Да 1592 года Лаўрэнцій Зізаній працаваў настаўнікам царкоўнаславянскай і грэчаскай моў у Львоўскай брацкай школе. Потым жыў у Бярэсці (цяпер Брэст) тры гады (1592–1595), якія прынеслі яму вялікую вядомасць як педагогу і грамадскаму дзеячу. Пад час працы ў Берасцейскай брацкай школе падрыхтаваў вучэбныя кнігі «Азбука з Лексісам» i «Грамматіка словенска…».
Напярэдадні ўзнікнення ў Рэчы Паспалітай царкоўнай уніі ў дзейнасці Берасцейскай брацкай школы наступілі перамены. На брацтва пачынае аказваць моцны ўплыў Іпацій Пацей (1541–1613), які ў 1593 годзе заняў Берасцейскую епіскапскую кафедру. Спачатку ён аказваў садзейнічанне і падтрымку брацкай школе, але, падтрымліваючы унію, новы біскуп пачынае ганенні на лепшых дзеячаў брацтва, стаў прыцясняць настаўнікаў. Як і многія арыстакраты ў час распаду феадальнай сістэмы, Іпацій Пацей адрозніваўся скептыцызмам, пачаў абвінавачваць праваслаўны клір у невуцтве і памылках, а заходнерускую царкву ў абыякавасці да асветы краю.
Лаўрэнцій Зізаній у 1595 годзе вымушаны быў сысці ў Віленскую школу. Паехаў у Вільню не толькі з-за таго, што там былі больш спрыяльныя ўмовы для работы, але і таму, што там была славутая друкарня.
У 1596 годзе ў Вільні Лаўрэнцій Зізаній надрукаваў першы на Беларусі і Украіне буквар «Наука ку читанню и розуменю писма словенского» з малюнкамі ў тэксце (выкарыстаў клішэ з выданняў Францыска Скарыны) і «Лексісам…» — беларускім слоўнікам (1061 слова), які дзякуючы звесткам па гісторыі, геаграфіі, прыродазнаўстве аблягчаў разуменне стараславянскай мовы, набліжаў яе да жывой мовы народа, памагаў пашыраць веды і асвету.
Другая кніга — «Грамматіка словенска свершеннаго искусства осми частій слова…» (Вільня, 1596) – напісана Лаўрэнціем Зізаніем у форме пытанняў і адказаў на царкоўнаславянскай і беларускай мовах. Буквар і граматыка мелі значны ўплыў на развіццё мовазнаўчай навукі славян. «Граматіку…» Л. Зізанія ведалі ў Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, Сербіі, яна стала важнай падзеяй у жыцці ўсходнеславянскіх народаў.
Гэта быў год заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі (1596). Лаўрэнцій Зізаній стаў самым актыўным барацьбітом супраць уніі. Таму езуіты і ўніяты Вільні стварылі яму неспрыяльныя ўмовы. Асветніку неабходна было шукаць месца працы ў багатых і незалежных магнатаў. У 1597–1600 гадах ён працуе хатнім настаўнікам у маёнтку крычаўскага старосты Багдана Саламярэцкага Баркулабава (цяпер Быхаўскі раён Магілёўскай вобласці). Потым два гады выхоўваў дзяцей князя Аляксандра Канстанцінавіча Астрожскага, які быў праваслаўным, а яго жонка — каталічкай. Пасля смерці князя княгіня Ганна не пажадала карыстаца паслугамі Л. Зізанія. Нейкі час ён служыў святаром у Яраслаўскай царкве на Валыні. Уплывовы князь Якім Карэцкі забяспечыў Л. Зізанію палажэнне ў грамадстве, выдзеліў яму невялікую маёмасць, зямлю і ўтрыманне. Педагог, асветнік усё жыццё меў вельмі абмежаваныя матэрыяльныя магчымасці, яму даводзілася ўпарта працаваць, а жыць за кошт апекуноў.
У 1619 годзе Лаўрэнцій Зізаній па запрашэнні архімандрыта Кіева-Пячорскай лаўры Елісея Плецянецкага пераехаў у Кіеў, жыў у лаўры, працаваў настаўнікам, рэдагаваў кнігі, перакладаў з грэчаскай мовы. Кіеўская брацкая школа і друкарня мелі магчымасць выдаваць розную літаратуру. У 1620–1623 гадах Л. Зізаній працаваў над «Катэхізісам Вялікім», галоўным сваім творам.
