Аўторак, 13 Люты 2018 10:18

23 кастрычніка 2018 г. — 60 гадоў з часу заснавання народнага хору Брэсцкага Палаца культуры прафсаюзаў (1958)

У Брэсце пры абласным савеце прафсаюзаў 23 кастрычніка 1958 года быў створаны самадзейны харавы калектыў. У гэты дзень адбылася першая рэпетыцыя, на якую прыйшлі 70 чалавек рознага ўзросту. Арганізатар і мастацкі кіраўнік хору — Альфрэд Шутаў, пад яго кіраўніцтвам калектыў дасягнуў значнага выканальніцкага майстэрства. У хор пасля адпаведнага праслухоўвання ўліваліся людзі розных прафесій — муляры, ткачыхі, прадаўцы, медсёстры. Напачатку ў калектыве было каля 30 чалавек, сярод іх Зінаіда Долган, Яўгенія Давідовіч, Ірына Шах, Яўген Повад, Марына Бяссілка, Таццяна Канаплёва, Надзея Барысава і інш. Шмат выступалі па Брэсцкай вобласці: бадай, не было калгаса ці саўгаса, дзе б яны не выступілі.

 

За першыя сем гадоў творчай дзейнасці калектыў даў 400 канцэртаў, яго склад павялічыўся да 68 чалавек, у рэпертуары было больш за 50 песень. У 1964 годзе хор стаў пераможцам у абласным конкурсе на лепшае абслугоўванне працаўнікоў вёскі. У складзе былі баяністы Іван Жук (музычны кіраўнік хору), Яўген Солапаў, Уладзімір Збароўскі. У 1965 годзе хору аблсаўпрафа было прысвоена ганаровае званне «Народны калектыў». У народным хоры сваю творчую дзейнасць пачыналі прафесійныя артысткі Вольга Шутава, Ніна Несцераўна Бранковіч (заслужаная артыстка Беларусі, 1992), Соф’я Чэрнік, Валянціна Барташ, Надзея Якімава, Г. Пялевіна, Валянціна Рабцэвіч.

Альфрэд Пятровіч Шутаў (1932–2005) нарадзіўся ў Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці ў сям’і аб’ездчыка лесу. З дзяцінства захапіўся народнымі спевамі, марыў стаць музыкантам, самастойна навучыўся іграць на гармоніку. У 1953 годзе пайшоў вучыцца ў Мінскае музычнае вучылішча, але неўзабаве яго прызвалі ў армію. Служыць яму пашчасціла ў ансамблі песні і танца групы савецкіх войск у Германіі пад кіраўніцтвам Сяргея Баблоева. У ансамблі ўпершыню пачаў пісаць музыку. Пасля дэмабілізацыі ў 1956 годзе прыехаў у Брэст працаваць педагогам па класу акардэона ў музычным вучылішчы. Мінскае музычнае вучылішча скончыў у 1963 годзе. Працу ў Брэсцкім музвучылішчы пакінуў у 1971 годзе, цалкам заняўся народным хорам, выхаваннем салістаў і кампазітарскай творчасцю.

У Брэсце прайшла значная частка жыцця кампазітара, гэтаму гораду прысвечаны лепшыя яго песні — «Брэсцкі вальс» на словы Барыса Захарычава, «Наш Брэст» на словы Міхаіла Дзяльца, нарадзіліся вядомыя яго песні «Вішня белая» (словы М. Рыленкава), «Вяртайцеся ў Расію» (словы Б. Дубровіна), «Куры ды пеўнікі» (словы В. Фадзеевай), «Вьюга», «Маміны косы» і дзясяткі іншых мелодый. Аўтар шэрага апрацовак беларускіх народных песень, якія сам запісваў у вёсках Брэсцкага, Лунінецкага, Драгічынскага, Пінскага і іншых раёнаў. У 1975 годзе яму было прысвоена званне заслужанага работніка культуры БССР. З 1980 да 1989 года кіраваў харавым калектывам пры Брэсцкім парку культуры і адпачынку імя 1 Мая. У 1990 годзе вярнуўся на радзіму ў Чэрвень, дзе адрадзіў Натальеўскі хор, узначаліў музычнае таварыства, пісаў вершы пад псеўданімам Алесь Жарт.

