Пятніца, 29 Май 2020 12:19

17 мая 2020 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Мікалая Іванавіча Ігнатовіча (1940–1992), дзяржаўнага дзеяча, дзяржаўнага саветніка юстыцыі 3-га класа

Мікалай Іванавіч Ігнатовіч нарадзіўся 17 мая 1940 г. у вёсцы Адахаўшчына Баранавіцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці ў сялянскай сям’і. У 1958 г. пачаў працоўную дзейнасць аўтаслесарам Баранавіцкага рамонтнага завода. У 1959–1962 гг. служыў у Савецкай арміі, пасля дэмабілізацыі працаваў на рабочых пасадах у Баранавічах. У 1964–1968 гг. вучыўся на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна.

 

Пасля заканчэння БДУ Мікалай Ігнатовіч працаваў адвакатам раённай кансультацыі ў пас. Бешанковічы Віцебскай вобласці. З 1970 г. — следчы Слуцкай міжраённай пракуратуры Мінскай вобласці, з 1973 г. — старшы следчы Мінскай абласной пракуратуры.

У 1976 г. М. І. Ігнатовіч назначаны следчым па асабліва важных справах пры пракуроры Беларускай ССР. Даследаваў шэраг складаных крымінальных спраў: гібель Першага сакратара ЦК КПБ П. М. Машэрава ў 1980 г.; забойствы інспектара рыбааховы, следчага пракуратуры і двух міліцыянераў у Мазыры ў 1981–1983 гг. («Мазырская справа»); серыя забойстваў жанчын у Віцебскай вобласці ў 1971–1985 гг. (маньяк Генадзь Міхасевіч).

Мікалай Ігнатовіч быў прыхільнікам дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне. У 1989 г. пры падтрымцы грамадскага руху «Беларускі народны фронт „Адраджэнне“» і рабочых прафсаюзаў М. І. Ігнатовіч быў выбраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Разам з ім ад Беларусі былі абраны А. Адамовіч, В. Быкаў, С. Шушкевіч і інш. У Вярхоўным Савеце працаваў членам Камітэта па галоснасці, правах і зваротах грамадзян. З 1990 г. узначальваў Камісію па пытаннях прывілей і льгот.

Пасля аб’яўлення палітычнай і эканамічнай незалежнасці Беларусі (1991) пачалася работа па фарміраванні органаў улады і ўпраўлення сувярэннай дзяржавы. Ва ўмовах радыкальных пераўтварэнняў узнікла задача перагляду, кадыфікацыі і сістэматызацыі заканадаўства. На 7-й сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 15 кастрычніка 1991 г. М. І. Ігнатовіч быў абраны Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь. Асноўнымі напрамкамі сваёй работы Мікалай Іванавіч лічыў дэпалітызацыю, дэідэалагізацыю пракуратуры, гуманізацыю яе дзейнасці. Першым намеснікам Генеральнага пракурора быў назначаны Уладзімір Кандрацьевіч Кандрацьеў, пракурор Брэсцкай вобласці.

З распадам Савецкага Саюза (8 снежня 1991 г.) Пракуратура СССР перастала існаваць. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь на базе існуючых на Беларусі органаў пракуратуры ўтварыў іх адзіную цэнтралізаваную сістэму. Мікалай Іванавіч стаяў ля вытокаў стварэння Пракуратуры Рэспублікі Беларусь. 23 красавіка 1992 г. была зацверджана Канцэпцыя судова-прававой рэформы, у якой вызначаліся шляхі развіцця органаў пракуратуры.

М. І. Ігнатовіч заўчасна памёр ад анкалогіі 5 снежня 1992 г. Пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

  1. Игнатович Николай Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 425–426.
  2. Ігнатовіч Мікалай Іванавіч // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гiст.-дакум. хронiка / склад. М. I. Бернат. Мінск, 2000. С. 615.
  3. Игнатович Николай Иванович // Белорусская юридическая энциклопедия : в 4 т. Минск, 2007. Т. 1. С. 530.
  4. Шиманский, М. Стратегия Николая Игнатовича / Михаил Шиманский // Юридическая газета. 2010. 21 октября (№ 20). С. 1011.
  5. Николай Иванович Игнатович : [некролог] // Советская Белоруссия. 1992. 8 декабря.
  6. Об избрании Генерального прокурора Республики Беларусь : постановление Верховного Совета Республики Беларусь, 15 октября 1991 г. Генеральный прокурор Республики Беларусь : [биография]. Из выступления Н. И. Игнатовича на VII сессии Верховного Совета республики. Из беседы с Н. И. Игнатовичем / беседовала С. Иванова ; фото А. Кушнера // Советская Белоруссия. 1991. 18 октября.
  7. Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Ігнатовіч Мікалай Іванавіч : [біяграфія] // Звязда. 1991. 17 кастрычніка.
  8. Иванова, С. Доброе начало — половина пути : [о 7сессии Верховного Совета Республики Беларусь, на которой Генеральным прокурором Республики Беларусь избран Н. И. Игнатович] / С. Иванова // Советская Белоруссия. 1991. 16 октября.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1104 разоў