Аўторак, 15 Студзень 2019 09:03

9 студзеня 2019 г. — 165 гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Эдуардаўны Лінёвай (1854–1919), расійскай фалькларысткі, спявачкі, харавога дырыжора

Яўгенія Эдуардаўна Лінёва (Папрыц) нарадзілася 9 студзеня 1854 г. у г. Брэст-Літоўску (цяпер Брэст). Бацька, Эдуард Густававіч Папрыц (1816–1870), служыў выкладчыкам Аляксандраўскага Брэсцкага кадэцкага корпуса. Маці, Ганна Канстанцінаўна (Воган), была таленавітай спявачкай, гарачай аматаркай музыкі, у юнацтве вучылася ў Варшаве ў вялікага рускага кампазітара М. І. Глінкі. Усё, што ўмела і чым валодала, у сэнсе талентаў і навыкаў, Ганна Канстанцінаўна перадала дачцы.


У пачатку 1860-х гг. сям’я пераехала ў Маскву. Яўгенію аддалі вучыцца ў адну з першых жаночых навучальных устаноў Расіі — Екацярынінскі інстытут высакародных дзяўчын. Рэжым установы быў строгі, праграма навучання насычаная. Дзяўчынкі займаліся рускай і замежнымі мовамі, гісторыяй, прыродазнаўчымі навукамі, музыкай, маляваннем, рукадзеллем. Яўгенія Папрыц паспрабавала свае сілы ў якасці дырыжора інстытуцкага хору.


Па выхадзе з інстытута ў 1874 г. дзяўчына паступае ў Пецярбургскую кансерваторыю. У тым жа годзе Яўгенія Папрыц адпраўляецца ў Вену, дзе вучыцца вакальным спевам у Мацільды Маркезі дэ Кастроне, якая выхавала цэлую плеяду зорак опернай сцэны. Дэбют рускай спявачкі (кантральта) адбыўся ў Вене падчас Сусветнай выставы. Ён апынуўся паспяховым, таленавітую спявачку заўважылі. Яе чакалі паспяховыя гастролі ў Будапешце, Парыжы і Лондане. Яна ўдзельнічала як у оперных пастаноўках, так і давала сольныя канцэрты.


У канцы 1870-х – пачатку 1880-х гг. Яўгенія Папрыц выступала ў сімфанічных канцэртах з аркестрам пад кіраўніцтвам Мікалая Рубінштэйна, у якіх выконвала арыі з опер Пергалезі, рамансы Балакірава. У 1882–1883 гг. была салісткай Вялікага тэатра, выконваючы партыі ў операх «Жыццё за цара» і «Руслан і Людміла». У гэты час яна выходзіць замуж за інжынера Аляксандра Лагінавіча Лінёва, які пасля знаёміць Яўгенію Эдуардаўну з прыёмамі гуказапісу на фанограф.


Яўгенія Лінёва была ўдзельніцай рэвалюцыйнага руху ў Расіі ў 1882–1884 гг., уваходзіла ў маскоўскае студэнцкае нелегальнае «Грамадства перакладчыкаў і выдаўцоў». У Лондане ў 1884 г. займалася перакладам на рускую мову работ К. Маркса, выдавала працы К. Маркса, Ф. Энгельса, перапісвалася з Ф. Энгельсам. Пакінуўшы вялікую сцэну, стварае аматарскі хор з рабочых і студэнтаў, які ездзіць па рускіх і ўкраінскіх вёсках, запісвае і выконвае народныя песні. У пачатку 1890-х гг. з мужам адпраўляецца ў Злучаныя Штаты Амерыкі. У Амерыцы Яўгенія Эдуардаўна стварае рускі народны хор (1892), першы канцэрт якога адбыўся ў Нью-Ёрку. На працягу чатырох гадоў хор гастраляваў па амерыканскіх гарадах і вёсках, даваў канцэрты ў Бостане, Філадэльфіі і Чыкага.


У 1896 г. Яўгенія Лінёва канчаткова вярнулася на радзіму. З 1902 г. яна стала членам Музычна-этнаграфічнай камісіі пры Таварыстве аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (ТАПАЭ). Многа працуе, няспынна пераязджае з адной губерні ў другую, з вёскі ў вёску, запісвае народныя песні. Першая ў Расіі стала выкарыстоўваць фанограф — прыбор для запісу і прайгравання гуку, які быў прыдуманы Т. Эдысанам у 1877 г. Была піянерам нотнай расшыфроўкі гуказапісу.


