Серада, 27 Верасень 2017 14:47

22 мая 2017 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Алены Васільеўны Аладавай (1907–1986), мастацтвазнаўца, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1966)

Алена Васільеўна Аладава (Пук) нарадзілася 22 мая 1907 года ў горадзе Пружаны Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці). Бацька, Васіль Савіч Пук (1882–1931), паходзіў з сялян, працаваў настаўнікам у Пружанах; у яго вучыўся Рыгор Раманавіч Шырма, будучы народны артыст БССР і СССР. Маці, Алена Сільвестраўна Карпызава, нарадзілася ў дваранскай сям’і. Акрамя Алены, у сям’і было яшчэ трое дзяцей.

 

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны сям’я пакінула Пружаны і на некаторы час пасялілася ў Маскве. Бацька атрымаў назначэнне на працу ў мястэчка Парычы Бабруйскага павета, сям’я пераехала, там Алена Пук і закончыла школу. Захаплялася біялогіяй і вырашыла працягваць вучобу ў гэтай галіне. У 1922 годзе яна стала адной з першых студэнтак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які паспяхова закончыла ў 1928 годзе.

Хутка пасля вучобы Алена Пук выйшла замуж за кампазітара Мікалая Ільіча Аладава (1890–1972). Выпускнік Пецярбургскай кансерваторыі М. І. Аладаў стаяў ля вытокаў Саюза кампазітараў Беларусі, быў адным са стваральнікаў нацыянальнай кансерваторыі, якую ўзначальваў з 1944 па 1948 год. Пасля сумна вядомай партыйнай пастановы аб оперы Мурадэлі «Вялікая дружба» пачаліся рэпрэсіі, М. І. Аладава пазбавілі кіруючай пасады, але пакінулі працаваць выкладчыкам.

У жніўні 1930 года Васіля Савіча Пука, які на той час працаваў у Жлобіне, выкладаў беларускую мову ў адной са школ, арыштавалі і 16 красавіка 1931 года расстралялі, абвінаваціўшы ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Рэабілітаваны 13 чэрвеня 1960 года.

У 1930 годзе ў Аладавых нарадзіўся першынец, якога назвалі Вальменам, а праз тры гады — другі сын Гельмір, у 1945-м — дачка Радаслава. Алена Васільеўна паспяхова сумяшчала клопат аб сям’і і працу. Акрамя сваіх дзяцей у сям’і жылі і пляменнікі Юра і Вольга, дзеці малодшай сястры Алены. Пасля вайны жылі з імі і іншыя родзічы. У кватэры Аладавых было заўсёды шматлюдна, тут збіраліся за агульным сталом музыканты, мастакі, вучоныя. Адна з сясцёр Алены Аладавай, Таццяна, стала жонкай сына вядомага кампазітара Мікалая Чуркіна, аднаго з заснавальнікаў беларускай савецкай музыкі.

Дзеці Аладавых выраслі цудоўнымі людзьмі. Радаслава — сакратар Саюза кампазітараў, дацэнт кансерваторыі, выкладала гісторыю музыкі; Вальмен — заслужаны архітэктар Беларусі; Гельмір — тэатральны рэжысёр, выкладчык універсітэта культуры.

У 1925 годзе ў Мінску прайшла першая Усебеларуская мастацкая выстаўка. Алена, тады трэцякурсніца, трапіла ў лік экскурсаводаў выстаўкі і асэнсавала, што сфера мастацтва ёй бліжэй, чым любімая біялогія. Да 1937 года прымала ўдзел у арганізацыі ўсіх рэспубліканскіх мастацкіх выстаў, а затым увайшла ў групу па стварэнні будучай Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. Яна была супрацоўнікам музея і завочна вучылася ў Маскоўскім інстытуце філасофіі, літаратуры і гісторыі, але дыплом не атрымала — пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Сям’я Аладавых паспела выехаць з Мінска незадоўга да захопу горада фашыстамі, але каштоўнасці музея эвакуіраваць не ўдалося. Мікалай Ільіч застаўся працаваць у Маскве. Алена Васільеўна з дзецьмі апынулася ў Саратаве. Каб выжыць у галодны час, яна вымушана была пайсці на курсы вадзіцеля грузавіка. Працаваць шафёрам давялося нядоўга — ёй прапанавалі месца намесніка дырэктара Саратаўскага мастацкага музея.

