Субота, 04 Красавік 2020 15:03

2020 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Івана Піліпавіча Акімачкіна (1910–1941), удзельніка абароны Брэсцкай крэпасці (1941)

Іван Піліпавіч Акімачкін нарадзіўся ў чэрвені 1910 г. у вёсцы Крутое Калужскай губерні (цяпер Ігнатаўскага сельсавета Людзінаўскага раёна Калужскай вобласці) у сялянскай сям’і. Працаваў на заводзе. У Чырвоную армію прызваны ў 1931 г. Закончыў ваеннае артылерыйскае вучылішча, служыў у артылерыйскім дывізіёне ў Рэчыцы Гомельскай вобласці; у 1939 г. дывізіён пераведзены ў Брэст. Лейтэнант І. П. Акімачкін — начальнік штаба 98-га асобнага супрацьтанкавага артылерыйскага дывізіёна 6-й стралковай дывізіі, які размяшчаўся ў казематах Усходняга вала Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.

 

На досвітку 22 чэрвеня 1941 г. дывізіён быў падвергнуты артылерыйскаму абстрэлу. Камандаванне прыняло меры, каб вывесці ўсю тэхніку і пушкі з крэпасці праз Кобрынскую і Паўночную брамы. Частка артылерыйскіх разлікаў на чале з камандзірам дывізіёна капітанам М. І. Нікіціным паспела выйсці. Але вораг блакіраваў усе выхады з крэпасці. У крэпасці засталіся разлікі, якія ўзначалілі намеснік камандзіра па палітчастцы старшы палітрук М. В. Несцярчук і лейтэнант А. І. Акімачкін. Яны арганізавалі на валах Кобрынскага ўмацавання абарончыя пазіцыі, устанавілі пушкі і кулямёты, наладзілі дастаўку боепрыпасаў.

Артылерысты разграмілі калону варожых войск, якая рухалася па шашы, адбівалі шматлікія атакі гітлераўцаў. Пазіцыі чырвонаармейцаў гітлераўцы абстрэльвалі з артылерыйскіх установак і мінамётаў. З боку горада вораг пусціў танкі, якія ўступілі ў адзінаборства з артылерыстамі дівізіёна. Меткім агнём з 45-міліметровых пушак быў падбіты галаўны танк, калона ворага спынілася. Адначасова абаронцы Усходняга вала адбівалі атакі варожых аўтаматчыкаў, якія наступалі з боку дамоў камсаставу і Паўночнай брамы. Баі не заціхалі ні днём, ні ноччу. Параненых даглядалі жонкі камандзіраў, сярод іх была Матрона Пракоп’еўна Акімачкіна.

Каля двух тыдняў змагаліся артылерысты 98-га дывізіёна. Многія загінулі: Васілій Аляксандравіч Валакіцін, Аляксандр Аляксандравіч Дарохін, Міхаіл Іванавіч Заікін, Пётр Іванавіч Застэла, Мордух Айзікавіч Кагановіч, Іван Аляксеевіч Кіркоў, Аляксей Аляксандравіч Касцякоў, Іван Афанасьевіч Хабараў, Пётр Савельевіч Шаўчэнка, Мікалай Васільевіч Шыраеў і інш.

27 чэрвеня ў час контратакі загінуў старшы палітрук Мікалай Васільевіч Несцярчук (1901–1941). 29 чэрвеня пачаўся генеральны штурм крэпасці. Застаўшыеся ў жывых сканцэнтраваліся ў казематах Усходняга вала, у іх канчаліся боепрыпасы, яны пакутавалі ад смагі, абяссілелі ад бесперапынных баёў. На пачатку ліпеня пры штурме фашысты выкарысталі агнямёты. 4 ліпеня цяжкапараненага Івана Акімачкіна схапілі фашысты і, знайшоўшы ў кішэні яго гімнасцёркі партыйны білет, расстралялі. Некалькіх чырвонаармейцаў 98-га дывізіёна ўзялі ў палон. У палоне загінулі: Міхаіл Іванавіч Арцёмаў, Рыгор Давыдавіч Дзеравянка, Уладзімір Якаўлевіч Хрушчоў і інш.

Акімачкіны, якiя выйшлі з крэпасці з іншымі жанчынамі і дзяцьмі пад белым флагам, нейкі час утрымліваліся ў турме, а потым знайшлі прытулак у в. Франіпаль Брэсцкага раёна. У акупіраваным Брэсце і яго наваколлі фашысты расстралялі многіх членаў сямей ваеннаслужачых Чырвонай арміі, спецыяльную карную аперацыю правялі восенню 1942 г. У в. Радванічы Брэсцкага раёна 22 кастрычніка 1942 г. карацелі ў ліку іншых расстралялі сям’ю Івана Акімачкіна: сына Вову (1935–1942), дачку Аню (1937–1942) і цешчу Еўдакію Восіпаўну (1880–1942). Матрона Акімачкіна ў той ракавы дзень хадзіла ў Брэст, а вярнулася — знайшла свежую магілу; пасля вайны засталася жыць у Брэсце.

