Чацвер, 06 Люты 2020 13:23

3 лютага 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Васілія Раманавіча Лазарава (1920–1988), ваеннага лётчыка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза (1946)

Васілій Раманавіч Лазараў нарадзіўся 3 лютага 1920 г. у сяле Колтава Маскоўскай вобласці. Бацькі займаліся сельскай гаспадаркай, у 1927 г. уступілі ў калгас. Пасля заканчэння сямі класаў школы калгаснай моладзі (1935) Васілій паступіў у Пензенскі тэхнікум паравознай гаспадаркі, адначасова навучаўся ў Пензенскім гарадскім аэраклубе.

 

У лістападзе 1940 г. Васілій Лазараў прызваны ў Чырвоную армію, быў накіраваны вучыцца ў Балашоўскую авіяцыйную школу пілотаў. Вучыўся лятаць на тактычным бамбардзіроўшчыку СБ. 30 верасня 1941 г. назначаны ваенным пілотам са званнем сяржант, як лепшы навучэнец пакінуты ў школе ў якасці інструктара. У ліпені – снежні 1942 г. перавучваўся на самалёце ИЛ-2 у 34-м запасным авіяцыйным палку ў г. Іжэўску.

У снежні 1942 г. Васілій Лазараў накіраваны на Цэнтральны фронт лётчыкам, аднак лятаў нядоўга, бо яго полк быў пераведзены на перафарміраванне. У сакавіку 1943 г. В. Р. Лазараў пераведзены ў 218-ы штурмавы авіяполк. У маі 1943 г. атрымаў афіцэрскае званне малодшага лейтэнанта, у снежні — лейтэнанта, у лістападзе 1944 г. — старшага лейтэнанта. У складзе 218-га штурмавога авіяцыйнага палка удзельнічаў у вызваленні Беларусі. За вызваленне г. Слуцка (30 чэрвеня 1944 г.) у ходзе Мінскай аперацыі 218-ы авіяполк загадам ВГК 5 ліпеня 1944 г. атрымаў ганаровае найменне «Слуцкі».

Па стане на сакавік 1945 г. гвардыі старшы лейтэнант В. Р. Лазараў — камандзір звяна 173-га гвардзейскага штурмавога авіяпалка 11-й гвардзейскай штурмавой авіядывізіі 16-й паветранай арміі 1-га Беларускага фронту. Да таго часу здзейсніў 115 баявых вылетаў на штурмоўку скапленняў баявой тэхнікі і жывой сілы праціўніка, нанесшы яму вялікія страты.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1946 г. В. Р. Лазараву прысвоена ганаровае званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 6146). Таксама ўзнагароджаны чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1943, 1943, 1944, 1945), ордэнамі Айчыннай вайны І ступені (1944), Чырвонай Зоркі, медалямі «За освобождение Варшавы», «За взятие Берлина», «За боевые заслуги» і інш., у т. л. медалём ПНР.

Пасля заканчэння вайны В. Р. Лазараў працягваў службу ў Савецкай арміі. У 1947–1950 гг. — намеснік камандзіра авіяэскадрыллі 58-га гвардзейскага штурмавога авіяпалка Групы савецкіх акупацыйных войск у Германіі, затым камандзір эскадрыллі 635-га штурмавога авіяпалка там жа, у Германіі.

У красавіку 1949 г. В. Р. Лазараў атрымаў званне капітана, у маі 1952 г. — маёра. У 1951–1955 гг. служыў камандзірам эскадрыллі ў 75-м гвардзейскім штурмавым авіяпалку ў г. Лунінцы Пінскай вобласці. У снежні 1955 г. па скарачэнні штатаў звольнены ў запас. Пражываў у г. Баранавічы Брэсцкай вобласці, працаваў на розных гаспадарчых пасадах, удзельнічаў у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, з’яўляўся пенсіянерам саюзнага значэння.

В. Р. Лазараў памёр 5 чэрвеня 1988 г., пахаваны ў Баранавічах на могілках «Русіно». 9 мая 2019 г. на доме, дзе ён жыў (вул. Камсамольская, 5), адкрыта мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Лазарев Василий Романович // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 839.
  2. Литвинович, Е. Крепкое звено : [к 100-летию со дня рождения В. Р. Лазарева] / Евгений Литвинович // Заря. 2020. 5 февраля. С. 6.
  3. Шубич, М. Память о героях : [об открытии мемориальной доски Герою Советского Союза В. Р. Лазареву и памятного знака «Петля Нестерова» в Барановичах] / Михаил Шубич // Заря. 2019. 15 мая. С. 3.
  4. Шарапо, О. История, которую нельзя забыть : [об открытии мемориальной доски Герою Советского Союза В. Р. Лазареву на доме, где он жил] / О. Шарапо, Т. Карпик ; фото Б. Новограна // Наш край. Барановичи, 2019. 11 мая. С. 2.
  5. Звезды земные : Лазарев Василий Романович // Наш край. Барановичи, 1998. 29 апреля.
  6. Лазарев В. Р. : [некролог] // Знамя коммунизма. Барановичи, 1988. 7 июня.
Чытаць 1035 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Сакавік 2021 09:36