Аўторак, 16 Студзень 2018 16:28

2018 г. — 400 гадоў з часу адкрыцця ў г. Брэсце езуіцкага калегіума (1618), навучальнай установы

Каталіцкі манаскі ордэн езуітаў («Таварыства Ісуса»), быў заснаваны ў 1534 годзе іспанскім дваранінам І. Лаёлам для барацьбы з Рэфармацыяй і ўзмацненнякаталіцтва. У Берасце (Брэст) ордэн прыйшоў амаль праз стагоддзе. Спачатку езуіты пасяліліся пры парафіяльным касцёле, а потым у каменным доме каля рынку, на месцы якога пасля ўзвялі ўласны каменны касцёл. У гэты час яны набылі бліжэйшыя гарадскія ўчасткі і атрымалі багатыя ахвяраванні, у прыватнасці, падараваны ваяводам Астафіем Валовічам фальварак Адамкова, а канцлерам Львом Сапегам — фальварак Лярэўная. 30 тысяч злотых даў на касцёл Казімір Сапега, і ў 1656 годзе будаўніцтва пачалося з цаглянага завода побач з ракой Мухавец.

 

У горадзе з’явіўся прыгажун-касцёл з адштукаваным рызалітам уваходам, пазалочанымі разнымі алтарамі і падлогай са шведскага мармуру. Касцёл уяўляў трохнефную базіліку з трансептам і дзвюхвежавым галоўным фасадам, які завяршаўся масіўным франтонам з валютамі, а бакавыя часткі — вежамі. Пластыку фасада ўпрыгожвалі шматлікія элементы апраўлення праёмаў і ніш, лепка.

Езуіты актыўна ўваходзілі ва ўсе сферы гаспадарчага, палітычнага, ідэалагічнага, культурнага жыцця, прыцягваючы ўсё новых прыхільнікаў. Атрымалі добрую славу сваёй асветніцкай дзейнасцю, будуючы калегіумы для навучэння сыноў літоўскіх, беларускіх, украінскіх феадалаў, гараджан і нават праваслаўнага духавенства. Не выстаўляючы саслоўных і канфесійных абмежаванняў, езуіты выклікалі прыхільнасць да сябе карэннага насельніцтва, іх адкрытыя ва ўсіх буйных гарадах Вялікага Княства Літоўскага агульнаадукацыйныя школы былі бясплатныя і даступныя для розных сацыяльных груп.

У 1618 годзе ў Берасцi быў створаны езуіцкі калегіум — спецыяльная ўстанова, дзе выхоўвалі моладзь. У асноўным там вывучалі тэалогію, філасофію, грэцкую і лацінскую мовы, матэматыку і фізіку. Але таксама тут спасцігалі мудрасці свецкіх дысцыплін, такіх, як плаванне, верхавая язда, фехтаванне, класічны танец, гульня на музычных інструментах і нават асновы тэатральнага мастацтва. Адукацыя, атрыманая ў езуіцкім калегіуме, была вельмі грунтоўная, даступная нават для небагатых людзей.

У ХVІІ ст. у Берасцейскім езуіцкім калегіуме вучыўся, а потым з’яўляўся намеснікам рэктара Казімір Лышчынскі (1634–1689), мысліцель-атэіст, педагог і грамадска-палітычны дзеяч. У ХVІІ ст. пачатковую адукацыю атрымаў Юльян Урсын Нямцэвіч (1757–1841), польскі пісьменнік, гісторык.

Адной з асноўных дысцыплін у калегіуме была рыторыка. Навучалі складанню лістоў па розных тэмах і ў розных жанрах, вядзенню публічных і прыватных гутарак, дыспутаў, складанню выступленняў па зададзенай тэме, падзяк, прывітальных прамоў, віншаванняў. Працы навучэнцаў складалі асноўную частку бібліятэкі калегіума. Бібліятэка езуітаў у Брэсце была ўнікальнай. У Дзяржаўным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца вопіс бібліятэкі Берасцейскага калегіума, у якім значацца 1 732 тамы.

Тэатр калегіума (першы ў Брэсце), які дзейнічаў у 1696–1760-я гады, таксама быў даступны для гледачоў з гараджан. Да спектакляў навучэнцы старанна рыхтаваліся, паколькі выступаць трэба было перад бацькамі і гасцямі. Раздаваліся прыгожа аформленыя праграмкі. Бацькам было асабліва прыемна бачыць сваіх дзяцей на сцэне, яны наглядна пераконваліся, якіх поспехаў дасягнулі іх сыны, навучаючыся ў езуітаў.

