Панядзелак, 24 Люты 2020 11:54

11 лютага 2020 г. — 80 гадоў з дня стварэння Установы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Пінску» (1940)

Восенню 1939 г. Заходняя Беларусь была далучана да Беларускай ССР, аб’яднанне ўнесла змены ва ўсе сферы жыцця. 4 снежня 1939 г. была створана Пінская вобласць, на яе тэрыторыі быў накоплены значны масіў дакументаў, якія неабходна было захаваць і сістэматызаваць. Савет Народных Камісараў БССР 11 лютага 1940 г. прыняў пастанову «Аб стварэнні архіўнай справы ў Баранавіцкай, Пінскай, Вілейскай, Брэсцкай і Беластоцкай абласцях БССР».

 

Пінскаму архіву было выдзелена падвальнае памяшканне ў будынку аблвыканкама па вул. Астроўскага, 62. У 1940 г. у штаце было 10 чалавек, узначальваў архіў Павел Якаўлевіч Кудрашоў. На працягу 1940 – першай паловы 1941 г. супрацоўнікі архіва прымалі і разбіралі дакументы дарэвалюцыйнага і польскага перыядаў. Планам работы на 1941 г. прадугледжвалася апрацаваць матэрыялы былых акруговага і гарадскога судоў, Пінскага павятовага староства і турмы. Агульная вага гэтых дакументаў складала 66 т. Акрамя таго, планавалася прыняць на захоўванне матэрыялы былых польскіх устаноў, прадпрыемстваў, навучальных устаноў, бальніц і чыгункі ў колькасць 50 т.

Але Вялікая Айчынная вайна перакрэсліла гэтыя планы. Эвакуацыя дакументальных матэрыялаў з архіва не была праведзена з-за недахопу часу — Пінск быў акупіраваны 7 ліпеня 1941 г. Вокны і дзверы памяшканняў архіва былі забітыя дошкамі і закладзеныя цэглай, камянямі, бярвеннямі. Памяшканні архіва заставаліся зачыненыя да пачатку 1944 г., калі войскі Чырвонай арміі пачалі вызваленне Беларусі. Тады акупанты зацікавіліся падваламі як бамбасховішчамі, памяшканні архіва былі расчыненыя, дакументы вывезеныя, дакументы савецкага перыяду спаленыя, стэлажы і іншае абсталяванне паламаныя і разрабаваныя.

Пасля вызвалення г. Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Пінскі аблвыканкам 3 жніўня 1944 г. прыняў рашэнне аб аднаўленні дзейнасці архіва. Пачаўся пошук вывезеных матэрыялаў. Дакументы аказаліся ў будынку па вул. Кірава, 1, дзе былі зваленыя ў кучы, частка з іх была запакавана ў скрыні, відавочна, для вывазу ў Германію.

Пасля вайны архіў размяшчаўся ў тым жа падвальным памяшканні. Супрацоўнікі збіралі піламатэрыял і самі рабілі стэлажы. У штаце было 11 чалавек замест 21 неабходнай адзінкі. Не ставала перакладчыкаў, што значна ўскладняла працу, бо асноўная маса дакументаў была на польскай і нямецкай мовах. На працягу 1944 г. на захоўванне ў архіў былі прынятыя 24 фонды, амаль 10 т дакументаў. Было разабрана 65 т матэрыялаў з запланаваных 90. На працягу 1945 г. былі адрамантаваныя памяшканні архіва, устаноўленыя стэлажы. Вялікую дапамогу па навукова-тэхнічнай апрацоўцы фонду аказалі калегі з архіваў Гродна, Брэста, Магілёва.

У ходзе разбору матэрыялаў былі выяўленыя няпрофільныя дакументы, якія на працягу 1950–1960-х гг. перадаваліся ў архівы іншых абласцей, а таксама ў архівы Літвы, Польшчы, Украіны. Дакументы дарэвалюцыйнага перыяду былі перададзены ў гістарычныя архівы Гродна і Мінска.

У сувязі са скасаваннем Пінскай вобласці 8 студзеня 1954 г. Пінскі абласны архіў быў рэарганізаваны ў філіял Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. У выніку змяніўся склад дакументаў, удвая паменшылася штатная колькасць. У 1953 г. у штаце было 30 чалавек, у 1954 г. — 14. Да 1966 г. дакументы польскага і ваеннага перыядаў былі перададзеныя на захоўванне ў Брэсцкі абласны архіў.

