Чацвер, 09 Жнівень 2012 10:39

28 лiпеня 2012 г. – 200 гадоў з дня нараджэння Юзафа Ігнацы Крашэўскага (1812, Варшава – 1887)

28 лiпеня 2012 г. – 200 гадоў з дня нараджэння Юзафа Ігнацы Крашэўскага (1812, Варшава – 1887), польскага пісьменніка, гісторыка, публіцыста, бібліяфіла, грамадскага дзеяча, шмат твораў якога прысвечаны Беларусі, акадэміка Акадэміі ведаў у Кракаве

 

{gcontent}Крашэўскi Юзаф Iгнацы нарадзiўся 28 лiпеня 1812 г. у Варшаве ў сям’i пружанскага харунжага Яна Крашэўскага. З’явiўся на свет не ў спакойным дамашнiм гняздзе ў в. Доўгае Пружанскага павета, а ў дарозе, у гатэлi. У той час як Зоф’я Крашэўская рыхтавалася стаць мацi, армiя Напалеона збiрала сiлы для пахода на Расiю. У сувязi з гэтым, каб пазбавiць жонку ад небяспекi блiзкай вайны, Ян Крашэўскi перавёз яе ў Раманаў Уладаўскага павета да бацькоў, а на пачатку лiпеня рожанiцу адправiлi ў Варшаву як найбольш бяспечанае месца. Восенню Зоф’я з першынцам вярнулася ў Раманаў.

У дзяцiнстве Юзаф Крашэўскi жыў у в. Доўгае каля Пружан, у Раманаве пад Бялай Падляскай. Пад старасць Крашэўскi ўспамiнаў: «У маленькiм Доўгiм, з маленькiм нiзкiм домiкам, з маленькай каплiцай на маленькiм узгорку, з садзiкам, з зараслямi, якiя хацелi звацца лесам, з адной сасной на полi, што засталася ад шчаслiвых часоў, у тым Доўгiм бацька i мы пражылi спакойна доўгiя гады». У Раманаве Юзаф выхоўваўся ў бабулi i дзядулi Мальскiх.

Вучыўся ў блiжэйшай да Раманава школе Бялай чатыры гады. Потым з 1827 г. вучыўся ў Свiслацкай гiмназii, з 1829 г. – у Вiленскiм унiверсiтэце на лiтаратурным факультэце. Развiваў розныя iнтарэсы: складаў вершы, маляваў, добра граў на фартэпiяна i сачыняў музыку.

Пасля выбуху паўстання 1830 г. разам з таварышамi быў арыштаваны. Да сакавiка 1832 г. знаходзiўся ў турме за ўдзел у антыцарскай змове. Пасля многiх намаганняў сваякоў Крашэўскi быў звольнены i пакiнуты ў Вiльнi пад наглядам палiцыi. Пiсаў свае першыя аповесцi, шмат часу прысвячаў музыцы. Жыў з 1834 г. у Доўгiм i Валынi. У 1841–1851 гг. рэдагаваў вiленскi часопiс «Athenaeum», з 1860 г. жыў у Варшаве, быў рэдактарам газеты «Gazeta Polska» («Польская газета»). Дзейнасць Крашэўскага як рэдактара прынесла поспех газеце, наклад яе вырас за год з 500 да 8000 экземпляраў.

Пасля пачатку паўстання 1863 г. пакiнуў Варшаву, паехаў у Саксонiю. Жыў у Дрэздэне, дзе быў актыўны пры ўсiх справах эмiграцыi, стаў скарбнiкам Дабрачыннага камiтэта. У 1868 г. у Дрэздэне адкрыў уласную друкарню, якая праiснавала да 1871 г.

Як празаiк дэбютаваў у 1831 г. Першыя рэцэнзii на аповесцi Крашэўскага былi адмоўныя. Напiсаў паэтычную трылогiю з гiсторыi Лiтвы «Анафеляс» (1840–1845), якую рэцэнзаваў Ян Чачот. Аўтар 223 раманаў i аповесцей. Цяжкае жыццё беларускага i ўкраiнскага прыгоннага сялянства паказаў у творах: «Гiсторыя Саўкi» (1842), «Уляна» (1843), «Астап Бандарчук» (1847), «Хата за вёскай» (1853–1854), «Ярмола» (1857), «Гiсторыя Калка ў плоце» (1860), «На Палессi» (1884).

