Пасля вызвалення Малдавіі Уладзімір Сальнікаў дэмабілізаваны, накіраваны на камсамольскую работу, абраны другім сакратаром райкама, але зноў папрасіўся на фронт. У складзе 3-га Украінскага фронту вызваляў Балгарыю, Венгрыю. У канцы студзеня 1945 г. у складзе разведгрупы закінуты ў тыл ворага паблізу граніцы Аўстрыі і Германіі, але ўся група трапіла ў палон і была заключана ў канцлагер Маўтхаўзен. 5 мая 1945 г. Маўтхаўзен вызвалены амерыканцамі.
У 1947–1952 гг. Уладзімір Сальнікаў вучыўся ў Ленінградскім політэхнічным інстытуце імя М. Калініна. Па заканчэнні накіраваны ў Кіеў, дзе працаваў майстрам, тэхнолагам зборачнага цэха завода дакладных электрапрыбораў. З 1953 г. — начальнік АТК Віцебскага завода электравымяральных прыбораў. Здольнаму інжынеру і арганізатару прапанавалі ўзначаліць новы завод, які запланавалі пабудаваць у Брэсце.
На пасаду дырэктара Брэсцкага завода электравымяральных прыбораў У. А. Сальнікаў быў назначаны 25 сакавіка 1963 г. Уладзімір Аляксандравіч валодаў дарам таленавітага кіраўніка, які ўмеў і будаваць завод, і выбраць стратэгічны накірунак яго развіцця. Вялікая яго заслуга ў падборы кадраў, што дазволіла заводу стаць высокатэхналагічным, здольным асвойваць навейшыя вырабы вылічальнай тэхнікі. Побач працавалі галоўны інжынер Міхаіл Емяльянавіч Екельчык, паплечнік і аднадумец, і многія іншыя спецыялісты. Яны стваралі калектыў, шукалі тэхналогіі, дамаўляліся аб пастаўках абсталявання.
8 мая 1965 г. выпушчаны першы выраб электронна-вылічальнай тэхнікі — ФСМ-3Н (фотамеханізм, які прызначаны для счытвання інфармацыі з перфакартаў і перфастужак). Потым засвоілі мантаж панэляў і шэрага перыферыйных устройстваў. У канцы 1967 г. з’явіўся першы «БЛАНК П» — прылада, якая счытвала з паперы надпісы алоўкам і тым самым забяспечыла апрацоўку матэрыялаў Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1970 г. За распрацоўку і запуск у серыйную вытворчасць ЭВМ сямейства «Мінск» М. Е. Екельчыку ў ліку групы спецыялістаў Беларусі была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР (1970).
У 1972 г. прадпрыемства атрымала назву — Брэсцкі электрамеханічны завод. За 1976–1980 гг. БЭМЗ цалкам перайшоў на інтэнсіўныя метады развіцця вытворчасці, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга (1978). Гэта было базавае прадпрыемства радыёпрама СССР, гігант па выпуску ЭВМ сярэдняга класа і прадукцыі для абароннай прамысловасці. Частка прадукцыі экспартавалася ў Венгрыю, Манголію, Балгарыю, Польшчу і інш. Аднак галоўнай задачай завода была работа на ваенна-прамысловы комплекс краіны. Многія спецыялісты БЭМЗа былі задзейнічаны ў розных праектах па стварэнні электронных машын, якія кіруюць ваеннай тэхнікай.
У. А. Сальнікаў удзельнічаў у распрацоўцы перыферыйных прылад для АС ЭВМ, апаратуры для тэлеапрацоўкі даных і вылічальных комплексаў спецыяльнага прызначэння. У 1981 г. калектыў БЭМЗа засвоіў вытворчасць новай ЭВМ ЕС-1035 і некаторых іншых складаных вырабаў вылічальнай тэхнікі.
За ўкараненне вылічальнай тэхнікі ў вытворчыя тэхналогіі Дзяржаўнай прэміі СССР у вобласці тэхнікі 1981 г. удастоены: Уладзімір Аляксеевіч Сальнікаў, Роберт Саркісавіч Мечташвілі, Валерый Уладзіміравіч Бугаеў, Генадзь Ха-Рэн Нам, Юрый Пятровіч Падкоўка, Ігар Пятровіч Крук, Пётр Іванавіч Гарэцкі, Васілій Сцяпанавіч Касачук. Атрымліваць заслужаныя ўзнагароды яны ездзілі ў Маскву. Дырэктар не змог паехаць па стане здароўя, узнагароду яму ўручалі ў родным калектыве. Усяго за гісторыю БЭМЗа Дзяржаўнай прэміі СССР былі ўдастоены 12 чалавек — значная лічба для аднаго прадпрыемства.
Завод, на якім былі заняты 12 тыс. чалавек, быў узорам сацыяльнай палітыкі. Будаваліся дамы для работнікаў (кватэры выдзяляліся бясплатна), меліся пяць дзіцячых садоў, здраўпункты і паліклінічныя аддзяленні, прафілакторый, дзве базы адпачынку, піянерскі лагер «Лясная казка», дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, бібліятэкі, клуб. Пры ўдзеле У. А. Сальнікава ў 1968 г. быў створаны ансамбль песні і танца «Брэстчанка», якому ў 1971 г. прысвоена званне «народны». Была арганізавана футбольная каманда «Імпульс», якая ў 1969 г. стала другім прызёрам чэмпіянату Беларусі.
