Чацвер, 09 Жнівень 2012 10:33

16 мая 2012 г. – 250 гадоў з дня нараджэння Юзафа Копаця (1762–1827), рэвалюцыянера, падарожніка, мемуарыста, удзельніка паўстання 1794 г.

Юзаф Копаць нарадзіўся 16 мая 1762 года на Піншчыне ў праваслаўнай сям'і.

{gcontent}Род Копацяў быў старадаўнім, браў пачатак яшчэ ад цвярскіх князёў. Бацька Юзафа Станіслаў з'яўляўся пінскім ротмістрам у войску Вялікага княства Літоўскага, якое тады аб’ядноўвала землі Беларусі і Літвы. Гэта абумовіла вайсковы лёс Юзафа – з юных гадоў ён служыў у Пінскай – інакш Пяцігорскай, ці Панцырнай, – кавалерыйскай брыгадзе, пачаўшы службу з радавога. У войску прайшоў усе прыступкі армейскай лесвіцы: салдат, унтэр-афіцэр, таварыш (лёгкаконны воін), падпрапаршчык, падпаручнік, маёр...

Копаць належаў да людзей, якія, як маглі, адстойвалі незалежнасць сваёй дзяржавы. Юзаф Копаць, які тады меў званне падпаручніка, удзельнічаў у баявых дзеяннях супраць праціўнікаў Канстытуцыі 1791 года. Але прыхільнікам дзяржаўнасці перамагчы не ўдалося, адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Разам з іншымі, хто служыў у 1793 годзе ў Пінскай брыгадзе, Ю. Копаць вымушаны быў прысягаць на вернасць Кацярыне II. Брыгаду перавялі на новае месца дыслакацыі – на Валынь.

Свае палітычныя погляды Ю. Копаць, аднак, мяняць не збіраўся, як і не жадаў служыць царскаму прастолу. Калі пачалося паўстанне ў 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, ён стаў адным з актыўных яго удзельнікаў.

У пачатку 1794 года Ю. Копаць прывёў сваю кавалерыйскую часць з-пад Валыні для злучэння з галоўным войскам Т. Касцюшкі, што знаходзіліся на Заходнім Бугу. Пачаліся баі. Пра асабісты гераізм Ю. Копаця гаворыць тое, што Т. Касцюшка ўзнагародзіў яго залатым персценем пад № 8 з надпісам “Айчына – свайму Абаронцу”, чаго ўдастойваліся нямногія. Гэтую ўзнагароду спецыяльна ўвёў Т. Касцюшка, каб замяніць каралеўскія ордэны. А за ўмелае камандаванне паўстанцкімі сіламі Ю. Копацю было прысвоена званне брыгадзіра – вышэйшы афіцэрскі чын паміж званнем палкоўніка і генерал-маёра. Пярсцёнак брыгадзіра і яго баявая шпага цяпер захоўваюцца ў Музеі Войска Польскага ў Варшаве.

Юзаф Копаць вызначыўся ў бітве каля г. Хэлм і пры абароне Варшавы. 10 кастрычніка 1794 года каля Мацяевіцкага замка войска паўстанцаў было разбіта. Цяжка параненыя Т. Касцюшка і Ю. Копаць трапілі ў палон. Брыгадзіра прыгаварылі ваенным судом у Смаленску да пажыццёвай ссылкі на Далёкі Усход, Камчатку.

Праз Табольск дабраліся да Іркуцка, дзе пашанцавала. Мясцовы камендант аказаўся чалавекам сардэчным. Ю. Копаця ўважліва агледзеў урач, падлячыў, даў на дарогу харчоў. А з Іркуцка накіраваліся ў Якуцк, пасля ў Ахоцк, а адтуль ужо ў Ніжнекамчацк.

