Серада, 21 Люты 2018 12:14

2018 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Рамана Навумавіча Мачульскага (1903–1990), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, дзяржаўнага дзеяча БССР, Героя Савецкага Саюза (1944)

Раман Навумавіч Мачульскі нарадзіўся 30 лістапада 1903 года ў вёсцы Крываносы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Старадарожскага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Працоўную дзейнасць пачаў з 1917 года. Пасля заканчэння сельскай школы навучаўся ў Глускім гарадскім вучылішчы.

 

У 1925–1928 гадах служыў у Чырвонай арміі, дзе закончыў палкавую школу і ў званні малодшага камандзіра праходзіў службу ў 110-м стралковым палку Беларускай ваеннай акругі. У арміі ўступіў у камсамол, а ў студзені 1928 года — у партыю.

Пасля дэмабілізацыі Раман Мачульскі працаваў загадчыкам хаты-чытальні ў адной з вёсак Рэчыцкага раёна, сакратаром сельскай партыйнай арганізацыі, быў адным з актыўных арганізатараў першых калгасаў на Гомельшчыне. З 1930 года — культработнік у Рэчыцы, затым на працягу пяці гадоў працаваў на Рэчыцкім дубільна-экстрактным заводзе імя К. Варашылава зменным майстрам, потым — загадчыкам вытворчасці.

З сакавіка 1935 года па красавік 1937 года Р. Н. Мачульскі вучыўся ў Рэспубліканскай школе прапагандыстаў пры ЦК КП(б) Беларусі. З 1937 года — загадчык аддзела прапаганды, трэці сакратар Грэскага райкама, другі сакратар Чэрвеньскага райкама. З верасня 1940 года — першы сакратар Плешчаніцкага райкама КП(б)Б Мінскай вобласці, на гэтым пасту яго застала Вялікая Айчынная вайна.

18 ліпеня 1941 года быў накіраваны ў варожы тыл з мэтай арганізацыі партызанскага руху. Дзейнічаў на часова акупіраванай тэрыторыі Мінскай і Палескай абласцей. Быў упаўнаважаным ЦК КП(б) Беларусі, сакратаром Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б.

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў злучэння партызанскіх атрадаў Мінскай і Палескай абласцей, Мінскага партызанскага злучэння. З кастрычніка 1942 года па май 1943 года выконваў абавязкі камандзіра партызанскага злучэння Мінскай вобласці. Са жніўня 1943 года па ліпень 1944 года — камандзір партызанскага злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны, атрымаў званне палкоўніка. Кіраваў распрацоўкай і камандаваў ажыццяўленнем многіх аперацый, у тым ліку па разгрому варожых гарнізонаў, падрыве чыгуначных мастоў: 137-метровага цераз раку Пціч у лістападзе 1942 года і 47-метровага на рацэ Бобрык у снежні 1942 года.

1 студзеня 1944 года Р. Н. Мачульскі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. У час апошняй блакады партызанскіх брыгад у чэрвені 1944 года ля возера Палік палкоўнік быў цяжка паранены. З 20 ліпеня 1944 года назначаны старшынёй выканкама Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў. З 1948 года з’яўляўся прадстаўніком Савета па справах калгасаў пры Урадзе СССР па БССР.

У сакавіку 1950 года Р. Н. Мачульскі абраны першым сакратаром Пінскага абласнога камітэта КП(б)Б. Тады быў нялёгкі пасляваенны час, кіраўніку вобласці давялося аднаўляць гаспадарку, ствараць новыя галіны эканомікі краю, праводзіць калектывізацыю сельскай гаспадаркі і ўзмацненне калгасаў. У канцы 1950 года ўступіла ў шэраг дзеючых маслабаза з халадзільнікам ёмістасцю ў 300 т, на фанерным заводзе — новы, добра абсталяваны фанерны цэх і інш. Налічвалася 350 прадпрыемстваў, сярод іх прадпрыемствы суднабудаўнічай, ліцейнай, трыкатажнай, паліўнай галін, будаўнічых матэрыялаў. Адрадзіўся Пінскі суднарамонтны-суднабудаўнічы завод. У пачатку 1950-х гадоў у калгасы аб’ядналіся 92,2 працэнта сялянскіх гаспадарак вобласці. У верасні 1952 года прайшла V абласная партыйная канферэнцыя, на якой прааналізаваны недахопы дзейнасці прадпрыемстваў. У студзені 1954 года Пінская вобласць была скасавана, яе раёны далучаны да Брэсцкай.

Са студзеня 1954 года па сакавік 1959 года — старшыня Брэсцкага аблвыканкама. У гэты час (1955–1959) першым сакратаром Брэсцкага абкама КП(б)Б працаваў Пётр Міронавіч Машэраў. Пры ўдзеле і садзейнічанні Р. Н. Мачульскага фарміраваўся патэнцыял сучаснай Брэсцкай вобласці. Быў уведзены ў строй шэраг буйных прадпрыемстваў, распрацаваны комплексныя праграмы прамысловага развіцця гарадоў. Прыкладвалася шмат намаганняў для развіцця прамысловасці і падняцця эфектыўнасці калгаснай вытворчасці пасля праведзенай калектывізацыі.