Частка гэтых песень (велікарусаў) была выдадзена Акадэміяй навук («Русские народные песни», 1904), іншую частку (маларусаў) рыхтавала да выдання «Музычная камісія» пры ТАПАЭ, сакратаром якой была Я. Э. Лінёва. У 1906 г. Яўгенія Эдуардаўна была адной з удзельніц стварэння Маскоўскай народнай кансерваторыі, у якой пасля выкладала, падрыхтавала для навучэнцаў метадычныя дапаможнікі. Народная кансерваторыя ставіла сваёй мэтай музычнае асветніцтва шырокіх колаў працоўных. У 1911 г. Я. Э. Лінёва ўдастоена малога сярэбранага медаля за сваё паведамленне ў аддзяленні этнаграфіі «Напевы духовных христиан: молокан, духоборов, новоизраиля».


У гэтых бясконцых паездках і запісах прайшло астатняе жыццё ўраджэнкі Брэст-Літоўска. Напярэдадні Першай сусветнай вайны яна паспела пабываць у Аўстра-Венгрыі, дзе запісала харвацкія і славацкія народныя песні. Як лічаць спецыялісты, фалькларысты і этнографы, архіў запісаных Я. Э. Лінёвай народных песень да гэтага часу да канца не вывучаны.


Я. Э. Лінёва памерла 24 студзеня 1919 г. у Маскве.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

1.    Лінёва (дзявочае Папрыц) Яўгенія Эдуардаўна / Т. В. Варфаламеева // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 268.
2.    Лінёва (дзявочае Папрыц) Яўгенія Эдуардаўна / Т. В. Варфаламеева // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 258.
3.    Линёва Евгения Эдуардовна // Музыкальная энциклопедия : в 6 т. Москва, 1976. Т. 3. С. 274.
4.    Линёва (урожд. Паприц) Евгения Эдуардовна // Большая советская энциклопедия : в 30 т. 3-е изд. Москва, 1973. Т. 14. С. 456.
5.    Линёва Евгения Эдуардовна / Г. Г. Шаповалова // Славяноведение в дореволюционной России : биобиблиогр. словарь. Москва, 1979. С. 219–220.
6.    Линёва Евгения Эдуардовна / Т. Н. Ливанова // Музыкальная энциклопедия. Москва, 1976. Т. 3. С. 274.
7.    Канн-Новикова, Е. Собирательница русских народных песен Евгения Линёва / Елизавета Канн-Новикова ; [ред. и предисл. Е. В. Гиппиуса]. – Москва, 1952. – 183 с.
8.    Двадцать русских народных песен в ранних звукозаписях Е. Линевой, М. Пятницкого, З. Эвальд, Е. Гиппиуса : 1897–1935 / составление, нотирование и общая редакция Е. В. Гиппиуса. – Москва, Советский композитор, 1979. – 68 с.
9.    Великорусские песни в народной гармонизации. [В 2 вып.]. Вып. 1 / записи Е. Линёвой ; тексты под ред. Ф. Е. Корша. – Санкт-Петербург : Императорской академии наук, 1904. – 90 с.
10.    Великорусские песни в народной гармонизации. [В 2 вып.]. Вып. 2. Песни новгородские / записи Е. Линёвой ; тексты под ред. Ф. Е. Корша. – Санкт-Петербург : Императорской академии наук, 1909. – 65 с
11.    Глазов, В. Певица Евгения Линёва : оперная сцена, переписка с Энгельсом и славянский фольклор / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2013. 31 октября (№ 44). С. 20.
12.    Смирнов, Д. Экспедиции Е. Линевой в новгородскую губернию / Д. Смирнов // Музыкальная академия. 2011. № 2. С. 126–132.
13.    Зелов, Н. Соратницы революционеров / Н. Зелов // Советская музыка. 1970. № 11. С. 152–153.
14.    Линёва, Е. Э. Песни старой деревни : из писем Е. Линёвой / Е. Э. Линёва // Советская музыка. 1955. № 3. С. 78–81.
15.    Аксюк, С. Евгения Линёва / С. Аксюк // Советская музыка. 1954. № 12. С. 45–49.
16.    Канн-Новикова, Е. Собирательница народных песен Евгения Линёва / Е. Канн-Новикова // Советская музыка. 1948. № 7. С. 42–49.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1345 разоў Апошняя змена Аўторак, 27 Красавік 2021 11:50