Пятніца, 15 Сакавік 2019 11:33

19 сакавіка 2019 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Васіля Іванавіча Сянкевіча (1959), беларускага мовазнаўца, доктара філалагічных навук (1997), прафесара (2000)

Васіль Іванавіч Сянкевіч нарадзіўся 19 сакавіка 1959 г. на хутары Паянтрый бліз вёскі Асіпавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькі працавалі ў калгасе, бацька — трактарыстам, а маці, Алена Міхайлаўна, была перадавой даяркай. З ранняга дзяцінства вучылі сыноў — Мікалая і Васіля — сумленнасці і прыстойнасці, павагі да людзей і любові да роднай зямлі.

Старэйшы брат Мікола з захапленнем чытаў кнігі, яго вабіла навакольная прырода. У душы вясковага хлопчыка пасяліўся паэт-лірык, ён рана пачаў пісаць вершы. А вось як успамінае пра малодшага брата Васіля яго класны кіраўнік, настаўніца гісторыі, Любоў Мацвееўна Тарасюк: «Васю ў класе ўсе любілі. Ён быў вельмі чулым хлопчыкам, заўсёды гатовым падставіць плячо аднакласнікам. Да таго ж, Вася адрозніваўся добрай памяццю. На ўроках гісторыі ён слова ў слова паўтараў апублікаваныя ў газетах матэрыялы партыйнага з’езда…». Васіль удзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах класа і школы. Любіў мастацкую літаратуру, шмат чытаў, быў эрудыраваным хлопчыкам.

Вася Сянкевіч захапляўся лёгкай атлетыкай, кідаў дыск і штурхаў ядро. Аднойчы на спаборніцтвах у Антопалі яго запрыкмеціў трэнер з рэспубліканскай спартыўнай школы. Бацькі не хацелі адпускаць сына ў сталіцу, але трэнер іх угаварыў. Два гады правёў Васіль ў Мінску. Адчуўшы, што спартсменам яму не стаць, вярнуўся ў сваю вёску Навасёлкі і ў родную Асіпавіцкую школу.

У 1976 г. Васіль Сянкевіч паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна, які ў 1980 г. закончыў на выдатна. Падчас вучобы напісаў дыпломную працу па лінгвістычнай тэрміналогіі, і дзяржаўная камісія пакінула яго на кафедры ў якасці выкладчыка.

У 1984 г. паступіў у аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР. В. І. Сянкевіч абараніў кандыдацкую дысертацыю «Категория оценки в белорусском и русском языках» (1987). Малады кандыдат філалагічных навук неўзабаве атрымаў званне дацэнта, з 1992 г. узначаліў кафедру беларускай і рускай моў з методыкай выкладання педагагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна.

Навука зачароўвала яго, клікала да адкрыцця новых гарызонтаў. Даследаваў праблемы прагмалінгвістыкі, семантыкі беларускай, польскай і рускай моў. У 1991 г. паступіў у дактарантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, абараніў доктарскую дысертацыю «Семантыка і прагматыка рэферэнцыяльных адносін у беларускай мове» (1996).

Доктар філалагічных навук (1997), член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі (1998) В. І. Сянкевіч свае веды і вопыт перадае студэнтам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Заслужыў званне прафесара (2000), стварыў навуковую школу намінатыўнай і функцыянальнай лінгвістыкі, напісаў больш за 80 навуковых прац.

Брат, Мікалай Іванавіч Сянкевіч (1957), працаваў настаўнікам малодшых класаў у школах, старшым выкладчыкам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, карэспандэнтам абласной газеты «Народная трыбуна»; аўтар артыкулаў па праблемах выхавання малодшых школьнікаў. Мікола Сянкевіч — член Саюза беларускіх пісьменнікаў (2006), выдаў чатыры зборнікі прозы і вершаў, лаўрэат Берасцейскай літаратурнай мядовай прэміі (2016).

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Елісеева Валянціна Уладзіміраўна, бібліёграф ІІ кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Працы В. І. Сянкевіча

