Пятніца, 19 Ліпень 2019 10:19

1 жніўня 2019 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Васіля Макаравіча Туркевіча (1934–2002), заслужанага настаўніка БССР, краязнаўца, лаўрэата прэміі імя Н. К. Крупскай

Васіль Макаравіч Туркевіч нарадзіўся 1 жніўня 1934 г. у вёсцы Ракітна Лунінецкага павета Палескага ваяводства (цяпер Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька заўчасна памёр адразу пасля вызвалення Беларусі ад акупантаў, а маці — у 1950 г. Васіль сам даглядаў гаспадарку, трымаў карову, працаваў без перадыху, але ніколі не скардзіўся на лёс. Вучыўся ў Язвінскай сямігодцы, скончыў яе з пахвальнай граматай (1952).

Васіль Туркевіч паступіў у Пінскае педагагічнае вучылішча імя А. С. Пушкіна. Вучоба прыпынялася на два гады — адслужыў у Савецкай арміі ва Украіне. Скончыўшы вучылішча, вярнуўся ў родную вёску, працаваў настаўнікам пачатковых класаў Ракітненскай сямігадовай школы (1957–1958), затым узначальваў Церабунскую пачатковую школу Драгічынскага раёна (1958–1964). Калі школу ў Церабуні закрылі, яго накіравалі ў Моладава. Трыццаць тры гады (1964–1997) выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Моладаўскай сярэдняй школе Іванаўскага раёна.

Васіль Макаравіч прысвяціў выкладанню роднай мовы і літаратуры амаль усё сваё працоўнае жыццё. У 1962 г. паступіў вучыцца завочна на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Да настаўніцкай працы падыходзіў творча, распрацаваў сваю сістэму навучання беларускай мовы і літаратуры, выкарыстоўваючы схемы, табліцы, карткі. Шмат увагі ўдзяляў метадычнай рабоце. Дакладчык на Усесаюзных педагагічных чытаннях у Ташкенце (1988), Пензе (1991). Праводзіў аўтарскія курсы ў Брэсце, Віцебску, Мінску. У 1988 г. яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР». Дэлегат апошняга Усесаюзнага з’езда работнікаў народнай адукацыі ў Маскве (1988). Лаўрэат усесаюзнай прэміі імя Н. К. Крупскай за заслугі ў навучанні і камуністычным выхаванні.

Апублікаваў шэраг артыкулаў аб сваім педагагічным вопыце ў часопісах і «Настаўніцкай газеце». У 1988 г. выйшла кніга В. М. Туркевіча «Творчасці зярняты залатыя», у якой ён дзяліўся сваімі напрацоўкамі ў выкладанні прадмета. У 1992 г. з’явілася другая яго кніга — «Урокі роднай мовы», дзе педагог распавёў аб праблемах павышэння цікавасці да вывучаемага матэрыялу, паляпшэння якасці яго засваення.

Грамадска-палітычны пад’ём другой паловы 1980-х гг. суправаджаўся рухам за адраджэнне беларускай нацыянальнай культуры. На першы план выйшлі праблемы беларускай мовы і яе ролі ў грамадстве, нацыянальнай культуры і гісторыі. У Моладаўскай СШ, дзякуючы настаўніку В. М. Туркевічу, на высокім узроўні вялося маральна-эстэтычнае выхаванне навучэнцаў у працэсе вывучэння беларускай мовы і літаратуры. Васіль Макаравіч шмат гадоў узначальваў літаратурны гурток «Ручаёк», выдаваў альманах «Ручаёк» з лепшымі творчымі працамі дзяцей, выхоўваў любоў да беларускага слова.

Працу педагога Васіль Макаравіч спалучаў з актыўнай творчай дзейнасцю — публіцыстычнай, краязнаўчай, паэтычнай і інш. Вершы пісаў з юнацтва, у час вучобы ў Пінску наведваў літаратурнае аб’яднанне пры газеце «Полесская правда». Публікаваліся вершы ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку. Некаторыя яго вершы пакладзены на музыку самадзейным кампазітарам М. С. Юрко.