На ХІХ–ХХІІ з’ездах КПБ Р. Н. Мачульскі выбраны членам Цэнтральнага камітэта (1949–1960). Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 4-га і 5-га скліканняў (1954–1962), Вярхоўнага Савета БССР 2-га і 3-га скліканняў (1947–1955), намеснік старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 2-га склікання (1947–1951).

За сваю баявую і працоўную дзейнасць узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1942, 1944, 1973), ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі (1973), двума ордэнамі Айчыннай вайны І ступені (1944, 1973), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973), медалямі. Заслужаны работнік культуры БССР (1980).

Р. Н. Мачульскі з’яўляецца аўтарам кніг успамінаў «Вечный огонь» (1965; перавыданні 1969, 1978), «Страницы бессмертия» (1972), «Люди высокого долга» (1975), «На огненной земле» (1982).

Раман Навумавіч Мачульскі памёр 26 красавіка 1990 года. Пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска (участак 26). Імем героя названа вуліца ў Мінску. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўвае дакументы і асабістыя рэчы Р. Н. Мачульскага. Занесены ў Кнігу народнай славы Старадарожскага раёна. У Мінску на доме, дзе ён жыў у 1972–1990 гадах (завул. Вайсковы, 10), устаноўлена мемарыяльная дошка. З 2005 года яго імя носіць СШ № 104 г. Мінска, у школе створаны музей баявой славы, у якім — мемарыяльны пакой Р. Н. Мачульскага.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Мачульскі Раман Навумавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 10. С. 235.

  2. Мачульский Роман Наумович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник. Минск, 2015. С. 94.

  3. Мачульский Роман Наумович // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 2014. С. 255.

  4. Мачульский Роман Наумович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 681.

  5. Мачульскі Раман Навумавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 100.

  6. Мачульскі Раман Навумавіч // Памяць. Старадарожскі раён : гіст-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 156.

  7. Мачульскі Раман Навумавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 336.

  8. Мачульский Роман Наумович // Навечно в сердце народном : справочник. Минск, 1984. С. 345.

  9. Мачульскі Раман Навумавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 412–416.

  10. Мачульскі Раман Навумавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 108–109.

  11. Мінскі падпольны абком КП(б)Б // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 362–363.

  12. Мінскае партызанскае злучэнне / А. Л. Манаенкаў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 350–351.

  13. Мачульский, Р. Н. На огненной земле / Р. Н. Мачульский ; [предисл. С. С. Жукова, А. Ф. Хацкевича]. – Минск : Беларусь, 1983. – 160 с. : ил.

  14. Мачульский, Р. Н. Вечный огонь : партизанские записки / Р. Н. Мачульский. – 3-е изд., доп. и испр. – Минск : Беларусь, 1978. – 445 c., [16] л. ил.

  15. Мачульский, Р.Н. Вечный огонь : партизанские записки / Р. Н. Мачульский ; [литературная обработка А. Колосова]. – Минск : Беларусь, 1978. – 446 с. : ил.

  16. Мачульский, Р. Н. Люди высокого долга : [очерки] / Р. Н. Мачульский ; [литературная обработка Н. Гилевича].  Минск : Беларусь, 1975.  285, [2] с., [16] л. ил.

  17. Мачульский, Р. Н. Страницы бессмертия : [партизанские записки] / Р. Н. Мачульский ; [литературная обработка Н. Гилевича]. – Минск : Беларусь, 1972. – 287 с., [8] л. ил.

  18. Кейзаров, А. С. Эхо на Полесье : [докум. очерк о Р. Н. Мачульском] / Алексей Степанович Кейзаров. – Москва : Политиздат, 1979. – 110 с., [2] л. ил. – (Герои Советской Родины).

  19. Курков, И. Брест Машерова : [о деятельности П. М. Машерова на посту первого секретаря Брестского обкома КПБ (1955–1959)] // Брестчина: легенды, события, люди / Илья Курков. Минск, 2005. С. 249–254.

  20. Нехай, Р. Коммунист на посту : Мачульском Р. Н./ Р. Нехай // Люди легенд : очерки о партизанах и подпольщиках — Героях Советского Союза. Москва, 1974. С. 238–255.

  21. Очерки истории Брестской областной парторганизации / под ред. В. А. Бобкова. – Минск : Беларусь, 1989. – 447 с., [12] л. ил. – Из содерж.: Р. Н. Мачульский. С. 226, 442.

  22. Шевченко, Н. Власть и в войну в обиду не даст : [о Р. Н. Мачульском/ Николай Шевченко // Сельская газета. 2014. 16 января. С. 15.

  23. Ракицкая, Т. Роман Мачульский: грани судьбы : к 110-летию со дня рождения Героя Советского Союза Р. Н. Мачульского / Татьяна Ракицкая // Белорусская военная газета. 2013. 18 декабря. С. 5.

  24. Шевченко, Н. Жизнь коммуниста на службе Отечеству : [о Р. Н. Мачульском; фото] / Николай Шевченко // Коммунист Беларуси. 2013. 15 ноября (№ 47). С. 6.

  25. Пинщина их знает и помнит: Мачульский Роман Наумович // Пинская неделя. 1997. 28 марта.

Чытаць 1954 разоў Апошняя змена Панядзелак, 07 Снежань 2020 16:01