Дамачаўскі дзіцячы дом быў адкрыты ў 1925 годзе польскімі ўладамі, прытулак знаходзіўся пад апекай касцёла. У ім выхоўваліся сіроты: дзеці палякаў, беларусаў, рускіх, украінцаў, яўрэяў. Колькасць выхаванцаў пастаянна змянялася. У 1941 годзе там знаходзіліся 100 дзяцей рознага ўзросту: ад немаўлят да 12-гадовых. У большасці з іх не было ні бацькоў, ні сваякоў.
У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны ў выніку бамбёжкі дзіцячы дом пацярпеў: загінулі трое малых, двое былі паранены; адзін з будынкаў згарэў, і дзеці былі размешчаны ў двух астатніх. Жыццё пад нямецка-фашысцкай акупацыяй было цяжкім. Амаль не было самага неабходнага, харчавання, медыкаментаў. Дзеці спалі па чатырох на адным ложку, паміралі ад захворванняў і знясілення.
16 дзетдомаўцаў былі ўзяты сваякамі, 11 пайшлі жыць да вяскоўцаў, якія пажадалі іх прытуліць. Трох малалетніх сыноў афіцэра-пагранічніка Васіля Росліка — Валодзю, Жэню і Грышу — выратавала сям’я Сідара Раманавіча Дарашука. Дзеці намесніка начальніка заставы Ала і Анатоль Кожухавы выхоўваліся ў дамах жыхароў вёскі Прыбарава Пятра Іванавіча Глеха і Кандрата Міхайлавіча Грыцачука. Аднаго з сыноў капітана Шаўчэнкі, які загінуў разам з іншымі абаронцамі Дубіцкай памежнай камендатуры, выратаваў лекар Навіцкі, які працаваў да вайны ў дзіцячым доме. Выхадзіўшы Лёню Шаўчэнку, які знаходзіўся на мяжы жыцця і смерці, ён перадаў яго на выхаванне сям’і Багуцкіх з вёскі Кабелка.
Усе 15 дзяцей яўрэйскай нацыянальнасці ва ўзросце ад 2 да 12 гадоў былі забраны нацыстамі ў гета. Дамачаўскае яўрэйскае гета акупанты стварылі ў канцы 1941 года. 18 верасня 1942 года ўсе вязні гета (2 700 чалавек) былі расстраляны.
23 верасня 1942 года 56 дзяцей, якія засталіся на той час у дзіцячым доме, ва ўзросце ад 2 да 10 гадоў, і разам з імі 20-гадовую выхавацельку Паліну Грахольскую немцы пагрузілі на грузавую аўтамашыну. У час пагрузкі дзевяцігадовая Тося Шахметава злезла з машыны і ўцякла, спачатку хавалася ў будынках, а потым збегла ў лес. Яшчэ збег Віця Абрамаў (ён выжыў, пасля вайны жыў у Ленінградзе). Дзяцей павезлі ў бок чыгуначнай станцыі Дубіца, але машына ад’ехала недалёка. Дзеці і выхавацелька былі расстраляны ў лесе непадалёк ад вёскі Ляплёўка.
Паліна Аляксандраўна Грахольская нарадзілася ў сялянскай сям’і ў вёсцы Купішча на Жытоміршчыне. Пасля заканчэння сямігодкі паступіла ў Жытомірскае педагагічнае вучылішча. У маі 1939 года Паліна выйшла замуж за Сцяпана Казачэнку, якога неўзабаве прызвалі ў Чырвоную армію, накіравалі на вучобу ў Ленінградскае ваенна-палітычнае вучылішча, пасля заканчэння якога назначылі ў адну з брэсцкіх часцей. Паліна прыехала да мужа ў Брэст, але як раз у той дзень пачалася вайна. Маладая жанчына сабрала дзяцей, бацькі якіх загінулі ў першыя дні вайны, разам з імі дабралася да Дамачава, уладкавала ў дзіцячы дом, а сама стала працаваць выхавацелькай.