Яго жонка, Вольга Паўлаўна Шутава (1944–1999), ураджэнка Камянецкага раёна, прыйшла спяваць у самадзейны калектыў, дзе яны і пазнаёміліся. Неаднаразова выходзіла пераможцай сярод салістак вобласці. А. П. Шутаў шмат садзейнічаў удасканаленню вакальнага майстэрства спявачкі, дапамог ёй перайсці на прафесійную сцэну. З 1968 па 1996 год яна з’яўлялася салісткай Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У 1973 годзе атрымала ганаровае званне заслужанай артысткі БССР.

У рэпертуары народнага хору было больш за 200 песень. Гэта беларускія, рускія, украінскія, польскія, балгарскія народныя песні («Повей, ветер», «Стоят вербы», «Скрипка б не играла», «Вянок беларускіх вясновых народных песень»), творы савецкіх, у тым ліку беларускіх кампазітараў: «Песня о Брестской крепости», «Застава Лопатина», «Родина. Ленин. Партия», «Хлебом мы живём» і інш. 12 песень у выкананні хору, ансамбля «Алёнушка» і салістаў увайшлі ў залаты фонд Усесаюзнага радыё.

Пры калектыве існаваў аркестр народных інструментаў. З удзельнікаў хору ў 1963 годзе быў створаны вакальны ансамбль «Алёнушка», які гастраляваў у Польшчы, Чэхаславакіі і ГДР. У яго складзе былі Кацярына Піліпчук, Надзея Навумчык, Ніна Курган, Валянціна Чакун, Надзея Бычкова і інш. У 1971 годзе балетмайстар Аляксандр Ліхота пры хоры арганізаваў цікавую танцавальную групу.

Народны хор гастраляваў па Беларусі, Расіі, Украіне, Латвіі, выязджаў у Польшчу. Удзельнічаў у Міжнародным фестывалі партызанскай песні ў г. Красніку (Польшча), ІІІ фестывалі сацыялістычных краін у г. Любліне (Польшча) і інш. Лаўрэат Усесаюзнага фестывалю самадзейнага мастацтва, прысвечанага 50-годдзю Вялікага Кастрычніка (1967), Усесаюзнага агляду-конкурсу ансамбляў песні і танца, прысвечанага 50-годдзю ўтварэння СССР, у Маскве (1972), I Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных (1975–1977). Узнагароджаны Дыпломам І ступені і Вялікім залатым медалём ВНДГ СССР (1972).

З 1981 года калектывам кіраваў Віктар Васільевіч Фяцісаў. Народны хор стаў працаваць пры абласным Палацы культуры прафсаюзаў, які пабудаваны ў 1981 годзе. Новаму кіраўніку давялося практычна нанова ствараць калектыў, фарміраваць рэпертуар. Тройчы на тыдзень аматары харавога мастацтва прыходзілі ў пакой № 323, каб дакрануцца да свету прыгожага. Першыя гастролі хору В. В. Фяцісава адбыліся ў Камянецкім і Кобрынскім раёнах. На гарадскім аглядзе-конкурсе мастацкіх калектываў хор атрымаў дыплом ІІ ступені. З ліку ўдзельнікаў народнага хору быў створаны ансамбль песні і танца «Золак».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Брэсцкі народны хор Палаца культуры прафсаюзаў / Т. М. Курыла // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 499.

  2. Хор народный Дворца культуры облсовпрофа // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 374–375.

  3. Шутава Вольга Паўлаўна / Л. С. Мітаковіч. Шутаў Альфрэд Пятровіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 489.

  4. Шутаў Альфрэд Пятровіч // Памяць. Чэрвеньскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 515.

  5. Шутава Вольга Паўлаўна / Л. С. Мітаковіч. Шутаў Альфрэд Пятровіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 594.

  6. Бранковіч Ніна Несцераўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2011. Т. 2. С. 26–27.

  7. Бранковіч Ніна Несцераўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С.  243.

  8. Заслужаныя работнікі культуры. Шутаў Альфрэд Пятровіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 627.

  9. Мая Ігуменшчына : [зборнік вершаў удзельнікаў літаратурнага аб’яднання «Ветразь» пры Чэрвенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы]. – Чэрвень : [б. в.], 1994. – 101 с. – Са зместу: Алесь Жарт. «А на Ігуменшчыне — палі бяскрайнія…» : [верш].

