Серада, 07 Жнівень 2019 14:30

5 жніўня 2019 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Аляксандравіча Шавеля (1949), тэатральнага дзеяча, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь

Міхаіл Аляксандравіч Шавель нарадзіўся 5 жніўня 1949 г. у вёсцы Вільянава Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1972 г. скончыў рэжысёрскае аддзяленне Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Працаваў дырэктарам Пружанскага раённага Дома культуры, з 1974 г. — у Брэсцкім абласным Доме народнай творчасці, старшы інспектар упраўлення культуры аблвыканкама, з 1976 г. — памочнік намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама.

З 1 лістапада 1980 г. М. А. Шавель — дырэктар, з 1995 г. — дырэктар і адначасова мастацкі кіраўнік Брэсцкага абласнога тэатра лялек. За гэтыя 34 гады (1980–2014) тэатр прайшоў вялікі творчы шлях, а ключавую ролю ў фарміраванні і развіцці калектыву іграў арганізатар тэатральнай справы М. А. Шавель. Галоўнымі рэжысёрамі працавалі Вікторыя Казлова (1981–1985), Сяргей Юркевіч (1986–1989), Алег Жугжда (1990–1992), Юрый Сарычаў (1993–1994), Дзмітрый Нуянзін (1995–2013). З гадамі ў тэатры склаўся творча паспяховы прафесійны калектыў. У акцёрскай трупе адметнымі былі заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Тамара Тэвасян і Іван Герасевіч, майстры сцэны Лідзія Воўчанка, Руслана Сакалова, Алена Паляшэнка, Юрый Цесля, Уладзімір Тэвасян і інш.

Брэсцкі тэатр лялек імкнецца перш за ўсё ствараць спектаклі на аснове твораў нацыянальнай драматургіі. Дзякуючы М. А. Шавелю ў тэатры ўдала ўвасоблены на сцэне творы Н. Мацяш, У. Ягоўдзіка, Г. Васілеўскай, Н. Тулупавай, У. Граўцова, І. Сідарука. Штогод тэатр паказвае звыш 300 спектакляў для юных гледачоў Брэста і Брэсцкай вобласці.

У 1995 г. Брэсцкі тэатр лялек разам з тэатрам драмы і музыкі (дырэктар А. А. Козак) выступілі арганізатарамі міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва «Белая Вежа», які праходзіць штогод і стаў адным з буйнейшых і аўтарытэтных фестываляў Беларусі, візітоўкай Брэста. У 1996 г. М. А. Шавель абраны прэзідэнтам Беларускага цэнтра Міжнароднага саюза дзеячаў тэатраў лялек (УНІМА), які аб’яднаў работнікаў усіх тэатраў лялек Беларусі, а на базе Брэсцкага тэатра ўстаноўлена штаб-кватэра цэнтра. З 1995 г. узначальваў абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд культуры», аўтар ідэі і адзін з арганізатараў правядзення штогадовага конкурсу «Берасцейскія зоркі».

Артысты тэатра паспяхова выступалі на тэатральных фестывалях у Расіі, Украіне, Германіі, Францыі, Польшчы, Венгрыі, Аўстрыі, Балгарыі, Славеніі, Славакіі, Чэхіі, Эстоніі і іншых краінах. Брэсцкі тэатр лялек — уладальнік двух Гран-пры Сусветнага фестывалю тэатраў лялек у Празе (Чэхія; 2006, 2010).

Калектыў тэатра мае многія прэстыжныя ўзнагароды. Адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Развіццё міжнародных культурных сувязей» (2005). За высокія дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва і значыны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры 5 чэрвеня 2007 г. Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь тэатру прысвоена ганаровае званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». За дасягненне ў 2012 г. найлепшых вынікаў у выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця тэатра лялек быў занесены на Дошку Гонару Брэсцкай вобласці.

М. А. Шавелю прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь (2000). У сакавіку 2014 г. Міхаіл Аляксандравіч за таленавітае ўпраўленне тэатрам і яркае жыццё ў тэатры атрымаў ад Беларускага саюза тэатральных дзеячаў узнагароду «Натхненне».

