Панядзелак, 17 Чэрвень 2019 14:47

6 чэрвеня 2019 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Аляксея Пятровіча Галаскока (1949), паэта

Аляксей Пятровіч Галаскок нарадзіўся 6 чэрвеня 1949 г. у вёсцы Талалайкі Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Бацька працаваў маляром, маці — швачкай. Аляксей быў самым малодшым у сям’і, у якой падрасталі ягоныя старэйшыя сёстры Ганна і Марыя. У пачатку 1950-х сям’я пераехала ў г. Зэльву. Аляксей у школе вучыўся добра, у 1966 г. паспяхова скончыў сярэднюю школу № 1 г. Зэльвы.

Жылі небагата, і каб не цягнуць з бацькоў, вырашыў пайсці вучыцца ў ваеннае вучылішча. Паступіў у Рыжскае вышэйшае камандна-інжынернае вучылішча імя С. С. Бірузова, у 1971 г. атрымаў дыплом і воінскае званне лейтэнанта. Служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння ў Новасібірскай вобласці. У апошнія гады службы А. П. Галаскок камандаваў ракетным дывізіёнам, удзельнічаў у буйных вучэннях, за што неаднаразова атрымліваў падзякі ад Галоўнакамандуючага ракетнымі войскамі. Узнагароджаны ордэнам «За службу Родине в Вооруженных Силах СССР» III ступені, дзевяццю медалямі.

У 1988–1991 гг. А. П. Галаскок выкладаў ваенныя дысцыпліны ў Рыжскім вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы імя С. С. Бірузова, якое ў 1992 г. было расфарміравана. Звольніўся са службы ў запас у званні падпалкоўніка і разам з сям’ёй (дачка Алеся і сын Іван) пераехаў у г. Ганцавічы Брэсцкай вобласці, на радзіму сваёй жонкі, Ларысы Іванаўны, па прафесіі ўрача-неўрапатолага. Працаваў на розных прадпрыемствах і ўстановах райцэнтра, вёў гурток юных паэтаў у раённым цэнтры дзіцяча-юнацкай творчасці.

Аляксей Галаскок вершы пачаў сачыняць з чатырнаццаці гадоў. Цёпла ўспамінае сваю настаўніцу рускай мовы і літаратуры Таісію Іванаўну Лагунову, якая была першай чытачкай яго вершаваных радкоў. У вольны час афіцэр А. П. Галаскок займаўся сваім любімым заняткам — пісаў вершы, якія друкаваліся ў армейскіх газетах і мелі вялікі поспех у саслужыўцаў. Пісаў па-руску, а думалася па-беларуску, на мове, якую палюбіў з маленства, якую шанаваў і песціў. Жывучы на Ганцаўшчыне, пачаў пісаць толькі на роднай мове і дасягнуў у гэтым пэўнага плёну.

Вершы Аляксея Галаскока змяшчаліся ў раёнцы «Савецкае Палессе», у абласных газетах «Заря» і «Народная трыбуна», рэспубліканскіх газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва» і часопісах «Вожык», «Гаспадыня», альманасе «Жырандоля» і інш. Паэт мае дар паднесці ў рыфмаваных радках даступна, трапна тое, што многія з нас носяць у сэрцы, а выказаць не могуць. Вершы ганцавіцкага паэта на любы густ. Розныя тэмы хвалююць Аляксея Пятровіча. У яго ёсць творы і пра людзей, і пра каханне, і пра прыроду, звяроў і птушак, пра радзіму, пра Ганцаўшчыну, ёсць гумарыстычныя і сатырычныя і шмат іншых. Некаторыя з яго вершаў пакладзены на музыку самадзейным ганцавіцкім кампазітарам Валерыем Марцінкевічам і з поспехам выконваюцца на сцэне. Ужо ў сталым узросце пачаў пісаць вершы для дзяцей.

Першы зборнік вершаў «У жыццi для мяне ўсе не проста» Аляксей Пятровіч выдаў у 2003 г. пры дапамозе Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В. Ф. Праскурава. Ён аўтар зборнікаў паэзіі: «He шкадуюць мяне мае вершы» (2005), «Я шчаслівы...» (2007), «Беларусь мая родная, мілая…» (2010), «Суд над сарокай» (2010), «З вясёлай торбы» (2017), «Гаманлівы ручаёк» (2017), «Асенняя бліскавіца» (2017).

У верасні 2007 г. Аляксей Галаскок прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, прыходзіць на літаратурныя вечары ў бібліятэку, выступае перад школьнікамі, прапагандуе беларускую мову. Рэдагуе літаратурную старонку ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе». У лютым 2019 г. у Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі была адкрыта выстава жывапісу Івана Караленкі, дзе кожная карціна была дапоўнена вершамі Аляксея Галаскока.