Сям’я М. В. Несцерчука, перажыўшы цяжкія выпрабаванні, засталася ў жывых. Агаф’я Антонаўна, сын Клім і дачка Ліда трапілі ў партызанскі атрад імя Будзённага, толькі ў 1954 г. даведаліся пра лёс Мікалая Васільевіча. Пасля вайны Кліменцій Мікалаевіч стаў ваенным лётчыкам, Лідзія Мікалаеўна (па мужу Тарасевіч) — урачом, працавала ў Антопальскай пасялковай бальніцы Драгічынскага раёна. У Брэсце імем М. В. Несцерчука названа вуліца. Камандзір 98-га дывізіёна Мікалай Іванавіч Нікіцін (1908–1973) прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, камандаваў стралковым палком, быў начальнікам штаба брыгады, узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

За праяўленую мужнасць пры абароне ўсходніх валоў ордэнамі Айчыннай вайны І ступені пасмяротна ўзнагароджаны кіраўнікі абароны старшы палітрук М. В. Несцярчук (1957) і лейтэнант І. П. Акімачкін (1965). Пра іх подзвіг расказваецца ў экспазіцыі залы № 5 Музея абароны Брэсцкай крэпасці. На малой радзіме ў в. Крутое ўстаноўлены абеліск. У Ігнатаўскай асноўнай агульнаадукацыйнай школе Людзінаўскага раёна збіраюцца матэрыялы пра героя, праводзяцца памятныя мерапрыемствы. У Брэсце ў 1974 г. імем І. П. Акімачкіна названа вуліца (мікрараён «Рэчыца»), на доме № 2 устаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Акимочкин Иван Филиппович / С. М. Романюк // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 28.
  2. Акимочкин Иван Филиппович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 15.
  3. Акимочкин Иван Филиппович // Кто есть Кто в Республике Беларусь, 2005 : к 60-летию Победы в Великой Отечественной войне. Минск, 2005. Т. 1. С. 133.
  4. Акимочкин Иван Филиппович // Памяць. Брэст. : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 510–511.
  5. Акимочкин Иван Филиппович // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 24–25.
  6. Акимочкин Иван Филиппович // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 72.
  7. Лейтенант И. Ф. Акимочкин : [буклет] / авт. текста Т. А. Горчанюк, В. Ф. Малашевский. – Минск : Беларусь, 1976. – 1 л. с ил., (слож. в 8 раз).
  8. Нестерчук Николай Васильевич // Памяць. Брэст. : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 530.
  9. Панасюк, П. Н. Абарона Брэсцкай крэпасці. Кобрынскае ўмацаванне / П. Н. Панасюк // Памяць. Брэст. : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 371–374.
  10. Ходцава, Т. М. Брэсцкай крэпасці абарона, 1941 / Т. М. Ходцава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 95–97.
  11. Горчанюк, Т. Смерти у храбрых нет / Татьяна Горчанюк // Герои Бреста : новые документы, свидетельства очевидцев. Минск, 1991. С. 174–181.
  12. Хаметов, М. И. Крепкий орешек / М. И. Хаметов // Непокоренная твердыня / М. И. Хаметов. Москва, 1991. С. 58–63.
  13. Мемориальный знак «5 июля 1941» // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 56.
  14. Улица Акимочкина // Улицы Бреста рассказывают... / Л. Илларионова, Ю. Рубашевский, Н. Свинтилова. Брест, 2007. С. 5–6.
  15. Вуліца Лейтэнанта Акімачкіна // Памяць. Брэст. : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 163.
  16. Лейтенанта Акимочкина улица // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 246.
  17. Сем’і ваеннаслужачых Брэсцкага гарнізона, расстраляныя фашыстамі ў 1941[2] г. : деревня Радваничи // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 295.
  18. Могила жертв фашизма : [д. Радваничи Малые] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 142.
  19. Крейдич, М. Здесь первый шаг свой сделала война, здесь первый шаг свой сделала победа : [о защитнике Брестской крепости И. Ф. Акимочкине рассказывает 88-летняя Матрёна Прокофьевна Акимочкина] / Мария Крейдич // Вечерний Брест. 2000. 7 апреля. С. 3.
  20. Горчанюк, Т. До последнего дыхания : [о защитнике Брестской крепости И. Ф. Акимочкине] / Т. Горчанюк // Заря. 1979. 4 апреля.
Чытаць 1177 разоў Апошняя змена Панядзелак, 15 Люты 2021 15:49