Аўторак, 23 Ліпень 2019 16:43

28 сакавіка 2019 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Фёдара Емяльянавiча Богдана (1939–2004), беларускага спевака (бас), заслужанага артыста Украінскай ССР (1979)

Фёдар Емяльянавіч Богдан нарадзіўся 28 сакавіка 1939 г. у вёсцы Кацельня-Баярская Брэсцкага павета Палескага ваяводства ў сялянскай сям’і. З 1940 г. вёска была ў складзе Гершонскага сельсавета Брэсцкага раёна, з 2007 г. — у межах Брэста. У Фёдара былі старэйшыя сястра Любоў (1927–2008) і брат Аляксей (1929–2003). Вучыўся ў Гершонскай школе. З маленства меў вялікія музычныя здольнасці, вучыўся ў Брэсцкай дзіцячай музычнай школе, дзе настаўнікі заўважылі яго моцны прыгожы голас і рэкамендавалі працягваць навучанне па спевах.

На аддзяленні «спяванне» Брэсцкага музычнага вучылішча настаўнікам Фёдара Богдана па класе вакалу была выдатны педагог Меліціна Іванаўна Арэнская (1899–1978). У час вучобы ў складзе канцэртных брыгад навучэнцаў шмат выступаў перад насельніцтвам. Вясной 1961 г. Фёдар Богдан прыняў удзел у I Рэспубліканскім конкурсе навучэнцаў музычных вучылішчаў і атрымаў дыплом ІІ ступені. Скончыў музычнае вучылішча ў 1961 г. Адслужыў у Савецкай арміі.

У 1966 г. Фёдар Богдан скончыў вакальны факультэт Львоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. В. Лысенкі, стаў салістам заслужанага ансамбля песні і танца «Данбас» у Данецку. Затым служыў салістам ансамбля песні і танца Ваенна-паветраных сiл Групы савецкiх войск у Германii, ансамбля песні і танца Чарнаморскага ваенна-марскога флоту. Рэпертуар ансамбля Чарнаморскага ВМФ складалі песні пра Радзіму, флот, рускія, украінскія народныя песні, творы рускіх і замежных класікаў. Выконваючы задачу па культурным абслугоўванні караблёў і часцей флоту, ансамбль выязджаў у Маскву, Ленінград, Кіеў, Валгаград, Адэсу, Мінск і інш. Калектыў у складзе караблёў флоту пабываў з візітамі дружбы ў Югаславіі, Сірыі, Францыі, Італіі, Грэцыі, Турцыі і інш. У 1979 г. Фёдару Богдану было прысвоена званне «Заслужаны артыст Украінскай ССР».

У сувязі са станам здароўя Фёдар Емяльянавіч вярнуўся на радзіму, жыў у сястры ў в. Міцькі Гершонскага сельсавета (з 2007 г. — у межах Брэста). З 1990 г. — саліст Брэсцкай абласной філармоніі. У рэпертуары Фёдара Богдана былі арыі з опер, класічныя рамансы, песні сучасных аўтараў, апрацоўкі беларускіх, рускіх, украінскіх народных песень. Меў вельмі прыгожы па тэмбры голас (бас). Двайное піяна вакаліста ў знакамітай рускай песні «Эй, ухнем!» заўсёды выклікала авацыі ў зале. Шмат выступаў з камерным аркестрам, які быў створаны ў 1991 г. пад упраўленнем Аляксандра Аляксандравіча Мартыненкi. З камерным аркестрам выязджаў на гастролі ў Польшчу і Украіну. Даваў сольныя канцэрты па Беларусі, таксама ў Мінску, дзе выступаў з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя І. Жыновіча.

Фёдар Емяльянавіч як чалавек быў вельмі харошы, надзвычай сціплы, адданы музыцы, адказны за мастацтва. Яго вельмі цёпла ўспамінаюць сябры, калегі з філармоніі і шматлікія слухачы. Ф. Е. Богдан памёр 6 снежня 2004 г., пахаваны на Мiцькоўскіх могілках (сектар 3, рад 33, месца 4).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,
гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
 

 

  1. Богдан Фёдар Емяльянавіч / А. А. Мартыненка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 202.
  2. Брэсцкая абласная фiлармонiя : [узгадваецца Ф. Богдан] // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1996. Т. 3. С. 289.
  3. Жабинский, Р. А. Брестский музыкальный колледж: история и современность / Р. А. Жабинский. – Брест : Альтернатива, 2011. – 248 с. : ил. – Из содерж.: Ф. Богдан. С. 87, 149, 156, 159.
  4. Нікіценкаў, У. І. Брэсцкі музычны каледж імя Рыгора Шырмы : [узгадваецца Ф. Богдан] / У. І. Нікіценкаў // Памяць. Брэст : гіст. дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 585–586.
  5. Копачева, Е. 500 вечеров : [о 500-м концерте камерного оркестра областной филармонии; упоминается Ф. Богдан] / Елена Копачева // Брестский курьер. 1999. 4 февраля (№ 6). С. 3.
  6. Копыркин, Ю. Музыкальный юбилей камерного оркестра : [о концерте к 5-летию камерного оркестра областной филармонии; упоминается Ф. Богдан] / Ю. Копыркин // Брестский курьер. 1996. 16 мая (№ 20). С. 11.
  7. Глушинский, Б. Музыкальный центр Бреста : [о деятельности Брестского музыкального училища; на фото выпускники Галина Гладштейн и Фёдор Богдан] / Б. Глушинский ; фото М. Попова // Заря. 1961. 7 апреля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1276 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Студзень 2021 11:17