Пятніца, 31 Май 2019 10:48

14 верасня 2019 г. — 80 гадоў з часу абароны Войскам Польскім Брэсцкай крэпасці на пачатку Другой сусветнай вайны (1939)

Дзеянні гітлераўскай Германіі 1938 г. былі пагрозай суверэнітэту Польшчы. У сакавіку 1939 г. штаб Войска Польскага пачаў перадыслакацыю войск з усходу бліжэй да польска-германскай граніцы, правёў частковую мабілізацыю. У чэрвені частка падраздзяленняў Брэсцкага гарнізона была перавезена па чыгунцы ў раёны мяркуемай абароны.

У жніўні стала відавочнай пагроза ваеннай агрэсіі, але польскі ўрад зноў адмовіўся ад падпісання дамовы з СССР, спадзяючыся толькі на Францыю і Англію. Была праведзена частковая мабілізацыя, а 31 жніўня пачалася ўсеагульная мабілізацыя. У г. Брэсце-над-Бугам (Брэст), які быў цэнтрам IХ (Палескай) вайсковай акругі, былі арганізаваны і разгорнуты запасныя часткі пяхоты, артылерыі і кавалерыі.

Фашысцкая Германія 1 верасня напала на Польшчу — пачалася Другая сусветнай вайна. 6 верасня штаб камандуючага войскамі Эдварда Рыдз-Сміглы i частка польскага ўрада пакінулі Варшаву і перанеслі галоўную стаўку ў Брэст-над-Бугам. Нямецкая разведка даведалася аб гэтым і на стаўку былi ўчынены налёты авіяцыі, пасля чаго стаўка 11 верасня выехала ва Уладзімір-Валынскі (Заходняя Украіна).

Камандаваць абаронай Брэсцкай крэпасці назначылі генерала брыгады Канстанціна Плісоўскага. Групіроўка «Брэст», створаная для абароны крэпасці, складалася з маршавых батальёнаў 33-га, 34-га, 35-га, 82-га пяхотных палкоў, 81-га, 82-га каравульных, 56-га сапёрнага і 4-га бранятанкавага батальёнаў, 9-га аўтамабільнага дывізіёна, 49-га дывізіёна палявой артылерыі, батарэі супрацьпаветранай абароны, каравульнай роты, роты сувязі, а таксама з добраахвотных падраздзяленняў і медыцынска-санітарнай службы. Асноўную частку гарнізона складалі беларусы і ўкраінцы, якіх мабілізавалі ў войска з ліку мясцовага насельніцтва. У распараджэнні абаронцаў было 12–16 танкаў «Рэно», 18 палявых гармат, 8 зенітных гармат, 16 станковых кулямётаў. Сілы польскай абароны налічвалі да 4 тыс. афіцэраў і салдат, што было недастаткова для забеспячэння абароны ўсіх фартоў крэпасці і Цытадэлі.

На Брэст рухаўся ХIХ механізаваны корпус генерала Г. Гудэрыяна, у які ўваходзілі 3-я, 8-я і 10-я бранятанкавыя дывізіі, 20-я мотастралковая пяхотная дывізія. Першыя сутычкі польскіх абаронцаў Брэста з нямецкай разведкай адбыліся 13 верасня. Раніцай 14 верасня нямецкія падраздзяленні 10-й бранятанкавай дывізіі ўварваліся ў раён фортаў крэпасці, а астатнія падраздзяленні атакавалі горад і крэпасць, якія былі акружаны з поўначы, усходу і поўдня. У другой палове дня немцы занялі Брэст. Пад вечар 14 верасня за 5 км на поўдзень ад крэпасці адбыўся чатырохгадзінны бой, палякі знішчылі 7 танкаў, страцілі сваіх два і тры гарматы.