З 1952 г. Васіль Туркевіч вёў дзённікі, збіраў архіў. Шмат друкаваўся ў іванаўскай раённай газеце «Чырвоная звязда», абласной газеце «Заря», у рэспубліканскай перыёдыцы. Яго непакоілі грамадска-публіцыстычныя і гісторыка-краязнаўчыя тэмы. Усяго ў газетах і часопісах надрукавана 411 матэрыялаў В. М. Туркевіча. Правёў вялікую работу па зборы матэрыялаў для гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Іванаўскі раён» (2000) і падрыхтоўцы яе да выдання. У рукапісах засталіся паэмы «Пагоны», «Трывогі нам хапала», «Майго юнацтва крокі», мемуары «Хроніка майго дзяцінства», «Накіды партрэтаў знаёмых», «Сустрэчы», даведнік «Маё асяроддзе» і інш.

В. М. Туркевіч памёр 20 ліпеня 2002 г. у в. Моладава. У сакавіку 2018 г. Моладаўская сельская бібліятэка правяла вечар-партрэт «Жыў на Палессі настаўнік», на які прыйшлі сваякі Васіля Макаравіча, сябры, яго былыя вучні, настаўнікі і вучні школы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.
Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
 

Працы В. М. Туркевіча

  1. Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка / уклад.: В. М. Туркевіч, Л. А. Павяльчук. – Мінск : БЕЛТА, 2000. – 591 с. : іл.
  2. Урокі роднай мовы : праблемы павышэння цікавасці да вывучаемага матэрыялу, паглыблення якасці яго засваення / Васіль Туркевіч. – Мінск : Універсітэцкае, 1992. – 175 с. – (Бібліятэка серыі «Універсітэт — школе»).
  3. Творчасці зярняты залатыя... : метадычныя эцюды настаўніка / Васіль Туркевіч ; пад рэд. і прадм. М. Г. Яленскага. – Мінск : Народная асвета, 1988. – 110 с.
  4. Сцежкамі перажытага : [успаміны] / Васіль Туркевіч // Чырвоная звязда. Іванава, 2001. 19 кастрычніка. С. 5.
  5. Час прыспешвае ; Дзівакі : [вершы] / Васіль Туркевіч // Народная трыбуна. 2001. 28 ліпеня.
  6. Моладава: погляд з другога берага : [пра апошняе пакаленне моладаўскіх Скірмунтаў] / Васіль Туркевіч // Чырвоная звязда. Іванава, 2001. 25 красавіка.
  7. Моладаўскi звон: памылка ў паўстагоддзя? : [пра помнiк мастацкага лiцця — Моладаўскi звон, адлiты ў 1533 г.] / Васіль Туркевiч // Чырвоная звязда. Iванава, 2000. 27 чэрвеня.
  8. Жыццё на «Крэсах» : [пра Іванаўшчыну ў міжваенны час] / Васіль Туркевіч // Чырвоная звязда. Іванава, 1999. 27 жніўня. С. 2.
  9. З дзённіка ўчарашняга настаўніка / Васіль Туркевіч // Настаўніцкая газета. 1998. 19 лютага.
  10. Завейны снежань 96-га : [дзённікавыя запісы] / Васіль Туркевіч // Настаўніцкая газета. 1997. 22 сакавіка.
  11. Якая бывае трава? / Васіль Туркевіч // Настаўніцкая газета. 1990. 1 жніўня. Рэц. на кн.: Мова: цікава і займальна / В. І. Паўлоўская. Мінск : Народная асвета, 1989. 221 с.
  12. Наш сябар — лес : [экалагічнае выхаванне на ўроках мовы ў 4-м класе] / Васіль Туркевіч // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989. № 6. С. 14.
  13. Работа над словамі для запамінання : 4–6 кл. / Васіль Туркевіч // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989. № 1. С. 12–16.
  14. Літаратурна-творчы гурток у школе : з вопыту работы настаўніка / Васіль Туркевіч // Вывучэнне беларускай мовы і літаратуры ў школе : кніга для настаўніка. Мінск, 1988. С. 116–122.
  15. Работа па ваенна-патрыятычнаму вахаванню на ўроках мовы / В. М. Туркевіч // Народная асвета. 1987. № 5. С. 42–44.
  16. Асалода творчасці : [аб вопыце эстэтычнага выхавання вучняў] / Васіль Туркевіч // Настаўніцкая газета. 1985. 25 верасня.
  17. Выхаваўчая работа пры азнаямленні з дзелавымі паперамі / Васіль Туркевіч // Народная асвета. 1983. № 11. С. 39–41.
  18. Азнаямленне вучняў з газетна-літаратурнымі жанрамі на ўроках мовы / Васіль Туркевіч // Народная асвета. 1983. № 10. С. 41–44.
  19. Крыніца творчага натхнення : [аб працоўным выхаванні на ўроках беларускай мовы і літаратуры ў 4-м класе] / Васіль Туркевіч // Настаўніцкая газета. 1982. 16 кастрычніка.
  20. Творчыя работы — тэма і змест : [аб падрыхтоўцы, напісанні і аналізе сачыненняў па беларускай літаратуры] / Васіль Туркевіч // Настаўніцкая газета. 1981. 15 красавіка.
  21. Наш кабінет — наш клопат : [аб вопыце працы ў кабінеце беларускай мовы] / Васіль Туркевіч // Настаўніцкая газета. 1980. 1 лістапада.

