Чацвер, 14 Люты 2019 08:45

7 сакавіка 2019 г. — 50 гадоў з дня нараджэння Ірыны Мікалаеўны Ляшкевіч (1969), настаўніцы музыкі, паэткі, збіральніцы і выканаўцы старадаўніх палескіх песень, кіраўніка ўзорнага дзіцячага фальклорнага аб’яднання «Згадка»

Ірына Мікалаеўна Ляшкевіч нарадзілася 7 сакавіка 1969 г. у вёсцы Мачуль Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Мачульскай школе, у доме было шмат кніг. З дзяцінства Ірына ведала мноства беларускіх паэтаў, дэкламавала вершы, любіла спяваць.

Закончыўшы Мачульскую васьмігодку, а потым Рамельскую сярэднюю школу, па парадах родных паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. У студэнцкі час была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Пасля заканчэння інстытута зразумела, што бухгалтарам ці эканамістам ёй не быць. Вярнулася ў родную вёску, пайшла працаваць у Мачульскую школу настаўнікам музыкі, бо за плячамі была даволі добрая музычная адукацыя, атрыманая ў Альшанскай дзіцячай музычнай школе.

Вершы Ірына Ляшкевіч пачала пісаць у сярэдзіне 1990-х. Першыя яе вершы былі надрукаваны ў столінскай раённай газеце «Навіны Палесся». Паэтку натхняе і родная прырода, і любімая вёска, лес і рэчка Моўства, натхняюць дзеці, беларуская мова і народная творчасць. У 1998 г. паэтка заняла трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе паэтаў і празаікаў «Дэбют». У 2000 г. у бібліятэчцы часопіса «Маладосць» выйшаў яе першы паэтычны зборнік «Сувой», які быў прыхільна сустрэты чытачамі і крытыкамі.

З 2004 г. Ірына Ляшкевіч — член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яе творы з’яўляюцца на старонках абласных і рэспубліканскіх газет і часопісаў — «Маладосць», «Крыніца», «Роднае слова», у штотыднёвіку «ЛіМ», лунінецкім альманасе «Вытокі», брэсцкім альманасе «Жырандоля», украінскім альманасе «Бурштынавы край». На творчым рахунку ёсць розныя па велічыні вершы, ёсць трыялеты, ёсць падобныя на рамансы, шмат чытарохрадкоўяў філасофскай тэматыкі.

У 2018 г. Ірына Ляшкевіч з вершам «Развітаецца травень калінаю белай...» перамагла ў паэтычнай гульні «Верш пра каханне: конкурс на прызы „Амерыканкі“». У мінскім выдавецтве «Кнігазбор» убачыла свет чарговая кніга вершаў «Вас я чакала» (2018), у якую ўвайшлі вершы як новыя, так і выбраныя з першага зборніка, гэта шчырая размова з чытачом аб тым, чым поўніцца сучаснае вясковае жыццё жанчыны-творцы.
Імя Ірыны Ляшкевіч вядома ў культурных колах Брэстчыны і па-за яе межамі. Паэтка працягвае традыцыі беларускага настаўніцтва і беларускай вясковай літаратуры. Ад прыроды надораная талентам, жанчына стараецца захоўваць гэты шчодры падарунак: піша вершы, апавяданні, збірае і выконвае старадаўнія палескія песні, займаецца ўзнаўленнем мясцовых абрадаў. На вершы Ірыны Мікалаеўны мясцовыя музыканты пішуць музыку. У яе чацвёра дзяцей — Вольга, Барыс, Марыя і Таццяна, якія таксама прыгожа спяваюць і спрабуюць пісаць вершы.

У лістападзе 1989 г. І. М. Ляшкевіч арганізавала пры школе дзіцячы фальклорны калектыў «Згадка». Узрост удзельнікаў — ад 9 да 15 гадоў. Спачатку спявалі песні розных рэгіёнаў Беларусі, затым перавагу аддалі мясцовым творам. Акампаніруе на баяне сама кіраўніца. Удзельнікі ладзяць фальклорныя пастаноўкі, каб захаваць абрады палешукоў. Выступалі ў раёне, удзельнічалі ў фальклорных святах і фестывалях па Беларусі, ездзілі выступаць у Мінск, Украіну і Польшчу. У 2011 г. «Згадка» ўдастоена ганаровага звання «ўзорны». Праз творчы калектыў атрымалі выхаванне больш за 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. Цяпер гэта ўзорнае дзіцячае аб’яднанне аматараў фальклору «Згадка» Мачульскага сельскага Дома фальклору.

