Серада, 27 Май 2020 10:36

2020 г. — 400 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Аляксандра Корвін-Гасеўскага (каля 1620–1662), дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага

Вінцэнт Аляксандр Корвін-Гасеўскі (Гансеўскі) нарадзіўся каля 1620 г. у Воўчыне Берасцейскага павета (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Прадстаўнік шляхецкага роду Корвін-Гасеўскіх герба «Слепаўрон». Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, потым у Рыме, Падуі і Вене.

Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну ў 1646 г., Вінцэнт Корвін-Гасеўскі атрымаў ад караля Уладзіміра Вазы пасаду стольніка вялікага літоўскага. У час вайны 1648–1651 гг. служыў у войску пад камандай Януша Радзівіла, які вёў барацьбу з казакамі. Камандаваў кавалерыйскім палком, удзельнічаў ва ўзяцці Пінска, Бабруйска, у бітве пад Лоевам у 1649 г. У 1651 г. у якасці генерала артылерыі ўдзельнічаў у бітве пад Чарнобылем, дзе разбіў казацкае войска.

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) Вінцэнт Корвін-Гасеўскі вёў ваенныя дзеянні супраць рускіх войск. У 1654 г. атрымаў булаву гетмана польнага літоўскага. Падпісаў у Кейданах шведска-літоўскую унію. Аднак неўзабаве стаў прыхільнікам прымірэння Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы для супольнай барацьбы супраць Швецыі. Выступіў за захаванне уніі ВКЛ з Каралеўствам Польскім.

У выніку канфлікту з Янушам Радзівілам В. Корвін-Гасеўскага арыштавалі і, як палоннага, перавезлі да Караляўца (зараз Калінінград). У няволі здолеў атрымаць ад Карла XГустава пісьмовае пацверджанне намеру нападу на Маскоўскую дзяржаву, якое было перададзена маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу.

Вясной 1656 г. В. Корвін-Гасеўскі ўцек з няволі ў Літву, дзе за ўласны кошт сабраў некалькі харугваў. У змаганні са шведамі дайшоў да Варшавы, удзельнічаў у няўдалай бітве пад Варшавай, пасля якой шведы занялі сталіцу Каралеўства Польскага. Па загаду Яна Казіміра В. Корвін-Гасеўскі са сваімі харугвамі накіраваўся ва Усходнюю Прусію і ВКЛ. Меў канфлікт з гетманам вялікім літоўскім Паўлам Янам Сапегам. 8 кастрычніка 1656 г. разбіў брадэнбургскае і шведскае войска пад Просткамі (Вармінска-Мазурскае ваяводства). Узяў у палон князя Багуслава Радзівіла. Тую бітву апісаў Генрых Сянкевіч у гістарычным рамане «Патоп» (1886).

У 1658 г. у бітве з маскоўскім войскам пад Вільняй трапіў у палон і больш за тры гады правёў у няволі ў Маскве. Умовы яго ўтрымання не былі цяжкімі. Ён працаваў з літаратурай, рабіў пераклады з французскай мовы, пісаў. У красавіку 1662 г. В. Корвін-Гасеўскага выменялі на пяць маскоўскіх ваявод.

Далей служыў у Кейданах, стаўшы на баку караля Яна ІІ Казіміра ў яго супрацьстаянні з бунтуючай шляхтай. Падтрымліваў ідэю моцнай і цэнтралізаванай каралеўскай улады. У лістападзе 1662 г. В. Корвін-Гасеўскага накіравалі ў Вільню для размовы з узбунтаваным літоўскім войскам. Там быў арыштаваны апазіцыйнымі каралю літоўскімі канфедэратамі, і пад Астрыном Лідскага павета 29 лістапада 1662 г. салдаты злачынна забілі Вінцэнта Корвін-Гасеўскага.

Забойства польнага гетмана было з’явай раней не чувалаю. Яно адштурхнула ад канфедэратаў сімпатыі грамадства. Пазней ініцыятараў забойства ўдалося арыштаваць. Пахавалі Вінцэнта Корвін-Гасеўскага ў віленскім касцёле Святога Казіміра. У другой палове 1860-х гг. пры перабудове касцёла пад праваслаўную царкву надмагільны помнік з белага мармуру ў выглядзе фігуры рыцара быў знішчаны.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,
кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Гасеўскія / Вячаслаў Насевіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 516.
  2. Гасеўскія / В. Л. Насевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 82–83.
  3. Гасеўскія / В. Л. Насевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 496.
  4. Gosiewski, Gąsiewski, Wincenty Aleksandr // Nowa Encyklopedia Рowszechna PWN. Warszawa, 2004. T. 3. S. 361.
  5. Gosiewski (Gąsiewski) Wincenty Aleksandr Korwin / Adam Przyboś // Polski Słownik Biograficzny. Wrocław ; Kraków ; Warszawa, 1959–1960. T. 8. S. 343–347.
  6. Сагановіч, Г. Невядомая вайна, 1654–1667 / Г. Сагановіч. – Мінск : Навука і тэхніка, 1995. – 144 с.
  7. Сенкевич, Г. Потоп.Ч. 1, 2 / Генрик Сенкевич ; пер. с пол. Е. Егоровой ; предисл. Ю. А. Лимонова. – Москва : ЭКСМО, 2007. – 639 с. – (Зарубежная классика).
  8. Сенкевич, Г. Потоп. Ч. 2, 3 / Генрик Сенкевич. – Москва : ЭКСМО, 2007. – 607 с. – (Зарубежная классика).
  9. Прыбытка, Г. Барацьба магнацкіх груповак у другой палове ХVІІ – пачатку ХVІІІ ст. / Генадзь Прыбытка // Спадчына. 1995. № 5. С. 32–90.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1089 разоў Апошняя змена Серада, 27 Май 2020 10:45