Двухпавярховы каменны будынак калегіума быў дабудаваны да касцёла. Фасадная частка калегіума цягнулася ў адну лінію з храмам, элегантна паўтараючы ў плане паварот вуліцы Кавальскай. Акрамя натуральных для падобнай навучальнай установы класаў, келляў, пакояў рэктара і прафесараў тут размяшчалася тэатральная зала, студэнцкі араторый, агульнадаступная аптэка, а ў глыбіні за фасадам — сады і агароды (адзін з іх — аптэчны), кветнікі, калодзеж, увянчаны альтанкай з вялікай статуяй св. Ксаверыя, і шэраг гаспадарчых памяшканняў: піваварня, свіран, стайня. Дваровую і вулічную часткі калегіума злучаў багата дэкараваны двухпавярховы калідор, які ішоў уздоўж яго бакавой часткі і касцёла.

У канцы XVIII ст. ордэн езуітаў набраў такую моц, што стаў небяспечны нават для Ватыкана. Папа Клімент XIV прыняў рашэнне скасаваць ордэн. Пасля скасавання ордэна ў 1773 годзе рухомая і нерухомая маёмасць калегіума была перададзена базыльянам. З пачаткам будаўніцтва Брэст-Літоўскай крэпасці ў 1836 годзе архітэктурны комплекс калегіума быў рэканструяваны ў каменданцкае ўпраўленне. Да нашых дзён будынкі калегіума не захаваліся.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

 

  1. Брэсцкі езуіцкі калегіум / Т. Б. Блінова // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 3. С. 295.

  2. Берасцейскі езуіцкі калегіум / Валерый Грынявіцкі // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 318.

  3. Брэсцкі езуіцкі калегіум / Т. Б. Блінова // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 100.

  4. Езуіты / Д. У. Кароў. Езуіцкае выхаванне / В. Ф. Шалькевіч. Езуіцкія навучальныя ўстановы / В. Ф. Шалькевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 383.

  5. Калегіум / В. С. Болбас, С. А. Сергачоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 458.

  6. Езуіты / Я. Н. Мараш. Езуіцкія калегіі і акадэміі / С. А. Падокшын // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 376–377.

  7. Дэкрэт паміж горадам Берасцем і вяльможнымі міласцямі айцамі езуітамі берасцейскага калегіума. Фундуш касцёла і калегіі іх міласцей айцоў езуітаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 85.

  8. Казімір Лышчынскі // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 84–85.

  9. Юльян Урсын Нямцэвіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 162.

  10. Ціборовська-Римарович, І. Стародруки з бібліотеки Берестейського єзуїтського колегіуму в фондах Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського / Ірина Ціборовська-Римарович // Берасцейскія кнігазборы : матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання», Брэст, 30–31 кастрычніка 2008 г. / Брэсцкі аблвыканкам, Абласная бібліятэка імя М. Горкага. Мiнск, 2010. С. 399–418.

  11. Цярохін, С. Ф. Многія прыйдуць пад імем маім : езуіты на Беларусі / С. Ф. Цярохін. – Мінск : Полымя, 1995. – 141, [2] с.

  12. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Белоруссии / Тамара Борисовна Блинова. – Минск : Беларусь, 1990. – 108, [2] с.

  13. Сцебурака, А. М. Развіццё адукацыі ў Беларусі ў другой палове XVI – першай палове XVII стагоддзяў: этнаканфесійны і сацыяльны аспекты : аўтарэферат дысертацыi... кандыдата гістарычных навук / Анатоль Мікалаевіч Сцебурака ; НАН Беларусi, Iн-т гiсторыi. – Мiнск, 2011.  21 с.

  14. Палікоўская, Т. І. Культурна-асветніцкая дзейнасць езуітаў на беларускіх землях у апошняй трэці XVI–20-ыя гг. XIX стст. (стан і праблемы айчыннай гістарыяграфіі другой паловы XIX – пачатку XXI cт.) : аўтарэферат дысертацыі... кандыдата гістарычных навук / Таццяна Ігараўна Палікоўская ; БДУ. – Мінск, 2006. – 21 с.