Польскія падраздзяленні засяродзіліся ў Цытадэлі. Нямецка-фашысцкія захопнікі трое сутак атакавалі крэпасць, якую мужна абаранялі польскія салдаты на чале з генералам брыгады К. Плісоўскім. Немцы ў некалькі разоў пераўзыходзілі ў колькасці зброі (154 танкі, 260 гармат і мінамётаў), актыўна абстрэльвалі крэпасць з гармат і мінамётаў, бамбілі з самалётаў. Абаронцы адбілі 7 моцных атак нямецкай пяхоты і танкаў, але іх становішча рабілася ўсё больш драматычным і безнадзейным. У гэтых баях загінула да 40 % гарнізона. У Цытадэлі адчуваўся недахоп боепрыпасаў, запасаў харчавання. Шпіталь і падвалы казармаў былі перапоўнены раненымі.

Познім вечарам 17 верасня і ноччу з Цытадэлі праз Цярэспальскія вароты і Заходні востраў выйшла большасць абаронцаў у напрамку Кодня. Для прыкрыцця асноўных сіл у крэпасці засталіся добраахвотнікі з капітанам Вацлавам Радзішэўскім. 18 верасня пасля чарговага моцнага артылерыйскага абстрэлу немцы з боку Цярэспаля ўвайшлі ў Цытадэль. Колькі абаронцаў Брэсцкай крэпасці загінулі альбо памерлі ад ран невядома. Захопнікі ўзялі ў палон каля 990 салдат і афіцэраў.

Каля 2 тыс. польскіх салдат і афіцэраў групіроўкі «Брэст» пад камандаваннем падпалкоўніка Алоіза Хорака вялі барацьбу з немцамі, а потым і з Чырвонай арміяй, у паўднёвай частцы Люблінскага ваяводства да 1 кастрычніка.

