{gcontent}Пасля заканчэння вайны сям'я Маркевічаў выехала ў Польшчу на Вроцлаўшчыну, дзе атрымала зямлю для заняткаў сельскай гаспадаркай. Пачатковую адукацыю Яраслаў атрымаў у мясцовай школе, а пасля яе заканчэння вучыўся ў паселішчы Дзіві.
У 1956 годзе Маркевіч паступіў у лясны тэхнікум у Жэпіне, а праз два гады падаўся ў агульнаадукацыйны ліцэй у Любранцы. У гэты час Яраслаў Маркевіч пачаў займацца літаратурай і дэбютаваў вершамі "Пытанне", "Вызнанне", якія прынеслі поспех. Маркевіч пераехаў у Варшаву, паступіў у сталічны ўніверсітэт, дзе спачатку вучыўся на філасофскім, а затым на гістарычным факультэтах.
Ён актыўна ўключыўся ў літаратурнае жыццё, увайшоў у аб'яднанне "Гібрыды" (1960–1971), належаў да лодзьска-варшаўскай групоўкі "Кола". Адзін за адным выходзяць зборнікі вершаў і твораў пісьменніка: "Сонечны стадыён", "Забойцы прыйдуць паслязаўтра", "Прыйшоў запытаць пра ўласнае імя, каторае ўношу", "Паміж голымі ідуць голыя" і інш. Калі літаратурнае аб'яднанне "Гібрыды" пераўтварылася ў "паэтычную легенду для літаратурнай моладзі", Я. Маркевіч заняўся незалежнай выдавецкай дзейнасцю (1982–1990), дапрацоўваў раней напісанае і рыхтаваў да перавыдання, пісаў новыя вершы і прозу, якія ўвайшлі ў кнігі: "Выбраныя вершы", "Усюды ёсць зямля", "Папяровы бубен" і інш.
У творчасці Яраслава Маркевіча прысутнічае эксперыментатарства, элементы неакласіцызму і авангардызму. У сваіх творах паэт раскрывае настроі польскай моладзі 1960-х гадоў. Акрамя літаратурнай дзейнасці Маркевіч яшчэ маляваў, наладжваў выставы сваіх твораў у Польшчы і Германіі. Яраслаў Маркевіч здзіўляў сучаснікаў шырынёй інтарэсаў, кіпучай энергіяй і выключнай працавітасцю.
Пачынаючы з другой паловы 1990-х гадоў, Яраслаў Маркевіч адышоў ад актыўнай культурнай і літаратурна-выдавецкай дзейнасці, захапіўся праблемамі вегетарыянскага харчавання і пачаў супрацоўнічаць са штомесячнікам "Вегетарыянскі свет".
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Лось Ірына Уладзіміраўна, гал. бiблiёграф, Андрайчук Ніна Сцяпанаўна, бiблiёграф 1 кат.
{/gcontent}
Творы Я. Маркевіча
- Помнить об этом // Новая польша [электронный ресурс]. 2010. № 10. – Режим доступа: http://
Аб жыцці і творчасці пісьменніка
- Маркевіч Яраслаў // Слоўнік Камянеччыны : [рукапіс] / Георгій Мусевіч. Камянец, 2010. С. 60.
- Яраслаў Маркевіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 306–307.
- Кулажанка, Л. Літаратурныя мясціны Беларусі : краязнаўчы даведнік : [Маркевіч Яраслаў] / Л. Кулажанка, А. Мальдзіс, С. Сачанка // Маладосць. 2007. № 11. С. 126.
- Лешек, Ш. Ярослав Маркевич (1942–2010) // Новая польша [электронный ресурс]. 2010. № 10. Режим доступа: http://www.novpol.ru/index.php?id=kategorie...4