Пятніца, 14 Снежань 2018 09:39

2018 г. — 50 гадоў з часу стварэння Брэсцкага аддзялення ГА «Беларускае Геаграфічнае таварыства» (1968)

Грамадска-навуковая арганізацыя «Геаграфічнае таварыства Беларускай ССР» была створана ў 1954 г. пры АН БССР. Дзейнічала ў адпаведнасці са статутам Геаграфічнага таварыства СССР, садзейнічала развіццю геаграфічнай навукі і прапагандзе геаграфічных ведаў. З 1960 г. выдаваліся зборнікі «Вопросы географии Белоруссии», этнаграфічныя зборнікі. Базай таварыства з’яўляўся геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. У 1962–1974 гг. арганізацыю ўзначальваў прафесар Васілій Аляксеевіч Дзяменцьеў.


Брэсцкае аддзяленне Геаграфічнага таварыства БССР створана ў 1968 г. на базе кафедры геаграфіі Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Старшынёй аддзялення быў абраны Уладзімір Якаўлевіч Навуменка (1932–2005), які ў 1960–1965 гг. працаваў дэканам прырода-знаўча-геаграфічнага факультэта, у 1966–1994 гг. — прарэктарам па завочным навучанні. Прафесар (1990), загадчык кафедры геаграфіі з 1994 г., аўтар і складальнік многіх дапаможнікаў для настаўнікаў і навучэнцаў. Яго артыкулы ўвайшлі ў «Хрестоматию по географии Белорусской ССР» (1977), «Хрестоматию по экономической географии БССР» (1991), энцыклапедычны даведнiк школьніка «Геаграфія Беларусі» (1992) і інш.


У 1969 г. Брэсцкае аддзяленне пераўтворана ў аддзел Геаграфічнага таварыства БССР. Працавалі секцыі фізічнай, эканамічнай і школьнай геаграфіі, краязнаўства. Члены аддзела ўдзельнічалі ў стварэнні зборнікаў, даведнікаў: «Природа и население Брестской области» (1976), «География Белоруссии» (1984), «Брест» (1987) і інш. Былі аўтарамі кніг: У. Я. Навуменка «Брест» (1970, 1977), М. У. Амельянчук «География населения» (1980), «Белавежская пушча ў духоўнай i культурнай спадчыне беларусаў» (2003) і інш.


На I з’ездзе Геаграфічнага таварыства БССР (1975) быў прыняты новы статут. Дзейнасць таварыства актывізавалася, пачалі праводзіцца з’езды таварыства. На з’ездах вырашалі не толькі арганізацыйныя пытанні, але заслухоўвалі навуковыя даклады. ІV з’езд таварыства (1989) быў праведзены ў Брэсце.


Пасля распаду СССР, у студзені 1992 г. «Геаграфічнае таварыства Беларускай ССР» пераўтворана ў грамадскае аб’яднанне «Беларускае геаграфічнае таварыства». У 1996 г. абласным упраўленнем юстыцыі зарэгістраваны Брэсцкі абласны аддзел грамадскага аб’яднання «Беларускае геаграфічнае таварыства». 8 кастрычніка 1999 г. зарэгістравана Брэсцкае абласное аддзяленне ГА «Беларускае Геаграфічнае таварыства». Аддзяленне прыцягвае грамадскасць да праблем экалогіі, дэмаграфіі, сацыяльна-эканамічнага, устойлівага развіцця Брэсцкай вобласці.


У Брэсцкім аддзяленні больш за 40 членаў, гэта выкладчыкі, студэнты, настаўнікі. Працуюць тры секцыі: фізічнай геаграфіі, эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі, геаэкалогіі. Старшынёй з’яўляецца Ірына Васільеўна Абрамава, дэкан геаграфічнага факультэта, кандыдат біялагічных навук, дацэнт. Намеснікам старышыні абраны Альберт Аляксандравіч Багдасараў, прафесар (1992), член-карэспандэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (Расія; 1998), аўтар 300 навуковых прац, 8 манаграфій, 150 навукова-папулярных артыкулаў. Вучоны сакратар — Аксана Іванаўна Градунова.


Адным з арганізатараў Брэсцкага аддзялення БГТ з’яўляецца Франц Вітольдавіч Зяньковіч (1918–1988), які доўгі час быў намеснікам старшыні аддзялення. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, з 1946 г. выкладаў геаграфію ў Брэсцкім педагагічным вучылішчы, з 1960 г. — у педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна, у 1963–1971 і 1978–1984 гг. узначальваў кафедру геаграфіі. Вобласць яго навуковых даследаванняў — эканамічная геаграфія, школьная геаграфія і краязнаўства. Ім апублікавана больш за 80 навуковых работ.


Ля вытокаў стварэння аддзялення БГТ стаяла Лідзія Яфімаўна Нямцова (1921–2015), удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, выкладчык Брэсцкага настаўніцкага інстытута з 1945 г., першы дэкан прыродазнаўча-геаграфічнага факультэта, які быў створаны ў 1955 г.


Людміла Барысаўна Навуменка (1934–2010) працавала ў Брэсцкім педагагічным універсітэце імя А. С. Пушкіна з 1957 г. На працягу многіх гадоў займалася даследаваннем азёр Брэсцкага і Валынскага Палесся. У ходзе шматлікіх экспедыцый сабрала значны матэрыял па прыродзе 26 азёр і прыазёрных раёнаў.


