Пятніца, 14 Люты 2020 09:29

23 сакавіка 2020 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Аляксандравіча Лучынскага (1900–1990), удзельніка вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза (1945)

Аляксандр Аляксандравіч Лучынскі нарадзўся 23 сакавіка 1900 г. у г. Кіеве. Бацька, Аляксандр Лаўрэнцьевіч Лучынскі, рускі афіцэр, удзельнік Руска-японскай (1904–1905) і Першай сусветнай войнаў, быў камандзірам палка ў час Брусілаўскага прарыву, у лютым 1917 г. яму прысвоена званне генерал-маёра, з мая 1918 г. у Чырвонай арміі інспекціраваў пяхоту, затым выкладаў тактыку на курсах чырвоных камандзіраў.

 

З 1912 г. Аляксандр вучыўся ў Вольскім кадэцкім корпусе, дзе скончыў 7 класаў. У 1918 г. экстэрнам здаў экзамен за курс рэальнага вучылішча ў Саратаве, паступіў у Саратаўскі ўніверсітэт. У Чырвонай арміі з мая 1919 г.

У час Грамадзянскай вайны — на Паўднёва-Усходнім і Паўднёвым франтах, ваяваў супраць армій Калчака, Дзянікіна, Урангеля. З мая 1920 г. — камандзір узвода 83-й брыгады 28-й стралковай дывізіі. З 1922 г. ваяваў на Туркестанскім фронце супраць басмачоў. Скончыў Аб’яднаную Сярэднеазіяцкую ваенную школу імя У. І. Леніна (Ташкент; 1927), Кавалерыйскія курсы ўдасканалення каманднага саставу (Новачаркаск; 1930), камандаваў эскадронам. З 1930 г. — начальнік палкавой школы, начальнік штаба палка, камандзір палка. У 1940 г. скончыў Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзэ.

У красавіку 1941 г. палкоўнік А. А. Лучынскі назначаны камандзірам 83-й горнастралковай дывізіі, якая дыслацыравалася ў Сярэдняй Азіі. У жніўні 1941 г. 83-я дывізія ўдзельнічала ў Іранскай аперацыі. Затым вяла баі на Закаўказскім і Паўночна-Каўказскім франтах, удзельнічала ў абароне Каўказа, у Паўночна-Каўказскай і Краснадарскай наступальных аперацыях. 31 сакавіка 1943 г. А. А. Лучынскі атрымаў воінскае званне генерал-маёра, 25 мая 1944 г. — генерал-лейтэнанта.

З мая 1944 г. — камандуючы 28-й арміяй (трэцяга фарміравання) на 1-м Беларускім фронце, войскі якой у ходзе Беларускай аперацыі 1944 г. прымалі ўдзел у вызваленні Баранавіцкай, Пінскай і Брэсцкай абласцей. Удзельнік вызвалення гарадоў Глуска, Слуцка, Баранавічы, Пінска, Пружаны, Брэста і інш. 7 часцей і злучэнняў 28-й арміі атрымалі ганаровае найменне «Брэсцкія».

У студзені – сакавіку 1945 г. 28-я армія 3-га Беларускага фронту прарвала моцна ўмацаваную абарону праціўніка і выйшла ў цэнтральную частку Усходняй Прусіі. Затым, развіваючы наступленне, 28-я армія прасунулася на ўзбярэжжа Балтыйскага мора паўднёва-заходней Кёнігсберга, адрэзаўшы шляхі адыходу ўсходне-прускай групоўцы праціўніка. Асабліва вызначылася пры ліквідацыі варожай групоўкі войск паўднёва-заходней Кёнігсберга. За ўмелае ўпраўленне войскамі ва Усходне-Прускай аперацыі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і адвагу генерал-лейтэнанту А. А. Лучынскаму 19 красавіка 1945 г. прысвоена ганаровае званне Героя Савецкага Саюза.

З чэрвеня па верасень 1945 г. генерал-палкоўнік А. А. Лучынскі быў камандуючым 36-й арміяй на Забайкальскім фронце. Прымаў удзел у разгроме Квантунскай арміі Японіі — у Хінгана-Мугдэнскай аперацыі. У 1948 г. скончыў Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Вышэйшай ваеннай акадэміі імя К. Варашылава, камандаваў 3-й ударнай арміяй. З верасня 1949 г. — камандуючы злучэннем войск Ленінградскай, з мая 1953 г. — Туркестанскай ваенных акруг.

8 жніўня 1955 г. А. А. Лучынскаму прысвоена воінскае званне генерала арміі. З 1957 г. — у Міністэрстве абароны СССР. З красавіка 1958 г. з’яўляўся першым намеснікам галоўнага інспектара Міністэрства абароны СССР. З верасня 1964 г. — ваенны інспектар-саветнік у Групе генеральных інспектараў Міністэрства абароны СССР, у
1969–1986 гг. — намеснік начальніка гэтай групы.

На ХІХ і ХХ з’ездах КПСС выбраны кандыдатам у члены ЦК (1952–1961). Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 2–4-га скліканняў (1946–1958). Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1943, 1945, 1945), чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1929, 1938, 1944, 1949), трыма ордэнамі Суворава І ступені (1944, 1945, 1945), ордэнам Кутузава І ступені (1944) і іншымі ордэнамі і медалямі СССР, ордэнамі ПНР, ЧССР і МНР. 12 сакавіка 1975 г. прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна г. Брэста.

А. А. Лучынскі памёр 25 снежня 1990 г., пахаваны на Новадзявочых могілках г. Масквы (участак 11). На доме, дзе ён жыў у Маскве (вул. Ганчарная, 26, корп. 1) устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імем названа вуліца ў Брэсце (мікрараён «Кавалёва»).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Лучынскі Аляксандр Аляксандравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 380.
  2. Лучинский Александр Александрович // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 77.
  3. Лучинский Александр Александрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 46.
  4. Лучинский Александр Александрович // Почетные граждане белорусских городов : биогр. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 11.
  5. Лучынскі Аляксандр Аляксандравіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 642.
  6. Лучынскі Аляксандр Аляксандравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 406.
  7. Лучынскі Аляксандр Аляксандравіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 308.
  8. Лучинский Александр Александрович // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 251.
  9. Лучинский Александр Александрович // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 897–898.
  10. Лучинский Александр Александрович // Великая Отечественная война,
    1941–1945 : энциклопедия. Москва, 1985. С. 421–422.
  11. Лучинский Александр Александрович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 383.
  12. Лучынскі Аляксандр Аляксандравіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 375.
  13. Лучинский Александр Александрович // Большая советская энциклопедия. 3-е изд. Москва, 1974. Т. 15. С. 79.
  14. Лучынскі Аляксандр Аляксандравіч / У. А. Пурын // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 446.
  15. 28-я армія ў баях за Брэст : з успамінаў Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта А. А. Лучынскага, былога камандуючага 28-й арміяй // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 131–132.
  16. Вуліца Лучынскага // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 163–164.
  17. Дваццаць восьмая армія / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 190.
  18. Люблін-Брэсцкая аперацыя 1944 / Я. К. Габец // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 310.
  19. Лучинский, А. А. Салют в честь героев : [об освобождении Брестчины] / А. А. Лучинский // Буг в огне : [сборник воспоминаний]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 353–360.
  20. Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Татьяна Ходцева. Ее генералы / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2019. 28 июня (№ 26). С. 7.
Чытаць 1154 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Сакавік 2021 10:02