{gcontent}Лёс паэта не заўсёды быў міласцівым да яго, але М. Купрэеў заставаўся верным абранаму шляху, свайму адметнаму погляду на жыццё. Яго паэзія, як і сам аўтар, свабодная ад догмаў і штампаў, нечаканая і арыгінальная. У празаічных творах Мікола Купрэеў нешматслоўна, але вельмі ярка і праўдзіва паказвае чалавека ў прыродзе, чалавека ў розных жыццёвых абставінах, чалавека перад выбарам, чалавека духоўнага і чалавека амаральнага. Жыццё гэтага паэта – у яго творах.
Жыццёвы шлях Міколы Купрэева пачаўся 25 мая 1937 года ў весцы Ямнае Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка.
У 1943 годзе пры арышце бацькі фашысты смяротна паранілі і яшчэ жывой закапалі яго маці. Адразу пасля вайны сям’я пераехала на Брэстчыну, ў вёску Старыя Пескі, што на Бярозаўшчыне, а з 1953 года пераехалі на новае месца працы бацькі – у вёску Міхнавічы (непадалёк ад Івацэвічаў), дзе бацька да самай пенсіі быў дырэктарам пачатковай школы.
У 1957 годзе Мікола Купрэеў скончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу. У 1958 годзе паступіў на факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Падчас вучобы пачалі друкавацца яго вершы ў мясцовай і рэспубліканскай прэсе. Звярнуў увагу на студэнта і заахвочваў яго да творчасці выкладчык інстытута літаратуразнаўца У. А. Калеснік. На трэцім курсе інстытута М. Купрэеў ажаніўся на студэнцы Таццяне Гаўрыс родам з вёскі Сіняўка. Але пражылі разам нядоўга: праз пяць год разышліся.
У 1963 годзе, атрымаўшы дыплом настаўніка, Мікола Купрэеў па накіраванні паехаў на працу ў Ганцавіцкі раён, у Чудзінскую сярэднюю школу. Пасля працаваў у розных месцах Брэсцкай вобласці: настаўнікам у розных школах, ў раённых газетах журналістам, бібліятэкарам, загадчыкам клуба, вартаўніком і качагарам да 1990 года.
Літаратурную працу Мікола Купрэеў пачаў у 1957 годзе. Першая кніга паэзіі "Непазбежнасць" выйшла ў 1967 годзе. Яна, у асноўным, складаецца з балад і элегій, і таму ў ёй пераважаюць ціхія, самотныя інтанацыі. Але ў такой ціхай споведзі аўтара заўсёды адчуваюцца тыя грымотныя падзеі, якія пакінулі след на зямлі і ў сэрцы паэта. М. Купрэеў вельмі рэдка звяртаўся да гімнаў, а калі пісаў іх, то прысвячаў роднаму полю, лесу… Хараство прыроды, любаванне ёю і адначасова боль за родны край перадае не адзін верш паэта: "Камень", "Лістападная балада", "Журавы не пралятаюць міма", "Вясна", "Цішыня", "Лясныя сполахі"… З 1967 па 1986 год знік з паэзіі, аб прычынах знікнення не расказваў. З канца 1980-х гадоў яго вершы, паэмы, балады пачалі ўсё часцей з'яўляцца ў перыёдыцы.
Вершы Міколы Купрэева часта вызначаюцца казачнасцю, выкарыстаннем фальклорных матываў і стыляў. Адсюль і любоў да верлібра, балады, элегіі, прытчы. Яго стыхія – ціхія лясныя вёсачкі, дзе яшчэ жывуць народныя песні і легенды. Характэрнымі рысамі паэзіі М. Купрэева з'яўляюцца філасофская глыбіня, спалучэнне метафарычнасці з рэальнасцю, асацыятыўны падтэкст і ў той жа час прастата выказвання.
У 1994 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Аўтар кніг паэзіі “Непазбежнасць” (1967), “Правінцыйныя фантазіі” (1995) і кнігі прозы “Палеская элегія” (пяць аповесцей аўтабіяграфічнага характару, 2007).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1996), прыватнай берасцейскай Мядовай прэміі (2002), абласной Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка (2007).