Паступова расла колькасць фондаў. У 1947 г. — 83, у 1951 г. — 298, у 1957 г. — 664, в 1974 г. — больш за 1200 фондаў. У 1970-я гг. пінскія архівісты штогод давалі болей за 450 кансультацый, праводзілі 40 праверак бягучага справаводства, выдавалі арганізацыям і ўстановам 1600–2000 даведак. У чытальнай зале пастаянна працавалі спецыялісты, навукоўцы, якім рыхтавалі і выдавалі тысячы дакументаў.

У 1986 г. архіў пераехаў у новы, спецыяльна пабудаваны трохпавярховы будынак (вул. Брэсцкая, 139), разлічаны на 200 тыс. адзінак захоўвання. 20 верасня 1996 г. філіял быў пераўтвораны ў Занальны дзяржаўны архіў у г. Пінску. 30 чэрвеня 2001 г. атрымаў назву «Навукова-метадычная ўстанова „Занальны дзяржаўны архіў у г. Пінску“». 4 мая 2012 г. перайменаваны ва Установу «Занальны дзяржаўны архіў у г. Пінску».

Сёння ў архіве захоўваюцца 872 фонды, 264 382 справы. Храналагічны перыяд дакументаў — з верасня 1939 па чэрвень 1941 г. і з ліпеня 1944 г. па цяперашні час. Гэта комплекс архіўных фондаў устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый г. Пінска, Драгічынскага, Іванаўскага, Лунінецкага, Пінскага і Столінскага раёнаў, а таксама скасаваных Антопальскага, Давыд-Гарадоцкага, Жабчыцкага, Ленінскага і Лагішынскага раёнаў. Асобная група фондаў — 4400 спраў ліквідаванага канцэрна «Палессевадбуд», які вёў маштабную меліярацыю Беларускага Палесся ў 1960–1980-я гг.

Пошук архіўнай інфармацыі — работа карпатлівая і працаёмкая, якая патрабуе рознабаковых ведаў па гісторыі, юрыспрудэнцыі, археаграфіі, дакументазнаўстве, замежных моў. Штат архіва складае 20 чалавек. Вялікі ўклад у архіўную справу на Піншчыне ўнеслі Алена Сцяпанаўна Козулева, Іван Георгіевіч Васільеў (1916–2004), Галіна Андрэеўна Галодка, Святлана Рыгораўна Аленічава, Лідзія Іванаўна Кірылава, Тамара Дзмітрыеўна Карнілава, Ніна Мікалаеўна Стрэха, Надзея Валянцінаўна Нікіціна і інш.