У зале № 2 музея абароны МК «Брэсцкая крэпасць-герой» аформлена экспазіцыя, якая апавядае аб мужнай абароне ў верасні 1939 г. На Гарнізонных могілках 2 мая 2001 г. устаноўлены памятны знак салдатам Войска Польскага Брэсцкага гарнізона, палеглым у верасні 1939 г.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Срока, Е. Абарона Брэста ў верасні 1939 года / Ежи Срока // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 271–275.
  2. Загінуўшыя польскія салдаты — абаронцы Брэсцкай крэпасці ў верасні 1939 г. // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 276.
  3. З рапарта падпалкоўніка Ю. Сасабоўскага аб абароне Брэсцкай крэпасці ў верасні 1939 г. // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 276–278.
  4. Срока, Е. Гарнізон Войска Польскага ў Брэсце / Ежи Срока // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 263–271.
  5. Sroka, J. Brzesc nad Bugiem. Dzieje miasta i twierdzy / Jerzy Sroka. – Biala Podlaska : [s. n.], 1997. – 325 s., [54] a. il.
  6. Akinczic, I. Brzeska Twierdza na poczatku drugiej wojny swiatowej / I. Akinczic // Вторая мировая война и послевоенное переустройство мира : материалы международной научной конференции, посвящённой 65-летию победы стран антигитлеровской коалиции во Второй мировой войне. Брест : БрГТУ, 2010. C. 7–13.
  7. Wlodarkiewicz, W. Obrona Brzescia nad Bugiem we wrzesniu 1939 roku / W. Wlodarkiewicz // 1941 год: трагедия, героизм, память : материалы Международной научной конференции, посвящённой 65-й годовщине начала Великой Отечественной войны. Брест : БрГУ, 2007. C. 218–222.
  8. Kalinowski, S. Bohaterski obronca Twierdzy : [о генерале Константине Плисовском (1890–1940), руководителе обороны Брестской крепости в 1939 г.] / S. Kalinowski // Goniec Bialski. 2006. № 9. S. 30.
  9. Lazowski, T. Polskie akcenty w Twierdzy : [о защитниках Брестской крепости в 1939 г.] / T. Lazowski // Gosciniec Bialski. 2006. № 4 (24). S. 12.
  10. Кез, И. В. Сквозь годы и грозы ХХ века / Игорь Кез, Валерий Мороз. – Брест : Альтернатива, 2014. – 384 с. : ил. – Из содерж.: Август 1939 г. Ожидание войны. Развязка. С. 73–81.
  11. Брестская крепость. Война и мир / авт. концепции и текста А. Суворов. – Брест : Полиграфика, 2010. – 255 с. : ил.
  12. Бешанов, В. В. Брестская крепость / Владимир Васильевич Бешанов. – Москва : Яуза, 2010. – 349 с. : ил. – Из содерж.: Сентябрь 1939 года. С. 137–152.
  13. Брестская крепость на ветрах истории / авт. концепции и текста А. М. Суворов ; под ред. В. В. Губаренко, Л. А. Цуприка. – Брест : Ред. журн. СЭЗ, 2007. – 151 с. : ил.
  14. Ващукувна-Каменецка, Д. Брест — город незабываемый / Данута Ващукувна-Каменецка ; ред. по краевед. В. Демянчик ; пер. с пол. В. Линевича. – Брест : Изд-во С. Лаврова, 2000. – 283 с. : ил.
  15. Гудериан, Г. Воспоминания солдата : пер. с нем. / Гейнц Гудериан. – Смоленск : Русич, 2004. – 653 с. – (Военно-историческая библиотека).
  16. Бяссонаў, Г. У. У верасні 1939-га / Г. У. Бяссонаў, С. С. Самойленка // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 278–285.
  17. Сарычев, В. В. В поисках утраченного времени. Маленький город в водовороте глобальной истории. Кн. 2. 1939–1941 гг. / Василий Викторович Сарычев. – Брест : Брестская типография, 2007. – 309 с. : ил.
  18. Брестская крепость... : факты, свидетельства, открытия / В. В. Губенко, Л. Г. Бибик, Е. В. Харичкова. – Брест : Академия, 2004. – 84 с. : ил.
  19. Романович, П. С. Брестская крепость: сентябрь 1939 года / П. С. Романович, Л. И. Ермакович // Брестская крепость: историко-культурный контекст : сборник материалов. Брэст, 2015. С. 27–29.
  20. Мельнікаў, І. Верасень 1939-га. Забытая абарона Брэсцкай крэпасці // Заходнебеларуская Атлантыда / Ігар Мельнікаў. Мінск, 2014. С. 164–173.
  21. Гарматны, В. П. Абарона Брэсцкай крэпасці ў верасні 1939 г. / В. П. Гарматны // Вторая мировая война и послевоенное переустройство мира : материалы международной научной конференции. Брест, 2010. С. 44–50.
  22. Струнец, С. События осени 1939 г. в Брест-над-Бугом глазами горожан-поляков / С. Струнец // Моладзь Берасцейшчыны : зборнік студэнцкіх навуковых прац. Брэст, 2002. С. 80–90.
  23. Тым, Ю. Вайсковае значэнне Брэсцкай крэпасці ў кампаніі 1939 года / Юліюш Тым // ARCHE. Пачатак. 2015. № 5. С. 74–90.
  24. Митюкова, Е. Архив нашли на чердаке : семейный архив Вацлава Радзишевского, руководителя польской обороны Брестской крепости в 1939 г., найден на чердаке дома, где жила его семья / Елена Митюкова // Вечерний Брест. 2006. 1 декабря. С. 7.
  25. Бешанов, В. Горячий сентябрь цитадели : в 1939 г. Брестскую крепость брали немецкие и советские войска / Владимир Бешанов // Брестский курьер. 2005. 15 сентября. С. 8–9.
  26. Блізнец, А. Першы бой Брэсцкай крэпасці з гітлераўцамі адбыўся... у верасні 39-га / А. Блізнец // Народная воля. 2003. 23 верасня.
  27. Сентябрь тридцать девятого // Заря над Бугом. Брест, 1999. 26 июня.
  28. Сущук, А. Одни защитники стали героями, другие — врагами народа, хотя и те, и другие одинаково стойко держали оборону Брестской крепости / Алексей Сущук // Вечерний Брест. 1993. 22 октября. С. 2.
  29. Кублицкая, Л. Как начиналась вторая мировая / Людмила Кублицкая // Брестский курьер. 1991. 12–18 сентября (№ 29). С. 3 ; 19–25 сентября (№ 30). С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1332 разоў Апошняя змена Аўторак, 09 Люты 2021 11:29