  10. Адамовіч, С. 19 лютага Альфрэду Шутаву споўнілася б 80 / Святлана Адамовіч // Раённы веснік. Чэрвень, 2012. 20 лютага. С. 3.

  11. Славутыя і знакамітыя : [пра ўраджэнцаў Чэрвеньскага раёна, у т. л. пра А. П. Шутава] // Раённы веснік. Чэрвень, 2010. 13 кастрычніка. С. 5.

  12. Умер Альфред Шутов, но музыка его живёт : [некролог] // Брестский курьер. 2005. 28 июля (№ 31). С. 28.

  13. Шутов с нами! : [А. П. Шутову — 70 лет] // Вечерний Брест. 2002. 20 февраля. С. 1.

  14. Леоновец, А.«Брестскому вальсу — 30 лет» : [об авторском вечере композитора Альфреда Шутова, автора музыки к песне «Брестский вальс» (слова Бориса Захарычева), в Брестском парке культуры и отдыха] / А. Леоновец // Советская Белоруссия. 1988. 1 августа.

  15. Сохар, Ю. Творчасць мільёнаў : [пра музычную самадзейную творчасць Беларусі; узгадваецца народны хор Брэсцкага аблсаўпрафа] / Юрый Сохар // Полымя. 1983. № 12. С. 156–164.

  16. Бохонкович, К. Искусство, греющее сердца : [о народном хоре Брестского ДК профсоюзов под управлением В. Фетисова] / К. Бохонкович, солист народного хора // Заря. 1982. 9 июля.

  17. Товарищ газета : [песня о газете «Заря»; стихи В. Я. Ясковича; музыка А. Шутова] // Заря. 1979. 26 сентября.

  18. Тарасюк, І. Крылы : [пра кампазітара, кіраўніка народнага хору Брэсцкага аблсаўпрафа А. П. Шутава] / І. Тарасюк // ЛіМ. 1977. 21 студзеня (№ 3). С. 12.

  19. Тарасюк, И. Рассыпанная мелодия : [о руководителе народного хора облсовпрофа А. Шутове] / И. Тарасюк // Заря. 1975. 15 ноября.

  20. Шутаў, А.П. Як выхаваць народнага спевака? : [інтэрв’ю з мастацкім кіраўніком народнага хору Брэсцкага абласнога савета прафсаюзаў] / Альфрэд Пятровіч Шутаў ; [запісаў] Д. Жураўлёў // Настаўніцкая газета. 1975. 30 ліпеня.

  21. Загорская, Н. Як срэбны званочак : [аб спявачцы народнага хору Брэсцкага аблсаўпрафа Надзеі Якімавай] / Н. Загорская // Чырвоная змена. 1973. 28 лютага.

  22. Загорская, Н. Песни родной земли : творческий портрет народного хора облсовпрофа / Н. Загорская // Заря. 1973. 17 апреля.

  23. Бархатава, В. Кампазітар з Брэста : [пра А. П. Шутава] / В. Бархатава ; фота аўтара // Беларусь. 1971. № 4. С. 23.

  24. Песня, любовь моя : [о предстоящем творческом вечере композитора, руководителя народного хора А. П. Шутова] / фото В. Германа // Заря. 1970. 18 декабря.

  25. Хутчэй к нам на Палессе прыязджай : [песня] / словы М. Рудкоўскага ; музыка А. Шутава // Чырвоная змена. 1969. 26 кастрычніка.

  26. Брестский вальс : [песня] / слова Б. Захарычева ; музыка А. Шутова // Чырвоная змена. 1969. 19 жнiўня.

  27. Пусть всегда волнует песня : [о солистке народного хора облсовпрофа Ольге Шутовой; фото] // Заря. 1967. 1 января.

  28. Яковлев, А. Ещё один народный : [о народном хоре облсовпрофа под управлением А. Шутова] / А. Яковлев // Заря. 1965. 11 июля.

  29. Яковлев, А. Путь к мечте : [о солистке народного хора облсовпрофа Ольге Шутовой] / А. Яковлев // Заря. 1965. 9 июня.

  30. Пра яе пяе баян : [песня] / словы М. У. Кулакова ; музыка А. Шутава // Заря. 1964. 31 октября.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2037 разоў Апошняя змена Серада, 08 Красавік 2020 11:50