Серада, 22 Май 2019 09:59

6 ліпеня 2019 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Сяргея Іванавіча Еўдашэнкі (1929–2009), акцёра і рэжысёра, заслужанага артыста БССР (1963)

Сяргей Іванавіч Еўдашэнка нарадзіўся 6 ліпеня 1929 г. у г. Адэсе Украінскай ССР. Пасля школы паступіў у Адэскае дзяржаўнае тэатральнае вучылішча, якое скончыў у 1950 г. Працаваў у Адэскім і Львоўскім тэатрах Савецкай арміі. З 1955 г. Сяргей Еўдашэнка — акцёр у Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя Ленінскага камсамола Беларусі.

За плённую акцёрскую і рэжысёрскую дзейнасць С. І. Еўдашэнку ў 1963 г. было прысвоена званне «Заслужаны артыст Беларускай ССР». У 1975 г. С. І. Еўдашэнка скончыў рэжысёрскую лабараторыю пры Маскоўскім тэатры імя У. Маякоўскага. У 1979–1981  і 1993–1995 гг. займаў пасаду галоўнага рэжысёра тэатра.

Акцёрскае мастацтва Сяргея Еўдашэнкі вылучалася інтэлектуальнасцю, аналітычным пранікненнем у чалавечыя характары, жыццёва-тэтральнай напоўненасцю. Найбольш ярка яго творчая індывідуальнасць раскрылася ў ролях сучаснага класічнага рэпертуару: доктар Яраш («Сэрца на далоні» І. Шамякіна); Паратаў («Беспасажніца» А. А. Астроўскага); палкоўнік Вяршынін («Тры сястры» А. Чэхава); інжынер Забелін («Крамлёўскія куранты» М. Пагодзіна); граф Альмавіва («Жаніцьба Фігаро» П. Бамаршэ); доктар Хігінс («Пігмаліён» Б. Шоу); Крэон («Антыгона» Ж. Ануя) і інш.

У 1966 г. Сяргей Іванавіч пачаў спрабаваць сябе ў якасці рэжысёра. Як рэжысёр імкнуўся да глыбокага раскрыцця і распрацоўкі фізічнай выразнасці персанажаў на сцэне. Гэта спектаклі: «І змоўклі птушкі…» І. Шамякіна, «Варвары» М. Горкага, «Пад адным дахам», «Купала» А. Дударава, «Калі конь страчвае прытомнасць» Ф. Саган, «Французскія страсці на падмаскоўнай дачы» Л. Разумоўскай, «Змяшаныя пачуцці» Р. Баэра, «Энергічныя людзі» В. Шукшына і інш. Нельга не адзначыць спектакль «Вернасць» па матывах вершаў Вольгі Бергольц, які быў паказаны ў Маскве ў 1975 г. у Міжнародны дзень тэатра і адзначаны сярод лепшых пастановак, прысвечаных 30-годдзю Перамогі.

Сярод работ рэжысёра-пастаноўшчыка С. І. Еўдашэнкі значнае месца займаюць п’есы беларускіх драматургаў: І. Шамякін «І змоўклі птушкі... », А. Макаёнак «Верачка», А. Куляшоў «Хамуціус», А. Дудараў «Пад адным дахам», «Купала», І. Чыгрынаў «Апраўданне крыві». Гэтыя спектаклі неаднаразова адзначаліся ў прэсе як важнейшыя падзеі ў тэатральным жыцці краіны.

Сяргей Еўдашэнка заўсёды знаходзіўся ў творчым пошуку. У 1999 г. упершыню ў Беларусі ён паставіў паэму А. Пушкіна «Гаўрыліяда». У 2001 г. — ажыццявіў пастаноўку спектакля «Я чакаю цябе, каханы...», у якім арыгінальна аб’яднаў дзве розныя п’есы: «Я чакаю цябе, каханы...» Д. Фо і «Фэн-Шуй» Ю. Камянецкага і Э. Шчадрына.