  1. Теория и практика обучения русскому языку как иностранному и другим лингвистическим дисциплинам в высшей школе : сборник научных статей / Учреждение образования «Брестский государственный технический университет», Учреждение образования «Брестский государственный университет им. А. С. Пушкина» ; [редакционная коллегия: Т. Н. Рахуба, З. М. Заика ; рецензенты: Е. А. Абрамова, В. И. Сенкевич]. – Брест : [б. и.], 2015. – 103 с.
  2. Имя и слово : (проблемы семантико-прагматического взаимодействия в славянских языках) : материалы международной научной конференции, 19–20 апреля 2007 года : в 2 ч. / под общей редакцией В. И. Сенкевича. – Брест : БрГУ, 2007. – 2 ч.
  3. Фонетика и фонология русского языка : учеб. пособие для студентов филол. специальностей учреждений, обеспечивающих получение высш. образования / В. И. Сенкевич ; Учреждение образования «Брестский государственный университет им. А. С. Пушкина». – Брест : БрГУ, 2004. – 172 с.
  4. Семантыка і прагматыка беларускай мовы / В. І. Сянкевіч ; [навуковы рэдактар А. М. Булыка] ; Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна. – Брэст : [б. в.], 1995. – 213 с.
  5. Пачатковая адукацыя і выхаванне: праблемы, пошукі, знаходкі. Вып. 3 : штогадовы зборнік навуковых прац / Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна, Педагагічны факультэт ; [пад рэдакцыяй М. П. Осіпавай, В. І. Сянкевіча, Т. А. Кавальчук]. – Брэст : [б. в.], 1996. – 139 с.
  6. Семантыка і прагматыка рэферэнцыяльных адносін у беларускай мове : аўтарэферат дысертацыі ... доктара філалагічных навук / В. І. Сянкевіч ; АН Беларусі, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа. – Мінск, 1996. – 32 с.
  7. Семантыка і прагматыка рэферэнцыяльных адносін у беларускай мове : дысертацыя … доктара філалагічных навук / В. І. Сянкевіч ; АН Беларусі, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа. – Минск, 1996. – 197 с.
  8. Семантыка і прагматыка беларускай мовы / В. І. Сянкевіч ; навук. рэд. А. М. Булыка. – Брэст : БрДПІ імя А. С. Пушкіна, 1995. – 214 с.
  9. Категория оценки в белорусском и русском языках : (на материале названий лица) : диссертация … кандидата филологических наук / Василий Иванович Сенкевич ; АН БССР, Ин-т языкознания им. Я. Коласа. – Минск, 1987. – 213 с.
  10. Категория оценки в белорусском и русском языках : на материале названий лица : автореферат диссертации ... кандидата филологических наук / Сенкевич Василий Иванович ; Академия наук Белорусской ССР, Ин-т языкознания им. Я. Коласа. – Минск, 1987. – 23 с.
  11. Номинативная референция и категоризация: антитеза культуры и искусства / В. И. Сенкевич // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 3. Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. 2013. № 1. С. 18–24.
  12. Не пакiдайце ж мовы нашай беларускай! : (лiнгвафiласофскае эсэ) / В. I. Сянкевiч // Асоба i творчасць Ф. Багушэвiча ў прасторы i часе : зб. навук. арт. да 170-годдзя з дня нараджэння Ф. Багушэвіча. Брэст, 2010. С. 148–153.
  13. Ступенi далучэння малодшых школьнiкау да лiтаратурнай творчасцi / В. I. Сянкевiч // Выкарыстанне актыўных метадаў навучання на ўроках мовы i лiтаратурнага чытання. Брэст : Альтернатива, 2010. С. 87–91.
  14. Лингвистический институционализм / В. И. Сенкевич // Веснiк Брэсцкага ўнiверсiтэта. Серыя філалагічных навук. 2009. № 2. С. 130–140.
  15. Перыфраза як маўленчы прыём інтэрпрэтуючай катэгарызацыі / В. І. Сянкевіч // Веснiк Брэсцкага ўнiверсiтэта. Серыя філалагічных навук. 2009. № 1. С. 140–148.
  16. Мова непаразуменняў / В. I. Сянкевiч // Веснiк Брэсцкага ўнiверсiтэта. Серыя фiлалагічных навук. 2008. № 2. С. 137–142.
  17. Моўная асоба і этнічны тып палешука / В. І. Сянкевіч // Прыроднае асяроддзе Палесся: асаблівасці і перспектывы развіцця : матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, Брэст, 16–18 чэрвеня 2004 г. : у 2 ч. Брэст, 2004. Ч. 2. C. 571–576.

Аб жыцці і дзейнасці В. І. Сянкевіча

  1. Сянкевіч Васіль Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 350.
  2. Сенкевич Василий Иванович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 634.
  3. Васіль Іванавіч Сянкевіч // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 436.
  4. Сянкевіч Васіль Іванавіч ; Сянкевiч Мiкалай Iванавiч // Прафесарска-выкладчыцкi калектыў Брэсцкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя А. С. Пушкiна : бiябiблiяграфiчны даведнiк, 1945–2005. Брэст, 2005. С. 206–207.
  5. Грицук, Н. Прокосы братьев Сенкевичей : [о Василии и Николае Сенкевичах] / Нина Грицук ; фото Ивана Леончика // Драгічынскі веснік. 2015. 12 снежня. С. 14.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1683 разоў Апошняя змена Пятніца, 05 Люты 2021 15:49