Тут ссыльны пазнаёміўся з мясцовымі жыхарамі – рускімі і карэнным народам – камчадаламі, сярод якіх ён пражыў каля двух гадоў. У канцы 1796 года Юзаф Копаць вярнуўся з ссылкі па аб’яўленай імператарам Паўлам I амністыі. Пасля ссылкі Ю. Копаць пасяліўся ў Беларусі, жыў у розных мясцінах, у тым ліку ў Вільні, у Нясвіжы. У 1821 годзе далучыўся да масонскай ложы “Руплівы літвін”. Па парадзе вядомага пісьменніка Юльяна Нямцэвіча напісаў на польскай мове свае ўспаміны-мемуары, запісаныя пры дапамозе сакратароў (захаваліся вялікія і малая версіі).

Свае ўражанні пра знаходжанне на Камчатцы, а таксама падарожжа па Еўразійскім мацерыку апісаў у «Дзённіку падарожніка Юзафа Копаця праз усю Азію». У ім аўтар з павагаю пісаў аб камчадалах, чукчах, якутах, буратах, прыводзіў этнаграфічныя звесткі. У кнізе ёсць такія словы: “Я не змог бы вынесці ўсяго цяжару, калі б не дабрыня камчадальскага народа, якая ў пэўным сэнсе аблегчыла мае пакуты”.

Копаць быў першым з беларусаў і другім (пасля Крашаніннікава) з усходніх славян даследчыкам Камчаткі. Яго апісанне жыцця на Камчатцы і падарожжа па неабсяжных прасторах Сібіры ў форме “Дзённіка…” высока ацаніў Адам Міцкевіч. “Дзённік...” нават паслужыў тэмай дзвюх яго лекцый у Калеж дэ Франс (Парыж, 1840–1844).

“Дзённік...” цікавы тым, што з яго шмат даведваешся, як жыло карэннае насельніцтва Далёкага Усходу ў канцы XVIII стагоддзя. Апісаны нязвыклыя для нашых людзей з’явы прыроды (палярная ноч, паўночнае ззянне, землетрасенні, вывяржэнні вулканаў) і прыведзены этнаграфічныя замалёўкі аб народах Сібіры (якутах, чукчах, караках, эвенках, тунгусах) з апісаннем пушнога промыслу, рыбнай лоўлі і збору дзікарослых траў, сродкаў перамяшчэння і ўбрання жылля, прыгатавання мяса і тлушчу выкінутых на бераг кітоў. “Дзённік” лічыцца каштоўнай крыніцай ведаў пра Сібір таго часу, дазваляе аднавіць культурна-гістарычную спадчыну народаў Сібіры. Прыцягвае ўвагу навуковая тапаграфія розных этнічных груп, што пражываюць на вялізнай тэрыторыі Сібіры і далёкага Усходу – сведчанне картаграфічных здольнасцей Копаця, яркім доказам якіх з’яўляецца складзеныя ім дзве карты свайго падарожжа, на якіх пазначана тэрыторыя ад Іркуцка да Аляскі.

Упершыню скарочаны “Дзённік Юзафа Капца” быў выдадзены пад назвай “Дыярыуш” у Вроцлаве (1837), потым шматразова перавыдаваўся ў Парыжы (1867, з прадмовай А. Міцкевіча), Берліне (1863, 1868) і іншых гарадах Еўропы. У берлінскім выданні ўпершыню была змешчана карта падарожжа (памер карты 128×92 см).

Перакладалі запісы Ю. Копаця і на рускую мову: урывак з першай іх рэдакцыі быў змешчаны ў 1821 годзе ў часопісе “Сибирский вестник”, а пераклад другой, пашыранай рэдакцыі яго кнігі быў апублікаваны ў пецярбургскім часопісе “Исторический вестник” ў 1896 годзе пад назвай “Описание путешествия Иосифа Копца вдоль всей Азии”.

У Львове “Дзённік” шматразова перавыдаваўся ў 1881–1899 гадах і апошні раз у 1906 годзе. Рукапіс зберагаецца ў бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве (генерал сябраваў з князем Адамам Чартарыйскім). На беларускай мове выдатны твор сына беларускага народа не выдаваўся.

Ю. Копаць не марыў стаць вучоным. Ён быў кадравым ваенным, даслужыўся да звання брыгаднага генерала. Але міжволі стаў этнографам, даследчыкам прыроды і жыцця насельніцтва самага ўсходняга паўвострава Расіі.