Таксама сярод яго рэжысёрскіх работ можна адзначыць спектаклі: «Казка зімовай ночы» паводле В. Васільева; «Рэвалюцыйны эцюд» паводле М. Шатрова; «Страшныя сны» паводле Л. Казлоўскага; «Свабодныя матылі» паводле Л. Герша; «Восем кахаючых жанчын» паводле Р. Тома; «Блэза і Мары» паводле К. Манье; «Сола для гадзінніка з боем» паводле О. Заграднік; «Бульварны раман» паводле Ю. Эдліс і інш.

У якасці акцёра за сваю творчую кар’еру выканаў каля 100 роляў, у якасці рэжысёра паставіў 48 спектакляў. З сур’ёзнай педагагічнай увагай Сяргей Іванавіч адносіўся да маладога акцёрскага пакалення тэатра, работа з ім маладых акцёраў і рэжысёраў была цудоўнай школай майстэрства. С. І. Еўдашэнка з’яўляўся захавальнікам высокіх традыцый тэатральнага мастацтва.

Разам з Сяргеем Іванавічам у Брэст прыехала яго жонка, Надзея Мацвееўна Еўдашэнка (Ганчарэнка). У 1950 г. скончыла Адэскае тэатральнае вучылішча, таксама ўсё жыццё прысвяціла Брэсцкаму драматычнаму тэатру. Актрыса шырокага творчага дыяпазону, выконвала гераічныя і характарныя ролі. У 1968 г. ёй было прысвоена званне «Заслужаная артыстка Беларускай ССР».

За сваю творчую працу С. І. Еўдашэнка быў адзначаны шматлікімі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкага гарвыканкама, упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама.

С. І. Еўдашэнка памёр 1 студзеня 2009 г., пахаваны ў Брэсце. У ліпені 2009 г. у музеі «Брэст тэатральны» СШ № 12 імя К. Губарэвіча г. Брэста была адкрыта мемарыяльная экспазіцыя акцёра і рэжысёра, прадстаўлены яго асабістыя рэчы, сцэнічныя касцюмы, пішучая машынка, рукапісы.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.
Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна
Юркевіч Жана Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

