Панядзелак, 16 Ліпень 2018 11:10

2018 г. — 100 гадоў з пачатку Палескага паўстання за аднаўленне савецкай улады (Столінскі, Лунінецкі, Пінскі р-ны; 1918–1919)

Савецкая ўлада на Беларускім Палессі з’явілася ў лістападзе 1917 г. Лінія фронту Першай сусветнай вайны тады спынілася паміж Пінскам і Лунінцам. У сакавіку 1918 г. паўднёвыя паветы Беларусі адышлі да Украінскай Народнай Рэспублікі, са згоды якой Германія акупіравала большую частку Украіны, а таксама Беларускае Палессе, лініі фронту ўжо не існавала. На чыгуначных станцыях Лунінец, Відзібор, Гарынь і інш. размясціліся нямецкія гарнізоны. З прыходам на Беларускае Палессе немцаў і вайсковых фарміраванняў УНР актывісты і прыхільнікі савецкай улады жорстка праследаваліся. Гетманскія ўлады зрабілі Давыд-Гарадок цэнтрам акругі, размясцілі тут вялікі ваенны гарнізон.

 

Насельніцтва Палесся не прыняло ўладу гетмана П. Скарападскага, не скарылася акупантам. Гвалтоўная ўкраінізацыя, эканамічная палітыка Украінскай дзяржавы выклікалі агульнае нездавальненне ў народа. У гарадах і мястэчках Пінскага павета сталі ўзнікаць падпольныя групы. Адной з першых і значных была група ў в. Калоднае Пінскага павета (цяпер у Столінскім раёне), якой кіраваў настаўнік Фёдар Андрэевіч Казубоўскі. Падпольшчыкі наладзілі выпуск газеты «Лесное эхо», якая клікала да супраціўлення, стварылі партызанскі атрад з 50 чалавек і напалі на гетманскіх карнікаў у в. Рубель, затым захапілі Столін. Гэтыя падзеі былі пачаткам Палескага паўстання.

З лета 1918 г. на акупіраванай тэрыторыі Палесся дзейнічалі партызанскія атрады на чале з бальшавікамі і салдатамі-франтавікамі. У кастрычніку 1918 г. у раёне Лунінец – Сарны было каля 100 узброеных атрадаў. Палескае паўстанне было накіравана супраць германскіх акупантаў і іх стаўленікаў. Змагацца паўстанцам давялося больш з украінскімі нацыяналістамі — гетманцамі, гайдамакамі, пятлюраўцамі. Сацыяльнай базай паўстання была сельская бедната, агульная колькасць яго ўдзельнікаў складала каля 10 тыс. чалавек.

У кастрычніку 1918 г. у в. Радчыцк Пінскага павета (цяпер у Столінскім раёне) адбылася нарада камандзіраў партызанскіх атрадаў паўднёвай часткі Пінскага і паўночнай часткі Ровенскага паветаў, паводле рашэння якой створаны валасныя рэўкамы і цэнтральны — Палескі рэўкам.

Лістападаўская рэвалюцыя ў Германіі паклала канец нямецкай акупацыі. 14 снежня 1918 г. уладу на Украіне захапіў С. Пятлюра, чарговы стаўленік Германіі. Палескія паўстанцы, скарыстаўшы момант, пачалі аднаўляць рэвалюцыйныя органы ўлады ў Століне, Давыд-Гарадку і Тураве.

15 снежня 1918 г. у Століне на з’ездзе старшынь рэўкамаў, камандзіраў батальёнаў і палкоў абвешчана савецкая ўлада і пераабраны Палескі паўстанцкі ваенна-рэвалюцыйны камітэт (старшыня Рыгор Максімавіч Астроўскі, яго намеснік Кузьма Фёдаравіч Русакоў). Разглядалася пытанне аб стварэнні народнай рэвалюцыйнай арміі, была створана міліцыя. Да канца 1918 г. партызанскія атрады былi зведзены ў роты і батальёны і аб’яднаны ў паўстанцкія палкі (каля 3 тыс. чалавек): 1-ы Палескі (камандзір Апанас Фёдаравіч Разановіч), 2-і Палескі (камандзір Ф. А. Казубоўскі) і 1-ы Дубровіцкі (камандзір Мікалай Якаўлевіч Ляскавец).

У склад рэўкама быў уведзены прадстаўнік ЦК РКП(б) Аляксандр Мікалаевіч Ільін (1893–1919), які з лістапада 1918 г. з’яўляўся агентам Надзвычайнай камісіі па забеспячэнні Чырвонай арміі ў раёне Лунінец – Сарны – Роўна, на Палессі яго называлі «пасланцам Леніна».

А. М. Ільін правёў перамовы з салдацкім камітэтам германскага гарнізона ў Лунінцы і дамогся, каб ён да 7 студзеня 1919 г. перадаў рэўкаму ваенныя склады былой царскай арміі на станцыі Відзібор (цяпер Столінскага раёна). Тут з 1915 г. захоўваліся сотні гармат і кулямётаў, тысячы вінтовак, мноства снарадаў і патронаў, якія былі вельмі патрэбны паўстанцам і Чырвонай арміі. Камендантам Відзібора быў назначаны паўстанец Іван Ігнатавіч Жук з в. Калоднае. Палескі рэўкам пераехаў са Століна ў Відзібор, а затым у Лунінец.

9 студзеня паўстанцы і чырвонаармейцы 14-й стралковай дывізіі занялі Лунінец. Паўстанцы кантралявалі чыгунку ад станцыі Сарны да станцый Ганцавічы і Парахонск. У студзені 1919 г. нямецкае камандаванне перадало ўладу ў Пінску Дырэкторыі С. Пятлюры, якая на пачатку студзеня аб’явіла вайну Савецкай Расіі. У Пінску атрады Чырвонай арміі і партызан (з 17-й стралковай дывізіі і 2-га Палескага палка) былі раззброены. У адказ паўстанцы спынілі пропуск нямецкіх эшалонаў праз Лунінец, што вымусіла немцаў вярнуць зброю чырвонаармейцам і паўстанцам.

