Чацвер, 16 Красавік 2020 14:42

1 жніўня 2020 г. — 100 гадоў з дня ўстанаўлення Савецкай улады ў г. Брэсце (1920)

Польскі ўрад на чале з Ю. Пілсудскім у 1918–1920 гг. праводзіў палітыку, накіраваную на захоп тэрыторый на ўсходзе. Польская армія, створаная і ўзброеная пры дапамозе Францыі, Англіі і ЗША, уварвалася ў межы Літвы, Беларусі і Украіны, пачаўшы Польска-савецкую вайну. 20 лютага 2019 г. польскія войскі захапілі г. Брэст-Літоўск (Брэст) Гродзенскай губерні. Да вясны 1920 г. палякі акупіравалі Мінск, Слуцк, Барысаў, Бабруйск, Жлобін, Рагачоў, Рэчыцу, дзе стваралі свае органы ўлады.

 

Інтэрвенцыя прынесла новыя разбурэнні і беды беларускаму народу, палякі ўстанавілі жорсткі рэжым тэрору і грабяжу. Па ўсёй тэрыторыі Беларусі, захопленай польскімі войскамі, шырыўся антыпольскі рух. У сакавіку 1919 г. у Брэст-Літоўску быў створаны Брэсцкі падпольны камітэт КП(б) Літвы і Беларусі на чале з Якавам Барысавічам Быкіным (1988–1938), членам РСДРП з 1912 г. У арганізацыю ўваходзілі М. П. Хаўкін, А. Іваноў, І. Утуліх, Н. Я. Грынберг, С. Гурыновіч, С. З. Крушынская, А. Сакаленка і інш., склад часта мяняўся.

У 1920 г. камітэт узначальваў падпольную Брэсцкую арганізацыю, якая налічвала 200 чалавек. Камітэту падпарадкоўваліся партыйныя арганізацыі Ваўкавыска, Кобрына, Лунінца, Пінска, Пружан, Слоніма. Камітэт арганізоўваў палітычную работу сярод насельніцтва і польскага войска, каардынаваў дзейнасць партызанскіх атрадаў на Палессі, трымаў сувязь з партыйнымі арганізацыямі Беластока і Варшавы. Вялася агітацыйная работа, распаўсюджваліся лістоўкі, праводзіліся мітынгі.

Падпольны камітэт у ліпені 1920 г. арганізаваў партызанскі атрад пад камандаваннем Мацвея Паўлавіча Хаўкіна (1887–1980) для дапамогі наступаючай Чырвонай арміі. Склалася так, што атрад не паспеў уступіць у бой, але потым стаў асновай міліцыі горада.

У ліпені 1920 г. войскі Заходняга фронту (камандуючы М. Тухачэўскі) пачалі наступленне, вызваляючы тэрыторыю Беларусі ад польскіх інтэрвентаў. 11 ліпеня 1920 г. часці Чырвонай арміі вызвалілі Мінск, 18 ліпеня — Баранавічы, 23 ліпеня — Пінск, 30 ліпеня — Кобрын. Зламаўшы ўпартае супраціўленне, часці 2-й і 10-й стралковых дывізій 16-й арміі пры ўдзеле 57-й стралковай дывізіі Мазырскай групы войск 1 жніўня вызвалілі Брэст-Літоўск.

На вызваленай тэрыторыі партарганізацыямі ствараліся павятовыя рэвалюцыйныя камітэты — органы Савецкай улады. Брэсцкі павятовы рэўкам узначаліў начальнік палявога палітаддзела 57-й дывізіі Аляксандр Іванавіч Угараў (1900–1939). Праз некалькі дзён адбыўся агульнагарадскі мітынг працоўных, прысвечаны вызваленню Беларусі ад польскай інтэрвенцыі. Працоўныя Брэста падтрымалі ўстанаўленне Савецкай улады. Неўзабаве па распараджэнні рэўкама БССР старшынёй Брэсцкага павятовага рэўкама быў назначаны Міхаіл Іванавіч Мароз (1893–1944), вопытны бальшавік.

Адна з галоўных задач Брэсцкага рэўкама  мабілізацыя сіл і сродкаў на дапамогу Заходняму фронту, а таксама папаўненне часцей Чырвонай арміі добраахвотнікамі, арганізацыя дапамогі параненым, нарыхтоўка харчавання і паліва, стварэнне гаспадарчых органаў кіравання прамысловасцю, увядзенне працоўнай павіннасці, барацьба з дэзерцірствам і інш. Была створана рабочая міліцыя, на яе чале і адначасова камісарам крэпасці стаў М. П. Хаўкін.