Пасля вызвалення Беларусі А. В. Аладава вярнулася ў Мінск. Працавала намеснікам дырэктара, а ў 1944–1977 гадах была дырэктарам Дзяржаўнай карціннай галерэі, якая атрымала ў 1957 годзе статус Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. У гэты перыяд асабліва ярка раскрыліся выдатныя арганізатарскія здольнасці А. В. Аладавай. Яна стварыла згуртаваны калектыў спецыялістаў, на плечы якіх ляглі цяжкасці музейнага будаўніцтва і збіральніцкай дзейнасці пасляваеннага перыяду.

У 1960-я гады Алене Васільеўне ўдалося расшукаць і вярнуць з музеяў Масквы, Ленінграда, Паўлаўска, Ноўгарада, Вільнюса шмат экспанатаў даваеннай Дзяржаўнай карціннай галерэі. Многа сіл было аддадзена рабоце з калекцыянерамі. У выніку адданай, энергічнай дзейнасці А. В. Аладавай у Беларусі з’явіўся цудоўны музей, слава аб калекцыі якога ішла далёка за межамі. У 1977 годзе мастацкі музей налічваў звыш 15 тысяч экспанатаў.

А. В. Аладава вялікую ўвагу ўдзяляла набыццю помнікаў беларускага мастацтва. Яна ведала кожнага члена Саюза мастакоў, клапацілася, каб імя і творчасць таленавітых людзей знайшлі адлюстраванне ў гісторыі мастацтва Беларусі. I шчыра засмучалася, калі добрая карціна таго ці іншага беларускага мастака была куплена іншым музеем. Так, напрыклад, адбылося з «Партызанскай Мадоннай» М. Савіцкага, набытай Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэяй (Масква). Алена Васільеўна не магла супакоіцца да таго часу, пакуль М. Савіцкі не даў згоду стварыць «Мінскую Мадонну» для беларускага музея.

Не менш адданасці і захаплення яна праявіла ў справе захавання нацыянальнай спадчыны. Ужо ў даваенныя часы быў сабраны вельмі значны матэрыял па старажытным мастацтве Беларусі. На жаль, сотні фатаграфій, пашпартаў на помнікі, зробленыя ў той час у культавых будынках рэспублікі, загінулі. У 1946 годзе А. В. Аладава арганізавала навуковую экспедыцыю па пошуку помнікаў старажытнага беларускага мастацтва. Усяго ў 1950–1980-я гады адбылося больш за 100 такіх экспедыцый, у выніку былі знойдзены і выратаваны больш за 2000 помнікаў старажытнабеларускага мастацтва.

Вялікую ўвагу А. В. Аладава ўдзяляла прапагандзе мастацтва. Аўтар шматлікіх артыкулаў, манаграфій, некалькіх альбомаў, была кансультантам, рэдактарам, складальнікам кніг. Музей стаў справай яе жыцця. З пасады дырэктара Алена Васілеўна пайшла ва ўзросце 70 гадоў. Даапошняга свайго дня працавала кансультантам музея, без якога не магла жыць.

А. В. Аладава памерла 29 мая 1986 года, пахавана на Усходніх могілках.26 чэрвеня 1998 года на будынку Нацыянальнага мастацкага музея ўсталявалі бронзавую дошку з партрэтам былога дырэктара (скульптар І. Міско, архітэктар М. Ткачук). Выйшла кніга «Алена Аладава. Музей яе лёс» (2006). Урачыста было адзначана 100-годдзе з дня нараджэння мастацтвазнаўца. У Мінску з’явілілася вуліца Аладавых. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь 25 ліпеня 2007 года ўвёў у абарачэнне памятныя манеты «А. В. Аладава». На будынку музея-сядзібы «Пружанскі палацык» 26 кастрычніка 2007 года ўстаноўлена памятная дошка славутай зямлячцы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.Казлоўская Надзея Анатольеўна, гал. бібліёграф

 

 

  1. Аладава Алена Васільеўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 225–226.

