У школе Анатоль вучыўся вельмі добра, быў выдатнікам, у атэстаце была толькі адна «чацвёрка». Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут на спецыяльнасць «Зварачная вытворчасць». Пры паступленні ўсе экзамены здаў на пяцёркі. Вучыцца яму было вельмі цікава.
Пасля заканчэння інстытута размеркаваўся на Пінскі суднарамонтны завод. З раніцы да ночы прападаў на працы. Распрацаваў прыладу для зваркі вінтоў цеплахода, потым працаваў у корпусным цэху. Але маладога амбіцыёзнага інжынера не задавальнялi перспектывы, таму перабраўся ў роднае Іванава, пяць гадоў працаваў у рамонта-механічных майстэрнях «Глаўпалессевадбуду». Затым яшчэ пяць — у раённай сельгастэхніцы.
На мяжы 1970–1980-х гг. было прынята рашэнне пабудаваць у Іванаве соладавы завод. Першым яго дырэктарам назначылі трыццацідвухгадовага А. У. Зыбянка. Будаўніцтва прадпрыемства пачалося ў 1981 г., з-за недастатковага фінансавання замест пяці нарматыўных расцягнулася на восем гадоў.
На былое балота — тэрыторыю завода — завезлі тысячы тон грунту. Працягнулi новую ЛЭП, устанавілі новыя трансфарматар, водазабор у складзе дзевяці артэзіянскіх скважын i станцыi абезжалезвання вады, ачышчальныя збудаванні, падвялі пад’язныя чыгуначныя пуці. Увялі ў строй магутную мазутную кацельню, а потым перавялі яе на газ, што дазволіла зачыніць у горадзе 32 вугальныя кацельні і палепшыць экалогію горада. Для работнікаў завода пабудавалі 200 кватэр, два інтэрнаты па 220 месцаў кожнае, прафінансавалі будаўніцтва дзіцячага сада № 4.
Іванаўскі соладавы завод пачаў сваю вытворчую дзейнасць з другога квартала 1989 г. Увод завода ў эксплуатацыю і яго праца далі значны імпульс для сацыяльна-эканамічнага развіцця ўсяго Іванаўскага раёна. Першапачаткова вытворчая магутнасць завода складала 65 тыс. тон соладу за год. Гаспадарчы падыход, уменне прыняць правільнае рашэнне, настойлівасць, патрабаванне жорсткай дысцыпліны, цвёрдасць, уніканне ў тэхналогію вытворчасці і іншыя моцныя якасці характару складалі сутнасць Анатоля Уладзіміравіча як кіраўніка.
Пасля развалу Савецкага Саюза востра паўстала праблема збыту прадукцыі, але паступова завод пераадолеў крызісныя з’явы. У лютым 1996 г. Іванаўскі соладавы завод пераўтвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства «Белсолад». З 1997 г. уваходзіць у склад Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці «Белдзяржхарчпрам». З’яўляецца вядучым прадпрыемствам краіны па выпуску піваварнага ячменнага соладу.
А. У. Зыбянок аддаў прадпрыемству «Белсолад» амаль дваццаць пяць гадоў актыўнай працы. Пасля зыходу з завода ў 2005 г. узначальваў раённую прафсаюзную арганізацыю работнікаў аграпрамысловага комплексу. Разам з Людмілай Антоньеўнай Сідарцавай у 2008 г. падрыхтаваў слоўнік лабурскай мовы — культурнай з’явы іванаўцаў. Лабуры — прафесійныя зборшчыкі падаянняў на храмы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Анатоль Зыбянок // Людзі Янаўскага краю / аўт. тэксту і ўклад. І. Гетман ; прадм. Ю. Бісуна ; фота В. Міхальчука, В. Жушмы. Мінск, 2018.С. 6–12.
- Белсолод // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 86.
- Ивановский завод «Белсолод» // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 696–697.
- Основные показатели социально-экономического развития // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 524–564.
- Михальчук, В. Тридцать ступеней истории «Белсолода» : юбилей завода / Валерий Михальчук // Янаўскі край. Іванава. 2019. 5 ліпеня. С. 9 : фот.
- Кривецкая, Н. ОАО «Белсолод»: 30 лет в пути / Наталья Кривецкая // Заря. 2019. 22 июня. С. 10–11.
- Крывецкая, Н. Без піджака: дэжавю Анатоля Зыбянка : [першы кіраўнік ААТ «Белсолад» у 1981–2005 гг.] / Наталля Крывецкая // Янаўскі край. Іванава, 2019. 29 сакавіка. С. 8 : фат.
- Гетман, И. Анатолий Зыбенок: «Хлопцем я был амбициозным»/ Игорь Гетман // Янаўскі край. Іванава, 2018. 29 чэрвеня. С. 4.
- Гетман, И. Поздравляем с наградой : [Почётной грамотой районного Совета депутатов награждены А. В. Зыбенок, И. К. Бушкевич, З. И. Бартош] / Игорь Гетман // Чырвоная звязда. Іванава, 2017. 24 студзеня. С. 2.
- Горупа, М. В его судьбе стал город главным : [о генеральном директоре ОАО «Белсолод» А. Зыбенке] / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2003. 22 жніўня. С. 2.
- Чалавек і яго справа : [дырэктар ААТ «Белсолад» А. У. Зыбянок] // Чырвоная звязда. Іванава, 2002. 18 студзеня.
- Зыбянок, А. Крызіс пераадолеем толькі на экспарце : [ААТ «Белсолад»] / Анатоль Зыбянок // Чырвоная звязда. Іванава, 1997. 29 жніўня. С. 1.
- Сацута, С. Кіраўнік вялікіх магчымасцей : [пра дырэктара соладавага завода А. У. Зыбянка] / С. Сацута // Чырвоная звязда. Іванава, 1995. 10 мая.