Польскія рабочыя і сяляне варожа сустрэлі Чырвоную армію. Яе адступленне з-пад Варшавы было абумоўлена палітычнымі пралікамі і ваеннымі памылкамі. 19 жніўня 1920 г. польскія войскі зноў захапілі Брэст-Літоўск. Савецкая ўлада ў Брэсце праіснавала ўсяго 18 дзён. Пасля эвакуацыі з горада павятовы рэўкам быў распушчаны.

У памяць Брэсцкага рэўкама на будынку, дзе ён месціўся (вул. Пушкінская, 23), у 1967 г. устаноўлена мемарыяльная дошка. Дакументы рэўкама захоўваюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Брэсцкі падпольны камітэт КП(б)ЛіБ / М. С. Сташкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 106.
  2. Брестский уездный революционный комитет // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 145.
  3. Брестский подпольный комитет КП(б)ЛиБ в годы Гражданской войны и военной интервенции // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 141.
  4. Брестское коммунистическое подполье в годы Гражданской войны и военной интервенции // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 149.
  5. Очерки истории Брестской областной партийной организации. – Минск : Беларусь, 1989. – 448 с. – Из содерж.: Брестский уездный ревком. С. 44–45.
  6. Савецка-польская вайна, 1920 / М. С. Сташкевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 60–61.
  7. Ліпеньская аперацыя, 1920 / Панцеляймон Селіванаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 369.
  8. Мароз Міхаіл Іванавіч / Э. Карніловіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 79.
  9. Курков, И. Н. «Чижик» высокого полета : [о М. П. Хавкине] / И. Н. Курков // Брестчина: легенды, события, люди / Илья Курков. Минск, 2005. С. 197–201.
  10. Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918–1920 гг. В 2 т. Т. 2. Февраль 1919 – 1920 г. : сборник документов и материалов. – Минск : Беларусь, 1971. – 631 с.
  11. Грицкевич, А. П. Западный фронт РСФСР, 1918–1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию / АПГрицкевич ; под общ. ред. А. Е. Тараса. – Минск : Харвест, 2009. – 494 с.
  12. Мельтюхов, М. И. Советско-польские войны : Белый орел против Красной звезды / Михаил Мельтюхов. – Москва : Яуза : Эксмо, 2004. – 666 с., [4] л. карт. – (История войн).
  13. Какурин, Н. Е. Гражданская война в России : война с белополяками / Н. Какурин, В. Меликов ; [сост., предисл. В. Доценко]. – Москва : АСТ ; СПб. : Terra fantastica, 2002. – 732 с., [8] л. карт.
  14. Мельтюхов, М. И. Советско-польские войны : военно-политическое противостояние, 1918–1939 гг. / М. И. Мельтюхов. – Москва : Вече, 2001. – 460 с., [8] л. ил.
  15. Полторак, С. Н. Победоносное поражение : размышления о советско-польской войне 1920 г. в канун ее 75-летия / СНПолторак. – Санкт-Петербург : Терция», 1994. – 268 с.
  16. Михутина, И. В. Польско-советская война, 1919–1920 гг. / И. В. Михутина– Москва : ИСБ РАН, 1994. – 323 с.
  17. Тухачевский, М. Н. Война 1920 года / М. Н. Тухачевский. – Москва : Новости, 1992. – 317 с. – (Время, события, люди).
  18. Рамановіч, П. С. На крутых паваротах гісторыі / П. С. Рамановіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 221–227.
  19. Сарычев, В. Начало «польских часув» / Василий Сарычев // В поисках утраченного времени / Василий Сарычев. Брест, 2006. Кн. 1. С. 53–62.
  20. Слесарук, Т. А. Дом, в котором размещался ревком : [г. Брест] / Т. А. Слесарук // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 62–63.
  21. Слесарук, Т. А. Рэўком : [г. Брэст] / Т. А. Слесарук // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 67.
  22. Слесарук, Т. Красное знамя над Брестом : [установление Советской власти в 1920 г.] / Т. Слесарук, А. Борисовец // Заря. 1977. 11 марта.
  23. Слесарук, Т. Ревкомы Брестчины : [1920 г.] / Т. Слесарук, А. Борисовец // Заря. 1970. 25 августа.
  24. Слесарук, Т. За правое дело : [об установлении Советской власти в Бресте в 1920 г.] / Т. Слесарук, Н. Хорошко // Заря. 1967. 11 июня ; 14 июня ; 20 июня ; 23 июня.
Чытаць 956 разоў