Панядзелак, 08 Красавік 2019 13:17

1 чэрвеня 2019 г. — 5 гадоў з дня адкрыцця філіяла раённага музейнага комплексу Напалеона Орды «Карцінная галерэя Аляксея Кузьміча» ў в. Махро (Іванаўскі р-н; 2014)

За гады плённай дзейнасці беларускага жывапісца Аляксея Васільевіча Кузьміча (1945–2013) назапасіліся тысячы палотнаў. Нямала яго работ захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускага саюза мастакоў, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, у прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой. Але ж асноўная маса твораў працягвала заставацца ў майстэрні, і мастак быў апантаны думкай аб стварэнні Храма Мадонны — своеасаблівай карціннай галерэі, куды б ён перадаў свае работы.

Аляксей Кузьміч увайшоў у гісторыю мастацтва, напісаўшы самую вялікую ў свеце калекцыю работ з вобразам Мадонны і стварыўшы знакаміты цыкл «Мадонны, якія плачуць». Праз вобразы зямных Мадоннаў мастак увасобіў ідэалы дабрыні, чысціні і прыгажосці, сімвалы жыцця і адраджэння славянскай духоўнасці. Ён стварыў дзясяткі цыклаў: «Мадонны, якія сышлі з нябёсаў», «Залатыя Мадонны», «Сярэбраныя Мадонны» і інш.

Пасля зыходу жывапісца, ініцыятарам стварэння галерэі стаў яго сын, Аляксей Аляксеевіч Кузьміч, які лічыць сваім доўгам увекавечыць спадчыну знакамітага бацькі і рэалізаваць яго незавершаныя справы. Іванаўскі райвыканкам (старшыня Юрый Юр’евіч Бісун) падтрымаў ідэю стварэння персанальнай карціннай галерэі на малой радзіме мастака — у вёсцы Махро Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, дапамог з фінансамі з бюджэту і прыцягненнем спонсараў. У рэалізацыі праекта прынялі ўдзел Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, сям’я мастака. Галерэя, якую ўладкавалі на базе Махроўскага сельскага дома культуры, стала філіялам раённага музейнага комплексу Напалеона Орды.

1 чэрвеня 2014 г., у дзень нараджэння мастака, адбылося ўрачыстае адкрыццё карціннай галерэі Аляксея Кузьміча. На мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнікі раёна і вобласці, грамадскасць, прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, сябры і сваякі мастака. Першую экскурсію правёў А. А. Кузьміч, куратар праекта.

У глядзельнай зале Махроўскага СДК прайшоў вечар-партрэт А. В. Кузьміча «Я вярнуўся дамоў», на які сабраліся больш за паўтысячы гасцей. Сярод іх мастацтвазнавец Галія Фатыхава, старшыня Мінскага філіяла Міжнароднай Кірыла-Мяфодзіеўскай акадэміі Любоў Шумская, пісьменнік Уладзімір Ліпскі, паэт Андрэй Скарынкін і многія іншыя вядомыя асобы.

Для галерэі ў Доме культуры выдзелена 120 кв. м. Экспазіцыя складаецца з вялікай залы, прысвечанай творчай спадчыне А. В. Кузьміча, малой — творчасці мясцовых мастакоў. Зала А. В. Кузьміча разбіта на некалькі сектараў па тэмах і перыядах яго творчасці. Створаны мемарыяльны куток з асабістымі рэчамі і прадметамі з майстэрні мастака: мальберт, эцюднік, фарбы і пэндзлі, працоўны інструмент, кнігі і часопісы з дароўнымі надпісамі.