У 1626 годзе Л. Зізаній разам з сынамі Іванам і Аляксандрам паехаў у Маскву. Прывёз напісаны ім «Катэхізіс», дзе на беларускай мове выклаў звесткі з прыроды і даў блізкае да пратэстантызму тлумачэнне царкоўных догматаў. Быў прыняты царом Міхаілам Фёдаравічам і патрыярхам Філарэтам, прыём быў гасціным. 19 лютага 1627 года з падарункамі пакінуў Маскву. Кніга «Катэхізіс» Лаўрэнція Зізанія пачала друкавацца ў Маскве ў студзені 1627 года, але ў свет не выйшла. Толькі праз 150 гадоў была выдадзена ў Гродне (1783, 1787, 1788), праўда, са значнымі папраўкамі.
13 жніўня 1628 года яму давялося выступіць на Кіеўскім саборы супраць Мялеція Сматрыцкага ў дыспуце па кнізе «Апалогія».
Апошні раз у дакументах імя Лаўрэнція Зізанія ўзгадваецца 8 лютага 1634 года, магчыма, ён памёр каля 1634 года.
Яго брат, Стафан Зізаній (Тустаноўскі), беларускі пісьменнік-палеміст і царкоўны прапаведнік, выкладчык у брацкіх школах Львова (1586–1593) і Вільні (1593–1599). У 1595 годзе выдаў у Вільні на беларускай і польскай мовах «Катэхізіс» (не збярогся). Аўтар рэлігійна-філасофскага і палітычнага памфлета «Казанье святого Кирилла…» (Вільня, 1596), дзе выкрываў носьбітаў феадальна-каталіцкай рэакцыі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
-
Зізаній (Тустаноўскі) Лаўрэнцій / Марат Батвіннік // Вялікае княства Літоўскае : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 656–657.
-
Зізаній (Тустаноўскі) Лаўрэнцій ; Зізаній (Тустаноўскі) Стафан / Марат Батвіннік // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 447.
-
Лаўрэнцій Зізаній // Памяць. Брэст : гіст-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 82–83.
-
Зізаній (Тустаноўскі) Лаўрэнцій ; Зізаній (Тустаноўскі) Стафан // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 528–529.
-
Здановіч, У. У. Берасцейскія брацтвы / У. У. Здановіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 75–76.
-
460 гадоў з дня нараджэння Л. І. Зізанія (1550–60-я гг. – каля 1634), беларускага і ўкраінскага педагога, царкоўнага дзеяча, мовазнаўца, паэта, перакладчыка ; 440 гадоў з дня нараджэння С. І. Зізанія (каля 1570–1600), беларускага і ўкраінскага педагога, пісьменніка-палеміста, царкоўнага прапаведніка // Новыя кнігі. 2010. № 10. С. 2–4 (дадатак : Даты беларускага календара).
-
Ботвинник, М. Б. Лаврентий Зизаний / Марат Борисович Ботвинник. – Минск : Наука и техника, 1973. – 199 с. – Из содерж.: Л. Зизаний в Бресте. С. 87.
-
Батвіннік, М. Азбука на ўсе часы / Марат Батвіннік. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – 279, [6] с. : іл. – Са зместу: Лаўрэнцій Зізаній Тустаноўскі. «Азбука» Лаўрэнція Зізанія 1596. С. 51–66.
-
Ботвинник, М. Б.У истоков учебной книги/ Марат Борисович Ботвинник. – Минск : Вышэйшая школа, 1964. – 86 с.
-
Грамматики Лаврентия Зизания и Мелетия Смотрицкого / сост., подгот. текста, науч. коммент. и указатели Е. А. Кузьминовой ; предисл. Е. А. Кузьминовой, М. Л. Ремнёвой. – Москва : Изд-во МГУ, 2000. – 528 с.
-
Мяснікоў, А. Ф. Браты Зізаніі: Лаўрэнцій (1550-я – каля 1634) і Стэфан (каля 1570-х – год смерці невядомы) : асветнікі і педагогі / Анатоль Мяснікоў // Сто асоб беларускай гісторыі : гіст. партрэты / Анатоль Мяснікоў. 2-е выд., дапрац. Мінск, 2009. С. 64–66.
-
Падокшын, С. А. Лаврентий Зизаний / С. А. Падокшын // Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры / С. А. Падокшын ; НАН Беларусі, Ін-т філасофіі. Мінск, 2003. С. 295–296.
-
Павловец, Д. Д. Основные тенденции развития и взаимодействия белорусского и книжно-славянского языков в XVI–XVII вв. : на материале грамматик Л. Зизания, М. Смотрицкого, И. Ужевича : автореферат диссертации… кандидата филологических наук: 10.02.02 / Павловец Дмитрий Дмитриевич ; АН БССР, Ин-т языкознания им. Я. Коласа. – Минск, 1985. – 21 с.
