Пятніца, 31 Студзень 2020 10:23

12 лютага 2020 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Віктара Мікалаевіча Трамбіцкага (1895–1970), савецкага кампазітара, дырыжора, педагога

Віктар Мікалаевіч Трамбіцкі нарадзіўся 12 лютага 1895 г. у г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні (цяпер Брэст). Яго бацька, Мікалай Іванавіч Трамбіцкі, капітан, камандзір 15-й роты артылерыі ў Брэст-Літоўскай крэпасці, любіў і разумеў музыку, добра іграў на раялі і нават нешта сачыняў, даў першыя ўрокі музыкі Віктару.

 

Віктар Трамбіцкі скончыў Віленскую гімназію (1914) і музычнае вучылішча Расiйскага музычнага таварыства. Вучыўся на юрыдычным факультэце Петраградскага iмператарскага ўніверсітэта. У 1917–1919 гг. сумяшчаў вучобу з заняткамі ў кансерваторыі. У гады студэнцтва працаваў піяністам-ілюстратарам у кіно, канцэртмайстрам у балетнай студыі і тэатральнай студыі У. Меярхольда. Сустрэчы з вядомымі музычнымі і тэатральнымі дзеячамі зрабілі значны ўплыў на фарміраванне музычна-эстэтычных поглядаў і густаў маладога кампазітара.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Віктар Трамбіцкі ўдзельнічаў у стварэнні музыкі для масавых святкаванняў. У 1919 г. прыняў прапанову стаць дырыжорам і музычным кіраўніком перасоўных калектываў, з якімі за шэсць гадоў аб’ездзіў шмат гарадоў краіны. Нягледзячы на пастаянныя пераезды, на інтэнсіўную арганізатарскую работу, ён напісаў за гэты час фартэпіянныя прэлюдыі, аперэты, скрыпічны канцэрт, нарадзілася задума оперы «Овод».

У 1925 г. атрымаў прапанову Свярдлоўскага опернага тэатра закончыць оперу «Овод», яе прэм’ера прайшла з вялікім поспехам. Потым былі оперы «Гнев пустыни» (1930), «Великий путь» (1932), «Орлёна» (1934), «Гроза» (1943) і іншыя творы. У 1934 г. была створана Свярдлоўская кансерваторыя, дзе В. М. Трамбіцкі ўзначальваў кафедру тэорыі і кампазіцыі, з усёй энергіяй уключыўся ў педагагічную дзейнасць. У 1939 г. яму прысвоена званне прафесара, у 1946 г. — заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР. Адначасова вёў курс народнай творчасці, оперную драматургію, гармонію, кіраваў спецыялізацыяй музыказнаўцаў, кампазітарскай і тэарэтычнай аспірантурай. Паклаў пачатак збіранню ўральскага музычнага фальклору ў кансерваторыі.

Віктар Мікалаевіч вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Прымаў удзел у стварэнні Свярдлоўскага музычнага радыёвяшчання, з’яўляўся яго рэдактарам (1930–1933), у 1948–1960 гг. — старшыня Свярдлоўскага аддзялення Саюза кампазітараў, у 1960–1968 гг. з’яўляўся сакратаром праўлення Саюза кампазітараў РСФСР. Аўтар музыказнаўчых артыкулаў у перыядычных выданнях і зборніках. У 1961 г. пераехаў у Ленінград, узяўся за стварэнне раней задуманай оперы «Кружевница Настя» паводле апавядання К. Паўстоўскага. Опера была пастаўлена на сцэне Ленінградскага дзяржаўнага акадэмiчнага тэатра оперы і балета імя С. Кірава (1963).

У апошнія гады жыцця ў Віктара Мікалаевіча рэзка пагоршыўся зрок, з вялікімі цяжкасцямі працаваў ён над операй «Память сердца». Застаўся няскончаным і апошні твор кампазітара, які ён прысвяціў абаронцам Брэсцкай крэпасці, — сюіта «Спите, любимые братья» на словы С. Ясеніна. На ўсё жыццё Віктар Мікалаевіч захаваў дарагую для яго памяць пра горад, дзе нарадзіўся і вырас.

В. М. Трамбіцкі памёр 13 жніўня 1970 г. у Ленінградзе.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Трамбицкий Виктор Николаевич / Б. И. Певзнер, М. Г. Бялик // Музыкальная энциклопедия : в 6 т. Москва, 1981. Т. 5. С. 588–589.
  2. Расінская, А. Ф. Шматгранны талент / А. Ф. Расінская // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 647.
  3. Иванчук, Н. В. Н. Трамбицкий — личность и творческая судьба / Н. Иванчук // История музыкальных контактов: Санкт-Петербург – Екатеринбург : материалы Всероссийской научной конференции. Екатеринбург, 2003. С. 8–10.
  4. Сокольская, Ж. Виктор Николаевич Трамбицкий / Ж. Сокольская // Композиторы Екатеринбурга. Екатеринбург, 1998. С. 86–100.
  5. Трамбицкий, В. Н. Гармония русской песни : исследование / В. Н. Трамбицкий. – Москва : Советский композитор, 1981. – 218 с.
  6. Корев, Ю. Кружевница Настя / Ю. Корев // Музыкально-критические статьи / Ю. Корев. Москва, 1974. С. 223–241.
  7. Ананьев, В. Память сердца : о творчестве В. Н. Трамбицкого / В. Ананьев // Музыка и музыканты Ленинграда. Москва ; Ленинград, 1972. С. 18–32.
  8. Карышева, Т. Виктор Николаевич Трамбицкий / Т. Карышева // Книга о музыке / сост. В. Очаковская. Москва, 1971. С. 105–106.
  9. Певзнер, Б. И. В. Н. Трамбицкий / Б. И. Певзнер // Композиторы Урала : сборник очерков. Свердловск, 1968. С. 16–26.
  10. Гозенпуд, А. Русский советский оперный театр (1917–1941) : очерк истории / А. Гозенпуд. – Ленинград : Музгиз, 1963. – 440 с. – Из содерж.: Трамбицкий В. С. 277, 291–297.
  11. Певзнер, Б. И. Оперное творчество В. Трамбицкого / Б. И. Певзнер // О музыке и музыкантах Урала : научно-методические записки Уральской государственной консерватории. Свердловск, 1959. Вып. 3. С. 24–47.
  12. Глазов, В. Композитор Виктор Трамбицкий : музыка уроженца Бреста на фоне сумбура века / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2013. 21 ноября (№ 47). С. 20.
  13. Биберган, В. Память сердца / В. Биберган // Музыкальная академия. 2010. № 4. С. 119–121.
  14. Тюлин, Ю. Путь музыканта / Ю. Тюлин // Советская музыка. 1975. № 4. С. 86–87.
  15. Бялик, М. Благородное сердце художника / М. Бялик // Музыкальная жизнь. 1970. № 20. С. 22–23.
  16. Толстой, Д. Трамбицкий В. Н. : [к 75-летию со дня рождения композитора] / Д. Толстой // Советская музыка. 1970. № 5. С. 38–42.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1011 разоў Апошняя змена Аўторак, 16 Люты 2021 16:00