Чацвер, 25 Кастрычнік 2018 10:25

2018 г. — 95 гадоў з часу стварэння Брэсцкай акруговай арганізацыі КПЗБ (1923–1938)

На захопленых у 1920 г. землях Заходняй Беларусі здзяйснялася каланізатарская палітыка кіруючых класаў Польшчы. Беларускі народ не мірыўся са сваім паднявольным становішчам, з акупацыяй Заходняй Беларусі і падзелам сваёй радзімы. Працоўныя Заходняй Беларусі ў адказ на жорсткае палітычнае і эканамічнае прыгнятанне, нацыянальнае бяспраўе вялі гераічную барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, за ўз’яднанне з БССР. На Брэстчыне ва ўмовах падполля ў 1921–1923 гг. дзейнічала акруговая арганізацыя Камуністычнай рабочай партыі Польшчы (КПРП). На ІІ з’ездзе КПРП (1923) было вырашана стварыць нацыянальныя камуністычныя арганізацыі.


У канцы кастрычніка 1923 г. у Вільні адбылася першая канферэнцыя камуністычных арганізацый Заходняй Беларусі, якая абвясціла стварэнне Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) як састаўной часткі Кампартыі Польшчы. Адразу пачалі стварацца партыйныя арганізацыі на тэрыторыі ўсіх паветаў Заходняй Беларусі. КПЗБ выступала за здзяйсненне сацыялістычнай рэвалюцыі ў Польшчы, за права на самавызначэнне для Заходняй Беларусі, за ўз’яднанне ўсіх беларускіх зямель у адзіную Беларускую савецкую рэспубліку, з’яўлялася нелегальнай партыяй, якая ўвесь час праследавалася.


Брэсцкая акруговая арганізацыя КПРП была пераўтворана ў арганізацыю КПЗБ. Першая канферэнцыя Брэсцкай акруговай арганізацыі КПЗБ адбылася ў канцы снежня 1923 г. у доме Мікалая Панцэвіча ў вёсцы Плоска ля Брэста-над-Бугам (цяпер Брэст). Пры тайным галасаванні першым сакратаром акруговага камітэта КПЗБ быў абраны Сямён Андрэевіч Дубовік.


Рады партыі хутка раслі. У снежні 1924 г. у акругкам уваходзілі 14 райкамаў і 11 падрайкамаў, 735 членаў партыі. Гарадскія партыйныя арганізацыі існавалі ў Брэсце, Пінску, Баранавічах, Кобрыне і іншых гарадах. У жніўні 1925 г. акруговая арганізацыя КПЗБ налічвала 808 чалавек, а пасля масавых арыштаў у другой палове года — 600. Пад кіраўніцтвам партарганізацый праходзілі рэвалюцыйныя выступленні працоўных, шырыўся сялянскі рух. Партыя дзейнічала ва ўмовах адноснай нешматлікасці рабочага класа, апіралася найперш на працоўнае сялянства. У сумеснай барацьбе мацавалася дружба беларусаў, украінцаў, яўрэяў, палякаў, літоўцаў.


Для падаўлення рэвалюцыйнага руху ў Польшчы была створана моцная паліцэйская служба і дэфензіва. У маі 1926 г. у Польшчы ў выніку перавароту да ўлады прыйшлі найбольш рэакцыйныя колы на чале з Ю. Пілсудскім. Узмацніліся рэпрэсіі супраць прагрэсіўных сіл, у першую чаргу членаў КПЗБ. Праводзіліся масавыя арышты актывістаў, якія ўтрымліваліся ў турмах Брэста, Пінска, Кобрына, Пружан, Баранавіч. У студзенi 1927 г. Пінскі акруговы суд правёў у Брэсце-над-Бугам выязны працэс, які ўвайшоў у гісторыю як «працэс 31-го». У пачатку 1930-х у акруговую арганізацыю ўваходзіла 700 камуністаў. У красавіку 1933 г. паліцэйскія схапілі сакратара акругкама КПЗБ Сяргея Яфімавіча Багданчука, катавалі яго і забілі. У 1934 г. у Бярозе-Картузскай быў створаны канцэнтрацыйны лагер для палітычных зняволеных, у 1937 г. там утрымліваліся 1 300 чалавек.


