Панядзелак, 22 Кастрычнік 2018 09:26

2018 г. — 285 гадоў з часу пабудовы Чарнаўчыцкай царквы Параскевы Пятніцы, помніка драўлянага дойлідства (Брэсцкі р-н, 1733)

Зыходзячы з запісаў архіўных дакументаў вынікае, што першая драўляная царква імя святой пакутніцы Параскевы ў мястэчку Чарнаўчыцы Берасцейскага павета (цяпер аграгарадок Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) існавала ўжо ў 1459 г. і размяшчалася ў цэнтры паселішча. Тая царква згарэла, у 1733 г. быў пабудаваны новы храм, драўляны, з разным іканастасам.


У 1864 г. прыхаджанамі і святарамі Стэфанам і Янам Пашкевічамі быў зроблены капітальны рамонт. Афарбаваны гонтавы (драўляны) дах царквы і бляшаны дах на званіцы, купал на царкве і крыж абабіты новай ангельскай бляхай. Унутры храма пакладзена новая падлога з хваёвых дошак. Прыбудаваны дашчаны бабінец. Пастаўлены чатыры новыя акутыя дзверы і новыя вокны. Выпісаныя з Масквы 4 абразы на суму 66 руб., дзве харугвы — 28 руб., пазалочаны з срэбра келіх — 30 руб. Усяго прыхаджанамі на рамонт ахвяраваныя 640 руб. і 17 кап. (Литовские епархиальные ведомости. 1864. № 16).


Чарговы рамонт быў зроблены толькі ў 1928 г. Тады прыход налічваў 2 550 чалавек з 12 вёсак: Чарнаўчыцы, Амеліна, Завяршаны, Задворцы, Алешкавічы, Івахнавічы, Турна, Більдэйкі, Відамля, Лешня, Лечана, Цярпіловічы.


Падчас Другой сусветнай вайны была пашкоджана і засталася без званоў званіца. У архіўных матэрыялах і актах вопісу царкоўнай маёмасці запісана, што «па штаце ў царкве служаць святар і псаломнік з жалаваннем 40 залатых — святару і 10 — псаломшчыку». З богаслужбовых кніг у царкве маюцца тры Евангеллі, Апостал, два Псалтыры, Актоіх, чатыры Служэбнікі і два Часасловы; у царкоўнай бібліятэцы — 8 кніг пра жыція святых. Сярод каштоўных абразоў захоўваецца твор беларускага жывапiсу — ікона «Цуд Георгія аб змею» (1729).


У чэрвені 1945 г. праведзены новы запiс аб рэгістрацыі ў органах улады Свята-Параскевінскага прыхода. На гэты перыяд прыхаджан тут налічвалася 300 чалавек. Клір складаўся са святара, псаломшчыка, старасты, скарбніка і прасвірніцы з аплатай 30 рублёў, 10 рублёў, 15 рублёў, 10 рублёў і 5 рублёў у месяц адпаведна.


У 1976 г. дзяржавай быў прыняты Закон аб ахове помнікаў гісторыі і культуры. Драўляная Свята-Параскевінская царква ў Чарнаўчыцах уключана ў спіс помнікаў гісторыі і культуры як узор народнага дойлідства з элементамі стылю барока.


У 1986 г. у царкве адбыўся моцны пажар. У выніку страчаны купал, дах, іканастас 1830-х гг. Замест згарэлага ў 1988 г. быў прывезены іканастас ХIХ ст. з Ружанскай Свята-Петрапаўлаўскай царквы. У 1989 г. была адноўлена Брэсцкая епархія, да якой з гэтага часу адносіцца Свята-Параскевінскі храм. Стараннямі айца Яўгена Лукашэвiча ў 1987–1989 гг. Чарнаўчыцкая царква адноўлена.


Пасля ўсіх перабудоў XIX–XX стст. царква паўстае як сілуэтна-выразны, крыжовы ў плане храм з падоўжанай аспідай і бабінцам, дапоўненым ганкам на чатырох калонах, які мае двух’ярусную браму-званіцу. Пры ўваходзе прыбудаваны тамбур, па баках алтара — невялікія рызніцы. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, умацаваны лапаткамі (па вуглах бабінца шырокімі, руставанымі). Вокны прамавугольныя. Шчыты франтонаў ашаляваны ў ёлачку. Над прытворам размешчаны хоры. Столь падшыўная, бэлечная. Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.