Вядомы ўсяму цывілізаванаму свету беларус Юзаф Копаць памёр у 1827 годзе, знайшоўшы вечны спачын у капліцы радавога маёнтка Лушнева, а гэта каля вёскі Дрысвяты Браслаўскага раёна, што на Віцебшчыне.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Пінскай цэнтральнай раённай

бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Станкевіч Клаўдзія Аляксандраўна,

бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

{/gcontent}

Творы Ю. Копаця

  1. Dziennik podrozy Iozefa Kopcia przez cala wyspy Kurylskie do Nizszej Kamczatki, a stamtad na powrot do tegoz portu na psach i jeleniach. Wroclaw, 1837.
  2. Dziennik Iozefa Kopcia, brygadjera woisk polskich / Z rekopisu Biblioteki Czartoryskich opracowali i wydali Antohi Kuczynski i Zbigniew Wojcik. Warszawa; Wroclaw, 1995.
  3. Описание путешествия Иосифа Копца вдоль всей Азии... / перевод Г. А. Воробьева // Исторический вестник. СПБ. 1896. Т. 66.
    № 10. С. 226–244; № 11. С. 579–601; № 12. С. 991–1016.
  1. Dziennik Iozefa Kopcia, brygadjera woisk polskich, z rozmaitych not doywczych sporzadzony.  Berlin, 1863.

 