Баявой зброяй КПЗБ у развіцці нацыянальна-вызваленчага руху быў падпольны друк. У 1927–1938 гг. у Брэсце-над-Бугам дзейнічала падпольная друкарня Цэнтральнага камітэта КПЗБ, у якой на пяці мовах выдаваліся нелегальныя газеты, брашуры, лістоўкі, распаўсюджваліся па ўсім Палескім ваяводстве.


Акругкам КПЗБ накіроўваў работу акруговай арганізацыі КСМЗБ. Камуністы праводзілі работу па стварэнні гурткоў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, «Чырвонай дапамогі», Таварыства беларускай школы. У 1925–1928 гг. адбыліся дэманстрацыі з нагоды 1 Мая і Кастрычніка у Брэсце, Камянец-Літоўску, Высокім, забастоўкі.


Пасля І з’езда КПЗБ (1928) выступленні працоўных набылі больш шырокі размах. У 1934–1935 гг. праведзены масавыя першамайскія дэманстрацыі, калі ў агульных калонах шлі камуністы, сацыялісты, беспартыйныя. На ІІ з’ездзе КПЗБ (1935) выпрацавана тактыка адзінага рабочага і антыфашысцкага народнага фронту, якая ўзнімала на барацьбу супраць рэжыму санацыі, прыняцця антыдэмакратычнай канстытуцыі і новага выбарчага закона. У 1936–1938 гг. на Брэстчыне адбылося каля 60 стачак, у якіх удзельнічала больш за 5,5 тыс. чалавек.


Брэсцкі агругкам КПЗБ у розныя гады ўзначальвалі людзі, моцныя духам, многія з якіх увайшлі ў гісторыю роднага краю, іншыя засталіся невядомымі. Частыя арышты падпольшчыкаў не давалі магчымасці даводзіць задуманую справу да канца. Пасля выезду ў СССР у 1929 г. сакратара акругкама С. А. Дубовіка, акругкам узначаліў Трыфан Сямёнавіч Сайчук, але быў хутка арыштаваны. Потым сакратарамі працавалі К. І. Асіпік, В. М. Дайновіч, М. Л. Перавалоцкі, М. Е. Крыштафовіч, І. П. Урбановіч, С. Я. Багданчук, С. Р. Анісаў, Р. Д. Вольф, З. Ф. Паплаўскі, А. Х. Раф, Х. Д. Шэрцман, І. П. Тарасюк і інш.


Выканкамам Камінтэрна ў сакавіку 1938 г. Кампартыя Польшчы і яе састаўныя часткі — КПЗБ і КПЗУ — былі неабгрунтавана распушчаны. Фактычна Брэсцкая акруговая арганізацыя КПЗБ дзейнічала да жніўня 1938 г. Аднак члены КПЗБ не пераставалі лічыць сябе камуністамі, яны працягвалі актыўную барацьбу, у верасні 1939 г. з радасцю і надзеяй сустрэлі Чырвоную армію. Трагічна, што многія члены КПЗБ у СССР беспадстаўна праследаваліся, абвінавачваліся ў шпіянажы, рэпрэсіраваліся. С. А. Дубовік быў арыштаваны ў жніўні 1937 г., абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Польшчы, расстраляны ў кастрычніку таго ж года (рэабілітаваны ў 1957 г.).


