Пятніца, 14 Люты 2020 09:25

19 лютага 2020 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Мацвея Васільевіча Смаршчка (1915–2008), заслужанага доктара медыцыны, беларускага паэта (Анатоль Бярозка), культурнага і грамадскага дзеяча

Мацвей (Мітрафан) Васільевіч Смаршчок (Рэпкаў-Смаршчок) нарадзіўся 19 лютага 1915 г. у вёсцы Вялікае Падлессе Баранавіцкага павета (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Мацвей вучыўся ў пачатковай школе ў роднай вёсцы, а затым — у Ляхавіцкай школе і Баранавіцкай гімназіі імя Т. Рэйтана.

 

Вучнем упершыню выступіў са сваімі творамі пад уласным прозвішчам у друку. Яго вершы былі надрукаваны ў часопісе для дзяцей «Заранка», які выдавала Зоська Верас у 1927–1931 гг. у Вільні. У 1930-я гг. публікаваў свае вершы ў віленскіх перыядычных выданнях «Заранка», «Шлях моладзі», «Калосьсе», падпісваўся псеўданімам Анатоль Бярозка.

У 1934–1939 гг. Мацвей Смаршчок вучыўся на медыцынскім факультэце Віленскага ўніверсітэта, адначасова працаваў, застаўся асістэнтам прафесара на кафедры фізіялогіі. Пры гэтым знаходзіў час для літаратурнай творчасці. Рэдагаваў часопісы «Шлях моладзі», «Калосьсе», рукапісны гумарыстычны часопіс «З-за плоту» (выйшлі тры нумары). У часопісе з’явілася рэзкая сатыра на Сталіна. Калі пачалося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, гэтай старонкай біяграфіі зацікавіліся следчыя НКУС. Анатоль Бярозка, які меў непасрэднае дачыненне да публікацыі, паспяшаўся пакінуць Вільню, некаторы час жыў у Івацэвічах, Іванаве, Пінску, працаваў урачом на Брэст-Літоўскай чыгунцы.

Вялікую Айчынную вайну М. В. Смаршчок сустрэў у Маскве, куды прыехаў на медыцынскія курсы, адразу стаў вяртацца назад. Апынуўся ў Баранавічах, дзе працаваў у шпіталі, у які штодня прывозілі параненых ад бомбавых удараў. Узначальваў медыцынскую школу, дзе рыхтавалі медыцынскіх сясцёр. Вясною 1944 г. з жонкай Станіславай і дачкой Марыяй выехаў у Познань (Польшча) да сваякоў жонкі. Неўзабаве быў арыштаваны немцамі, разам з жонкай і дачкой адпраўлены ў канцлагер «Нордгаўзен» (Цюрынгія). Немцы паставілі яго лекарам у медыцынскім бараку — вязні шмат і падоўгу хварэлі.

Пасля вызвалення М. В. Смаршчок застаўся ў Германіі, а ў 1948 г. з першай хваляй эміграцыі выехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі па запрашэнні Мантысэлаўскага шпіталя. Пасяліўся ў г. Мантысела (штат Мінесота) і пражыў там усё астатняе жыццё. Англійскай мовы не ведаў, але давялося вывучыць, каб здаць экзамены на пацвярджэнне медыцынскага дыплома.

У ЗША праславіўся як выдатны медык. Шмат гадоў кіраваў медыцынскім доглядам у доме для састарэлых. У поўнай меры выявіўся яго талент герыятра, рабіў сваю справу з добрым гумарам і вялікай сціпласцю. За сваю адданасць медыцыне і высокі прафесіяналізм атрымаў ступень Заслужанага доктара. Яго імем названы адзін з карпусоў медыцынскага комплексу ў Мантысела. Адначасова з’яўляўся прафесарам Мінесотаўскага ўніверсітэта, займаўся доследамі хваробаў сэрца. У вольны час захапляўся фатаграфаваннем, шахматамі, электронікай. Свядомых беларусаў у горадзе не было, пагаварыць па-беларуску не было з кім.