Уладзімір Аляксандравіч вёў актыўную грамадскую работу. З’яўляўся членам Брэсцкага абкама КПБ, дэпутатам абласнога Савета народных дэпутатаў, членам бюро гаркама КПБ. За франтавую і працоўную дзейнасць узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Яму было прысвоена званне «Ганаровы радыст СССР».
Уладзімір Аляксандравіч быў чалавекам надзвычай творчым: любіў музыку, іграў на фартэпіяна, цудоўна спяваў, пісаў вершы і п’есы. Яшчэ ў Віцебску быў прыняты ў Саюз журналістаў СССР. Захапляўся маляваннем, жывапісам, займаўся скульптурай. Пасля заўчаснай смерці саратніка і сябра М. Е. Екельчыка (1928–1976) выляпіў яго бюст, які ўстаноўлены на Гарнізонных могілках. Яму належыць ідэя стварэння мастацкага мазаічнага пано-трыпціха на фасадах завадскіх будынкаў па вул. Маскоўскай, якая была ажыццёўлена ў 1985–1989 гг.
З-за хваробы Уладзімір Аляксандравіч не мог кіраваць заводам, 1 мая 1982 г. выконваючым абавязкі дырэктара назначаны Р. С. Мечташвілі, галоўны інжынер завода з 1976 г. Пасля цяжкай працяглай хваробы У. А. Сальнікаў заўчасна памёр 22 верасня 1982 г., пахаваны на Гарнізонных могілках (сектар 4). Яго імем у 2008 г. названа вуліца ў паўднёва-заходнім мікрараёне Маскоўскага раёна г. Брэста.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
- Сальнікаў Уладзімір Аляксандравіч / М. П. Савік // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 119.
- Сальников Владимир Александрович // Рэспублика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 561.
- Сальников Владимир Александрович // Уроженцы Беларуси — лауреаты Нобелевской, Демидовской, Ленинской и Государственных премий СССР : пособие / К. И. Баландин. Минск, 2017. С. 106–107.
- Брестский электромеханический завод. Полвека свершений / автор концепции и текста А. М. Суворов. – Брест : Полиграфика, 2013. – 152 с. : ил.
- Ковалёв, Ф. Т. Брестский ордена Трудового Красного Знамени электромеханический завод имени ХХV съезда КПСС в фактах и воспоминаниях / Филипп Тимофеевич Ковалёв ; [редактор Е. В. Жинкевич]. – Брест : [б. и., 2013]. – 224 с. : ил.
- ОАО «Брестский ордена Трудового Красного Знамени элетромеханический завод» (БЭМЗ), Республика Беларусь / В. Ф. Завадский, Г. В. Малашицкий, О. С. Понарин // Отечественная электротехническая вычислительная техника / под ред. С. В. Хохлова. Москва, 2014. С. 291–292.
- Арцёменка, В. С. Адкрытае акцыянернае таварыства «Брэсцкі электрамеханічны завод» / В. С. Арцёменка // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн . Мінск, 2001. Кн. 2. С. 488–489.
- Электромеханический завод // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 391–392.
- Каменкова, М. Командир промышленного фронта : [о В. А. Сальникове] / Марина Каменкова // Брестский вестник. 2019. 8 августа (№ 32). С. 17.
- Хокимова, А. БЭМЗ, как много в этом звуке! : [об истории и современном состоянии завода] / Антонина Хокимова // Вечерний Брест. 2018. 1 июня. С. 5.
- Шеламова, Т. «Земля» тревоги нашей : получит ли мозаичное панно, созданное БЭМЗом, статус историко-культурной ценности Республики Беларусь? : [упомянут В. Сальников] / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2015. 11 ноября. С. 8.
- Журбенко, Е. Их именами названы : [улицы, названные в честь Василия Махновича, Владимира Сальникова и Михаила Екельчика в Бресте] / Екатерина Журбенко // Брестский вестник. 2015. 9 июля (№ 28). С. 9.
- Александров, Н. Адмирал БЭМЗа : к 90-летию Владимира Сальникова / Николай Александров // Брестский курьер. 2014. 7 августа (№ 32). С. 8.
- Гурина, А. Без него и ракеты не летали бы : секреты главного предприятия советского Бреста : [из истории БЭМЗа, где сделали ЭВМ для запуска ракет с подводных лодок] / Анастасия Гурина // Брестский курьер. 2011. 28 июля (№ 30). С. 8.
- Сарычев, В. Возвышенное и земное Владимира Сальникова : [о деятельности первого директора БЭМЗа] / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2009. 24 июля. С. 7.
- Завод прощается с В. А. Сальниковым / фото А. Вольского и А. Смагителя. Безмерна скорбь утраты : телеграммы соболезнования, поступившие на завод по случаю безвременной кончины В. А. Сальникова // Прогресс. Брест, 1982. 1 октября.
- Сальников Владимир Александрович : [некролог] // Заря. 1982. 24 сентября.
- Сальников Владимир Александрович : [некролог] // Прогресс. Брест, 1982. 24 сентября.
- Сальников, В. А. Становление коллектива : [о первых годах работы завода] / В. А. Сальников // Прогресс. Брест, 1975. 13 июня.
- Сальников, В. В горниле испытаний : [о начале выпуска продукции завода (1964)] / В. Сальников // Прогресс. Брест, 1974. 13 декабря.
- Марченко, В. Они были первыми : [о начале строительства завода (1963–1964)] / В. Марченко // Прогресс. Брест, 1974. 29 ноября.