  2. Аладава Алена Васільеўна// Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2010. Т. 1. С. 108.

  3. Аладова Елена Васильевна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 15.

  4. Аладова Елена Васильевна // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 69.

  5. Аладава Алена Васільеўна / Ю. А. Карачун // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 416417.

  6. Аладава Алена Васілеўна / Ю. А. Карачун// Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 80.

  7. Елена Аладова. Музей — её судьба : воспоминания, документы, исследования / [авт. концепции и сост.: БКрепак и др. ; ред.: Б. Крепак]. – Минск : Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с., [24] л. цв. репрод. : фот. – (Беларусь мастацкая).

  8. Аладова, Е. В. Автобиография / Е. В. Аладова.Минск: Архив НХМ РБ, 1981. 11 с.

  9. Аладава, Е. В.Павел Нікіфаравіч Гаўрыленка : [альбом] / А. В. Аладава. – Мінск : Дзяржвыд БССР, Рэд. выяўл. мастацтва, 1963. – 35 с., [1] л. партр.

  10. Аладова, Е. В. Иван Осипович Ахремчик : очерк жизни и творчества / Е. В. Аладова. – Москва : Советский художник, 1960. – 55 с. : ил.

  11. Міско, І. Я. Мемарыяльная дошка А. В. Аладавай, 1998 : [рэпрадукцыя] / Іван Міско, архітэктар М. Ткачук // Іван Міско : скульптура. Мінск, 2012. С. 99.

  12. Аладава Алена Васільеўна// Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння : грамадска-літаратурны даведнік / Іван Здановіч. Пружаны, 2003. С. 7–8.

  13. Аладаў Мікалай Ільіч / С. Г. Нісневіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 80–81.

  14. Аладава Радаслава Мікалаеўна / С. Г. Нісневіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 80.

  15. Аладаў Вальмен Мікалаевіч / А. А. Воінаў// Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 80.

  16. Азгур, З. Излучение доброты : [об А. В. Аладовой] // То, что помнится… : рассказ о времени, о людях и об искусстве / Заир Азгур. Минск, 1992. Кн. 4. С. 93–103.

  17. Карачун, Ю. А. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Алена Васільеўна Аладава : (да 90-годдзя з дня нараджэння) / Ю. А. Карачун // Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Мінск, 1997. Вып. 2. С. 249–251.

  18. Карлюкевiч, А. М. На службе ў мастацтва / А. М. Карлюкевіч // Радзімазнаўства: Мясціны. Асобы : краязнаўчыя нарысы. Мінск, 2010. C. 141–144.

  19. Курков, И. Она создала музей // Брестчина : легенды, события, люди / Илья Курков. Минск, 2005. С. 165–167.

  20. Усава, Н. Невядомыя старонкі біяграфіі Алены Васільеўны Аладавай па дакументах з асабістага архіва / Надзея Усава. Личный архив Аладовой Елены Васильевны / Валентина Баслык // Аладаўскія чытанні : матэрыялы канф., прысвеч. вынікам навук.-даслед. працы за 2002 г., Мінск, 2–3 чэрв. 2003 г. Мінск, 2003. Ч. 1. С. 2–9.

  21. Макарчук, В. Сляды Аладавай і Купрэева :[Пружанская ЦРБ імя М. Засіма адзначыла 110-годдзе з дня нараджэння А. Аладавай і 80-годдзе паэта і празаіка М. Купрэева] / Вольга Макарчук // Краязнаўчая газета. 2017. № 20. С. 5.

