні і патрабуюць для сябе волі. Валоданне інструментам – сякерай даведзена Іванам Супрунчыкам да віртуознасці. У апошнія гады часцей звяртаецца да алоўкаў і пэндзля, паявіліся серыі графічных твораў, прысвечаных беларускім абрадам і традыцыям.

У 1989 годзе праведзена персанальная выстава І. П. Супрунчыка «Партрэт з сякерай» у рамках ІІІ Усерасійскага фестывалю народнай творчасці на ВДНГ (Масква). Персанальныя выставы былі наладжаны таксама ў Століне, Пінску, Брэсце, Мінску, Кіеве, Галандыі і Польшчы.

Захапленне этнаграфіяй вылілася ў калекцыю прадметаў сялянскага побыту, якая знайшла прытулак пры бібліятэцы. У 1996 годзе ўрачыста адкрыта бібліятэка-музей у Цераблічах, у 2001 годзе Церабліцкаму грамадскаму музею этнаграфіі прысвоена званне «народны». Музейная прастора – асобны маштабны твор мастака. Іван Піліпавіч – аўтар канцэпцыі музейнай экспазіцыі і яе дызайнер. У экспазіцыі музея дакументальныя і рэчавыя помнікі гісторыі Цераблічаў злучаны разам з драўлянымі і графічнымі творамі мастака, у якіх увасоблены яго роздум пра лёс чалавека ад нараджэння да смерці і повязь з продкамі.

Творы майстра знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Столінскага раённага краязнаўчага музея, Мотальскага музея народнай творчасці і інш. У 2001 годзе І. П. Супрынчык прыняты ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.

Узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва «За духоўнае адраджэнне» за 2000 год у намінацыі «народная творчасць» (за пластычнае ўвасабленне ў традыцыйнай разьбе па дрэве беларускіх фальклорных матываў). Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за значны асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай справы (2002). Удастоены звання «Народны майстар Беларусі» (2003). Атрымаў Гран-пры ХІV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» (2005) у рамках кірмашу-конкурсу народных рамёстваў і промыслаў.

У 2008 годзе І. П. Супрунчык стаў Ганаровым грамадзянінам Столінскага раёна, у 2014 годзе ўдастоены звання «Ганаровы паляшук».

Да 70-годдзя народнага майстра ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра была адкрыта выстава скульптур і графікі «Палеская Атлантыда», адбыўся творчы вечар і прэзентацыя альбома «Палескія былі ў творах Івана Супрунчыка».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Супрунчик Иван Филиппович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1 : Брестская область, кн. 2. С. 393.

  2. Супрунчик Иван Филиппович // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2009. Минск, 2009. С. 224–225.

  3. Супрунчык Іван Піліпавіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 520–521.

  4. Супрунчык Іван Піліпавіч / А. К. Лявонава // Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 193.

  5. Палескія былі ў творах Івана Супрунчыка / аўтар тэксту і ўклад. В. Лабачэўская ; фотамастак Г. Ліхтаровіч. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2012. – 247 с. : іл.

  6. Мастацкія скарбы Івана Супрунчыка: легенды і паданні ў скульптурах і замалёўках / аўтары тэксту і ўклад.: Л. Быцко, С. Несцярэнка. – Брэст, 2007. – 24 с. : іл.

  7. Жыцця імгненні Івана Супрунчыка / Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр ; склад. Л. М. Быцко. – Брэст, 2002. – 12 с. : іл.

  8. Валасюк, Л. Палескія былі Івана Супрунчыка // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 240–241.

  9. Памятник в честь 40-летия освобождения Белоруссии от немецко-фашистских захватчиков : [г. Столин; автор И. Ф. Супрунчик] ; Памятник землякам : [д. Теребличи; автор И. Ф. Супрунчик] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 381, 396–397.

  10. Бровач, О. Народный мастер высекает историю Полесья топором / Ольга Бровач ; фото Виктора Драчёва // Комсомольская правда в Белоруссии. 2017. 2 февраля. С. 6.

  11. Гашчук, Г. Памяць, каб жыць : [у выставачнай зале г. Століна адкрылася выстава І. П. Супрунчыка «Памяць зямлі»] / Галіна Гашчук // Навіны Палесся. Столін, 2016. 12 красавiка. С. 8.

  12. Сеген, Т. У гасцях у Ганаровага палешука : [аб этнаграфічным музеі І. Супрунчыка ў Цераблічах] / Таццяна Сеген // Навіны Палесся. Столін, 2016. 1 красавіка. С. 6.

  13. Ганчук, А. Філасофія з-пад сякеры / Аляксей Ганчук // Народная трыбуна. 2014. 24 кастрычніка (№ 43). С. 1.

  14. Лазоўскі, К. Як надзяляюцца людзі талентам / Кастусь Лазоўскі // ЛіМ. 2012. 30 лістапада (№ 48). С. 24.