Стварыў у польскай лiтаратуры новы тып рэалiстычнага гiстарычнага рамана. Мiнуламу Польшчы, Беларусi, Лiтвы i Украiны прысвяцiў раманы: «Апошнiя з слуцкiх князёў» (1841), «Зыгмунтаўскiя часы» (1846), «Залаты яблык» (1853), «Графiня Косель» (1873), «Бруль» (1874), «Старая казка» (1876), «Кароль у Нясвiжы. 1784» (1885) i iнш. У Нясвiжы адбываюцца падзеi камедый Крашэўскага «Пане Каханку», «Радзiвiл у гасцiне».

Аўтар навуковых прац: «Старажытная Лiтва. Яе гiсторыя, законы, мова, вера, звычаi, песнi…» (1847–1850), «Барысаў» (1848), «Мастацтва ў славян, асаблiва ў Польшчы i добрахрысцiянскай Лiтве» (1860) i iнш.

Падарожжы па Беларусi апiсаў у нарысах: «Пiнск i Пiншчына» (1832), «Успамiны Палесся, Валынi i Лiтвы» (1840), «Малюнкi з жыцця i падарожжаў» (1842), «Адзенне мяшчан i сялян з ваколiц Брэста, Кобрына, i Пружан» (1860).

Маляваў тыпы беларускiх сялян, вясковыя пабудовы, пейзажы. Перапiсваўся з В. Каратынскiм, А. Плугам, А. Ельскiм, А. Кiркорам, В. Дунiным-Марцiнкевiчам (надрукаваў яго лiст у «Польская газеце») i iншымi беларускiмi i беларуска-польскiмi пiсьменнiкамi. Сябраваў з мастаком Напалеонам Ордам, настойлiва падтрымлiваў яго ў выданнi альбома.

Памёр Юзаф Крашэўскi 19 сакавiка 1887 г. у Жэневе ад запалення лёгкiх. Труну перавезлi ў Кракаў, дзе 18 красавiка адбылося ўрачыстае пахаванне ў Склепе Заслужаных на Скалцы.

У «Книге рекордов Гиннеса» Юзаф Крашэўскi названы самым прадуктыўным аўтарам «эпохi гусiнага пяра», якi напiсаў больш за 600 тамоў раманаў i гiстарычных аповесцей.

Вялiкую працу па захаваннi памяцi аб Ю. Крашэўскiм вядуць у музеi-сядзiбе «Пружанскi палацык». У снежнi 2003 г. супрацоўнiкi музея Ю. Крашэўскага ў Раманаве (Польшча) перадалi «Пружанскаму палацыку» падрыхтаваную iмi выставу «З Доўгага ў свет». Гэта была першая падобная выстава ў Беларусi, першы i самы вялiкi збор фотадакументальных матэрыялаў, прысвечаных жыццю i творчасцi «тытана працы» Ю. Крашэўскага. Выстава «З Доўгага ў свет» – гэта дасканалы фотадакументальны збор з 128 копiй матэрыялаў, зробленых з арыгiналаў мемарыяльнага музея Ю. Крашэўскага ў Раманаве, а таксама з iншых музеяў i бiблiятэк Польшчы. У сакавiку 2008 г. у брэсцкiм музеi «Выратаваныя мастацкiя каштоўнасцi» была адкрыта выстава «Знакамiты i малавядомы Юзаф Iгнацы Крашэўскi». Затым гэта выстава дэманстравалася ў музейным комплексе Н. Орды ў Варацэвiчах (Iванаўскi раён).

У чэрвенi 2008 г. Брэсцкае аддзяленне грамадскага аб’яднання Польская Мацеж Школьная «Палессе» арганiзавала мiжнародную канферэнцыю «Ю. I. Крашэўскi – вялiкi сын зямлi надбужанскай». Удзельнiкi наведалi Раманава, Шарашова, дзе магiла бацькi пiсьменнiка, i музей-сядзiбу «Пружанскi палацык».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