-
Анталогiя даўняй беларускай лiтаратуры, XI – першая палова XVIII ст. / НАН Беларусi, Iн-т лiтаратуры ; [падрыхт. А. I. Богдан iiнш. ; навук. рэд. В. А. Чамярыцкi]. – Мiнск : Беларуская навука, 2005. – 1015 с. – Са зместу: Лаўрэнцій Зізаній. Вершы. С. 682–683.
-
У Дняпра на магутным плячы : Быхаўшчына літаратурная / [укладанне Міхася Пазнякова]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. – 414 с., [8] л. каляр. іл. : партр., герб, карта, факс., планы. – (Беларусь літаратурная). – Са зместу: Пасланне навучэнцам ; Катэхізіс ; Павучэнне пры пахаванні Зоф’і, князёўны Чартарыйскай / Лаўрэнцій Зізаній ; пер. Івана Сверчанкі. С. 29–36.
-
Беларуская літаратурная спадчына : анталогія / [уклад.: С. А. Курбанава, А. А. Суша, Г. Я. Галенчанка і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2011. – 1028 с.
-
Старажытная беларуская літаратура (XII–XVII ст.) / уклад., прадм. і камент. І. Саверчанкі. – Мінск : Кнігазбор, 2007. – 605с. – (Беларускi кнiгазбор).
-
Літаратура барока і асветніцтва. Ян Казімір Пашкевіч. Андрэй Рымша. Лаўрэнцій Зізаній. Іпацій Пацей. Мялецій Сматрыцкі. Лявон Крэўза. Сімяон Полацкі. Прадмова Мялешкі. Ліст да Абуховіча // Беларуская літаратурная спадчына : анталогія : у 2 кн. / уклад.: С. А. Курбанава [і інш.]. Мінск, 2011. Кн. 1. С. 188–244.
-
Асвета і педагагічная думка Беларусі: са старажытных часоў да 1917 г. / пад рэд. М. А. Лазарука [і інш.]. – Мінск : Народная асвета, 1985. – 464 с.
-
Болбас, В. С.Iдэi маральнага выхавання ў педагагiчнай думцы Беларусi эпохi Адраджэння (XVI–XVII ст.) / Валерый Сяргеевiч Болбас ; Нац. iн-т адукацыi. – Мінск : НIА, 1998. – 171 с. – Са зместу: Лаўрэнцій Зізаній. С. 68, 86, 102, 120, 121.
-
Шматаў, В. Ф. Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI–XVIII стст.) / Вiктар Фёдаравiч Шматаў. – Мінск : Тэхналогiя, 2000. – 131 с. – Са зместу: Лаўрэнцій Зізаній. С. 74, 107.
-
Яскевiч, А. А. Абранне вечнасцi : універсалізм традыцыі і гістарызм сучаснасці / Алена Аляксандраўна Яскевiч ; навук. рэд. i аўт. паслясл. I. Я. Квiн. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1999. – 319 с. – Са зместу: Лаўрэнцій Зізаній. С. 63–77.
-
Опарина, Т. А. Запрет «Катехизиса» Лаврентия Зизания и опала Ивана Грамотина: возможная связь событий / Т. А. Опарина // Федоровские чтения. 2011. Москва, 2012. С. 187–214.
-
Мароз, В. Моўна-тэксталагічныя паказчыкі Баркулабаўскага зборніка ў арыентацыі на аўтарства / Валянціна Мароз // Роднае слова. 2015. № 5. С. 38–40.
-
Павловский, Б. Создатель белорусской азбуки : [о педагогической деятельности Лаврентия Зизания в православном братстве при Николаевской церкви в Берестье] / Борис Павловский // Вечерний Брест. 2014. 22 августа. С. 8.
-
Варанько, К. Д. Матэрыял да вывучэння даўняй беларускай літаратуры ў 9 класе / К. Д. Варанько // Беларуская мова і літаратура. 2012. № 9. С. 42–48.
-
Саверчанка, І. В. Лаўрэнцій Зізаній — педагог, мовазнавец і пісьменнік / І. В. Саверчанка // Беларуская мова і літаратура. 2007. № 6. С. 60–63.
-
Яскевіч, А. А. Спадчына Лаўрэнція Зізанія / А. А. Яскевіч // Веснік БДУ. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. Псіхалогія. Мінск, 1997. № 1. С. 8–12.