  15. Сеген, Т. Усё геніяльнае проста : [да 70-годдзя народнага майстра І. П. Супрунчыка] / Таццяна Сеген // Навіны Палесся (Столін). 2012. 23 кастрычнiка. С. 1–2.

  16. Сеген, Т. Нізка пакланюся мастаку : [пра вечар-ушанаванне народнага майстра І. П. Супрунчыка ў Цераблічах] / Таццяна Сеген // Навіны Палесся. Столін, 2012. 26 кастрычнiка. С. 5.

  17. Гармель, Е. «Полесская Атлантида» Ивана Супрунчика : [об открытии выставки И. Супрунчика в выставочном зале Брестского ОКЦ] / Елена Гармель // Заря. 2012. 1 ноября. С. 13.

  18. Валасюк, Л. Палескiя былі Івана Супрунчыка : [пра адкрыццё выставы І. Супрунчыка ў выставачнай зале Брэсцкага ГКЦ] / Л. Валасюк // Брестский курьер. 2012. 1 ноября (№ 44). С. 10.

  19. Багданава, К.«Я Беларусь на сметніках збіраю…» : [пра адкрыццё выставы І. П. Супрунчыка ў выставачнай зале Брэсцкага ГКЦ] / Кацярына Багданава // Вечерний Брест. 2012. 31 октября. С. 7.

  20. Куницкий, П. «Сокровище» старой хаты : [о музее этнографии и быта, который создал И. Супрунчик в д. Теребличи Столинского
    р-на] / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2011. 11 февраля. С. 7.

  21. Кудласевіч, А. Скарбы Палесся / А. Кудласевіч // Народная трыбуна. 2011. 16 ліпеня. С. 11.

  22. Сергуч, Н. «Навучаць дзяцей шанаваць продкаў — і самі будзем у пашане» / Н. Сергуч // Белорусская нива. 2010. 6 октября. С. 9.

  23. Юрчук, І. «Сваё балота цягне…» / І. Юрчук // Рэспубліка. 2009. 15 верасня. С. 5.

  24. Куницкий, П. Художник с топором / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2008. 27 февраля. С. 18.

  25. Пракаповіч, М. Скарбы з берагоў Моўствы / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2007. 7 декабря. С. 8.

  26. Иринич, И. Топорная работа / И. Иринич // Обозреватель. 2007. 7 декабря. С. 8.

  27. Кобяк, Э. Легенды живут… в библиотеке : [о Теребличской библиотеке-музее и народном мастере И. Супрунчике] / Эдуард Кобяк // Заря. 2007. 3 мая. С. 24.

  28. Гашчук, Г. Экскурсія ў бібліятэку-музей : [пра Церабліцкую сельскую бібліятэку-музей, дзе працуе І. П. Супрунчык] / Галіна Гашчук // Навіны Палесся. Столін, 2007. 6 красавiка С. 5.

  29. Жылевіч, У. Шлях да Коласа: Цераблічы – Альбуць : [аб работах І. Супрунчыка ў мемарыяльным комплексе «Шлях да Коласа»] / У. Жылевіч // Навіны Палесся. Столін, 2007. 27 сакавiка. С. 3.

  30. Русак, Н.«Хто не быў у Супрунчыка…» / Наталля Русак // Культура. 2006. № 24. С. 13.

  31. Лысова, Т.«Прабягу, абальюся калодзежнай вадой — і за працу» / Т. Лысова // Рэспубліка. 2006. 11 ліпеня. С. 5

  32. Капачова, А. Пясняр дрэва : [пра адкрыццё выстаўкі народнага майстра І. П. Супрунчыка ў Мастацкім музеі г. Брэста] / Алена Капачова // Народная трыбуна. 2003. 6 верасня.

  33. Багданава, Г. Індывідуалізацыя калектыўных традыцый і светапогляду ў творчасці народных майстроў (на прыкладзе дзейнасці разьбяра Івана Супрунчыка) / Г. Багданава // Інсітнае мастацтва Беларусі. Віцебск, 2003. С. 80–85.

  34. Раманенка, Л. Не з гліны, дык з дрэва / Леанід Раманенка // Народная трыбуна. 2002. 9 лістапада.

  35. Завадская, И. Топорная работа / И. Завадская // Советская Белоруссия. 2002. 5 июля. С. 4.

  36. Беразенская, М. Іван ды Мар’я : пакуль ён высякае скульптуры, яна глядзіць на яго закаханымі вачыма / М. Беразенская // Звязда. 2002. 9 жніўня. С. 5.

  37. Сытин, Ф. Художник, который «рисует»... топором / Фёдор Сытин // Заря. 2001. 27 января. С. 4.

  38. Адамов, В. «Босоногое детство» длиною в жизнь / В. Адамов // Вечерний Столин. 2000. 12 августа. С. 5.

  39. Страццеў, Л. Зорка Івана Супрунчыка / Л. Страццеў // Народная творчасць. 1997. № 1. С. 23–25.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1952 разоў Апошняя змена Аўторак, 09 Люты 2021 16:23