Другі зборнік вершаў аўтар выдаў амаль праз 30 гадоў ("Правінцыйныя фантазіі", 1995). Ён перадае цесную сувязь чалавека з радзімай, з яе гісторыяй. Менавіта такое яднанне выклікае ў лірычнага героя жаданне жыць, дапамагае пераадолець адзіноту. Паэт пастаянна звяртаецца да вобраза дарогі, героі ж яго вершаў – вечныя вандроўнікі. Часам галоўным героем твора з'яўляецца сам аўтар, яго біяграфія. Асабліва біяграфічнай з'яўляецца паэма М. Купрэева "З сястрой і Уладзімірам Караткевічам на Рагачоўшчыне". Сустракаюцца ў Міколы Сымонавіча і творы пра каханне. І заўсёды гэта чыстае і прыгожае пачуццё, якое валодае ўсёператваральнай сілай.
Мікола Купрэеў звяртаўся не толькі да вершаваных форм, пісаў таксама і прозу. У 1995 годзе была надрукавана яго аповесць "Дзіцячыя гульні пасля вайны", у 1996 годзе – "Імгненне светлае", у 1997 – "На вуліцы Карла Маркса з Паэтам". Гэта своеасаблівая трылогія напісана на гістарычную тэматыку. Аб'ядноўвае аповесці ўспамін пра трагедыю вайны, цяжкія пасляваенныя гады, роздум аб далейшым жыцці.
М. Купрэеў таксама перакладаў з украінскай мовы.
Апошнія гады жыцця М. Купрэеў быў звязаны з Брэсцка-Пінскім Палессем: Ганцаўшчынай, Піншчынай, Жабінкаўшчынай, Пружаншчынай, Івацэвіччынай. Думкамі ж заўсёды вяртаўся ў роднае Ямнае – калыску сваёй паэтычнай і вандроўнай душы. Вялікі творчы вандроўнік. Адзін з вузкага шэрага “выклятых” паэтаў свету.
Памёр Мікалай Сымонавіч Купрэеў у доме для састарэлых у пасёлку Лясным пад Баранавічамі 19 верасня 2004 года. Пахаваны на могілках вёскі Міхнавічы, што ў межах Івацэвічаў.
У гонар пiсьменнiка Міколы Купрэева была ўстаноўлена мемарыяльная дошка на доме, дзе ён жыў у г. Пружаны (вул. Юбiлейная, 12).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Сватко Наталля Леанідаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання
{/gcontent}
- Купрэеў, М. Абрысы творчай постаці пісьменніка : інтэрв'ю М. Купрэева Л. Галубовічу : (замест аўтабіяграфіі) / М. С. Купрэеў ; Л. Галубовіч // З росных сцяжын : аўтабіяграфіі пісьменнікаў Беларусі / укл. М. Мінзер. Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009. С. 181–190.
- Купрэеў Мікола // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Талалай – Яфімаў / Дадатак. Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1995. Т. 6. С. 628–629.
- Купрэеў Мікола // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 1999. Т. 9. С. 39.
- Літаратары–выпускнікі Брэсцкага педінстытута імя А. С. Пушкіна // Ляшук, В. Літаратурная Берасцейшчына / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск : Літаратура і мастацтва, 2008. С. 237–258. Са зместу: біяграфіі Міхася Рудкоўскага, Васіля Жуковіча, Міколы Купрэева, Алеся Разанава і інш.
- Абрамовiч, П. Краіна мёртвых паэтаў : [у т. л. В. Гадулька, В. Сахарчук, М. Купрэеў, М. Папека] / П. Абрамовіч // ARCHE. 2007. № 1–2. С. 223–226.
- Басалай, В. Ліст ад сястры Міколы Купрэева / Валянціна Басалай // ЛiМ. 2007. 19 кастр. (№ 42). С. 12.
- Белы, А. Непазбежнасць правінцыйных фантазій, або Некалькі слоў пра Міколу Купрэева : [біяграфія і творчасць] / Аляксей Белы // Газета для Вас (Iвацэвiчы). 2007. 1 чэрв. С. 9.
- Белы, А. Правінцыйныя фантазіі : успаміны пра Міколу Купрэева / Аляксей Белы // ЛiМ. 2006. 7 крас. (№ 14). С. 13.
- Галубовіч, Л. Мікола Купрэеў : [некралог] / Леанід Галубовіч // ЛіМ. 2004. 1 кастр. С. 15.
- Галубовіч, Л. Наўзбоч дарогі да Міколы Купрэева… : [урачыстасці з нагоды 70-годдзя з дня нараджэння М. Купрэева ў Івацэвіцкім р-не] / Леанід Галубовіч // ЛіМ. 2007. 29 чэрв. (№ 26). С. 14.