З настаяцеляў Свята-Параскевінскага храма вядомыя: у 1920 г. — святар Філіп Гурэвіч, у 1967 г. — святар Уладзімір Сідаровіч, з 1987 па 1990 гг. — святар Яўген Лукашэвіч (пазней настаяцель храма «Усіх тужлівых Радасць» у мікрараёне «Дуброўка» г. Брэста, трагічна загінуў у 2010 г.). Затым тут служылі святар Вячаслаў Мандрык (цяпер настаяцель Свята-Серафімаўскага храма ў мікрараёне «Плоска» г. Брэста) і святар Ігар Умец (пазней настаяцель Свята-Нікольскага гарнізоннага храма ў Брэсцкай крэпасці, памёр у 2011 г.). З 1999 г. настаяцелем прыхода з’яўляецца святар Іаан Кінчак.


Пры храме дзейнічаюць Нядзельная школа, прыходская бібліятэка. Прыстольнае свята — 10 лістапада. Да прыхода адносяцца населеныя пункты: Вялікая Турна, Грушаўка, Завяршаны, Задворцы, Івахнавічы, Ляшанка, Лешня, Малая Турна, Алешкавічы, Амеліна, Сасноўка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай цэнтральнай
раённай бiблiятэкай. Таццяна Іванаўна Васілюк, бібліёграф

 

1.    Чернавчицкая церковь Параскевы Пятницы // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 455.
2.    Чарнаўчыцкая царква Параскевы Пятніцы / Юрый Якімовіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 140–141.
3.    Агрогородок Чернавчицы. Параскевинский храм // Православные храмы Брестского района. Брест, 2015. С. 138–141.
4.    Царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 417.
5.    Кулагін, А. М. Помнікі архітэктуры / А. М. Кулагін // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 515–529. Са зместу: Царква Параскевы Пятніцы. С. 520.
6.    Чарнаўчыцкая царква Параскевы Пятніцы / Ю. А. Якімовіч // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1993. С. 481.
7.    Церковь Параскевы Пятницы : [д. Чернавчицы] / С. Ф. Самбук // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 147.
8.    Чарнаўчыцкая царква Параскевы Пятніцы / Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 510–511.
9.    Царква Параскевы Пятніцы : [в. Чарнаўчыцы] / С. Ф. Самбук // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 111.
10.    От прадедов — в наследство : [в т. ч. из истории Чернавчиц] // Край наш Прибужский. Брест, 2014. С. 17–18.
11.    Мароз, В. В. Ахова помнікаў сакральнай культуры — клопат усяго грамадства : [на прыкладзе культавых пабудоў: в. Здзітава Жабінкаўскага р-на, Чэрск, Чарнаўчыцы, Астрамечава Брэсцкага р-на] / В. В. Мароз // Краязнаўства Берасцейшчыны: стан і перспектывы развіцця : матэрыялы «круглага стала», 12 снежня 2006 года. Брэст, 2007. С. 35–36.
12.    Мараськевич, Я. Деревянное зодчество Брестской земли : [церковь д. Чернавчицы] // Деревянная архитектура северной части Еврорегиона Буг / Януш Мараськевич. Бяла Подляска : Бяльско-Подлясское Общество Регионального Развития, 2006. С. 95–96.
13.    Рабчевская, И. Милая малая родина : [аг. Чернавчицы] / Ирина Рабчевская // Астрамечаўскі рукапіс : брэсцкі раённы краязнаўчы альманах / рэд. і ўклад. А. Валковіч. Брэст, 2018. № 2 (22). С. 94–96.
14.    Рабчевская, И. Застывшая в истории музыка Чернавчиц : [об уроке краеведения, посвящённом памятникам архитектуры в аг. Чернавчицы, проведённом в Чернавчицкой сельской библиотеке] / Ирина Рабчевская // Заря над Бугом. Брест, 2018. 26 апреля (№ 17). С. 17.
15.    Савинчук, А. И звон колокольный летит сквозь столетия... : [история и современность церкви Параскевы Пятницы в д. Чернавчицы Брестского р-на] / Александр Савинчук // Заря над Бугом. Брест, 2016. 28 июля (№ 30). С. 14.
16.    Ролич, О. Церковь в честь Параскевы Пятницы в Чернавчицах : [храм в д. Чернавчицы Брестского р-на отпраздновал свое 280-летие] / Ольга Ролич // Заря. 2013. 14 ноября. С. 17.
17.    Габрусь, Т. Мастерством и сердцем : [о деревянном зодчестве на Беларуси, в т. ч. церковь Параскевы Пятницы в д. Чернавчицы Брестского р-на] / Т. Габрусь // Архитектура и строительство. 2005. № 5. С. 10–13.
18.    Піваварчук, С. Стэфан Пашкевiч аб «простонародном наречии» : лёс беларускага святара сярэдзіны ХІХ ст. : [пра актыўную грамадскую дзейнасць святара Чарнаўчыцкай царквы Брэсцкага павета Стэфана Пашкевіча] / Сяргей Піваварчук // Беларускi гiстарычны зборнiк. 1999. № 11. С. 179–185.

Чытаць 1590 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Люты 2021 16:16