Аўторак, 30 Кастрычнік 2018 16:34

1 ліпеня 2018 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Іванавіча Дзяльца (1918–1999), дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, заслужанага работніка культуры БССР

Міхаіл Іванавіч Дзялец нарадзіўся 1 ліпеня 1918 г. у вёсцы Вуглы Брагінскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер Брагінскага раёна Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1939–1946 гг. служыў у Чырвонай арміі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, на фронце ў 1942 г. быў прыняты ў партыю. У 1946–1947 гг. загадваў карэспандэнцкай сеткай БелТА. Скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б (1949), у якой вучыўся з Андрэем Макаёнкам, Іванам Шамякіным і іншымі літаратарамі, і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1951).


Пятнаццаць гадоў Міхаіл Дзялец аддаў Баранавіцкаму краю. З 1949 г. працаваў у рэдакцыі баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная звязда», з 1954 г. з’яўляўся рэдактарам баранавіцкай аб’яднанай (гарадской і раённай) газеты «Чырвоная звязда».


З пачатку 1957 г. Міхаіл Іванавіч знаходіўся на савецкай, партыйнай і прафсаюзнай рабоце. З лютага 1957 г. па лістапад 1958 г. — старшыня Баранавіцкага гарвыканкама. У 1958–1960 гг. — першы сакратар Гарадзішчанскага райкама КПБ Брэсцкай вобласці. У 1960–1962 гг. — першы сакратар Баранавіцкага гаркама КПБ. З мая па снежань 1962 г. — першы сакратар Баранавіцкага райкама КПБ. Са снежня 1962 г. — сакратар партыйнага камітэта Баранавіцкага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення. Са студзеня да верасня 1965 г. — першы сакратар Баранавіцкага райкама КПБ. У 1965–1969 гг. — старшыня Брэсцкага абласнога савета прафсаюзаў.


З 1969 г. М. І. Дзялец — рэдактар рэспубліканскай газеты «Звязда». У 1973–1989 гг. — старшыня Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку (з 1978 г. Дзяржкамітэт БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю). Адначасова ў 1979–1989 гг. — старшыня праўлення Добраахвотнага таварыства аматараў кнігі Беларускай ССР. Працуючы ў сферы журналістыкі і кнігавыдання, М. І. Дзялец унёс вялікі ўклад у развіццё беларускай літаратуры, нацыянальнага друку. Вялікую ўвагу ён удзяляў ўзроўню мастацкага і паліграфічнага афармлення друкаванай прадукцыі.


Міхаіл Іванавіч зрабіў літаратурную апрацоўку кнігі Сяргея Пятровіча Руціча «Навеки юные» (1974), якая апавядае аб партызанскім атрадзе імя Дзімітрава брыгады імя Панамарэнкі. Атрад дзейнічаў на тэрыторыі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў 1942–1944 гг. Аўтар кнігі апавяданняў «Охотничьими тропами» (1987), якую выдаў пад псеўданімам Міхась Паляшук.


М. І. Дзялец з’яўляўся кандыдатам у члены ЦК КПБ у 1960–1966, 1976–1986 гг., членам ЦК КПБ у 1971–1976 гг., дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 6–8-га скліканняў (1963–1974). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, медалямі, у т. л. медалём Францыска Скарыны (1998). Заслужаны работнік культуры БССР (1988). Член Беларускага саюза журналiстаў.


М. І. Дзялец памёр 29 снежня 1999 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.    Делец Михаил Иванович / Е. С. Фалей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 319–320.
2.    Дзялец Міхаіл Іванавіч // Памяць. Брагінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 663.
3.    Делец Михаил Иванович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 193.
4.    Дзялец Міхаіл Іванавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 205.
5.    Дзялец Міхаіл Іванавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 218.
6.    Добраахвотнае таварыства аматараў кнігі Беларускай ССР / К. М. Суша // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 338.
7.    Дзяржаўны камітэт Беларускай ССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага кандлю / У. М. Яцко // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 312–313.
8.    «Звязда» / М. І. Дзялец, М. С. Зярніцкі, В. С. Давыдава // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 549–550.
9.    Дзялец, М. Усё жыццё і сустрэча, якая не адбылася : [успамiны пра драматурга Андрэя Ягоравіча Макаёнка] / Міхась Дзялец // Маладосць. 1989. № 9. С. 151–167.
10.    Полешук, М. Охотничьими тропами : [рассказы] / Михась Полешук ; [художник А. Ф. Корчагин]. – Минск : Полымя, 1987. – 220, [2] с. : ил. – Перед выпускными данными автор: Михась Полешук (Михаил Иванович Делец).
11.    Рутич, С. П. Навеки юные : [о партизанском отряде им. Димитрова бригады им. Пономаренко] / Сергей Петрович Рутич ; [лит. запись М. И. Дельца]. – Минск : Беларусь, 1974. – 255 с. : [8] л. ил.
12.    Міхаіл Іванавіч Дзялец : [некралог] / П. У. Шыпук, А. А. Малафееў, С. С. Лінг [і інш.] // Звязда. 2000. 1 студзеня. С. 2.
13.    За боевитость профсоюзных организаций : с V пленума областного совета профсоюзов // Заря. 1969. 30 мая.
14.    На уровень задач : с VIIІ областной межсоюзной конференции профсоюзов : [председателем Брестского облсовпрофа избран М. И. Делец] // Заря. 1965. 18 сентября.

Чытаць 1734 разоў Апошняя змена Серада, 18 Лістапад 2020 15:07