 

Аб жыцці і дзейнасці В. М. Туркевіча

  1. Туркевіч Васіль Макаравіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 511–512.
  2. Мішчанчук, М. Настаўніку — пра настаўнікаў : нарысы, рэпартажы з урокаў, эсэ / Мікалай Мішчанчук. – Мінск : Народная асвета, 1989. – 117 с. : іл. – Са зместу: Клопаты Васіля Туркевіча : нарыс. С. 18–28.
  3. Система образования (школьное образование; ликвидация неграмотности и малограмотности; школы политической подготовки) // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 452–457.
  4. Круковіч, Г. М. Патрыятычнае выхаванне ў працэсе выкладання беларускай мовы і літаратуры ў школе (на прыкладзе вопыту школьнага настаўніка Туркевіча В. М.) / Г. М. Круковіч // Традиции белорусского народа в системе патриотического воспитания детей и учащейся молодёжи : сборник материалов региональной научно-практической конференции, посвящённой 60-летию Победы советского народа в Великой Отечественной войне и 60-летию Брестского государственного университета имени А. С. Пушкина. Брест : БрГУ, 2005. С. 68–70.
  5. Денисейко, А. Малиновка. Свет зари над Днепро-Бугом : [история д. Малиновка Дрогичинского района, знаменитые уроженцы] / Анатолий Денисейко. – Брест : Альтернатива, 2008. – 99 с.
  6. Ясельда : юбілейны зборнік Іванаўскага літаратурнага аб’яднання / рэд. і ўклад. Р. Сыраватка. – Іванава : [б. в.], 2006. – 90 с.
  7. Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэд. і ўклад. А. Крэйдзіч. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. – 568 с. – Са зместу: Васіль Макаравіч Туркевіч. С. 222.
  8. Саломка, І. Жыў на Палессі Настаўнік : [пра вечарыну-партрэт, прысвечаную памяці настаўніка В. М. Туркевіча, у Моладаўскай сельскай бібліятэцы] / Ірына Саломка // Янаўскі край. Іванава, 2018. 20 красавіка. С. 10.
  9. Силюк, Т. Система образования в Ивановском районе в 1939–1991 гг. / Т. Силюк // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 2. Гісторыя. Эканоміка. Права. 2014. № 1. С. 27–39.
  10. [Туркевіч Васіль Макаравіч : паведамленні аб смерці] // Чырвоная звязда. Іванава, 2002. 23 ліпеня. С. 4 ; 26 ліпеня. С. 8.
  11. Туркевіч, В. М. Ключык да душы / В. М. Туркевіч ; [гутарыў] Вячаслаў Смаль // Народная трыбуна. 2000. 22 красавіка.
  12. Кiчко, В. Героi сустрэчы — творчыя людзi : [пра ўшанаванне заслужанага настаўнiка БССР В. М. Туркевiча i бiблiятэкара Ляскавiцкай СБ М. М. Самасюк у Моладаўскай СБ] / В. Кiчко // Чырвоная звязда. Iванава, 1998. 16 студзеня.
  13. Крэйдзіч, А. Чалавек зайздроснага лёсу : [пра настаўніка Моладаўскай сярэдняй школы В. М. Туркевіча] / А. Крэйдзіч ; фота В. Тупіцы // Чырвоная звязда. Іванава, 1994. 9 жніўня. С. 2.
  14. Ягоўдзік, У. Да жыцця рыхтаваў : [пра В. М. Туркевіча] / У. Ягоўдзік // ЛіМ. 1983. 11 лютага. С. 11.
  15. Яговдик, В. Спасибо, учитель! : [о В. М. Туркевиче] / В. Яговдик // Заря. 1978. 15 сентября.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1555 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Студзень 2021 10:37