Чацвер, 13 Ліпень 2017 14:25

8 ліпеня 2017 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Святлана Іосіфаўны Гуляевай (1937), заслужанага работніка культуры БССР (1980)

Святлана Іосіфаўна Гуляева (у дзявоцтве Любавіцкая) нарадзілася 8 ліпеня 1937 года ў г. Оршы Віцебскай вобласці. У 1945 годзе Іосіф Антонавіч Любавіцкі з жонкай Верай Іванаўнай і дачкой Светай па накіраванні партыі пераехаў з Мінска ў гарадскі пасёлак Іванава Пінскай (цяпер горад Іванава Брэсцкай) вобласці аднаўляць народную гаспадарку. Бацька Святланы па першай прафесіі быў акцёрам, інтэлігентным, высокакультурным чалавекам; неўзабаве Іосіф Антонавіч стаў адным з кіраўнікоў культуры раёна, стварыў самадзейны драматычны гурток, прывіваў дачцы любоў да рускай літаратуры.

 

Святлана Любавіцкая палюбіла невялікі гарадок Іванава, які стаў для яе родным, прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школы, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці (танцавала, дэкламавала вершы, выконвала ролі ў спектаклях). Закончыла філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна, была абрана другім сакратаром Іванаўскага райкама ЛКСМБ. Працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў СШ № 1 г. Іванава, намеснікам дырэктара па пазакласнай рабоце, пісала сцэнарыі, вяла тэматычныя вечары і канцэрты.

У лістападзе 1971 года Святлану Любавіцкую назначылі загадчыкам аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама. У гэты час установы культуры знаходзіліся ў цяжкім стане, не хапала кваліфікаваных кадраў, спецыяльных памяшканняў, рознага інвентару, музычных інструментаў, бібліятэчных стэлажоў і інш. Святлане Іосіфаўне давялося вырашаць складаныя пытанні па матэрыяльна-тэхнічнай базе. На працу ў раённы Дом культуры яна запрасіла музыкантаў, рознабакова адораных культработнікаў Івана Данейку, Васіля Гуляева, Уладзіміра Шэляговіча, Валянціна Перапёлкіна і інш. У РДК паспяхова запрацавалі харавы калектыў, вакальны ансамбль «Пошук», эстрадны і духавы аркестры, агітбрыгада, танцавальная студыя, ВІА. Драматычнаму калектыву, у якім яна была артысткай, у 1973 годзе было прысвоена званне «Народны тэатр» (мастацкі кіраўнік В. В. Гуляеў).

У 1975 годзе Святлана Іосіфаўна і Васіль Васільевіч Гуляеў стварылі сям’ю. Абодва закончылі завочнае аддзяленне інстытутаў культуры: яна — Мінскага, а ён — Ленінградскага. У Дамах культуры раёна сталі традыцыйнымі вечары-рэпартажы, масавыя святы «Слава працы», «Купалле», «Дажынкі» і інш., адкрыліся музычна-мастацкія салоны. За поспехі ў развіцці культуры Іванаўскі раён двойчы быў узнагароджаны пераходзячым Чырвоным Сцягам сацыялістычнага спаборніцтва рэспублікі. У чэрвені 1980 года С. І. Гуляевай было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры БССР».

У 1980 годзе на базе Брэсцкага абласнога Дома народнай творчасці ствараецца абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы, С. І. Гуляева назначаецца яго першым дырэктарам. Дзевятнаццаць гадоў аддала гэтай працы Святлана Іосіфаўна. Яе верным сябрам і памочнікам, намеснікам дырэктара АНМЦ, быў Васіль Васільевіч. Цэнтр аказваў дапамогу культурна-асветным установам і калектывам мастацкай самадзейнасці, вёў сістэматычную работу па правядзенні аглядаў, конкурсаў, фестываляў, арганізоўваў павышэнне кваліфікацыі клубных работнікаў і мастацкіх кіраўнікоў і інш. На час дырэктарства С. І. Гуляевай прыпалі апошнія гады ідэалогіі КПСС, перабудова, першыя гады незалежнасці Рэспублікі Беларусь, пераход на рыначную эканоміку і звязаныя з гэтым цяжкасці ў культурна-асветнай рабоце. У 1996 годзе АНМЦ пераўтвораны ў абласны грамадска-культурны цэнтр, якому быў перададзены будынак былога абласнога Дома палітычнай асветы (вул. Камуністычная, 1).

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей у 1999 годзе пачынае работу па стварэнні Мастацкага музея. Узначаліць гэту дзейнасць быў запрошаны В. В. Гуляеў, а Святлана Іосіфаўна таксама прыходзіць на працу ў музей на пасаду старшага навуковага супрацоўніка. У паўразбураным памяшканні Паўднёвай казармы Брэсцкай крэпасці ўсяго за тры гады быў створаны Мастацкі музей, які ўрачыста адкрылі 17 мая 2002 года. У экспазіцыі творы мастакоў і народных майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Брэсцкай вобласці ХХ–ХХІ стст. Новая музейная ўстанова аказалася запатрабаванай, ужо за першыя гады яе наведалі дзясяткі тысяч чалавек. Святлана Іосіфаўна да 2016 года вяла экскурсіі для наведвальнікаў, арганізоўвала прэзентацыі мастацкіх выстаў, праводзіла творчыя сустрэчы, вечары памяці мастакоў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Нам 70 гадоў. ДУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр» / склад. А. А. Клуніна. – Брэст, 2009. – 25 с. : іл. – Са зместу: С. І. Гуляева. С. 4, 20.