У эміграцыі Анатоль Бярозка амаль не пісаў вершаў. Толькі ў 1989 г. ён вырашыў выдаць кнігу за ўласны кошт. Так з’явіўся яго адзіны зборнік «Адзінаццаць вершаў» з паралельнымі аўтарскімі перакладамі на англійскую мову. У далечыні ад радзімы ён не забыў родны кут і матчыну мову. Шчырыя словы, напоўненыя любоўю да бацькоўскай зямлі, настальгіяй па ёй і пакорным змірэннем з лёсам. Мінорныя, журботныя настроі многіх вершаў паэта сведчаць пра чуласць яго душы, спагадлівасць да родных хат.

Імя Анатоля Бярозкі стала вядомым ў Беларусі з 1985 г., дзякуючы намаганням Барыса Сачанкі і Вітаўта Кіпеля. Мінскі клуб «Спадчына» выдаў у 2004 г. кнігу Анатоля Бярозкі «Выбранае» (тыраж 300 экз.), у якой сабраны багаты матэрыял пра жыццё і творчасць паэта. У сядзібе Музея выяўленчага мастацтва ў г. Старыя Дарогі ўстаноўлены помнік паэту (скульптар Уладзімір Лятун, 2001). 18 лютага 2005 г. у Доме літаратара (Мiнск) адбылася вечарына, прысвечаная 90-годдзю паэта Анатоля Бярозкі.

Мацвей Васільевіч Смаршчок памёр 20 чэрвеня 2008 г. у г. Мантысела.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Прытульчык Рыма Уладзіміраўна, бібліятэкар-бібліёграф

 

Творы А. Бярозкі

  1. Выбранае / Анатоль Бярозка ; [уклад. А. Белага ; прадм. А. Ліса]. – Мінск : Тэхнапрынт, 2004. – 193 с. : іл.
  2. Адзiнаццаць вершаў = Elevenpoets / Бярозка Анатоль. – Мiнэсота : MonticelloPrinting, Inc, 1989.
  3. Ліст да маці : [верш] / Анатоль Бярозка // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 372–373.
  4. Адлёт жураўлёў ; Ліст да маці ; «Сягоння патухла тваё акно» ; «Поле, далёка — шырокае поле...» ;«Тысячай воч палымяных, распаленых цемрай начною…» ; «Абяздолены мой стромы шлях...» : [вершы] / Анатоль Бярозка // Туга па Радзіме : паэзія беларускай эміграцыі / уклад., прадм. і біягр. даведкі Б. Сачанкі. Мінск, 1992. С. 617–621.
  5. «Маё сэрца ўжо спынялася...» : [успаміны] / Анатоль Бярозка ; запісаў Аляксандр Адзінец // Дзеяслоў. 2007. № 2 (27). С. 280–284.
  6. Малітва пра волю ; Устань! ; «Поле, далёка — шырока поле...» ; Ліст да маці ; Эпілёг : [вершы] / Анатоль Бярозка // Роднае слова. 2005. № 6. С. 23.
  7. Адлёт жураўлёў ; «Тысячай воч палымяных, распаленых цемрай начною…» ; «Абяздолены мой стромы шлях...» : [вершы] / Анатоль Бярозка // Полымя. 1991. № 6. С. 108–109.

 

Аб жыцці і творчасці М. В. Смаршчка (А. Бярозкі)