  22. Крэпак, Б. А. «Нягледзячы на подпіс, карціна сапраўдная...» : [феномен А. В. Аладавай, збіральніцы бел. мастацтва, заснавальніцы Нац. маст. музея] / Барыс Крэпак // Культура. 2016. 10 верасня (№ 37). С. 15 ; 17 верасня (№ 38). С. 15 ; 24 верасня (№ 39). С. 15 ; 1 кастрычніка (№ 40). С. 15 ; 8 кастрычніка (№ 41). С. 15 ; 15 кастрычніка. (№ 42). С. 15 ; 22 кастрычніка (№ 43). С. 15.

  23. Цярэнцьева, А. Музей як сэнс жыцця / Алена Цярэнцьева // Алеся. 2016. № 9. С. 60–62.

  24. Аладава, Р. М. «Мама была нашым святам!» / Радаслава Аладава ; гутарыла Тамара Буната // Звязда. 2015. 19 сакавіка. С.5. Сямейная газета.

  25. Аладова, Р. Н. «Мама была нашым праздником!» : [беседа с дочерью Е. В. Аладовой] / Радослава Николаевна Аладова ; беседовала Тамара Бунто // Алеся. 2014. № 4. С. 3439.

  26. Завадская, И.Соло для двоих : [Е. В. Аладова] / Ирина Завадская // СББеларусь сегодня. 2014. 30 августа. С. 16.

  27. Степуро, Н. В поискахутерянного : почти пятьдесят лет Елена Аладова посвятила созданию коллекции музея / Наталья Степуро // Рэспубліка. 2014. 7 сакавiка. С. 10.

  28. Крэпак, Б.«Душа мая разрывалася ад думкі, што будзе з гэтымі скарбамі…» : Алена Аладава. З успамінаў пра першыя дні Вялікай Айчыннай вайны / Барыс Крэпак // Культура. 2011. № 25. С. 15.

  29. Белохвостик, Н. Сын создательницы Художественного музея в Минске Вальмен Аладов: Чтобы выкупить картины у Руслановой, мама подкармливала ее брусничным вареньем / Надежда Белохвостик // Комсомольская правда в Белоруссии. 2010. 15–21 апреля. С. 6–7.

  30. 22 мая — 100 год з дня нараджэння Алены Васільеўны Аладавай (1907–1986), мастацтвазнаўца // Новыя кнігі. 2007. № 2. С. 4–5 (дадатак).

  31. Пракапцоў, У. Музейшчык з ласкі Божай : [дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь распавядае пра Год Аладавай] / Уладзімір Пракапцоў ; гутарку вёў Барыс Крэпак // Культура. 2007. 19–25 мая (№ 20). С. 6.

  32. Карлюкевіч, А. На службе ў мастацтва : [аб кнізе «Алена Аладава. Музей яе лёс»] / Алесь Карлюкевіч // Маладосць. 2007. № 4. С. 142–144.

  33. Корбут, В. Искусство видеть шедевры : Елену Аладову современники называли белорусским Третьяковым / Виктор Корбут // СББеларусь сегодня. 2007. 17 августа. С. 12–13.

  34. Чэмер, М. Пад светлай зоркай Аладавай : [аб кнізе «Алена Аладава. Музей яе лёс»] / М. Чэмер // Настаўніцкая газета. 2007.17 лютага. C. 7.

  35. Анцелевич, А. «Белорусская Третьяковка» и «белорусский Третьяков» / Александр Анцелевич // Народная газета. 2007. 20 снежня. C. 12.

  36. Цімошык, Л.Партрэт збіральніцы : Алена Аладава / Ларыса Цімошык // Звязда. 2007. 22 мая. С. 4.

  37. Валкавыцкая, Л. Збіральніца скарбаў мастацкіх / Людмила Валкавыцкая // Раённыя будні. Пружаны. 2007. 23 мая. С. 5.

  38. Усава, Н. Малавядомыя старонкі з жыцця Алены Аладавай / Надзея Усава // Мастацтва. 2004. № 6. С. 13–15.

  39. Кветкі — Алене Аладавай : 23 чэрвеня на галоўным фасадзе Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі адкрыта мемарыяльная дошка А. В. Аладавай // Культура. 1998. № 24. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2316 разоў Апошняя змена Чацвер, 09 Ліпень 2020 12:01