У сувязі з наступленнем пятлюраўскіх войск на г. Сарны для адзінага кіравання створаны Ваенны савет паўстанцкіх камуністычных войск Беларусі і Захаду Украіны на чале з А. М. Ільіным. На працягу студзеня 1919 г. паўстанцы вялі цяжкія баі супраць пятлюраўцаў, якія разгарнулі наступленне ўздоўж Львоўскай чыгункі ў напрамку на Сарны, пацяснілі дубровіцкіх партызан і 1-ы Палескі полк. 18 студзеня паўстанцы адышлі да станцыі Гарынь, сітуацыя была напружаная. На дапамогу ім па чыгунцы прыбыў 

125-ы стралковы полк, падышоў 2-і Палескі полк, якія выбілі ворага з Дубровіцы і адцяснілі яго да Сарнаў.

23 студзеня 1919 г. чырвонаармейцы і паўстанцы вызвалілі Пінск, куды з Лунінца пераехалі павятовыя ўлады, Палескі рэўкам і штаб 2-га Палескага палка. 1-ы Палескі полк, які панёс вялікія страты ў баях з пятлюраўцамі, быў расфарміраваны. У канцы студзеня 1919 г. адбыўся Пінскі павятовы з’езд Саветаў, ён выбраў пастаянныя органы ўлады. У лютым 1919 г. 2-і Палескі і 1-ы Дубровіцкі паўстанцкія палкі ўвайшлі ў 17-ю дывізію як рэгулярныя часці Чырвонай арміі, што азначала канец паўстання.

Затым 2-і Палескі полк Чырвонай арміі вёў баі ў раёне Антопаля, Драгічына, Іванава, удзельнічаў у абароне Пінска. А. М. Ільін распрацаваў план разгрому пятлюраўцаў, з часцямі Чырвонай арміі 7 лютага вызваліў Сарны, затым Корасцень. Аднак абстаноўка зноў абвастрылася, пятлюраўцы перайшлі ў наступленне, захапілі Сарны, Дубровіцу, Столін і станцыю Гарынь. Пад націскам Чырвонай арміі 30 красавіка пятлюраўцы пакінулі Столін і Гарынь, узарваўшы чыгуначны мост. А. М. Ільін загінуў у баі пад г. Шапятоўкай 7 мая 1919 г.

У выніку Палескага паўстання планы ўкраінскіх нацыяналістаў захаваць сваю ўладу на Беларускім Палессі праваліліся, яго анексія не ўдалася. У 1974 г. у Пінску на будынку (вул. Леніна, 38), дзе знаходзіўся штаб 2-га Палескага палка, устаноўлена мемарыяльная дошка. У 1978 г. у Лунінцы на будынку (вул. Гагарына, 12), дзе знаходзіўся штаб палескіх паўстанцаў, таксама ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У Пінску і Лунінцы імем А. М. Ільіна названы вуліцы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.Палескае паўстанне, 1918–1919 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 548.

2.Палескае паўстанне, 1918–1919 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 385.

3.Палескае паўстанне, 1918–1919 / Б. В. Міралюбаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 44.

4.Дом, в котором размещался штаб повстанцев : [г. Лунинец] / В. Н. Удальцов // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 267–268.

5.Дом, в котором размещался штаб повстанческого полка : [г. Пинск] / Б. В. Миролюбов // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 314–315.

6.Ильин Александр Николаевич // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 243.

7.Ільін Аляксандр Мікалаевіч / К. І. Цішчанка // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 5. С. 64.

8.Юркевіч, Ю. С. Палескае паўстанне / Ю. С. Юркевіч, І. Я. Краўцоў // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 101–118.

9.Зарава над Палессем : з гісторыі Палескага паўстання 1918–1919 гг. / падрыхтаваў І. Я. Краўцоў // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 149–156.

10.Палыхала чырвонае зарыва : [Палескае паўстанне] // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1995. С. 217–226.

11.Кравцов, И. Как был освобожден Пинск : [1919 г.] / И. Кравцов // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 180–183.

12.Міралюбаў, В. Штаб паўстанцкага палка : [2-га Палескага палка] / В. Міралюбаў // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 186.

13.Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі : [гіст. нарыс] / Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў. – Брэст : Брэсцкае ўпраўленне па друку, 2000. – 304 с., [8] л. іл. – Са зместу: Палескае паўстанне. С. 286–291.

14.Почанин, С. В грозовом восемнадцатом : большевистские организации Белоруссии в борьбе за власть Советов в 1918 году / Степан Почанин. – Минск : Беларусь, 1969. – 352 с. : ил. – Из содерж.: Борьба за советскую власть в юго-западном Полесье. С. 262–267.

15.Борьба за советскую власть в Белоруссии, 1918–1920 гг. В 2 т. Т. 1. – Минск, 1968. – 604 с. – Из содерж.: Ильин А. Н. С. 13, 443, 464, 465, 466 ; Пинский уезд. С. 177, 374, 502 ; Лунинец. С. 13–14, 215, 336–337, 364, 373, 379, 389–390, 400–401, 443, 446, 449, 458–459, 464, 502.

16.Гражданская война в Беларуси (о тех, кто защищал Советскую власть) : [в т. ч. о Полесском восстании] // Архівы і справаводства. 2018. № 3. С. 163–172.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1871 разоў Апошняя змена Панядзелак, 21 Снежань 2020 14:53