  1. Еўдашэнка Сяргей Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 384.
  2. Еўдашэнка Сяргей Іванавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2012. Т. 3. С. 595.
  3. Евдошенко Сергей Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 362.
  4. Евдошенко Сергей Иванович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 483.
  5. Еўдашэнка Сяргей Іванавіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2002. Т. 1. С. 403.
  6. Еўдашэнка Сяргей Іванавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 418–419.
  7. Еўдашэнка Сяргей Іванавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 388–389.
  8. Ганчарэнка (па мужу Еўдашэнка) Надзея Мацвееўна / Р. М. Бакіевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 35.
  9. Брэсцкi тэатр драмы i музыкi / Р. М. Бакіевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2002. Т. 1. С. 169–179.
  10. Брестский театр драмы и музыки / сост. Олеся Гришина. – Брест, 2004. – 42 с. : ил.
  11. Перепелица, К. И. Галера святых и грешных : [воспоминания актёра Брестского театра драмы] / К. И. Перепелица. – Минск : Четыре четверти, 2012. – 263, [3] с., [5] с. ил.
  12. Перепелица, К. И. Галера святых и грешных... : воспоминания / Константин Иванович Перепелица. – Брест : Изд-во С. Лаврова, 2002. – 321 с.
  13. Волчецкий, Л. П. Годы, спектакли, роли… : очерк о творческой деятельности Брестского областного драматического театра им. Ленинского комсомола Беларуси / Леонид Павлович Волчецкий. – Минск, 1974. – 159 с. : [6 л.] ил. – Из содерж.: С. Евдошенко. С. 68, 105, 106, 107, 121, 149.
  14. Нікіценкава, Л. П. Брэсцкі абласны тэатр драмы і музыкі / Л. П. Нікіценкава, У. І. Нікіценкаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 2. С. 578–582.
  15. Погодаева, В. В память об артисте : [об открытии экспозиции в память об актёре и режиссёре С. И. Евдошенко в музее «Брест театральный» СШ № 12 г. Бреста] / Виктория Погодаева // Заря. 2009. 18 июля. С. 7.
  16. Памяти актера : [в брестской СШ № 12 открылся мемориальный уголок Сергея Ивановича Евдошенко] // Вечерний Брест. 2009. 15 июля. С. 1.
  17. Перепелица, К. Дон Кихот брестской сцены : [о С. И. Евдошенко] / Константин Иванович Перепелица ; беседу записала Любовь Павлова // Брестский курьер. 2009. 9 июля (№ 28). С. 10.
  18. Евдошенко Сергей Иванович : [некролог] // Вечерний Брест. 2009. 9 января. С. 9.
  19. Евдошенко Сергей Иванович : [некролог] // Заря. 2009. 6 января. С. 6.
  20. Ковалёв, Ф. Виват театр, виват Актёр! / Филипп Ковалёв // Заря. 2009. 6 января. С. 6.
  21. Евдошенко, С. И. «Рано или поздно вернемся к Станиславскому» / Сергей Иванович Евдошенко ; спрашивала Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2004. 14 июля. С. 9.
  22. Евдошенко, С. И. Смешанные чувства : к юбилею заслуженного артиста РБ Сергея Евдошенко : [интервью с заслуженным артистом Республікі Беларусь, режиссёром и актёром Брестского театра драмы и музыки накануне 75-летия] / Сергей Евдошенко ; интервью подготовил Андрей Корсаков // Брестский курьер. 2004. 8 июля (№ 28). С. 9.
  23. Ковалёв, Ф. Вот идешь и светишь : [об актёре С. И. Евдошенко] / Филипп Ковалёв // Вечерний Брест. 2004. 2 июня. С. 4.
  24. Павлова, Л. Смешанные чувства и грустный юмор для всех : [о премьере спектакля «Смешанные чувства» театра драмы и музыки, постановка С. Евдошенко] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2004. № 18. С. 27.
  25. Перепелица, К. Маэстро, туш! Действие продолжается... : [о С. И. Евдошенко] / Константин Перепелица // Брестский курьер. 1999. 8 июля. С. 13.
  26. Урачыста і весела : [інфарм. пра юбілейны вечар С. І. Еўдашэнкі ў Брэсцкім тэатры драмы] / З. Д. // ЛіМ. 1996. 15 сакавіка. С. 10.
  27. Дудзюк, З. Азірнуцца разам : [пра творчы вечар С. І. Еўдашэнкі ў Брэсцкім тэатры драмы] / Зінаіда Дудзюк ; фота Юрыя Кускова // Культура. 1996. 6–12 сакавіка. С. 2.
  28. Евдошенко, С. И. Галлюцинация : [заслуженный артист БССР о своём творческом пути] / Сергей Иванович Евдошенко // Брестский курьер. 1996. № 5. С. 11.
  29. Глущенко, Т. 72 031 час в объятиях муз : [о вечере к 45-летию творческой деятельности С. И. Евдошенко, состоявшемся в театре драмы] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 1996. 2 февраля. С. 8.
  30. Высокае служэнне сцэне : [пра акцёра і рэжысёра С. І. Еўдашэнку] // Народная трыбуна. 1996. 27 студзеня.
  31. Евдошенко, С. Одичавшему Бресту вернули театр / С. И. Евдошенко ; [беседовал] В. Сарычев // Народная газета. 1995. 7 чэрвеня. С. 2.
  32. Еўдашэнка, С. Жыць плённаю любоўю / С. Еўдашэнка ; гутарку вяла З. Дудзюк // ЛіМ. 1994. 29 ліпеня. С. 11.
  33. Еўдашэнка, С. І. Тэатр — канарэйка ў клетцы : [інтэрв’ю з галоўным рэжысёрам Брэсцкага драматычнага тэатра] / Сяргей Іванавіч Еўдашэнка ; запісала Зінаіда Дудзюк // Народная трыбуна. 1994. 12 лютага.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1397 разоў Апошняя змена Панядзелак, 01 Люты 2021 11:03