Пятніца, 25 Кастрычнік 2019 11:57

30 студзеня 2019 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Мікалая Пятровіча Кахаўца (1924–1998), перадавіка сельскагаспадарчай вытворчасці, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)

Мікалай Пятровіч Кахавец нарадзіўся 30 студзеня 1924 г. у вёсцы Новы Двор Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З маленства зведаў цяжкую сялянскую працу, быў галоўным памочнікам бацькі. У 1940 г. накіраваны ў школу лесаводаў.

 

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Мікалай Кахавец знаходзіўся на вучобе паблізу мяжы з Польшчай. Разам з адступаючымі часцямі Чырвонай арміі з цяжкасцю дабраўся да роднай вёскі. Восенню 1941 г. немцы забралі яго і сотні юнакоў i дзяўчат Піншчыны на прымусовую працу ў Германію. Знаходзіўся ў працоўным лагеры ў г. Остэрроуд, дзе вязні працавалі на вагонарамонтным заводзе. На пачатку 1945 г. вязняў вызваліла Чырвоная армія. У сакавіку 1945 г. дабраахвотна пайшоў на фронт, яго залічылі ў роту аўтаматчыкаў 3-га Беларускага фронту, ваяваў пад Кёнігзбергам.

Пасля дэмабілізацыі ў сакавіку 1947 г. Мікалай Кахавец вярнуўся ў родную вёску, працаваў на зямлі. У першыя пасляваенныя гады патрабавалася не менш мужнасці, чым у адкрытым баі з ворагам. У лютым 1948 г. ад рук недабітых фашысцкіх пасобнікаў загінула Матрона Ціханаўна Саковіч, актыўная агітатарка за сацыялістычныя пераўтварэнні ў вёсцы, дэпутат сельскага Савета. Большасць аднавяскоўцаў прагаласавала за калгас, і Мікалай Кахавец адным з першых запісаўся ў калектыўную гаспадарку.

Кіраўніцтва калгаса накіравала Мікалая Кахаўца вучыцца на трактарыста ў Пінскае вучылішча механізацыі № 28. Пасля заканчэння вучылішча ў 1950 г. ён накіраваны на працу ў Лагішынскую машынна-трактарную станцыю (МТС). Працаваў на трактары «Універсал», які выпускаўся на Уладзімірскім трактарным заводзе. У 1951 г. М. П. Кахаўцу прысвоілі катэгорыю трактарыста I класа, даверылі ўзначаліць трактарную брыгаду. Распахваў меліяраваныя землі, якія давалі высокія ўраджаі.

У 1958–1963 гг. — трактарыст, з 1964 г. — брыгадзір трактарнай брыгады калгаса «Камунар» Пінскага раёна. Узначальваў механізаванае звяно па вырошчванні бульбы. У 1965 г. звяно М. П. Кахаўца, якое апрацоўвала 150 га, атрымала бульбы па 240 ц/га, што тады было значным паказчыкам, потым мелі ўраджаі па 280–300 ц/га. Старшынёй калгаса тады быў Арсеній Мікалаевіч Навацкі.

За атрыманне высокіх ураджаяў М. П. Кахавец удастоены сярэбранага і бронзавага медалёў ВДНГ СССР, Граматы Вярхоўнага Савета БССР. 30 красавіка 1966 г. за поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак сельскагаспадарчых прадуктаў яму прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат».

Пры польскай уладзе ў Мікалая Кахаўца не было магчымасці хадзіць у школу, самастойна навучыўся чытаць і пісаць, а потым вучобе перашкодзіла вайна. Толькі ў 1967 г. яму ўдалося скончыць васьмігодку.

У 1969 г. М. П. Кахавец быў дэлегатам ІІІ Усесаюзнага з’езда калгаснікаў у Маскве. Па стане здароўя пакінуў працу на трактары. З 1976 г. — інжынер па тэхнічным абслугоўванні ў калгасе «Камунар». У апошнія гады перад пенсіяй працаваў загадчыкам калгасных рамонтных майстэрняў. Мікалая Пятровіча часта запрашалі выступіць перад навучэнцамі Пінскага вучылішча № 28, расказаць пра цяжкасці, гонар і шчасце працаваць на зямлі.

Мікалая Пятровіча вылучалі прастата, сціпласць, глыбокае веданне жыцця. З жонкай, Соф’яй Кірылаўнай, выгадавалі чацвярых дзяцей. 29 студзеня 1984 г. у Навадворскім Доме культуры адбыўся вечар-ушанаванне М. П. Кахаўца з нагоды яго 60-годдзя. Юбіляру сказалі шчырыя словы падзякі, уручылі памятны адрас, каляровы тэлевізар «Радуга».

М. П. Кахавец памёр 25 красавіка 1998 г. Калгас «Камунар» перажыў шэраг пераўтварэнняў, у 2007 г. на яго базе створана ААТ «Навадворскае-агра», але ў калектыве памятаюць пра героя.

 

                                                                                                                                                                                                                                                         Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Каховец Николай Петрович // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник. Минск, 2014. С. 111.
  2. Кахавец Мікалай Пятровіч // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 458.
  3. Коховец Николай Петрович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 327.
  4. Кахавец Мікалай Пятровіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 298.
  5. Кахавец Мікалай Пятровіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 5. С. 521.
  6. Шапиро, С. В земле наши корни / С. Шапиро // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск, 1978. С. 122–129.
  7. Пинщина край наш Полесский / [сост.: В. Н. Клеша и др.]. – Пинск : Пинская региональная типография, 2007. – 24 с. : ил.
  8. Ребковец, Л.Знаменитые земляки Пинщины. Герой Социалистического Труда Николай Коховец : [фото из архива семьи Коховец] / Людмила Ребковец // Полесская правда. Пинск, 2019. 6 февраля.
  9. Новацкий, А. Незабываемые встречи в Стошанах / Арсений Новацкий ; фото М. Линкевича // Белорусская нива. 2004. 14 декабря.
  10. Коховец Николай Петрович : [некролог] // Полесская правда. Пинск, 1998. 29 апреля.
  11. Пинщина их знает и помнит: Коховец Н. П. // Пинская неделя. 1997. 7 февраля.
  12. Коховец, Н. «Вновь открыл бы эту дверь...» : [размышления о новой смене работников на земле] / Н. Коховец // Заря. 1984. 8 сентября.
  13. Квир, А. Чествовал весь колхоз : [к 60-летию Н. П. Коховца] / А. Квир // Сельская газета. 1984. 30 апреля.
  14. Сиволап, В. Чествуя Героя : [о вечере в Новодворском Доме культуры к 60-летию Н. П. Коховца] / В. Сиволап ; фото автора // Полесская правда. Пинск, 1984. 3 февраля.
  15. Шапиро, С. В земле наши корни : [о Н. Коховце] / С. Шапиро // Полесская правда. Пинск, 1978. 23 августа.
  16. Коховец, Н. Мы — хозяева земли / Н. Коховец // Полесская правда. Пинск, 1974. 20 августа.
  17. Шапиро, С. Первый тракторист : [о делегате III Всесоюзного съезда колхозников Н. Коховце] / С. Шапиро // Заря. 1969. 25 ноября.
  18. Шапиро, С. Он стал первым : [тракторист Н. Коховец] / С. Шапиро // Сельская газета. 1966. 25 августа.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1064 разоў Апошняя змена Чацвер, 15 Красавік 2021 10:59