Пятніца, 30 Сакавік 2018 15:52

6 кастрычніка 2018 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Івана Раманавіча Валошкі (1898–1966), удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі

Іван Раманавіч Валошка нарадзіўся 6 кастрычніка 1898 года ў вёсцы Рачкі Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З лета 1915 года ў сувязі з Першай сусветнай вайной сям’я была ў бежанцах у Расіі, вярнуліся на радзіму ў 1920 годзе. Іван Валошка з 1921 года пасяліўся ў Брэсце-над-Бугам (цяпер Брэст) у кватэры дома на рагу вуліц Ягелонскай і Пераца (цяпер Маскоўская і 17 Верасня). У гэтым доме (вул. Пэраца, 51) на першым паверсе былі магазіны, цырульня, на другім — прыватная руская гімназія, у падвале — склад канцтавараў. Іван Валошка працаваў тут вартаўніком і дворнікам.

 

У 1923 годзе Іван Валошка ўступіў у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Яго кватэра стала явачнай для падпольшчыкаў і месцам захоўвання нелегальнай літаратуры КПЗБ. У 1927–1938 гадах у яго кватэры дзейнічала падпольная друкарня Цэнтральнага камітэта КПЗБ. Перад пачаткам будаўніцтва друкарні з мэтай канспірацыі Івану Валошку было даручана спыніць сувязь з людзьмі падполля, не з’яўляцца на сходах, мітынгах, прыкласці ўсе сілы, каб спадабацца паліцыі. Ад яго кватэры да ўчастка паліцыі (пастарунку) было толькі 150 м.

У падвале дома была выкапана яма глыбінёй 2,5 м і плошчай 9 м2, праца цягнулася больш за паўгода. Зямля выносілася тайна невялікімі порцыямі, складана было знайсці месца, куды яе выкідаць. Нарэшце, у выкапаным і замаскіраваным падполлі на пачатку 1927 года была абсталявана падпольная ў літаральным сэнсе друкарня. Па заданні акруговага партыйнага тэхніка М. Ш. Жукоўскага-Зільберга работу друкарні наладзіў віленскі слесар Натан Соган.

З Вільні прывозілі гатовыя матрыцы, па іх узору рабілі адліўкі з волава. Потым набылі шрыфт, якога спатрэбілася шмат, бо на розных мовах. Друкавалі лістоўкі, цыркуляры Брэсцкіх акруговых камітэтаў КПЗБ і КСМЗБ і іншыя партыйныя выданні на пяці мовах: беларускай, рускай, польскай, украінскай і яўрэйскай. Сярод лістовак: «За што судзілі рэвалюцыйных сялян у Кобрыне», «Вялікая барацьба лесарубаў» і інш. Друкаваныя матэрыялы Брэсцкай друкарні выкарыстоўвалі Брэсцкі і Пінскі акруговыя камітэты КПЗБ.

Іван Валошка непасрэдна ўдзельнічаў у стварэнні і дзейнасці друкарні, распаўсюджванні нелегальнай літаратуры. У гэтай небяспечнай, патрыятычнай справе яму дапамагала жонка Мялання Фамінічна.

Друкарня перастала функцыянаваць у сувязі з неабгрунтаваным роспускам Камуністычнай партыі Польшчы і яе састаўных частак — КПЗБ і КПЗУ — у сакавіку 1938 года. Дзякуючы строгай канспірацыі І. Р. Валошка захаваў абсталяванне друкарні і архіў да верасня 1939 года. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР перадаў іх палітаддзелу пагранічнага атрада. У сувязі з амаль варожымі адносінамі сталінскага рэжыму да членаў КПЗБ мясцовыя органы паставіліся прахалодна да гісторыі дзейнасці падпольнай друкарні, тэхнічная частка друкарні і яе архіў не зберагліся.

У Вялікую Айчынную вайну І. Р. Валошка быў сувязным партызанскага атрада імя Фрунзэ брыгады імя Сталіна. Пасля вайны працаваў у Брэсцкім аддзяленні дзяржаўнага банка. Памёр 3 лютага 1966 года.

У 1963 годзе ў памяць падпольнай друкарні на месцы, дзе яна была, па ініцыятыве Васілія Пятровіча Ласковіча ўстаноўлена мемарыяльная дошка (праспект Машэрава, 42). Некаторыя выданні друкарні знаходзяцца ў фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Валошка Іван Раманавіч / В. П. Ласковіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 213–214.

  2. Слова клікала да барацьбы : з успамінаў удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі І. Р. Валошкі : [прыведзены біяграфічныя звесткі пра І. Р. Валошку, фота] // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 259–261.

  3. Слесарук, Т. А. Падпольная друкарня КПЗБ : [у Брэсце; фота мемарыяльнай дошкі, партрэт І. Р. Валошкі] / Т. А. Слесарук, А. С. Барысавец // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 1. С. 42–43.

  4. Мемориальная доска в честь подпольной типографии ЦК КПЗБ : [Брест] / Т. А. Слесарук // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 73.

  5. Месца, дзе знаходзілася падпольная друкарня ЦК КПЗБ : [Брэст] / Т. А. Слесарук // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 62.

  6. Типография ЦК КПЗБ : [в квартире И. Р. Волошко] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 356.

  7. Ласкович, В. П. Подвиг Коммунистической партии Западной Белоруссии (КПЗБ), 19191939 гг. : исторический очерк / Василий Петрович Ласкович, Валентина Васильевна Ласкович (Желанова).  Брест: Брестская типография, 2002. 401 с. – Из содерж.: Брестская подпольная типография. С. 118–124.

  8. Алексейчик, А. Я. Очерки истории Брестской областной партийной организации / А. Я. Алексейчик, Б. И. Камейша, В. П. Самович. – Минск : Беларусь, 1989. – 448 с., [12] л. ил. – Из содерж.: Брестская подпольная типография. С. 34.

  9. Кириллова, Н. М. Подпольные типографии 19201940-х гг. Их издания в экспозиции Брестского областного краеведческого музея / Кириллова Н. М. // Матэрыялы ХІІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў «Кніжная культура Беларусі: погляд праз стагоддзі» / склад.: Т. А. Сапега, А. А. Суша. Мінск, 2016. С. 171173.

  10. Самойленка, І. Падпольная друкарня : [КПЗБ у Брэсце] / І. Самойленка // Сельская праўда. Жабiнка, 1990. 27 верасня.

  11. Ватковіч, Г. Друкарня камуністаў-падпольшчыкаў : [у Брэсце; 1926–1938 гг.] / Г. Ватковіч // Беларусь. 1972. № 6. С. 28.

  12. Слесарук, Т. Когда знакомишься с экспонатом : [об изданиях подпольной типографии КПЗБ в фонде Брестского областного краеведческого музея] / Т. Слесарук // Заря. 1972. 16 июня.

  13. Самойленко, И. Подпольная типография : [в Бресте; фотопортрет И. Р. Волошко] / И. Самойленко // Заря. 1971. 5 мая.

  14. Ласкович, В. Время и люди : [о подпольной типографии КПЗБ в Бресте] / В. Ласкович // Заря над Бугом. Брест, 1963. 24 октября.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1699 разоў Апошняя змена Панядзелак, 07 Снежань 2020 16:13