Творы Ю. I. Крашэўскага

  1. Апошнiя хвiлiны князя Ваяводы (Пане Каханку) : аповесць / Ю. I. Крашэўскi // Крынiца. 1998. № 3. С. 3–56.
  2. Апошняя са слуцкiх князёў : хронiка з часоў Жыгiмонта Трэцяга / Ю. I. Крашэўскi // Маладосць. 2008. № 4–9.
  3. Графиня Козель : роман / Ю. И. Крашевский. Владимир : Родник, 1992. 352 с.
  4. Графиня Козель; Брюль : романы / Ю. И. Крашевский. Минск : Мастацкая лiтаратура, 1993. 668 с.
  5. Дары пилигрима : стихи / Ю. И. Крашевский ; пер. с пол. И. Гусевой. Брест : Альтернатива, 2010. 127 с.
  6. Дневник Серафимы : романы [содерж.: Роман без названия ; Дневник Серафимы ; Сумасбродка / Ю. И. Крашевский. Москва : Художественная литература, 1987. 588 с.
  7. Из времён Семилетней войны / Ю. И. Крашевский. Минск : Мастацкая лiтаратура, 1994. 319 с.
  8. Кароль у Нясвiжы. 1784 ; Апошняя са слуцкiх князёў : гiст. аповесцi / Ю. I. Крашэўскi. Мiнск : Мастацкая лiтаратура, 2009. 335 с. (Скарбы сусветнай лiтаратуры).
  9. Кароль у Нясвiжы : замалёўкi з мiнулага / Ю. I. Крашэўскi // Маладосць. 2009. № 2. С. 80–94.
  10. Король холопов : ист. роман / Ю. И. Крашевский. Москва : Печатное дело, 1993. 431 с. (Пыль веков).
  11. Маслав ; Кунигас : ист. романы / Ю. И. Крашевский. Москва : Печатное дело, 1994. 431 с. (Пыль веков).
  12. Мацi каралёў (Ягайлавы часы) ; Паперы Глiнкi : гiст. аповесцi / Ю. I. Крашэўскi. Мiнск : Мастацкая лiтаратура, 2007. 431 с. (Скарбы сусветнай лiтаратуры).
  13. Хата за вёскай : аповесць / Ю. I. Крашэўскi. Мiнск : Мастацкая лiтаратура, 1989. 374 с. (Бiблiятэка замежнай прозы).

 

Аб жыццi i творчасцi Ю. I. Крашэўскага

  1. Юзаф Iгнацы Крашэўскi: пра яго / падрыхтавала С. Малюковiч // Крынiца. 1998. № 9. С. 2–27.
  2. Крашэўскi Юзеф Ігнацы // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1999. Т. 8. С. 470–471.
  3. Крашевский Юзеф Игнацы // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 278.
  4. Юзаф Iгнацi Крашэўскi // Лiтаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзiч. Брэст, 2008. С. 414–416.
  5. Браты Юзаф i Каятын Крашэўскiя // Ляшук, В. Я. Лiтаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снiтко. Мiнск : Литература и Искусство, 2008. С. 113–117.
  6. Авторы. Самые продуктивные // Книга рекордов Гиннеса. 1988. Москва : Советская Россия, 1989. С. 93.
  7. Бензярук, Р. Крашэўскiя на Жабiнкаўшчыне / Р. Бензярук // Сельская праўда (Жабiнка). 2007. 11 жн.
  8. Бунеева, Л. Возвращение Крашевского / Л. Бунеева // Вечерний Брест. 2008. 2 апр. С. 24.
  9. Гармель, Е. Знаменитый и малоизвестный Крашевский / Е. Гармель // Заря. 2008. 25 марта. С. 4.
  10. Иринич, И. Знаменитый и малоизвестный Крашевский / И. Иринич // Обозреватель. 2008. 28 марта. С. 12.
  11. Конспекты по Ю. И. Крашевскому / сост. Р. Н. Гусева. Брест : Альтернатива, 2010. 192 с.
  12. С. I. Юзаф Крашэўскi на нашай глебе // Культура. 2007. 27 кастр. – 2 лiст. (№ 43). С. 22.
  13. Пашкевiч, К. Крашэўскi знакамiты i невядомы : [пра канферэнцыю “Крашэўскi знакамiты i невядомы” ў музеi-сядзiбе “Пружанскi палацык”] / К. Пашкевiч // Раённыя буднi (Пружаны). 2012. 4 лют. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2725 разоў Апошняя змена Серада, 25 Сакавік 2020 15:52