Незвычайны лёс у Тосі Шахметавай, якая здолела скарыстацца тым, што фашысты падчас пагрузкі дзяцей адцягнуліся на пачутыя ўдалечыні стрэлы. Саскочыўшы з машыны, дзяўчынка схавалася ў апусцелым доме, пасля ад’езду катаў сышла ў лес. Доўга блукала, пакуль дабралася да польскага сяла Славатычэ, дзе яе прытуліла сялянская сям’я Браніславы Курылюк. Пасля вызвалення Беларусі, у ліпені 1944-га там яе знайшоў бацька, палкоўнік Сцяпан Шахметаў. Таіса Сцяпанаўна з 1946 года жыла ў г. Кобрыне Брэсцкай вобласці, скончыла Брэсцкае медыцынскае вучылішча, шмат гадоў працавала медсястрой. Выйшла замуж, нарадзіла сына і дачку. У 2005 годзе яна прысутнічала на адкрыцці помніка выхаванцам Дамачаўскага дзіцячага дома.
Цудам у жывых засталася пяцігадовая Люцына Функ, якую ў гадзіну прыезду нацыстаў за дзяцьмі, даглядалі ў сям’і Леаніда і Соф’і Буяновых. Пасля таго страшнага дня дзяўчынку прытулiлi мясцовыя жыхары Ягалкоўскія, Семянюкі. У 1945 годзе апекуны вывезлі яе ў г. Эльблонг. Люцына вырасла, выйшла замуж і стала Хлюдзінская, жыла ў г. Гданьску (Польшча). Прыязджала ў Дамачава на магілу сваіх сяброў дзяцінства.
На Нюрнбергскім працэсе над галоўнымі ваеннымі злачынцамі фашысцкай Германіі фігураваў акт расстрэлу дзяцей Дамачаўскага дзіцячага дома. Гэты акт у лістападзе 1944 года склалі жыхары Дамачава Лізавета Грачова, Антаніна Паўлюк, Анастасія Усава і іншыя відавочцы трагедыі. Некаторыя з іх у якасці сведак прысутнічалі на працэсе ў Нюрнбергу.
23 верасня 1960 года на скрыжаванні дарог Брэст – Ляплёўка – Дамачава з’явіўся абеліск з зоркай, на якім быў высечаны надпіс «З пакалення ў пакаленне вашу светлую памяць будуць шанаваць усе савецкія людзі». У 1987 годзе тут быў устаноўлены манумент «Пратэст» (скульптар Анатоль Іосіфавіч Салятыцкі, архітэктары М. Ткачук і Г. Пешкаў). Памяць аб Дамачаўскай трагедыі занатавана на плітах мемарыяльнага комплексу «Хатынь» (Лагойскі раён Мінскай вобласці).
На лясной паляне, дзе былі пахаваны дзеці, высіўся драўляны крыж. Туды з года ў год прыносілі кветкі мясцовыя жыхары. 4 мая 2005 года на магіле пастаўлены памятны знак, на гранітнай пліце якога выбіты імёны загінуўшых дзяцей і выхавацелькі Паліны Грахольскай. Помнік створаны па эскізе дзевяцікласніцы Дамачаўскай СШ Людмілы Шынкарчук.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Васілюк Таццяна Іванаўна, бібліёграф
-
Домачево // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 333–334.
-
Домачево // Республика Беларусь : энциклопедия. Минск, 2006. Т. 3. С. 418–419.
-
Дакументы сведчаць ; З выступлення памочніка галоўнага абвінаваўцы ад СССР Л. Н. Смірнова на Нюрбергскім працэсе // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 191–192.
-
Могила жертв фашизма : [д. Леплёвка] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 136.
-
Братская могила воспитанников Домачевского детского дома // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 97–98.
-
Сарычев, В. Люцинка — дочь «шпиталя» : [о воспитаннице Домачевского детского дома Л. Функ] // В поисках утраченного времени / Василий Сарычев. Брест, 2007. Книга вторая : Брест, 1939–1941. С. 33–34.
-
Шла война народная // Край наш Прибужский. Брест, 2014. С. 38.
-
Нацистская политика геноцида и «выжженной земли» в Белоруссии, 1941–1944. – Минск : Беларусь, 1984. – 304 с. : ил. – Из содерж.: О расстреле детей Домачевского детдома. С. 42–43.
-
Кирьянов, А. Никогда больше! : лишь двое воспитанников Домачевского детдома чудом уцелели в нацистском аду / А. Кирьянов // Рэспублiка. 2014. 10 красавiка. С. 8.
-
Ковалева, А. Расстрелянное детство : трагедии Домачевского детского дома исполнилось 70 лет / Алла Ковалева // Заря над Бугом. Брест, 2012. 26 сентября. С. 3.
-
Волкович, А. Мы помним, Люцина! : судьба Люцины Хлодзинской, воспитанницы Домачевского детского дома, уничтоженного фашистами в 1942 году / Александр Волкович // Заря. 2010. 1 июня. С. 5.