Аб жыццi i дзейнасцi Ю. Копаця

  1. Копаць Юзаф // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 6. С. 232.
  2. Копаць Юзаф // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 413.
  3. Копаць Юзаф (16.5.1762–1827) // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. даведнік. Мінск : БелЭн, 1995. С. 240.
  4. Копаць, Ю. (Юзаф) (1762–1827) // Географы і падарожнікі Беларусі : дапаможнік для настаўнікаў і вучняў агульнаадукац. школы : альбом-атлас / аўт. калектыў В. А. Ярмоленка, А. В. Ярмоленка, Л. І. Вятохіна, А. М. Чарнейка ; пад рэд. В. А. Ярмоленкі; маст. А. Л. Жалезкін. Мінск : Беларуская навука, 1999. 1 вокл. (35 асоб. л., тэкст).
  5. Юзаф Копаць (1794–1827) // Літаратурная карта Берасцэйшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 445–446.
  6. Копаць Юзаф / Беларусыдаследуюць Зямлю // Наша слова. 2008. 12 сакав.
  7. Копаць Юзаф (1762–1827) // Сымон, Б. Беларускія даследчыкі і падарожнікі / Барыс Сымон // Наша слова. 2008. 19 сакав.
  8. Пісьменнікі XVII – XVIII стагоддзяў. Мемуарыст Язэп(Юзаф) Копаць //Ляшук, В. Я. Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск : Литература и Искусство, 2008. С. 39.
  9. Копоть Юзеф // РегионыБеларуси : энциклопедия : [в 7 т.] Брестская область. Минск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. 2009. Т. 1, кн. 1. С. 496.
  10. Худзиковская, Я. Люди великой отваги / Я. Худзиковская, Я. Ястер; пер. с пол. Москва, 1957. С. 76–96. 
  11. Грыцкевіч, В. Язэп Копаць / Валянцін Грыцкевіч // Праз смугу стагоддзяў / уклад. М. Багадзяж. Мінск : Народная асвета, 1993. С. 66–69. (Школьнікам аб гісторыі Беларусі).
  12. Хачевская, С. Две рукописные карты Сибири XVIII в. из коллекции Национальной библиотеки Варшавы / С. Хачевская // Русско-польские связи в области наук о Земле. Москва, 1975. С. 18–22. 
  13. В стране вулканов // Грицкевич, В. П. От Немана к берегам Тихого океана / В. П. Грицкевич. Минск : Полымя, 1986. С. 76–85. 
  14. Маракоў, Л. Вынішчэньне : Рэпрэсаваныя беларускія літаратары / Л. Маракоў : даведнік. Менск : Літ.-маст. фонд «Нёман», 2000. 200 с. 
  15. Копаць Юзаф (16.5.1762–1827) // Асветнікі зямлі Беларускай. X – пачатак XX : энцыкл. даведнік / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.; маст. У. М. Жук. Мінск : БелЭн, 2001. С. 240. 
  16. Копаць Юзаф // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пінскага раёна. Мінск : БЕЛТА, 2003. С. 121–122. 
  17. Копаць (Копэць) Юзаф // Маракоў, Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794–1991 : энцикл. даведнік : у 10 т. / Л. У. Маракоў. Мінск, 2003. Т. 1. С. 37. 
  18. Галуза У. Чатыры стагоддзі ўдзелу беларускай дыяспары ў фарміраванні соцыума Сібіры :[Ю. Копаць] / Уладзімір Галуза // Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый : матэрыялы III Міжнароднага кангрэса беларусістаў “Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый”. Мінск : Беларускi кнігазбор, 2001. С. 132–140. 
  19. Пазнякоў, В. Копаць Юзаф // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. / Валерый Пазнякоў. Мінск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2007. Т. 2. С. 132. 
  20. Таинственный узник // Ермоленко, В. А. Белорусы и Русский Север / В. А. Ермоленко. Минск : Беларусь, 2009. С. 67–77.
  21. Грыцкевiч, В. Юзаф Копаць (1762–1827) : [нарыс прысвеч. удзельнiку паўстання 1794 г.] / Валянцін Грыцкевіч // Настаўнiцкая газета. 1993. 18 снеж.
  22. Шостакович, Б. Иркутские страницы “Дневника” ссыльного костюшковца Юзефа Копця (к 200-летию польского восстания 1794 г.) / Болеслав Шостакович // Земля Иркутская. Иркутск, 1994. № 2. С. 46–51; 1995. № 3. С. 60–62. 
  23. Пилсудский, Б. Поляки в Сибири / Бронислав Пилсудский; публикация Б. С. Шостаковича // Известия Института наследия Бронислава Пилсудского. № 5. Южно-Сахалинск, 2001. С. 125–153. 
  24. Яновіч, М. Юзаф Копаць. Палоннік Камчаткі / Міхась Яновіч // Народная Воля. 2002. 13 чэрв. 
  25. Ярмоленка, В. Таямнічы вязень (прыгоды генерала Юзафа Копаця) / Валерый Ярмоленка // Маладосць. 2010. № 11. С. 124–129. 
  26. Отрывок из признаний в смоленской комисси поручика И. Копца о подготовке бунта в Пинской бригаде //http://www.vostlit.info/Texts/ Dokumenty/Polen/XVIII/1780-1800/Vojna_1794 _VKL_I/pred/htm 
  27. Рапорт генерал-порутчика И. Е. Ферзена А. В. Суворову, 12 октября 1794 г., из Парнова //http://www.vostlit.info/Texts/Dokumenty/Polen/XVIII/1780-1800/Vojna _1794_VKL_II/21-40/39.htm 
  28. Piłsudski B. Polacy w Seberji. Le Puy – Francja. Nakł. Tyg. „Jeniec-Polak”, 1918. 
  29. Mickiewicz A. Literatura slowianska. Kups 2-gi. Wyki. XXIII i XXIV, 6 i 10 maya 1842 // Mickiewicz A. Dziela. t. X. Warszawa, 1955. S. 284–294. 
  30. Kuczyński Antoni. Syberia. Czterysta lat polskiej diaspory : Antologia historyczno-kulturowa. Wrocław-Warszawa-Krakow, 1993. 
  31. Kuczyński Antoni. Syberia. 400 lat polskiej diaspory. Zesłania, martirologia i sukces cywilizacyjny polaków. Rys historyczny, antologia. Kraków, 2007.
  32. . //http://www.europeana.eu/portal/record/
  33. . //http://f.polska.pl/files/213/7/65/Dziennik_podrozy.pdf
  34. . //http://www.dbc.wroc.pl/dlibra/doccontent?id=6028& from
  35. Копаць, Ю. //http://literat.ug.edu.pl/kopec/index.htm

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3442 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 15:49