У галерэі Аляксея Кузьміча прадстаўлены Мадонны розных цыклаў, палескія краявіды, нацюрморты, партрэты музы і жонкі Інэсы Iосiфаўны, сям’і мастака. Захоўваюцца каля паўсотні псіхалагічных партрэтаў. Мастаку пазіравалі акцёры, рэжысёры, пісьменнікі і іншыя вядомыя творчыя асобы: Барыс Луцэнка, Марыя Захарэвіч, Стэфанія Станюта, Галіна Макарава, Уладзімір Ліпскі, Міхаіл Пташук, Уладзімір Гасцюхін, Мікалай Яроменка… Асабліва ўражвае партрэт маці мастака — Аляксандры Максімаўны.

Асноўная дзейнасць галерэі накіравана на захаванне і папулярызацыю творчай спадчыны мастака А. В. Кузьміча. Галоўнымі задачамі супрацоўнікаў галерэі, якая стала турыстычнай славутасцю Іванаўшчыны, з’яўляюцца навукова-асветніцкая, гісторыка-культурная, адукацыйная і выставачная дзейнасць. У цяперашні час вядуцца работы па пашырэнні карціннай галерэі і стварэнні залаў часовых экспазіцый.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. В кругу «Полесских Мадонн» // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 668–669.
  2. Алексей Кузьмич. Творец возвышенных Мадонн : эссе, воспоминания, публикации, откровения / [сост. А. А. Кузьмич]. – Минск : Мастацкая літаратура, 2015. – 238 с., [40] л. цв. ил.
  3. Міхальчук, В. Музей не выходзячы з хаты : [інтэрактыўная 3D-панарама карціннай галерэі А. Кузьміча ў в. Махро] / Валерый Міхальчук // Янаўскі край. Іванава, 2018. 26 кастрычніка. С. 2.
  4. Чэмер, М. Махро: Аляксей Кузьміч і Анатоль Рубановіч : [пра школьны народны гісторыка-краязнаўчы музей Махроўскай СШ Іванаўскага раёна] / Мікола Чэмер // Настаўніцкая газета. 2018. 1 верасня. С. 15.
  5. Аскера, В. Вандроўка па Янаўскім краі: мясціны і асобы / Вікторыя Аскера // ЛіМ. 2018. 31 жніўня (№ 34). С. 4–5.
  6. Кривецкая, Н. В поисках талантов : [филиал «Картинная галерея А. Кузьмича» в д. Мохро проводит творческий конкурс-выставку «Современные творцы Ивановщины»] / Наталья Кривецкая // Заря. 2018. 28 апреля. С. 2.
  7. Саломка, І. Тут сэрцу мілы кут : [у карціннай галерэі А. Кузьміча ў в. Махро адсвяткавалі Міжнародны дзень музеяў] / Ірына Саломка // Янаўскі край. Іванава, 2017. 30 мая. С. 4.
  8. Завадская, И. Мир входящим : [воспоминания об отце, художнике Алексее Васильевиче Кузьмиче, его сына Алексея Кузьмича] / Ирина Завадская // Советская Белоруссия. 2016. 23 января. С. 16.
  9. Васілеўскі, П. Першы крок да Музея мадоннаў : [аб дзейнасці мастацкай галерэі Аляксея Кузьміча ў в. Махро Іванаўскага раёна] / Пётра Васілеўскі // Культура. 2015. 19 снежня. С. 5.
  10. Кит, А. Благодарный сын — о гениальном отце : в Минске презентована книга «Алексей Кузьмич. Творец возвышенных Мадонн» / Антонина Кит // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 18 снежня. С. 5.
  11. Войцік, М. Жанчына, якая сышла з нябёсаў : [аб прэзентацыі кнігі «Алексей Кузьмич. Творец возвышенных Мадонн», нарадзіўся у в. Махро Іванаўскага раёна] / Марыя Войцік // ЛіМ. 2015. 11 снежня. С. 9.
  12. Люковіч, Т. Жыццё ўсё дамалюе... : [аб адкрыцці мастацкай галерэі Аляксея Кузьміча ў в. Махро Іванаўскага раёна] / Тамара Люковіч // ЛіМ. 2015. 29 мая (№ 21). С. 13 : фат.
