Першыя творы пятнаццацігадовага аўтара з’явіліся ў друку ў 1969 г. Вострыя, злабадзённыя і вясёлыя, яны прыцягвалі ўвагу чытачоў рэспубліканскіх і саюзных газет і часопісаў. Пасля заканчэння школы Аляксандр Шаўцоў паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. Вучоба не шкодзіла маладому творцу, а наадварот: студэнцкае жыццё давала добры матэрыял для з’яўлення новых і новых апавяданняў, замалёвак, мініяцюр. Пасля атрымання дыплома працаваў урачом на «хуткай», спецыялізаваўся ва ўралогіі.
А. П. Шаўцоў падрыхтаваў да выдання першую кнігу сваёй прозы «Как я боролся с гриппом...» (1981), пад вокладкай якой змясціў трыццаць дзевяць твораў. Прадмова да кнігі была напісана народным пісьменнікам Беларусі Іванам Шамякіным, які вельмі высока ацаніў як творы, так і талент маладога мастака слова.
Асаблівую цікавасць выклікае цыкл апавяданняў «Как я боролся с гриппом...», які даў назву ўсёй кнізе. Ён напісаны ад імя першай асобы, што надае яму асаблівую лірычнасць, шчырасць. Частка апавяданняў кнігі напісана Алесем Шаўцовым з гумарыстычным і нават сатырычным падтэкстам. Аўтар дасціпна смяецца з тых герояў, якія трапілі ў камічныя сітуацыі («Средство похудеть», «Телефон», «Именины»), іранізуе з лайдакоў, злодзеяў, людзей нахабных і зайздросных («Рацпредложение», «Копейка», «Я у телефона»). Як піша І. Шамякін, Алесь Шаўцоў «любіць людзей і, раскрываючы іх слабасці, смяецца з адной мэтай: вылечыць будучых чытачоў ад некаторых маральных „хвароб“».
Некаторыя мініяцюры Алеся Шаўцова нагадваюць байкі ў прозе: у іх прысутнічае сюжэтная частка і мараль — выснова ўсіх аўтарскіх разважанняў. Пісьменнік выкарыстоўвае для перадачы ідэйнага зместу традыцыйныя для еўрапейскай байкі алегарычныя вобразы з уласцівымі для іх маральнымі і інтэлектуальнымі якасцямі.
Алесь Шаўцоў праявіў сябе як майстра кароткай эпічнай формы. У 1980-я гг. у беларускай літаратуры творы-мініяцюры былі вельмі папулярнымі. Абразкі, эцюды, замалёўкі, камічныя апісанні, жарты можна знайсці ў творчасці многіх мастакоў слова. Гэтыя жанры даюць магчымасць канцэнтравана выкласці аўтару сваю задуму, аператыўна перадаць заўважаны ў жыцці цікавы выпадак.
Аляксандр Пятровіч быў жанаты, меў дваіх дзяцей. Часта прыязджаў да родных у Давыд-Гарадок, сябраваў са стрыечнай сястрой Валянцінай Міхайлаўнай Ціхан, на два гады маладзейшай. Яны мелі агульнае захапленне — выяўленчае мастацтва. Валянціна Міхайлаўна пісала рэалістычныя пейзажы алейнымі фарбамі, а Аляксандр Пятровіч любіў маляваць у стылі «мульцяшак».
Кніга «Как я боролся с гриппом...» сведчыць аб вялікім творчым патэнцыяле аўтара, які, на жаль, не рэалізаваўся поўнасцю ў будучай мастакоўскай дзейнасці. А. П. Шаўцоў раптоўна памёр ад нядоўгай хваробы (анеўрызма аорты) у 1987 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
Творы А. Шаўцова
- Как я боролся с гриппом… : рассказы и юморески / Алесь Шевцов ; [предисл. И. Шамякина]. – Минск : Мастацкая літаратура, 1981. – 159 с. – (Первая книга прозаика).
- Двойка па хіміі : гумарэска / Аляксандр Шаўцоў // Настаўніцкая газета. 1987. 1 верасня.
- Вялікая вада : гумарэска / Аляксандр Шаўцоў // Мінская праўда. 1987. 4 красавіка.
- Исповедь старого холостяка : юмореска / Алесь Шевцов // Сельская газета. 1987. 8 марта.
- Не ўцяміў : [гумарэска] / Алесь Шаўцоў // Вожык. 1983. № 17. С. 9.
- Несучасны : гумарэска / Аляксандр Шаўцоў // Вожык. 1982. № 16. С. 7.
- Новая тэма : гумарэска / Алесь Шаўцоў // Вожык. 1981. № 23. С. 6.
- Як дзеці ; Ці ўсё так проста? : кароткія апавяданні / Алесь Шаўцоў // Магілёўская праўда. 1981. 19 жніўня.
- Рекорд : юмореска / Алесь Шевцов // Физкультурник Белоруссии. 1980. 2 ноября.
- Імяніны : гумарэска / Алесь Шаўцоў // Беларусь. 1977. № 5. С. 31.
- Рацпрапанова : гумарэска / Алесь Шаўцоў // Беларусь. 1976. № 11. С. 25.
- Красворд : гумарэска / Алесь Шаўцоў // Чырвоная змена. 1976. 1 красавiка.
- Путь к успеху : юмореска / Алесь Шевцов // Физкультурник Белоруссии. 1974. 7 ноября.
- На старте : юмореска / Алесь Шевцов // Физкультурник Белоруссии. 1973. 2 декабря.
- Шевцов, А. Первый мускул : юмореска / Алесь Шевцов // Физкультурник Белоруссии. 1973. 24 ноября.
- Пiце квас : гумарэска / Алесь Шаўцоў // ЛiМ. 1973. 14 верасня. С. 16.
Аб жыцці і творчасці А. Шаўцова
- Алесь Шаўцоў // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзiч. Брэст, 2008. С. 509–511.
- Шамякин, И. В добрый час! / Иван Шамякин // Как я боролся с гриппом… / Алесь Шевцов. Минск, 1981. С. 3–4.
- Шаўцоў, П. З. Спрадвечнае : даследаванне аб часе i месцы напiсання «ананiмных» паэм «Энеiда навыварат»i «Тарас на Парнасе» / Пятро Захаравіч Шаўцоў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. – 271 с.
- Шаўцоў, П. З. Спрадвечнае : даследаванне аб часе i месцы напiсання «ананiмных» паэм «Энеiда навыварат»i «Тарас на Парнасе» / Пятро Захаравіч Шаўцоў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. – 270 с.
- Шаўцоў, П. Сямейнае паданне / Пятро Шаўцоў // Полымя. 1971. № 10. С. 203–220.