Вялікі клопат кіраўніка тэатра — умацаванне матэрыяльнай базы. Калі Міхаіл Аляксандравіч прыйшоў у тэатр, адразу заняўся рамонтам даху, рэканструкцыяй сцэны, пабудовай корпуса для майстэрняў і дэкарацый. Аднак матэрыяльная база не адпавядала творчаму патэнцыялу калектыву тэатра. У 1993 г. аблвыканкам прыняў пастанову аб рэканструкцыі тэатральных будынкаў, але эканамічныя ўмовы не дазволілі прыступіць да будоўлі. З’явіўся праект брэсцкага архітэктара Валерыя Кескевіча (ААТ «Брэстпраект»), які ўлічваў самыя смелыя мары лялечнікаў. Пакуль жа тэатр перабраўся ў прыстасаванае памяшканне былога кінатэатра «Юнацтва» на Партызанскім праспекце, у 2010 г. пачалася доўгачаканая рэканструкцыя будынкаў тэатра, якая завяршылася ў 2019 г.

30 лістапада 2014 г. М. А. Шавель пакінуў тэатр у сувязі з заканчэннем кантракта, а дырэктарам была назначана Тамара Іванаўна Паўлюковіч. У студзені 2015 г. Міхаіл Аляксандравіч вярнуўся ў калектыў у якасці мастацкага кіраўніка тэатра.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Шавель Михаил Александрович / Г. Н. Бакиевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 463.
  2. Шавель Михаил Александрович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 559.
  3. Шавель Мiхаiл Аляксандравiч / С. Ф. Юркевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2003. Т. 2. С. 524–525.
  4. Брэсцкі тэатр лялек // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 86–87.
  5. Брестский областной театр кукол // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 523.
  6. Брэсцкі абласны тэатр лялек / М. А. Каладзінскі, С. Ф. Юркевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2002. Т. 1. С. 166–169.
  7. Сідарук, І. Брэсцкі абласны тэатр лялек / І. Сідарук // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 583.
  8. Беларускі цэнтр УНІМА / С. Ф. Юркевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2002. Т. 1. С. 145.
  9. Шеламова, Т. Когда артисты получают крылья : 5 августа — юбилей Михаила Александровича Шавеля / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2019. 2 авгсута (№ 31). С. 4.
  10. Коллектив Брестского театра кукол написал открытое письмо губернатору : [о проблеме возвращения М. А. Шавеля на должность художественного руководителя Брестского театра кукол] // Брестская газета. 2015. 23 января (№ 4). С. 23.
  11. Шеламова, Т. «Мы — не куклы!» : творческий коллектив Брестского театра кукол публичного вступился за своего многолетнего руководителя [М. А. Шавеля] / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2014. 17 декабря. С. 3.
  12. Гапеева, Т. Михаил Шавель уволен с должности директора Брестского театра кукол / Татьяна Гапеева // Брестская газета. 2014. 5 декабря (№ 49). С. 10.
  13. Шеламова, Т. Победа с горьким привкусом : [об уходе М. А. Шавеля с поста директора Брестского театра кукол] / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2014. 3 декабря. С. 2.
  14. Шавель, М. Театр кукол: строители ждут отмашки : [о предстоящем строительстве здания театра, устройстве труппы во временном помещении на пр-те Партизанском, 15] / Михаил Шавель ; расспрашивала Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2010. 28 июля. С. 11.
  15. Александров, Н. Михаил Шавель в пространстве Театра / Николай Александров // Брестский курьер. 2009. 6 августа (№ 32). С. 10.
  16. Грамыка, Л. Міхась Шавель. Будаўнік тэатра мары : [гутарка аб мастацтве тэатра лялек] / Людміла Грамыка // Мастацтва. 2008. № 6. С. 28–32 : фат.
  17. Боровик, Р. Папа Шавель : под его началом оживают не только куклы, но и культурные инициативы / Руслан Боровик // Брестский курьер. 2000. 27 июля (№ 31). С. 12.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1377 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Студзень 2021 11:17