Да 70-годдзя паэта-земляка супрацоўнікі раённай бібліятэкі імя В. Ф. Праскурава арганізавалі творчы вечар, на які сабраліся родныя, сябры, калегі па пяры, удзячныя чытачы і аматары паэзіі.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава.
Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Творы А. П. Галаскока

  1. З вясёлай торбы : [гумарыстычныя і сатырычныя творы] / А. Галаскок. – Мінск : Каўчэг, 2017. – 45 с. : іл.
  2. Гаманлівы ручаёк : [загадкі, казкі, вершы] / А. Галаскок ; прадмова М. Д. Шчаўкун. – Мінск : Ковчег, 2017. – 36 [2] с. : каляр. іл., партр.
  3. Асенняя бліскавіца : выбранае / А. Галаскок. – Мінск : Каўчэг, 2017. – 87 с. : іл.
  4. Суд над сарокай : вершы / А. Галаскок. – Брэст : Альтернатива, 2010. – 32 с. : іл.
  5. Беларусь мая, родная, мілая : зборнік вершаў / А. Галаскок ; [аўтар уступ. арт. К. Мохар]. – Брэст : Альтернатива, 2010. – 112 с. : іл.
  6. Я шчаслівы... : вершы і артыкулы / А. Галаскок. – Ганцавiчы : Ганцавіцкая ЦРБ, 2007. – 56 с.
  7. Не шкадуюць мяне мае вершы : вершы / А. Галаскок. – Брэст : Наша Вежа, 2005. – 62 с.
  8. Я знаю край адным — адзіны ў свеце... : [зб. вершаў і песень, прысвечаных Ганцаўшчыне; у т. л. вершы А. Галаскока] / паслясл. А. Трафімчыка. – Ганцавічы, 2004. – 63 с.
  9. У жыццi для мяне ўсе не проста : вершы / А. Галаскок ; уступ. арт. К. Мохара. – Ганцавiчы : Ганцавіцкая ЦРБ, 2003. – 40 с.
  10. «За вячэраю бацькі...» ; «Унучка кажа: “Дзед мой родны...” : [вершы] / А. Галаскок // Звязда. 2017. 24 жніўня. С. 8 (дадатак: Сямейная газета ; № 16).
  11. Чужая маці : да 65-годдзя А. Галаскока [вершы; біяграфічныя звесткі] / А. Галасюк // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск, 2015. № 6. С. 110.
  12. Чырвоная каліна : зборнік твораў самадзейных кампазітараў Брэстчыны / ДУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр». – Брэст : Альтернатива, 2012. – 46 с. – Са зместу: Берасцейская зямля : «Між дзівосных азёр і рачулак...» / музыка В. Марцінкевіча ; словы А. Галаскока.
  13. Плача каня ; На Радзіме ; Абеліск ; Беларусь мая родная, мілая... ; Васількі : [вершы] / А. Галаскок // ЛіМ. 2014. № 22. С. 4.
  14. Мышка і кот : верш / А. Галаскок // Родная прырода. 2013. № 4. С. 65. (Разам з дзецьмі).
  15. [Вершы] / А. Галаскок // Пралескавы край : зборнік вершаў удзельнікаў літаратурнага аб’яднання «Пралеска», якое дзейнічае пры газеце «Ганцавіцкі час». Ганцавічы, 2012. С. 14–22.
  16. Умельцы : [верш] / А. Галаскок // Народная трыбуна. 2011. 3 верасня (№ 36). С. 10.
  17. Дзед і ўнучка ; Муж і жонка : [вершы] / А. Галаскок // Народная трыбуна. 2011. 12 сакавіка (№ 11). С. 11.
  18. Думкі жывёл : маналогі / А. Галаскок // Народная трыбуна. 2010. 20 лютага. С. 11.
  19. Берасцейская зямля ; Палешукі ; Лес ; «Дробны дождж. Цішыня і гаркота...» ; «Не шкадуюць мяне мае вершы...» : [вершы] / А. Галаскок // ЛіМ. 2010. 1 кастрычніка (№ 39). С. 8.
  20. «Жыццё маё, здаецца, не пражыта…» : [вершы; біяграфічныя звесткі] / Аляксей Галасюк // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск, 2009. № 2. С. 41–45, 266.
  21. Плача каня : [вершы; творы для дзяцей; гумар; біяграфічныя звесткі] / А. Галаскок // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск, 2008. № 1. С. 80–81, 205–206, 222–225, 228.
  22. Зоры над Зэльвянкай : зб. вершаў / Літаратурнае аб’яднанне «Зоры над Зэльвянкай». – Слонім : Слонімская друкарня, 2008. – 137 с. : іл. – Са зместу: Аляксей Галаскок.
  23. «Песняй край свой услаўляем…» : [вершы] / А. Галаскок // Паміж Бобрыкам і Ланню : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад.: В. Гардзей, К. Мохар. Мінск, 2007. С. 275–277.
  24. «У восень вецер нецвярозы...» ; Баравікі : [вершы] / А. Галаскок // Заря. 2007. 16 августа. С. 17.
  25. Я шчаслівы... ; Берасцейская зямля ; Сувязь часоў : [вершы] / А. Галаскок // Народная трыбуна. 2007. 17 сакавіка (№ 11). С. 11.
  26. Чужая маці : [верш] / А. Галаскок // Заря. 2006. 20 мая. С. 8.
  27. «Храни вас Бог, как вы храните нас...» : [стихи] / А. Голоскок // Медицинский вестник. 2004. 10 июня (№ 24). С. 11.