Архіў кантралюе вядзенне справаводства ў арганізацыях-крыніцах камплектавання і аказвае ім метадычную дапамогу, выконвае паступаючыя запыты. Архіўныя матэрыялы выкарыстоўваюцца ў СМІ, для падрыхтоўкі выставак і публікацый, пры напісанні навуковых прац.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Жумарь, С. В. Очерки истории архивного дела в Беларуси (ХV в. 1991 г.) / С. В. Жумарь, Д. В. Карев, М. Ф. Шумейко. – Минск : Асвета, 1999. – 298 с.
  2. Зональный государственный архив в г. Пинск : путеводитель, 1939–1941; 1944–2007 / [сост. Н. В. Никитина, Л. Н. Пригодич ; редкол.: Г. В. Лысенко, Л. Н. Пригодич]. – Пинск : Пинская региональная типография, 2012. – 356 с.
  3. Гончар, О. Основные этапы становления и развития Пинского зонального государственного архива / Ольга Гончар // Государства Центральной и Восточной Европы в исторической перспективе : сб. науч. статей. Пинск, 2016. С. 399–406.
  4. Гончар, О. С. История Пинского зонального государственного архива / О. С. Гончар // Исторические и психолого-педагогические науки : сб. науч. статей. Минск, 2015. С. 38–44. (Научные труды Республиканского института высшей школы ; Вып. 15, ч. 1).
  5. Козак, К. И. Архивы Беларуси в годы Великой Отечественной войны: формы и состояние : [в т. ч. Брест, Барановичи, Пинск] / К. И. Козак // Беларуска-польскія архіваліі: стан і перспектывы. Мінск, 2003. C. 1237.
  6. Сацута, А. Хранители прошлого : [о чествовании работников архивных учреждений в облисполкоме в связи с 80-летием архивной службы области] / Алена Сацута // Заря. 2020. 15 февраля. С. 4.
  7. Зеленко, Ю. Хранители истории : [к 80-летию Зонального государственного архива в г. Пинске] / Юлия Зеленко // Полесская правда. Пинск, 2020. 8 февраля. С. 4.
  8. Стефанович, М. История Полесья в надёжных руках : [архивной службе Пинска 75 лет] / Марина Стефанович // Полесская правда. Пинск, 2015. 14 февраля. С. 4.
  9. Пригодич, Л. Путеводитель по архиву : [о научно-методическом издании Зонального госархива в г. Пинске «Путеводитель: 1939–1941; 1944–2007»] / Л. Пригодич // Пiнскi веснiк. 2013. 12 красавiка. С. 4.
  10. Ильенков, В. Место в истории : государственному архиву в Пинске 70 лет / Вячеслав Ильенков // Пiнскi веснiк. 2010. 9 лютага. С. 2.
  11. Кралько, Н. Архивной службе Брестской области 70 лет / Наталья Кралько // Архивы и делопроизводство. 2010. № 1. С. 102–110.
  12. Мясникова, А. Живая память народа / Александра Мясникова // Полесская правда. Пинск, 2009. 9 октября. С. 2.
  13. Козел, А. Архивные находки / Алла Козел // Полесская правда. Пинск, 2009. 18 сентября. С. 3.
  14. Кудрякова, Г. Путеводитель по архивам Беларуси : зональные государственные архивы Брестской области / Г. Кудрякова // Секретарское дело. 2008. № 7. С. 28–30.
  15. Козел, А. Хранители истины / Алла Козел // Полесская правда. Пинск, 2007. 6 октября. С. 4.
  16. Бондаренко, О. Хранители прошлого / О. Бондаренко // Пiнскi веснiк. 2007. 11 верасня. С. 2.
  17. Сытин, Ф. Совершенствуя архивное дело : [о работе с обращениями граждан в Зональном госархиве в г. Пинске] / Ф. Сытин // Пiнскi веснiк. 2007. 5 чэрвеня. С. 2.
  18. Оленичева, С. Где хранится история / Светлана Оленичева // Пiнскi веснiк. 2005. 18 лютага. С. 3.
  19. Корнилова, Т. Д. Не личное дело... / Тамара Дмитриевна Корнилова ; интервью вел В. Ильенков // Пiнскi веснiк. 2003. 4 лiстапада.
  20. Оленичева, С. В архиве фонд Евгения Пулхова / Светлана Оленичева // Пiнскi веснiк. 2003. 22 красавiка. С. 1.
  21. Оленичева, С. Личный фонд в коллекцию архива / Светлана Оленичева // Пiнскi веснiк. 2002. 27 жнiўня.
  22. Колб, Л. Три этажа истории / Л. Колб // Пiнскi веснiк. 2001. 5 кастрычнiка.
  23. Оленичева, С. Наследие, не имеющее цены : [личные документы, воспоминания ветеранов в госархиве] / Светлана Оленичева // Пiнскi веснiк. 2001. 13 лiпеня.
  24. Ильенков, В. Причастность к истории : [к 60-летию госархива в Пинске] / Вячеслав Ильенков // Пiнскi веснiк. 2000. 9 лютага.
  25. Нікіціна, Н. Тры паверхі гісторыі : [архіўная справа на Піншчыне ў 1939–1996 гг.] / Надзея Нікіціна // Беларуская мінуўшчына. 1997. № 3. С. 17–19.
  26. Нікіціна, Н. В. Тры паверхі гісторыі : дыялог карэспандэнта «НТ» з дырэктарам занальнага дзяржархіва / Надзея Валянцінаўна Нікіціна ; [гутарыў Ф. Глінскі] // Народная трыбуна. 1996. 14 снежня.
  27. Никитина, Н. В. Три этажа истории / Надежда Валентиновна Никитина ; [беседовал Ф. Глинский] // Пiнскi веснiк. 1996. 3 верасня ; Полесская правда. Пинск, 1996. 4 сентября.
  28. Аленічава, С. Захаваць гісторыю жыцця / Святлана Аленічава // Полесская правда. Пинск, 1995. 22 марта.
  29. Пчелка, Е. Дом, где живет история : [об открытии нового здания госархива] / Е. Пчелка // Полесская правда. Пинск, 1986. 15 октября.
  30. Пчелка, Е. Архив переезжает / Е. Пчелка // Полесская правда. Пинск, 1986. 6 сентября.
  31. Оленичева, С. За документом человек / С. Оленичева // Полесская правда. Пинск, 1979. 14 сентября.
  32. Васильев, И. На службе народу : филиалу госархива Брестской области в Пинске — 35 лет / И. Васильев // Полесская правда. Пинск, 1975. 11 февраля.
  33. Бубнов, В. А. Опыт работы [Пинского] филиала госархива / В. А. Бубнов // Советские архивы. 1969. № 1. С. 59–60.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1058 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Сакавік 2021 10:39