Ірына Мікалаеўна сабрала на Палессі шмат традыцыйных песень, але не ўсе яны падыходзяць да выканання дзіцячым калектывам. Разам з сяброўкамі Анжэлай Ляшкевіч і Таццянай Нагар у 2015 г. стварыла гурт «Каляжанкі», які выконвае ў асноўным акапэльна старадаўнія песні Палесся. І. М. Ляшкевіч з’яўляецца сябрам творчага клуба педагогаў «Натхненне» пры Столінскім раённым вучэбна-метадычным кабінеце.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

В. Ю. Трапец, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Творы І. М. Ляшкевіч

  1. Вас я чакала : кніга вершаў / Ірына Ляшкевіч. – Мінск : Кнігазбор, 2018. – 122 с. – (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» ; вып. 107).
  2. Сувой : вершы / Ірына Ляшкевіч. –  Мінск : Дом друку, 2000. – 31 с. – (Б-ка часопіса «Маладосць»).
  3. «...Домоў ворочайса» : [апавяданне] / Ірына Ляшкевіч // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2018. № 10. С. 43–47.
  4. «Вас я чакала, пэўна, Вас...» ; «Ці гэта сон? Ці лёс жартуе?...» ; «Мне важна ведаць, што вы ёсць...» : [вершы] / Ірына Ляшкевіч // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2018. № 10. С. 5–7.
  5. Хвіліны шчаснасці : [цыкл вершаў] / Ірына Ляшкевіч // Новы Час. 2018. 26 кастрычніка (№ 39). С. 11.
  6. Кава і вершы ў пасцель ; «Яшчэ ўладарыць сон над тваім целам...» ; «Буду сніць цябе зорнаю ноччу...» : [вершы] / Ірына Ляшкевіч // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2017. № 9. С. 3–4.
  7. Трыялет ; «Я блукала па ўсіх раздарожжах» ; «Недзе за вёскаю статак» ; «Вярбовая дарога да сяла» ; «Не ад шчасця паэтка пяе» : [вершы] / Ірына Ляшкевіч // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2008. № 1. С. 119–121.
  8. Агеньчык на змярцвелым голлі : апавяданне / Ірына Ляшкевіч // Звязда. 2000. 19 студзеня. С. 8.
  9. Дзеду Яну : (з кнігі «Сувой») ; Дзед-пчаляр : вершы / Ірына Ляшкевіч // Навіны Палесся. Столін, 2013. 31 мая. С. 12.
  10. Жыццё, як пуга, хвошча, свішча… ; Мы!.. Мы?.. Мы... Мы... : вершы / Ірына Ляшкевіч // Навіны Палесся. Столін, 2013. 7 сакавіка. С. 4.
  11. З глыбінкі Прыгарыння : [выйшла ў свет кніга Леаніда Раманенкі «З глыбінкі Прыгарыння»] / Ірына Ляшкевіч // Заря. 2006. 11 мая. С. 7.
  12. Мне зноў згадаўся цёплы ранак ; «Не абрывай каліну рана...» ; «Астыласць. Аціхласць. Аголенасць…» ; «Шчаслівая і тым...» ; «Кружэлка ўспамінаў мінорам тугі...» : вершы / Ірына Ляшкевіч // Роднае слова. 2001. № 5. С. 107.
  13. Развітаецца травень калінаю белай : верш / Ірына Ляшкевіч // Навіны Палесся. Столін, 2017. 1 верасня. С. 9.
  14. У купальскіх росах... : верш / Ірына Ляшкевіч // Навіны Палесся. Столін, 2011. 22 сакавіка. С. 4.
  15. У рачулцы бы ў люстэрку : верш / Ірына Ляшкевіч // Навіны Палесся. Столін, 2011. 18 сакавіка. С. 13.
  16. У сутонні вечаровым : верш / Ірына Ляшкевіч // Гаспадыня. 2000. № 3. С. 24.
  17. Хата : апавяданне / Ірына Ляшкевіч // Вечерний Столин. 2001. № 2. С. 8.
  18. Я не тая, не тая падбітая птушка : вершы / Ірына Ляшкевіч // Заря. 2002. 4 мая. С. 10.