Аб жыцці і творчасці А. П. Галаскока

  1. Аляксей Галаскок // Ганцаўшчына — край легенд і талентаў народных / аўтар тэксту В. К. Гардзей. Мінск, 2011. С. 123.
  2. Аляксей Галаскок // Паміж Бобрыкам і Ланню : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад.: В. Гардзей, К. Мохар. Мінск, 2007. С. 409.
  3. Мікалаева, Г. «Жыццё маё дарэмна не пражыта...» : [пра творчы вечар А. Галаскока, прымеркаваны да 70-годдзя паэта, у дзiцячай бібліятэцы] / Галіна Мікалаева // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2019. 8 чэрвеня. С. 3.
  4. Мікалаева, Г. Дзе ёсць талент, там ёсць месца для новых адкрыццяў : [пра творчую сустрэчу з мастаком Іванам Караленкам і паэтам Аляксеем Галаскокам у раённым краязнаўчым музеі] / Галіна Мікалаева // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2019. 27 лютага. С. 5.
  5. Крэйдзіч, А. Жывапіс і паэзія : [пра выставу жывапісу Івана Караленкі і вершаў Аляксея Галаскока ў раённым краязнаўчым музеі] / Анатоль Крэйдзіч // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2019. 2 лютага. С. 2.
  6. Бурдыка, В. Ракетчык з душою паэта : [аб жыцці і творчасці паэта Аляксея Галаскока] / Вячаслаў Бурдыка // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2018. 23 лютага. С. 9.
  7. Галаскок, А. Творцы і глыбіня / Аляксей Галаскок ; гутарыў Анатоль Трафімчык // ЛіМ. 2015. 30 студзеня (№ 4). С.10.
  8. Філатаў, А. Паэт з Ганцавіцкай зямлі : 6 чэрвеня адзначыў 65-годдзе Аляксей Галаскок / Аляксей Філатаў // Новы час. 2014. 27 чэрвеня (№ 25). С. 10. (Літаратурная Беларусь ; вып. 6).
  9. Пупач, Г. Адданасць роднай зямлі : юбілейная вечарына, прысвечаная 65-годдзю з дня нараджэння Аляксея Галаскока / Галіна Пупач // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2014. 11 чэрвеня (№ 44). С. 3.
  10. Галаскок, А. «Я слову роднаму адданы ўсей душою…» / Аляксей Галаскок // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2012. 7 ліпеня (№ 53/54). С. 3. (Кніга ў маім жыцці).
  11. Галаскок, А. Аляксей Галаскок: «Палескі край мне спадабаўся» / Аляксей Галаскок ; гутарыла Святлана Малышка // Ганцавіцкі час. 2010. 29 снежня.
  12. Мікалаева, Г. «Яшчэ пажыву, пашчырую...» : [пра вечар, прысвечаны 60-годдзю А. Галаскока, у ЦРБ імя В. Ф. Праскурава] / Галіна Мікалаева // Савецкае Палессе. Ганцавiчы, 2009. 17 чэрвеня. С. 11.
  13. Сахар, Н. Літаратурная сустрэча : [пра сустрэчу з А. Галаскокам, І. Лагвіновічам, М. Маліноўскім у музеі Якуба Коласа Люсінскай СШ] / Н. Сахар // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2009. 10 чэрвеня. С. 2.
  14. Каско, А. Любоўю абуджаная песня : [да 60-гадовага юбілею з дня нараджэння А. Галаскока і яго зборнік паэзіі «Беларусь мая, родная, мілая...»] / Алесь Каско // Народная трыбуна. 2009. 6 чэрвеня. С. 11.
  15. З паэзіяй заручоны : да юбілею Аляксея Галаскока // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2009. 6 чэрвеня. С. 2.
  16. Пупач, Г. Шчаслівы, бо не бязродны : літаратурнае жыццё Аляксея Галаскока / Галіна Пупач // Народная трыбуна. 2007. 17 сакавіка. С. 11.
  17. Галаскок, А. Ганцавіцкі паэт Аляксей Галаскок прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў / А. Галаскок ; [інтэрв’ю запісаў] П. Кузаеўскі // Ганцавіцкі час. 2007. 21 верасня. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1755 разоў Апошняя змена Панядзелак, 18 Студзень 2021 15:03