  13. Бунта, Т. Інэса Кузьміч: «Мы з мужам былі блізкія душы...» : [пра творчасць мастака А. Кузьміча; аб адкрыці карціннай галерэі А. Кузьміча ў в. Махро Іванаўскага раёна] / Тамара Бунта // Звязда. 2015. 22 студзеня. С. 4.
  14. Лысенко, З. Свет его души — в его полотнах : [о торжественном открытии художественной галереи в д. Мохро] / Зоя Лысенко // Нёман. 2014. № 10. С. 190–196.
  15. Будзевіч, А. Вяртанне па дарозе жывапісу : адкрыццё мастацкай галерэі Аляксея Кузьміча : [в. Махро Іванаўскага раёна] / Аліна Будзевіч // Мастацтва. 2014. № 8. С. 13.
  16. Адкрылася мастацкая галерэя Аляксея Кузьміча : [аб адкрыцці карціннай галерэі А. Кузьміча ў в. Махро Іванаўскага раёна] // Алеся. 2014. № 7. С. 17.
  17. Рагін, Я. Сам-насам з Мадоннай : [як ствараюцца вясковыя галерэі: вопыт сяла Махро] / Яўген Рагін // Культура. 2014. № 13. С. 12.
  18. Фатыхава, Г. Мадонны для землякоў Кузьміча / Галіна Фатыхава // ЛіМ. 2014. 11 ліпеня (№ 27). С. 13.
  19. Алейникова, Н. Галерея Алексея Кузьмича открылась на родине художника : [музей «Храм Мадонны» открылся на базе Дома культуры д. Мохро Ивановского района] / Наталья Алейникова // Брестский курьер. 2014. 12 июня (№ 24). С. 10.
  20. Куницкий, П. Галерея Мадонн : [художественное наследие А. Кузьмича вернулось на его малую родину] / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2014. 6 июня. С. 7.
  21. Федорук, М. Его мадонны — свет небесный : [открытие галереи, посвящённой А. Кузьмичу, в д. Мохро] / Мария Федорук // Чырвоная звязда. Іванава, 2014. 6 чэрвеня. С. 1, 5.
  22. Котковец, А. «Я вернулся домой...» : [об открытии картинной галереи живописца Алексея Кузьмича в д. Мохро Ивановского района] / Алла Котковец ; фото Марии Федорук // Заря. 2014. 3 июня. С. 5.
  23. Музей на малой родине : [открытие художественной галереи, посвящённой А. Кузьмичу, в д. Мохро] // Народная газета. 2014. 30 мая. С. 8.
  24. Попова, В. Мадонны приземлились на Припяти : [открытие галереи А. Кузьмича в д. Мохро] / В. Попова // Советская Белоруссия. 2014. 29 мая. С. 11.
  25. Федорук, М. Мадонны поселятся в Мохро : [персональная галерея известного белорусского живописца А. Кузьмича распахнёт свои двери для посетителей в июне 2014 г.] / Мария Федорук // Чырвоная звязда. Іванава, 2014. 23 мая. С. 7.
  26. Куц, Е. Памяти мастера : [о создании персональной художественной галереи живописца А. Кузьмича в д. Мохро Ивановского района] / Елена Куц // Заря. 2014. 20 мая. С. 5 : фот.
  27. «Мадонны» паселяцца ў Махро : [персанальная галерэя мастака А. Кузьміча расчыніць дзверы ў чэрвені на базе Дома культуры ў в. Махро] // Народная трыбуна. 2014. 28 сакавіка. С. 2.
  28. Кузьмич, А. Мадонны Алексея Кузьмича переселяются в галерею на Полесье : [о создании уникального музея «Храм Мадонны» на базе Дома культуры д. Мохро Ивановского района] / Алексей Кузьмич // Брестский курьер. 2014. 27 марта (№ 13). С. 32.
Чытаць 6147 разоў Апошняя змена Аўторак, 09 Люты 2021 15:47