-
Ковалева, А. В память о расстрелянном детдоме : [митинг на месте расстрела немецкими оккупантами воспитанников Домачевского детдома] / Алла Ковалева // Вечерний Брест. 2007. 26 сентября. С. 3.
-
Ковалева, А. Расстрелянное детство : трагедии Домачевского детского дома исполняется 65 лет / Алла Ковалева // Вечерний Брест. 2007. 14 сентября. С. 8.
-
Яромчик, Г. И трагедия — как незаживающая рана наших сердец / Г. Яромчик // Заря над Бугом. Брест, 2005.27 сентября.С. 2.
-
Волкович, А. Расстреляны над Бугом.../ Александр Волкович // Нёман.2006.№ 5. С. 145–149.
-
Волкович, А. Памяти расстрелянных детей посвящён гранитный обелиск : [о памятнике воспитанникам Домачевского детского дома] / Александр Волкович // Брестский курьер. 2005. № 20. С. 9.
-
Гурда, В. Печальная годовщина : [63 года исполнилось как оккупанты расстреляли 54 воспитанника и воспитательницу П. Гроховскую Домачевского детского дома] / В. Гурда // Заря. 2005. 4 октября. С. 2.
-
Орлова, И. Их увезли на грузовике. Невозможно было без слез : [о трагедии Домачевского детского дома] / Ирина Орлова // Советская Белоруссия. 2005. 12 мая.
-
Самосевич, М. Это не должно повториться... : [об открытии памятника на могиле детей Домачевского детского дома] / Марина Самосевич // Заря над Бугом. Брест, 2005. 7 мая. С. 4.
-
Яскевіч, С. Расстраляны дзіцячы дом / Святлана Яскевіч ; фота С. Краўчук // Звязда. 2005. 7 мая. С. 4.
-
Дзюрич, Э. Расстрелянное завтра / Эмма Дзюрич // Заря. 2005.7 мая.С. 2.
-
Самосевич, М. Это не должно повториться… / М. Самосевич// Заря над Бугом. Брест, 2005.7 мая.С. 2.
-
Шишко, О. В память погибших детей Домачевского детского дома : [стихи] / Ольга и Юля Шишко // Заря над Бугом. Брест, 2004. 2 июня.
-
Иваненко, С. Догорай, свеча, зажжённая войной... : [о траурном митинге к 60-летию Домачевской трагедии] / С. Иваненко // Заря над Бугом. Брест, 2002. 28 сентября.
-
Домачевская трагедия / подготовили С. Ермолов, Н. Рыбалко ; фото В. Бабанковой // Заря над Бугом. Брест, 2002. 21 сентября.
-
Горба, Н. Помним вас, дети! / Н. Горба // Заря над Бугом. Брест, 1992. 3 октября.
-
Волкович, А. Мы всё помним, Люцина! : [о выжившей воспитаннице Домачевского детского дома Л. Функ] / А. Волкович // Заря над Бугом. Брест, 1989. 26 октября.
-
Кармазин, В. Это было в Домачеве : история детдома в письмах, воспоминаниях, документах / Виктор Кармазин // Нёман. 1989. № 6. С. 120–128.
-
Волкович, А. На Копытской горе : [о трагедии Домачевского детского дома] / Александр Волкович // Сельская газета. 1988. 21 сентября.
-
Волкович, А. У войны — не детское лицо : [об открытии памятника детям Домачевского детского дома] / А. Волкович // Заря над Бугом. Брест, 1987. 26 ноября.
-
Кармазин, В. В сентябре сорок второго… : [запись рассказа Т. С. Шахметовой о трагедии Домачевского детского дома] / Виктор Кармазин // Знамя юности. 1986. 21 августа ; 22 августа.
-
Казловіч, М. Узнімаецца манумент : [у памяць дзяцей Дамачаўскага дзіцячага дома] / М. Казловіч // Звязда. 1983. 29 красавіка.
-
Романович, Л. Это не должно повториться / Л. Романович // Заря над Бугом. Брест, 1982. 14 октября.
-
Скрипка, М. Когда расцветает вереск… : [Домачевский детский дом] / Михась Скрипка // Нёман. 1971. № 10. С. 158–166.
-
Скрыпка, М. Дамачаўская трагедыя : дакум. аповесць / Міхась Скрыпка // Настаўніцкая газета. 1962. 6 кастрычніка ; 10 кастрычніка ; 13 кастрычніка.