У Чырвоную армію Фёдар Хахракоў быў прызваны Кунгурскім раённым ваенкаматам Молатаўскай вобласці (цяпер Пермскага краю) у сакавіку 1943 г. Праз год, у сакавіку 1944 г., скончыў Смаленскае артылерыйскае вучылішча, якое знаходзілася ў эвакуацыі ў г. Ірбіце Свярдлоўскай вобласці.
На фронце з 1944 г. Першае баявое хрышчэнне малодшы лейтэнант Ф. П. Хахракоў атрымаў пры вызваленні Беларусі на Бабруйскім напрамку каля в. Сычкова, дзе батарэя пад яго камандаваннем нанесла шматлікія страты ворагу і паказала выключны гераізм.
Паспяховае наступленне ў ходзе аперацыі «Багратыён» працягвалася. Камандзір
2-га агнявога ўзвода 3-й батарэі 1071-га армейскага знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка малодшы лейтэнант Фёдар Хахракоў асабліва вызначыўся ў ходзе Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі. 1071-ы артылерыйскі полк у складзе конна-механізаванай групы генерала Ісы Аляксандравіча Пліева ішоў рэйдам па тылах праціўніка на Брэсцкім напрамку з задачай авалодаць плацдармам на рацэ Заходні Буг і ўтрымліваць яго да падыходу асноўных сіл.
18 ліпеня 1071-ы артылерыйскі полк замацаваўся каля в. Відамля Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, дзе ішлі найбольш жорсткія і працяглыя баі. Пазіцыі палка бамбілі варожыя самалёты, абстрэльвала артылерыя. Камандзір палка Іваноў аддаў загад камандзіру 3-й батарэі Ф. П. Хахракову ўтрымаць важнае ў стратэгічным плане скрыжаванне шасэйных дарог, каб не дапусціць прарыў праціўніка.
Знаходзячыся з узводам у складзе гарнізона ў в. Відамля з 18 па 21 ліпеня 1944 г., малодшы лейтэнант Ф. П. Хахракоў праявіў сябе як адважны, выключнай мужнасці афіцэр. Яго ўзвод адбіў шэсць атак пяхоты і танкаў дывізіі СС. Пры гэтым былі знішчаны 4 танкі цяжкага тыпу, два станковыя і 4 ручныя кулямёты, 1 зенітная гармата і звыш 200 салдат і афіцэраў. У баі Ф. П. Хахракоў сам страляў з гарматы і, калі ўзвод трапіў у акружэнне і гарматы былі разбітыя прамым пападаннем, ён арганізаваў выхад узвода з акружэння. Сам быў цяжка паранены, застаўся прыкрываць адыход байцоў. Калі нямецкія аўтаматчыкі наблізіліся да яго, каб захапіць у палон, Фёдар Хахракоў стрэлам з пісталета пакончыў са сваім жыццём, не здаўшыся ў палон фашыстам.
Адважны афіцэр загінуў смерцю храбрых 21 ліпеня 1944 г. Быў пахаваны на месцы свайго апошняга бою ў в. Відамля. У 1960 г. перапахаваны ў брацкую магілу ў цэнтры г. Камянца. У гэтай магіле ў скверы пахаваны 1369 воінаў і партызан, якія загінулі ў 1941–1944 гг. У 1975 г. устаноўлены помнік — скульптура воіна і стэла, у 1980 г. устаноўленыя пліты з імёнамі пахаваных.
Загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 10 жніўня 1944 г. 1071-му армейскаму знішчальна-супрацьтанкаваму артылерыйскаму палку прысвоена ганаровае найменне «Брэсцкі». Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 верасня 1944 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм малодшаму лейтэнанту Фёдару Паўлавічу Хахракову пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Узнагароджаны ордэнам Леніна, медалём «Залатая Зорка».
Імем Фёдара Xахракова названа вуліца ў г. Камянцы, у 2000 г. — вуліца ў аг. Відамля. На малой радзіме, у в. Югаўское пастаўлены бюст Ф. П. Хахракова. Яго імя насілі піянерская дружына Югаўской сярэдняй школы і калгас у Кунгурскім раёне. З 2000 г. у Югаўской СШ пачалі праводзіць раённыя турніры па барацьбе дзюдо, прысвечаныя дню нараджэння Ф. П. Хахракова.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Хахракоў Фёдар Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 16. С. 564.
- Хохряков Фёдор Павлович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 448.
- Хохряков Фёдор Павлович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 449.
- Хохряков Фёдор Павлович // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : в 2 т. Москва, 1988. Т. 2. С. 693.
- Хохряков Фёдор Павлович // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 650.
- Хахракоў Фёдар Паўлавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 43.
- Хохряков Фёдор Павлович // Навечно в сердце народном. 2-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 478.
- Хохряков Фёдор Павлович // Золотые Звезды Прикамья. 3-е изд., испр., доп. Пермь, 1974. С. 427–430.
- Салаўёў, М. Да апошняга патрона / М. Салаўёў // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 253–254.
- Братская могила советских воинов и партизан : [г. Каменец] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 219.
- Казлоўская, М. М. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан : [г. Камянец] / М. М. Казлоўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 197.
- Габец, Я. К. Люблін-Брэсцкая аперацыя, 1944 / Я. К. Габец // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 310.
- Іваноў, У. Ёсць вуліца Хахракова ў Відамлі / У. Іваноў // Навіны Камянеччыны. 2000. 22 ліпеня.
- Яфімовіч, У. Фёдар Хахракоў. Памяць жыве ў памяці / Уладзімір Яфімовіч // Навіны Камянеччыны. 2000. 12 красавіка.
- Яфімовіч, У. Жорсткія баі на Камянеччыне / Уладзімір Яфімовіч // Навіны Камянеччыны. 1996. 20 сакавіка.
- Шумаў, В. Да апошняга патрона : [пра подзвіг Ф. П. Хахракова] / В. Шумаў // Ленінец. Камянец, 1990. 1 верасня.
- Ткачэнка, Р. Бессмяротнасць : [пра вызваленчыя баі 1071-га знішчальна-супрацьтанкавага артпалка на тэрыторыі Камянецкага раёна] / Р. Ткачэнка // Ленінец. Камянец, 1988. 21 ліпеня.
- Ткачэнка, Р. За Савецкую Радзіму : [аб баявым шляху Ф. П. Хахракова] / Р. Ткачэнка // Ленінец. Камянец, 1987. 17 кастрычніка.
- Ткачэнка, Р. Так змагаўся Фёдар Хахракоў / Р. Ткачэнка // Ленінец. Камянец, 1982. 8 мая.
- Сусікаў, П. Ішоў бой ля Відамлі : [аб подзвігу Героя Савецкага Саюза Ф. Хахракова] / П. Сусікаў // Чырвоная змена. 1980. 23 лістапада.
- Васільеў, А. Імем герояў : [вуліцы ў Камянцы названы імёнамі Хахракова і Вірко] / А. Васільеў // Ленінец. Камянец, 1974. 29 чэрвеня.
- Фралоў, П. У баі за Відамлю : [пра Ф. П. Хахракова] / П. Фралоў // Ленінец. Камянец, 1971. 8 мая.