- Гарадніцкі, Я. Азірнуцца на сябе самога... : кніга вяртанняў Міколы Купрэева “Палеская элегія” / Яўген Гарадніцкі // ЛiМ. 2010. 6 студз. (№ 1). С. 7.
- Гардзей, В. Вершы, напісаныя ў Белых Бярэзніках : да 70-годдзя з дня нараджэння М. Купрэева / В. Гардзей // Маладосць. 2007. № 5. С. 118–125.
- Гаўрыс, Т. Вяртанне ў юнацтва : [успаміны пра Міколу Купрэева першай жонкі паэта] / Таццяна Гаўрыс // ЛiМ. 2007. 19 кастр. (№ 42). С. 13.
- 25 мая - 70 год з дня нараджэння М. Купрэева (1937–2004), пісьменніка // Новыя кнігі. Па старонках беларускага друку. 2007. № 2. С. 6–7.
- З лістоў Ганны Хадаровіч да Леаніда Галубовіча : [успаміны пра М. Купрэева] / Г. Хадаровіч, Л. Галубовіч // ЛiМ. 2007. 25 мая. (№ 21). С. 14–15.
- Зiнчук, Р. "Я хацеў бы вам сказаць..." : [25 мая – 70 год з дня нараджэння паэта і пісьменніка Міколы Купрэева] / Раіса Зінчук // Газета для вас (Iвацэвiчы). 2007. 25 мая. С. 1.
- Кажадуб, С. Дзве апошнія сустрэчы з Міколам Купрэевым / Святаслаў Кажадуб // ЛіМ. 2008. 27 чэрв. (№ 26). С. 14.
- Кажадуб, С. Пуцявіны Міколы Купрэева : да 70-годдзя з дня нараджэння паэта і празаіка / С. Кажадуб // Івацэвіцкі веснік. 2007. № 78–80. С. 3 ; № 82–84. С. 4 ; № 90–92. С. 4 ; № 101–103. С. 9 ; № 118–120. С. 4 ; № 130–132. С. 4. (Нашы славутыя землякі).
- Крэйдзiч, А. Вяртанне вандроўніка : [святкаванне 70-годдзя з дня нараджэння М. Купрэева] / Анатоль Крэйдзіч // ЛiМ. 2007. 25 мая (№ 21). С. 15.
- Макаранка, Л. “Палеская элегія” Міколы Купрэева / Л. Макаранка // Бібліятэка прапануе. 2008. № 4. С. 2–3. (Да нас новая кніга прыйшла).
- Паталкоў, Ю. Чалавек чалавеку – чалавек! : з гадамі прыходзіць да нас мудрасць, якая сцвярджае непазбежнасць світання : [аб зборніку паэзіі М. Купрэева "Непазбежнасць"] / Ю. Паталкоў // Народная трыбуна. 2008. 5 красав. С. 3.
- Руднiцкi, М. Яны сталі лаўрэатамі літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка : [В. Грышкавец, М. Купрэеў, В. Гапееў] / М. Рудніцкі // Iвацэвiцкi веснiк. 2007. 7 снеж. С. 1.
- Скалабан, В. “Шчырая Шчара мая…” : [творчасць М. Купрэева] / Віталь Скалабан // ЛіМ. 2007. 19 кастр. (№ 42). С. 12.
- Славінскі, С. Прэзентацыя кнігі Міколы Купрэева : [адбылася ў Івацэвічах ; кніга прозы "Палеская элегія" ; удзельнічалі М. Рымач, С. Кажадуб] / С. Славінскі // Івацэвіцкі веснік. 2007. 21 снеж. С. 2.
- Чарнякевiч, Ц. Палескі пілігрым. Працяг пачатку : [да 70-годдзя з дня нараджэння М. Купрэева] / Ціхан Чарнякевіч // ЛiМ. 2007. 25 мая (№ 21). С. 14.
- Чарнякевіч, Ц. Кніга жыцця : [кнiга М. Купрэева “Палеская элегiя”] / Цiхан Чарнякевіч // ЛіМ. 2007. 23 лiст. (№ 47). С. 6.
- . Фото.jpg // Википедия. Свободная энциклопедия. - Режим доступа : http://ru.wikipedia.org/wiki/Купреев,_Николай_Семёнович.