Дзейнасць вучонага-географа, метадыста, прафесара (1994) Міхаіла Уладзіміравіча Амельянчука (1924–2004) паклала пачатак вывучэнню эканамічнага і сацыяльнага развіцця Брэста і Брэсцкай вобласці, садзейнічала рэалізацыі краязнаўчага прынцыпу ў навучанні геаграфіі. Алег Мікалаевіч Дзенісенка працаваў на кафедры геаграфіі ў 1979–2003 гг., дацэнт (1985), удзельнічаў у рабоце Геаграфічнага таварыства.


Выпускнік Кіргізскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вілен Пятровіч Сайгак (1936–2012) у 1971–1976 гг. узначальваў кафедру геаграфіі і ў 2001–2002 гг. — кафедру геаграфіі Беларусі. Член Геаграфічных таварыстваў СССР і БССР. Арганізатар незабыўных паездак студэнтаў у Прыбалтыку, Карэлію, на Каўказ, у Карпаты, Сярэднюю Азію, на Байкал.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.    Беларускае геаграфічнае таварыства / В. С. Аношка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 394–395.
2.    Географического общества Белорусской ССР Брестский отдел // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 180.
3.    Геаграфічнае таварыства Беларускай ССР // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 3. С. 393.
4.    Альберт Александрович Богдасаров : (к 75-летию со дня рождения) : биобиблиогр. справочник / сост. Н. В. Михальчук [и др.] ; под ред. М. А. Богдасарова. – Брест : БрГУ, 2010. – 54 с.
5.    Брэсцкi геаграфiчны веснiк. Т. 3. Вып. 1. Прыродныя i антрапагенныя ландшафты Палесся: праблемы прыродакарыстання i аховы навакольнага асяроддзя : матэрыялы рэсп. навук.-практ. канферэнцыi / рэдкал.: С. В. Арцёменка (гал. рэд.) [i iнш.]. – Брэст, 2003. – 120 с.
6.    Мешечко, Е. Н. Физическая география Беларуси : пособие для студентов геогр. фак. / Е. Н. Мешечко. – Брест : БрГУ, 2014. – 232 с.
7.    Мешечко, Е. Н. Путешествие по Беларуси. В краю Немана, Западного Буга и Припяти / Евгений Никитич Мешечко. – Брест : Брестская типография, 2012. – 282 с., [10] л. ил.
8.    Абрамова, И. В. Соколообразные, или Дневные хищные птицы юго-западной части Беларуси : в 2-х ч. / И. В. Абрамова, В. Е. Гайдук. – Брест : Академия, 2005. – 2 т.
9.    Белавежская пушча ў духоўнай i культурнай спадчыне беларусаў / У. А. Лебедзеў, Г. М. Праневiч, У. А. Сенькавец ; Брэсцкі абласны аддзел Беларускага геаграфічнага таварыства ; Брэсцкі абласны камiтэт прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2003. – 268 с.
10.    Мешечко, Е. Н. Географическое краеведение : учеб. пособие для пед. ин-тов / Евгений Никитич Мешечко. – Минск : Вышэйшая школа, 1986. – 144 с.
11.    Насельніцтва планеты Зямля : кніга для настаўніка / Міхаіл Уладзіміравіч Амельянчук. – Мінск : Народная асвета, 1985. – 77 с.
12.    Омельянчук, М. В. География населения : лаб. и семинар. занятия : учеб. пособие для студентов пед. ин-тов по геогр. специальностям / Михаил Владимирович Омельянчук. – Минск : Вышэйшая школа, 1980. – 126 с.
13.    Омельянчук, М. В. Экономико-географическое исследование развития локальных систем расселения: на примере Брестской области : автореферат диссертации ... кандидата географических наук / Михаил Владимирович Омельянчук. – Минск, 1984. – 20 с.
14.    География Белоруссии : учеб. пособие для студентов пед. ин-тов по специальности 2107 «География и биология» / [М. С. Войтович и др.] ; под ред. М. С. Войтовича, Б. Н. Гурского. – Минск : Вышэйшая школа, 1984. – 304 с.
15.    Науменко, В. Я. Брест : историко-экономический очерк / Владимир Яковлевич Науменко ; [под ред. А. В. Гриденко и др.]. – 2-е изд., перераб. и доп. – Минск : Наука и техника, 1977. – 177 с.
16.    Природа и население Брестской области : сборник статей / редколлегия: И. Д. Белогорцев (гл. ред.) [и др.] ; отв. за вып. А. Н. Кравчук, В. Я. Науменко. – Ленинград [Санкт-Петербург], 1976. – 79 с. – (Географическое общество СССР).
17.    Науменко, В. Я. Брест : историко-экономический очерк / Владимир Яковлевич Науменко ; [под ред. В. С. Гринько и др.]. – Минск : Наука и техника, 1970. – 144 с., [18] л. ил.
18.    Аношка, В. С. Пяцьдзясят гадоў грамадскай дзейнасці на карысць беларускай геаграфіі / В. С. Аношка // Беларускі ўніверсітэт : газета Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 2004. № 6.
19.    Пиловец, Г. И. Полувековая деятельность Белорусского Географического общества / Г. И. Пиловец // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. 2004. № 4. С. 119–122.
20.    Геаграфія: чытайце, каб ведаць : [аб выпуску часопіса «Брэсцкі геаграфічны веснік»] // Народная трыбуна. 2002. 2 сакавiка. С. 2.

Чытаць 1892 разоў Апошняя змена Аўторак, 18 Май 2021 15:27