Пятніца, 25 Кастрычнік 2019 11:42

15 верасня 2019 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Фёдара Самойлавіча Калчука (1894–1953), ваеннага дзеяча, генерал-маёра

Фёдар Самойлавіч Калчук нарадзіўся 15 верасня 1894 г. у вёсцы Падлессе Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў два класы сельскай школы, працаваў на зямлі. 5 студзеня 1915 г. прызваны ў Расійскую армію, накіраваны ў запасны электратэхнічны батальён Валынскага лейб-гвардыі палка ў г. Петраградзе. У 1916 г. скончыў вучэбную каманду і ўзведзены ў малодшыя унтэр-афіцэры. Адпраўлены сувязістам на Паўднёва-Заходні фронт, у баях пад Луцкам атрымаў раненне. Пасля выздараўлення служыў у Петраградскім гарнізоне.

 

3 красавіка 1917 г. у складзе ганаровага каравула Фёдар Калчук сустракаў У. І. Леніна на Фінляндскім вакзале. Падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі ўступіў у чырвонагвардзейскі атрад, удзельнічаў у захопе Петраградскай тэлефоннай станцыі, затым працаваў тэлефаністам у Цэнтральным ваенным камісарыяце. З 1918 г. у Чырвонай арміі. У красавіку ўключаны ў групу Вышэйшай ваеннай інспекцыі Чырвонай арміі на чале з Мікалаем Ільічом Падвойскім, членам Петраградскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. З інспекцыяй выязджаў на Паволжа і Урал.

У канцы мая 1918 г. Ф. С. Калчук прызначаны камандзірам узвода сувязі ў ваеннай групе камісара Івана Міхайлавіча Малышава, аднаго з першых паліткамісараў Чырвонай арміі. У канцы чэрвеня 1918 г. накіраваны на разведку ў тыл праціўніка — раён гг. Міас – Чалябінск — для ўстанаўлення сувязі з падпольнымі арганізацыямі і асобнымі групамі. У Міасе затрыманы патрулём белых і адпраўлены ў Чалябінскую турму. На станцыі Палятаева збег, наняўся парабкам у вёсцы Хмелеўка. Неўзабаве захварэў на тыф, пасля папраўкі знаходзіўся ў Куртамышы.

У сакавіку 1919 г. Фёдар Калчук мабілізаваны ў армію А. В. Калчака і залічаны ў  3-ю сотню палка імя Т. Шаўчэнкі, уключаны ў склад ваенна-рэвалюцыйнага савета і абраны старшынёй рэўкама 3-й сотні. У пачатку мая полк адпраўлены на фронт, але ў раёне станцыі Сарай-Гар Самара-Уфімскай чыгункі 3-я сотня стала ініцыятарам паўстання, падчас якога 3 тыс. салдат перайшлі на бок Чырвонай арміі.

Неўзабаве Ф. С. Калчук накіраваны ў 216-ы стралковы полк 24-й Сімбірскай Жалезнай стралковай дывізіі камандзірам батальёна. Удзельнічаў у баях супраць калчакаўскай Паўднёвай арміі і паўстанцкіх атрадаў казацтва. У пачатку 1920 г. у якасці памочніка камандзіра 210-га імя У. І. Леніна палка прымаў удзел у баявых дзеяннях у ходзе Савецка-польскай вайны. У чэрвені быў паранены, пасля лячэння вярнуўся ў свой полк, дзе служыў камандзірам батальёна 214-га, 208-га і 210-га стралковых палкоў, з ліпеня 1922 г. — на пасадзе памочніка камандзіра 70-га стралковага палка. У 1921 г. уступіў у члены РКП(б).

У 1924 г. скончыў Вышэйшую тактычна-стралковую школу каманднага саставу РСЧА імя Камінтэрну «Стрэл», вярнуўся ў дывізію і прызначаны памочнікам камандзіра па гаспадарчай частцы 71-га стралковага палка. У красавіку 1927 г. пераведзены на пасаду камандзіра 4-га Туркестанскага стралковага палка 2-й стралковай дывізіі Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі. Пасля заканчэння Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзе (1931) выконваў абавязкі начальніка вучэбнага аддзела і начальніка штаба Школы ваенных зносін імя М. В. Фрунзе. 2 снежня 1935 г. прызначаны на пасаду камандзіра 6-й асобнай эксплуатацыйнай чыгуначнай брыгады ў складзе Асобнай Чырванасцяжнай Далёкаўсходняй арміі.

