У 1966 годзе ён скончыў лячэбны факультэт Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Працаваў дырэктарам Пінскага медыцынскага вучылішча і ардынатарам-хірургам Пінскай гарадской бальніцы. З кастрычніка 1972 года па кастрычнік 1978 года С. І. Леановіч — загадчык Рэспубліканскага метадычнага кабінета па сярэдняй медыцынскай адукацыі Міністэрства аховы здароўя БССР і адначасова па сумяшчальніцтве працаваў урачом-хірургам 4-й Мінскай гарадской клінічнай бальніцы.
З кастрычніка 1978 года па ліпень 1979 года Сяргей Іванавіч загадваў аддзяленнем экстраннай хірургіі 4-й гарадской клінічнай бальніцы. Пасля заканчэння завочнай аспірантуры ў 1979 годзе выкладаў на кафедры факультэцкай хірургіі МДМІ. Увесь далейшы працоўны шлях С. І. Леановіча быў непарыўна звязаны з Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам.
Са жніўня 1979 года па кастрычнік 1986 года С. І. Леановіч працаваў асістэнтам, з кастрычніка 1986 года дацэнтам і з 1992 года загадчыкам 1-й кафедры хірургічных хвароб. Пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча навук БССР, прафесара А. В. Шота ў 1982 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Дыягностыка і лячэнне вострага панкрэатыту», а ў 1996 годзе — доктарскую дысертацыю на тэму «Хірургічнае лячэнне хранічнага панкрэатыту».
На працягу дванаццаці гадоў (1986–1998) С. І. Леановіч узначальваў хірургічную службу краіны — быў галоўным хірургам Міністэрства аховы здароўя БССР і Рэспублікі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам былі распрацаваны новыя метады лячэння гнойна-запаленчых захворванняў лёгкіх і плеўры; укаранёны ў практыку рэзекцыя і пластыка трахеі; вывучаны стан і шляхі рашэння праблемы гастрадуадэнальных крывацёкаў у рэспубліцы; атрымала развіццё хірургічнае лячэнне пухлін наднырачнікаў; сфармуляваны прынцыпы і спосабы паляпшэння вынікаў хірургічнага лячэння ўскладненняў цукровага дыябету.
Асноўным напрамкам навукова-даследчага пошуку Сяргея Іванавіча было вывучэнне праблемы захворванняў падстраўнікавай залозы, своечасовая дыягностыка, прафілактыка і лячэнне. Ён быў нязменным навуковым кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Хірургічная панкрэаталогія». Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны крытэрыі адзнакі і прагназавання цяжару вострага панкрэатыту; укаранёны новыя спосабы комплекснага лячэння гэтай грознай паталогіі; распрацаваны і ўкаранёны шэраг арыгінальных аператыўных умяшанняў пры вострым і хранічным панкрэатыце.
Прафесар С. І. Леановіч унёс вялікі ўклад у развіццё хірургіі ў краіне. За час працы ім апублікаваны болей за 400 друкаваных работ, 10 манаграфій, 2 падручнікi па хірургіі, 22 метадычныя рэкамендацыі, атрымана 21 пасведчанне на рацпрапановы, 17 патэнтаў на вынаходствы.
Бліскучы хірург, урач, які валодаў незвычайнай хірургічнай інтуіцыяй, Сяргей Іванавіч выхаваў вялікую плеяду вучняў. Пад кіраўніцтвам С. І. Леановіча абаронены 3 доктарскія і 12 кандыдацкіх дысертацый. Ён карыстаўся вялізным аўтарытэтам сярод калег, быў прыкладам для студэнтаў. У любую хвіліну дня і ночы ён быў гатовы па найменшым поклічы аказаць і аказваў неабходную дапамогу парадай і справай не толькі ў клініцы, але і ў любым кутку Беларусі і за яе межамі. Яго жыццёвы аптымізм, вельмі добрае пачуццё гумару, памяркоўнасць, прастата ў стасунках стваралі вакол яго асобую атмасферу. Сяргей Іванавіч быў патрабавальны да сябе і навакольных, але працаваць з ім было лёгка і прыемна.
С. І. Леановіч з’яўляўся старшынёй Беларускай Асацыяцыі хірургаў, членам Праўлення Міжнароднай Асацыяцыі хірургаў імя М. І. Пірагова. Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь (1998), акадэмік Міжнароднай акадэміі навук экалогіі і бяспекі жыццядзейнасці, акадэмік Міжнароднай акадэміі кіраўніцкіх навук. За поспехі ў рабоце С. І. Леановіч неаднаразова адзначаўся загадамі Міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і рэктара БДМУ. Узнагароджаны медалямі «За доблестный труд», імя М. В. Ламаносава, знакам «Отличнику здравоохранения», многімі граматамі.
С. І. Леановіч пасля цяжкай хваробы памёр 29 снежня 2012 года. Пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска (участак 26).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф
Працы С. І. Леановіча
-
Татур, А. А. Хирургия рубцовых стенозов трахеи и трахеопищеводных свищей : монография / А. А. Татур, С. И. Леонович. – Минск : БГМУ, 2010. – 272 с. : ил., табл.
-
Колб, Л. И. Общая хирургия : учебное пособие для учащихся медицинских училищ / Л. И. Колб, С. И. Леонович, И. В. Яромич. – Минск : Вышэйшая школа, 2008. – 444 с.
-
Колб, Л. И. Организация работы медицинской сестры в процедурном кабинете : пособие для слушателей курсов системы повышения квалификации медицинских работников со средним специальным образованием / Л. И. Колб, С. И. Леонович, Е. Л. Колб. – Минск : РИПО, 2008. – 272 с.
-
Колб, Л. И. Медицина катастроф и чрезвычайных ситуаций : учебное пособие для слушателей системы последипломного медицинского образования / Л. И. Колб, С. И. Леонович, И. И. Леонович. – Минск : Вышэйшая школа, 2008. – 448 с.
-
Колб, Л. И. Сестринское дело в хирургии : учебное пособие для учащихся учреждений среднего специального образования / Л. И. Колб, С. И. Леонович, Е. Л. Колб. – Минск : Вышэйшая школа, 2007. – 638 с.
-
Колб, Л. И. Частная хирургия : учебное пособие для учащихся учреждений среднего специального образования по специальности «Лечебное дело» / Л. И. Колб, С. И. Леонович, И. В. Яромич. – Минск : Вышэйшая школа, 2004. – 400 с.
-
Желчнокаменная болезнь. Острый и хронический калькулезный холецистит : методические рекомендации / С. И. Леонович, А. И. Протасевич. – Минск : БГМУ, 2004. – 41 с.
-
Батвинков, Н. И. Клиническая хирургия : учебник для студентов медицинских институтов / Н. И. Батвинков, С. И. Леонович, Н. Н. Иоскевич. – Минск : Вышэйшая школа, 1998. – 558 с.
Аб жыцці і дзейнасці С. І. Леановіча
-
Леановіч Сяргей Іванавіч// Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 171.
-
Леонович Сергей Иванович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 443.
-
Леонович Сергей Иванович // Кто есть кто в Республике Беларусь, 2001. Минск, 2001. Т. 2. С. 205–206.
-
Леонович Сергей Иванович // Кто есть кто в Республике Беларусь. Люди дела. Минск, 1999. С. 179.
-
Сергей Иванович Леонович : [некролог] // Новости хирургии. Витебск, 2013. № 1. С. 122–123.
-
70 лет Сергею Ивановичу Леоновичу // Новости хирургии. Витебск, 2008. № 2. С. 180–183.