Аб жыцці і дзейнасці І. М. Ляшкевіч

  1. Ірына Ляшкевіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. С. 542–543.
  2. Ірына Ляшкевіч // Літаратурная Берасцейшчына / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск : Литература и Искусство, 2008. С. 306.
  3. Ляшкевіч Ірына Мікалаеўна // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : БЕЛТА, 2003. С. 518.
  4. Царык, Л. Прымі мяне такой, якая ёсць… : [пра мерапрыемства, прысвечанае творчасці паэткі І. Ляшкевіч, у раённай бібліятэцы] / Лідзія
  5. Царык // Навіны Палесся. Столін, 2019. 25 студзеня. С. 12.
  6. Колеры : новыя выданні на кніжных паліцах «Дзеяслова» : [кароткія звесткі аб зборніку паэзіі І. Ляшкевіч «Вас я чакала»] // Дзеяслоў. 2018. № 5. С. 279–280.
  7. Янкiна, А. Жыццё — гэта «Згадка» : [пра дзiцячае аб’яднанне аматараў фальклору «Згадка» з в. Мачуль; кіраўнік І. Ляшкевіч] / Анастасiя Янкiна // Навiны Палесся. Столiн, 2011. 14 кастрычніка. С. 4.
  8. Сеген, Т. Паэтычна-песенны вечар : [паэтэса І. Ляшкевіч] / Таццяна Сеген // Навіны Палесся. Столін, 2009. 6 сакавіка. С. 3.
  9. Таболiч, С. Не замрэ душа ў народа : [пра дзіцячае фальклорнае аб’яднанне «Згадка» з в. Мачуль Столінскага раёна] / Святлана Таболiч // Народная трыбуна. 2007. 15 снежня. С. 9.
  10. Дзве зорачкі : [у Саюз беларускіх пісьменнікаў прынята Ірына Ляшкевіч] // Народная трыбуна. 2004. 24 красавіка.
  11. Прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў : [настаўніца Мачульскай школы Ірына Ляшкевіч, паэтэса] // ЛіМ. 2004. 2 красавіка. С. 5.
  12. Жылевiч, У. Голаўнае — талент : [пра настаўніцу, кіраўніцу гурткоў Мачульскай базавай школы І. М. Ляшкевіч] / У. Жылевiч // Навiны Палесся. Столiн, 2000. 15 лiстапада.
  13. Сеген, Т. Дзiцячае аб’яднанне аматараў фальклору «Згадка» : [кіраўнік І. Ляшкевіч] / Таццяна Сеген // Навiны Палесся. Столiн, 2000. 1 лiстапада.
  14. Раманенка, Л. Паэтку пачулі не толькі ў Мачулі : [Ірына Ляшкевіч] / Л. Раманенка // Белорусская Нива. 2000. 20 сентября. С. 4.
  15. Прэзентацыя кнiгi : [аб прэзентацыі кнігі вершаў І. Ляшкевіч «Сувой» у раённай бібліятэцы] // Навiны Палесся. Столiн, 2000. 19 жніўня.
  16. Вайсёнак, Ю. «Сувой» : [пра кнігу вершаў І. Ляшкевіч] / Ю. Вайсёнак // ЛіМ. 2000. 4 жніўня. С. 6.
  17. Яскавец, Л. «Сувой» : [рэцэнзія на першую кнігу вершаў І. Ляшкевіч] / Л. Яскавец // Навіны Палесся. Столін, 2000. 2 жніўня. С. 3.
  18. Дашкевіч, В. Знічка : [пра настаўніцу, паэтку І. Ляшкевіч з в. Мачуль] / В. Дашкевіч // Вечерний Столин. 2000. 11 марта. С. 2.
Чытаць 2451 разоў Апошняя змена Пятніца, 05 Люты 2021 15:46