28 ліпеня 1938 г. камбрыг Ф. С. Калчук звольнены з арміі, у жніўні арыштаваны НКУС, знаходзіўся пад следствам, абвінавачваўся ў сувязях з «ворагамі народа». У сакавіку 1939 г. Ваенным трыбуналам Амурскай чыгункі асуджаны ўмоўна з двухгадовым выпрабавальным тэрмінам. Знаходзіўся ў запасе, вярнуўся на радзіму, працаваў на Брэсцкай чыгунцы.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Ф. С. Калчук адноўлены ў арміі. У ліпені 1941 г. прызначаны на пасаду камандзіра 182-га армейскага запаснога стралковага палка Паўднёвага фронта. У маі 1942 г. назначаны камандзірам 353-й стралковай дывізіі, якая ў складзе 18-й, 12-й і 56-й армій Паўднёвага фронта прымала ўдзел у баявых дзеяннях у перадгор’ях Каўказа, Краснадарскім краі і на Туапсінскім напрамку. 17 лістапада 1942 г. Ф. С. Калчуку прысвоена званне генерал-маёра.

У складзе 46-й арміі 3-га Украінскага фронта дывізія пад камандаваннем генерал-маёра Ф. С. Калчука паспяхова дзейнічала ў ходзе Нікапольска-Крыварожскай, Бярэзнегавата-Снігіроўскай і Адэскай наступальных аперацый. За вызначэнне пры вызваленні Днепрадзяржынска 353-яй стралковай дывізіі прысвоена ганаровае найменне «Днепрадзяржынская».

З мая 1944 г. генерал-маёр Ф. С. Калчук — камандзір 37-га стралковага корпуса  46-й арміі 3-га Украінскага фронта, у які ўваходзілі 108-я, 163-я, 316-я і 320-я стралковыя дывізіі. Корпус пад яго камандаваннем прымаў удзел у баявых дзеяннях падчас Яска-Кішынёўскай, Дзебрыцэнскай, Будапешцкай і Венскай наступальных аперацый. Вайну Фёдар Калчук скончыў у Аўстрыі.

Ф. С. Калчук узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Суворава ІІ ступені, ордэнамі Кутузава ІІ ступені, Айчыннай вайны І ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі «За оборону Кавказа», «За взятие Будапешта», «За победу над Германией», знакам «Почётный железнодорожник СССР» і інш.

Пасля вайны Ф. С. Калчук працягваў камандаваць 37-м стралковым корпусам, які быў уключаны ў Прыкарпацкую ваенную акругу. Пасля расфарміравання корпуса ў ліпені 1946 г. прызначаны на пасаду намесніка камандзіра 35-га гвардзейскага стралковага корпуса. З лістапада 1950 г. начальнік 1-га Ваеннага аўтамабільнага вучылішча (з 1960 г. — Разанскае ваеннае аўтамабільнае вучылішча).

У снежні 1953 г. генерал-маёр Фёдар Самойлавіч Калчук выйшаў у адстаўку. Памёр 3 студзеня 1972 г. у г. Вінніца (Украіна).

 

                                                                                                                                                                                                                                                Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

  1. Колчук Фёдор Самойлович // Твои сыновья, Беларусь : маршалы, генералы (адмиралы) — белорусы и уроженцы Беларуси в годы Великой Отечественной войны : биографический справочник / [сост.: Б. Д. Долготович, А. А. Коваленя]. Минск, 2019. С. 114–115.
  2. Колчук Фёдор Самойлович // Великая Отечественная война : комдивы : военный биографический словарь. Москва, 2015. Т. 4. С. 322–324.
  3. Колчук Фёдор Самойлович // Великая Отечественная война : комкоры : военный биографический словарь / под общ. ред. М. Г. Вожакина. Москва ; Жуковский, 2006. Т. 1. С. 276–278.
  4. Колчук Фёдор Самойлович // Долготович, Б. Д. Военачальники земли белорусской : биографический справочник / Б. Д. Долготовский. Минск, 2005. С. 129.
  5. Енциклопедія Криворіжжя : у. 2 т / [упорядник В. П. Бухтіяров]. – Кривий Ріг : ЯВВА, 2004. – Т. 1. – 699 с. –Зі змісту: [Ф. С. Колчук].
  6. Освобождение городов : справочник по освобождению городов в период Великой Отечественной войны 1941–1945 / под общ. редакцией генерала армии С. П. Иванова ; [авторский коллектив: М. Л. Дударенко (руковод.) и др.]. – Москва : Воениздат, 1985. – 598 с. – Из содерж.: [Ф. С. Колчук].
  7. Савельев, В. П. Гвардейская Николаевская : боевой путь 108-й гвардейской стрелковой Николаевской Краснознаменной, ордена Суворова дивизии / В. П. Савельев, Н. В. Попов. – Москва : Воениздат, 1978. – 171 с. : ил. – Из содерж.: [Ф. С. Колчук]. С. 73, 74, 77, 78, 92, 98, 99, 126.
  8. Грылев, А. Н. Днепр – Карпаты – Крым : освобождение Правобережной Украины и Крыма в 1944 году / А. Н. Грылев. – Москва : Наука, 1970. – 352 с. – Из содерж. : [Ф. С. Колчук]. С. 302, 323.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1281 разоў Апошняя змена Чацвер, 14 Студзень 2021 09:52