  15. Цеплякоў, А. Езуіты і Беларусь: на мяжы цывілізацыяў ці на скрыжаванні культураў? / Аркадыюш Цеплякоў // Беларускі гістарычны зборнік. Беласток, 2006. Вып. 25. С. 45–66.

  16. Сарычев, В. Комплекс иезуитов // В поисках утраченного времени / Василий Сарычев. Брест, 2006. Кн. 1. С. 17–21.

  17. Диханова-Внуковская, Л. А. Положение иезуитов в Великокняжеском обществе с конца XVI века по 1773 год / Л. А. Диханова-Внуковская // Канфесіі на Беларусі: гісторыя, сучаснасць : зборнік матэрыялаў міжнар. навук.-практ. канф. 7–8 кастрычніка 2004 года. Брэст, 2005. C. 142–145.

  18. Манастыры Брэста ХVII–ХVIII стст. // Страчаная спадчына / уклад. Т. В. Габрусь. Мінск, 1998. С. 116–127 : іл.

  19. Здановіч, У. Берасцейская зямля ў складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай / Уладзімір Здановіч // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. № 2. С. 24–34. Са зместу: Езуіцкі калегіум. С. 30.

  20. Лявшук, В. Е. Гиппократова чаша в иезуитском коллегиуме: становление и функционирование иезуитских аптек на белорусских землях ВКЛ (1569–1773 гг.) / В. Е. Лявшук // Весці БДПУ. Серыя 2. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. 2016. № 4. С. 96–103.

  21. Семашко, С. Исчезнувшая библиотека старого Бреста : [библиотека Брестского иезуитского коллегиума] / Светлана Семашко // Брестский вестник. 2016. 15 сентября (№ 37). С. 20.

  22. Палікоўская, Т. І. Айчынная гістарыяграфія другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. гісторыі адукацыйнай дзейнасці езуітаў на тэрыторыі Беларусі / Т. І. Палікоўская // Весці БДПУ. Серыя 2. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. 2015. № 4. С. 7–11.

  23. Лявшук, В. Е. Иезуитский коллегиум в социокультурном городском контексте белорусских земель ВКЛ в 1569–1773 гг.: проблемы и итоги изучения / В. Е. Лявшук // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 1. Гісторыя і археалогія. Філасофія. Паліталогія. 2015. № 3. С. 39–43.

  24. Барташэвіч, А. Ю. Гісторыя каталіцкіх ордэнаў на беларускіх землях у другой палове XVII стагоддзя: місіянерства і культурна-асветніцкая дзейнасць / А. Ю. Барташэвіч // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. 2013. № 9. С. 54–58.

  25. Ляўшук, У. Я. Персанальныя каталогі ордэна езуітаў як крыніца па гісторыі ўзаемадзеяння езуіцкага калегіума з гарадскім сацыякультурным асяроддзем на беларускіх землях Вялікага княства Літоўскага ў 1569–1773 гг. / У. Я. Ляўшук // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 1. Гісторыя і археалогія. Філасофія. Паліталогія. 2013. № 2. С. 57–64.

  26. Палікоўская, Т. І. Гісторыя станаўлення школьнага іезуіцкага тэатра ў Беларусі ў айчыннай гістарыяграфіі 30–80-х гг. XX ст. / Т. І. Палікоўская // Весці БДПУ. Серыя 2. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. 2010. № 2. С. 34–37.

  27. Позднякова, А. Жизнь на благо отечества : [о жизни и деятельности Казимира Лыщинского] / А. Позднякова // Брестский вестник. 2008. 20 марта. С. 6.

  28. Цеплякоў, А. Езуіты і Беларусь: на мяжы цывілізацый ці на скрыжаванні культур? / А. Цеплякоў // Спадчына. 2006. № 2. С. 55–67.

  29. Блинова, Т. Б. Выпускники иезуитских школ Беларуси — известные деятели науки и культуры (1740–1773 гг.) / Т. Б. Блинова // Веснiк Гродзенскага дзяржаўнага унiверсiтэта. Серыя 1. 2003. № 3. С. 3–9.

  30. Лавровская, И. Судьба памятников истории и архитектуры Бреста (ХIV–ХIХ вв.) : [костелы и монастыри] / Ирина Лавровская // Архитектура и строительство. 1991. № 6. С. 29, 42–44.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1636 разоў Апошняя змена Пятніца, 11 Снежань 2020 09:43