Для захавання памяці аб дзейнасці КПЗБ шмат зрабіў былы яе член, Ганаровы грамадзянін г. Брэста Васілій Пятровіч Ласковіч (1914–2012). Ён марыў стварыць музей КПЗБ у Брэсце, дзе б распавядалася аб гераічным мінулым Заходняй Беларусі, аб патрыётах «з племені непакораных», адданых Айчыне людзях.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.    Брэсцкая акруговая арганізацыя КПЗБ / І. Ф. Дзяшко // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 92.
2.    Брестская окружная организация коммунистической рабочей партии Польши (КПРП). Брестская окружная организация КПЗБ // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 121–124.
3.    Брестский окружком КПЗБ // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 139.
4.    Брестская городская организация КПЗБ // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 107–108.
5.    Працэс 31-го : [1927 г.] // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 572.
6.    Процесс 31-го : [1927 г.] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 313–314.
7.    Конспиративные квартиры Брестского партийного и комсомольского подполья в годы господства в Зап. Белоруссии бурж. Польши // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 238.
8.    Типография ЦК КПЗБ : [в Бресте] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 356.
9.    Богданчук Сергей Ефимович // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 94.
10.    Поплавский Захар Филимонович // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 306.
11.    Дубовік Сямён Андрэевіч / Васіль Ласковіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 306.
12.    Дубовик Семён Андреевич // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 207–208.
13.    Ласковіч, В. П. За сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне : [1921–1939 гг.] / В. П. Ласковіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 244–251.
14.    Очерки истории Брестской областной партийной организации. – Минск : Беларусь, 1989. – 448 с.; [12] л. ил. – Из содерж.: Коммунисты в авангарде борьбы за социальное и национальное освобождение трудящихся (1921–1939 гг.). С. 46–68.
15.    Савiч, А. А. Роспуск КПЗБ ва ўспамінах ветэранаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі 1921–1939 гг. / А. А. Савiч // Берасцейскі хранограф : зб. навук. прац. Брэст : Акадэмiя, 2004. Вып. 4. С. 118–126. Бiблiяграфія: 22 назвы.
16.    Ласкович, В. П. Подвиг Коммунистической партии Западной Белоруссии (КПЗБ), 1919–1939 гг. : исторический очерк / Василий Петрович Ласкович, Валентина Васильевна Ласкович (Желанова). – Брест : Брестская типографія, 2002. – 401 с.
17.    Ласкович, В. П. Из племени непокоренных : воспоминания подпольщика, 1919–1939 / Василий Петрович Ласкович. – Брест : Управление по печати, 1999. – 381 с. : ил.
18.    Брест в 1919–1939 гг. : документы и материалы / Гос. архив Брестской области ; сост.: А. Г. Карапузова (отв. сост.) [и др.]. – Брест : Альтернатива, 2009. – 306 с.
19.    Ладысев, В. Ф. В борьбе за демократические права и свободы : из исторического опыта компартии Западной Белоруссии, 1926–1938 гг. / В. Ф. Ладысев. – Минск : Беларусь, 1988. – 191 с.
20.    Орехво, Н. С. Дела и люди КПЗБ : воспоминания / Николай Семенович Орехво. – Минск : Беларусь, 1983. – 287 с.
21.    Ладысеў, У. Ф. Шлях да свабоды : з гісторыі рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі ў 1919–1939 гг. / У. Ф. Ладысеў. – Минск : БДУ, 1978. – 133 с.
22.    Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921–1939 гг.) / под ред. А. Н. Мацко, В. Е. Самутина. – Минск : Беларусь, 1966. – 401 с. : ил., карты.
23.    Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР. Документы и материалы. Т. 1. (1921–1929) / Архивное упр. при Совете Министров БССР, АН БССР, Ин-т истории. – Минск : Госиздат, 1962. – 620 с.
24.    У суровыя гады падполля : успамiны былых членаў КПЗБ — актыўных удзельнiкаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусi. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. – 362 с.
25.    Савіч, А. А. Камуністычны рух у Заходняй Беларусі ў пачатку 1920-х гг. і стварэнне КПЗБ : гістарыяграфічны дыскурс / А. А. Савіч // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 2. Гісторыя. Эканоміка. Права. 2014. № 2. С. 12–23.
26.    Ласкович, В. Василий Ласкович: «Наша жизнь была устремлена в будущее...» : [о деятельности КПЗБ] / Василий Ласкович ; интервью взял Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2003. 3 декабря. С. 5.
27.    Рубашевский, Ю. Из племени несгибаемых : вышла книга Почетного гражданина г. Бреста В. Ласковича и его жены В. Ласкович (Желановой) «Подвиг Коммунистической партии Западной Белоруссии (КПЗБ), 1919–1939 гг.»] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2003. 10 января. С. 3.
28.    Поплавский, Ф. Пример служения народу : к 40-летию образования КПЗБ / Ф. Поплавский, В. Ласкович // Заря. 1963. 27 октября. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1902 разоў Апошняя змена Чацвер, 17 Снежань 2020 16:16