  2. Научно-методический центр народного творчества и культурно-просветительной работы областной / [С. И. Гуляева] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 280–281.

  3. Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь : [у т. л. за 1980 год С. І. Гуляева] // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2013. Т. 4. С. 73–74.

  4. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР : [у т. л. за 1980 год С. І. Гуляева] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 500.

  5. Гуляева, С. І. Брэсцкіабласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы / С. І. Гуляева // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 493.

  6. Ансамбль танца «Радасць» : заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь / тэкст: А. М. Вараб’ёў, С. І. Гуляева. – Брэст : Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, 2007. – 14 с. : іл.

  7. Гуляеў, В. В. Брэсцкі мастацкі музей / В. В. Гуляеў // Музеі Беларусі : [даведнік]. Мінск, 2008. С. 139–141.

  8. Перепёлкин, В. Светланин день : (Юбилейные зарисовки) : [к 80-летию со дня рождения С. И. Гуляевой] / Валентин Перепёлкин // Янаўскi край. Iванава, 2017. 7 лiпеня. С. 13.

  9. Гуляев, В. Художественный музей в Брестской крепости отмечает своё 15-летие / Василий Гуляев ; интервью подготовила Любовь Павлова // Брестский курьер. 2017. 18 мая (№ 21). С. 8.

  10. Гуляева, С. И. Светлана Гуляева: Свет передается потомкам : [заслуженный работник культуры БССР, специалист Художественного музея о своей судьбе культработника] / Светлана Иосифовна Гуляева; [беседовала] Любовь Павлова // Брестский курьер. 2007. 16 августа (№ 33). С. 8.

  11. Гуляева, С. Вот такой он парень, Валентин Перепёлкин : [о композиторе, педагоге, руководителе образцового музыкального театра СШ № 4 г. Иваново В. В. Перепёлкине] / Светлана Гуляева // Чырвоная звязда. Iванава, 2006. 16 мая.

  12. Русак, Н. Шлях ад самшытавага грэбня : [пра сцэнарый рэспубліканскага свята «Дзень беларускага пiсьменства» ў г. Камянцы, якi распрацавала С. I. Гуляева] / Наталля Русак // Культура. 2005. 3–9 верасня (№ 36). С. 24.

  13. Гуляеў, В. «Калi зоркi запальваюць...» : [пра Мастацкi музей, фiлiял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея] / Васіль Гуляеў // Культура. 2002. 7–13 снежня (№ 48). С. 6.

  14. Архипова, А. «Скарб, што ўздымае i мацуе…» : [об открытии Художественного музея в Брестской крепости] / Ада Архипова // Заря. 2002. 21 мая.

  15. Віншуем! : [інфарм. аб прысваенні звання «Заслужаны работнік культуры БССР» С. І. Гуляевай] // ЛіМ. 1980. 4 ліпеня (№ 27). С. 3.

  16. Казловіч, М. Не па абавязку, з душою : [пра абласны семінар загадчыкаў аддзелаў культуры гаррайвыканкамаў, дырэктараў дамоў культуры на базе Іванаўскага раёна; загадчык аддзела С. І. Гуляева] / М. Казловіч // ЛіМ. 1980. 11 студзеня (№ 2). С. 13.

  17. Гуляева, С. Добрыя традыцыі : [пра навук.-практ. канф. «Задачы і змест работы культасветустаноў», праведзеную аддзелам культуры райвыканкама] / С. Гуляева // Чырвоная звязда. Іванава, 1979. 7 ліпеня.

  18. Шэляговіч, У. Тэатр адзначае юбілей : [да 15-годдзя народнага тэатра РДК; узгадваюцца артыстка С. Гуляева і рэжысёр В. В. Гуляеў] / У. Шэляговіч // Чырвоная звязда. Іванава, 1979. 13 сакавіка.

  19. Трафімчук, М. Сакрэт пераўтварэння: [аб прэм’еры спектакля «Жаніцьба» народнага тэатра РДК; рэжысёр В. Гуляеў; узгадваецца артыстка С. Гуляева] / М. Трафімчук ; фота В. Міронава // Чырвоная звязда. Іванава, 1978. 27 красавіка.

  20. Трафімчук, М. Перад прэм’ерай : [пра падрыхтоўку спектакля «Жаніцьба» народнага тэатра РДК; рэжысёр В. В. Гуляеў; узгадваецца артыстка С. І. Гуляева] / М. Трафімчук // Чырвоная звязда. Іванава, 1978. 21 сакавіка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1686 разоў Апошняя змена Пятніца, 07 Жнівень 2020 15:14