  1. Бярозка Анатоль / А. Я. Белы // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 412.
  2. Анатоль Бярозка (нар. у 1915 годзе) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 370–373.
  3. Кіпель, В. Беларусы ў ЗША / Вітаўт Кіпель ; Беларус. ін-т навукі і мастацтва (Нью-Ёрк), Нац. навук.-асвет. цэнтр імя Ф. Скарыны (Менск). – Мінск : Беларусь, 1993. – 350 с. – Са зместу: А. Бярозка. С. 300–304.
  4. Ліс, А. Анатоль Бярозка. Як малітва аб волі // Gloria victis : збор твораў / Арсень Ліс. Мінск, 2010. C. 207–212.
  5. Мікуліч, М. У. [Творчасць Анатоля Бярозкі (сапр. Мацей Смаршчок, 1915–2008)] / М. У. Мікуліч // Паэзія Заходняй Беларусі (1921–1939) / М. У. Мікуліч. Мінск, 2010. С. 393–403.
  6. Запруднiк, Я. Дванаццатка : дакум. аповесць пра дванаццацёх беларус. хлапцоў у Нямеччыне, Велiкабрытанii й Бэльгii (1945–1954) / Янка Запруднiк, Р1-ктс. – Нью-Ёрк : Беларус. iн-т навукi i мастацтва, 2002. – 510 с. – (Гiсторыя беларускай эмiграцыi). – Са зместу: А. Бярозка. С. 226.
  7. Гiсторыя беларускай лiтаратуры. ХХ стагоддзе (20-50-я гады) : для студэнтаў фiлал. спецыяльнасцей вузаў / пад агул. рэд.: М. А. Лазарука, А. А. Семяновiча ; уступ. арт. М. А. Лазарука.2-е выд., дапрац. i дап. Мінск : Вышэйшая школа, 2000.  511 с.
  8. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : у 4 т. – Мінск : Беларуская навука, 1999. – Т. 2 :Літаратура перыяду 1921–1941 гадоў. 903 с. : іл. – Са зместу: АБярозка (Мацей Смаршчок). С. 255, 269, 270, 274.
  9. А часу больш, чым вечнасць : лiтаратура беларускага замежжа / [аўтар прадмовы і ўкладальнік Б. І. Сачанка]. Мінск : Юнацтва, 1995. 333 с. (Школьная бiблiятэка).
  10. Мікуліч, М. «Сэрца чагосьці чакала...» : да 100-годдзя Анатоля Бярозкі / Мікола Мікуліч // Роднае слова. 2015. № 9. С. 27–29 ;  10. С. 1618.
  11. 100 гадоў з дня нараджэння Анатоля Бярозкі // Наша слова. 2015. 18 лютага (№ 7). С. 1.
  12. Мікуліч, М. Паэзія Анатоля Бярозкі / Мікалай Мікуліч // Весцi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi. Серыя гуманітарных навук. 2008. № 1. С. 92–97.
  13. Ліс, А. Як малітва аб волі : эцюд : [пра паэта А. Бярозку] / Арсень Ліс // Тэрмапілы. Беласток, 2007. № 11. C. 246–252.
  14. Мiкулiч, М. «Хай прападзе бяда й няшчасце...» : [пра А. Бярозку] / Мікалай Мікуліч // ЛiМ. 2007. 9 лютага. С. 7.
  15. Мікуліч, М. У. Духоўна-мастацкія пошукі Анатоля Бярозкі / М. У. Мікуліч // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя філалагічных навук. 2006. № 2. С. 3–8.
  16. Марціновіч, А. Журавы над пожняй : патрыятычная лірыка Анатоля Бярозкі / Алесь Марціновіч // Роднае слова. 2005. № 6. С. 21–23.
  17. Вішнеўскі, А. Зерне, кінутае ва ўраджайную глебу : [да 90-годдзя паэта А. Бярозкі] / Алесь Вішнеўскі // ЛiМ. 2005. 25 сакавіка (№ 12). С. 7.
  18. Чыгрын, С. «Пад ціхі шум твайго верацяна...» : [аб творчасці паэта А. Бярозкі] / Сяргей Чыгрын // Ніва. 2005. 20 лютага (№ 8). С. 9.
  19. Савiк, Л. Вяртанне паэта / Л. Савік // Наша слова. 2004. 14 ліпеня. С. 3.
  20. Барыс, А. Вернутае імя : [А. Бярозка] / А. Барыс // Ляхавіцкі веснік. 2001. 26 верасня. С. 2.
  21. Пранчак, Л. Дзе моляцца сонцу разоры : па слядах паэта Анатоля Бярозкі / Леанід Пранчак // Маладосць. 2000. № 9. С. 228–234.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1251 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Сакавік 2021 09:56