Серада, 08 Ліпень 2020 09:31

2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Паўлавіча Барскага (1920–1943), удзельніка партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну

Мікалай Паўлавіч Барскі нарадзіўся ў снежні 1920 г. у Маскве ў сям’і рабочага. Вучыўся ў школе № 336 імя Радзішчава (1928–1935) г. Масквы. Гэта была доследна-паказальная школа. Пры ёй быў арганізаваны інтэрнат, дзе жылі дзеці, якія рана страцілі бацькоў. З такімі хлопцамі і сябраваў Мікалай. З самага дзяцінства хлапчук быў сур’ёзны, добрасумленны, працавіты, з добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, добра вучыўся.

 

Пасля заканчэння сямі класаў (1935) Мікалай тры гады працаваў слесарам на заводзе Цэнтральнага авіягідраінстытута і адначасова вучыўся на рабфаку. У вольны час з захапленнем займаўся маляваннем. У 1938 г. прызваны ў Чырвоную армію, вучыўся ў Разанскім пяхотным вучылішчы імя Варашылава. Узнагароджаны імянным гадзіннікам з надпісам «Лейтенанту М. П. Барскому за отлично проведённые стрельбы».

У 1939 г. лейтэнант М. П. Барскі быў накіраваны на савецка-фінляндскі фронт, дзе ваяваў на Петразаводскім кірунку. На фронце знаходзіўся да канца фінскай кампаніі, быў паранены. Лячэнне праходзіў у Куйбышаўскім шпіталі, затым была паездка ў санаторый у Крым. Пасля адпачынку служыў у Беларускай вайсковай акрузе ў г. Жыткавічы Палескай вобласці, быў камандзірам кулямётнага ўзвода 2-й роты 115-га стралковага палка.

Вялікая Айчынная вайна застала Мікалая Барскага на дэсантных вучэннях пад Маларытай. Паранены, ён прабіраўся на ўсход — на тэрыторыю Драгічынскага, а потым Іванаўскага раёна. Жыхарка в. Трыліскі Ксенія Трафімаўна Блізнюк схавала і выхадзіла цяжка параненага савецкага афіцэра.

Пасля выздараўлення Мікалай Барскі пачаў весці працу па стварэнні камсамольскага падполля. Яго група не давала спакою фашыстам ні днём, ні ноччу. Калі ж фашысты напалі на след падпольшчыка і заставацца ў вёсцы стала небяспечна, Мікалай Барскі сыходзіць у партызанскі атрад імя С. Г. Лазо. Са снежня 1942 г. узначальвае Іванаўскі падпольны райкам камсамола.

У атрадзе імя С. Г. Лазо брыгады імя В. М. Молатава Мікалай Барскі быў прызначаны камандзірам асобнай дыверсійна-агітацыйнай групы. Яны праводзілі дыверсіі на чыгунцы, на вялікіх дарогах, распаўсюджвалі ўлёткі, агітавалі насельніцтва. Тут у поўнай меры праявілася майстэрства М. П. Барскага як камандзіра і палітработніка. Яго гутаркі з моладдзю абавязкова заканчваліся папаўненнем партызанскіх радоў.

20 жніўня 1943 г. Мікалай Барскі і яго баявыя сябры знаходзіліся на заданні ў в. Дружылавічы. Пра гэта даведаліся фашысты. 18 фашыстаў былі накіраваныя затрымаць партызан. Вырвацца з вёскі не было магчымасці, і партызаны ўступілі ў няроўны бой. Адстрэльваючыся да апошняга патрона, са словамі «Живым не сдамься гадам!», ён так і застаўся ляжаць на зялёным лужку за сто метраў ад вёскі. Нібы зграя, фашысты накінуліся на мёртвае цела героя, пакалолі штыкамі і забаранілі жыхарам яго хаваць. Аднак вяскоўцы таемна пахавалі Мікалая Барскага і яго сябра — партызана, члена падпольнага райкама камсамола Івана Нікіціча Раманава (1921–1943) на могілках у в. Лучкі.

Мікалай Паўлавіч Барскі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У гонар героя была названа вуліца ў в. Трыліскі. На будынку мясцовай сельскай бібліятэкі ўсталявана мемарыяльная дошка, якая 5 мая 2015 г. была перанесена на будынак Дружылавіцкай сярэдняй школы. У кабінеце гісторыі школы аформлены куток, прысвечаны М. П. Барскаму.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Отряд им. С. Г. Лазо// Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 183–184.
  2. Іванаўскі падпольны райком ЛКСМБ// Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 191–192.
  3. Атрад імя С. Г. Лазо // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 251–252.
  4. Атрад імя С. Г. Лазо // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 166.
  5. Кирейшин, И. В. Братская могила Барского Николая Павловича и Романова Ивана Никитича : [д. Лучки] / И. В. Кирейшин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 193.
  6. Брацкая магіла Барскага Мікалая Паўлавіча і Раманава Івана Мікітавіча : [в. Лучкі] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 173.
  7. Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 374–379.
  8. О подвигах, о доблести, о славе... / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. – Иваново : Ивановская районная типография, 2015. – 349 с.
  9. Горупа, М. П. Верность земле : (из истории СПК «Дружиловичи», правопреемника колхоза «Большевик») / Мария Горупа ; [редактор Т. М. Савоневская]. Брест : Брестская типография, 2012. 230 с., [16] л. цв. ил.
  10. Нордман, Э. Б. Не стреляйте в партизан… : [воспоминания партизана Пинского соединения] / Эдуард Болеславович Нордман. – Минск : Беларусь, 2007. – 200 с., [6] л. ил.
  11. Котковец, А. Николай Барский увековечен в мраморе : [мемориальная доска установлена на стене Дружиловичской средней школы] / Алла Котковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 15 мая. С. 5.
  12. Котковец, А. Жизнь удалась : [воспоминания Василия Андреевича Шумило о Н. П. Барском] / Алла Котковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 12 мая. С. 3.
  13. Дружиловичский край: так зарождался и взрослел комсомол : [биография Н. П. Барского] // Чырвоная звязда. Іванава, 2013. 25 кастрычніка. С. 5.
  14. Припотнев, А. Добрый след : [о бывшем секретаре подпольного райкома комсомола Н. П. Барском] / А. Припотнев // Чырвоная звязда. Іванава, 1980. 31 ліпеня.
  15. Шумак, А. Іх імёны як песня : [аб М. Барскім і іншых героях] / А. Шумак // Чырвоная звязда. Іванава, 1970. 16 мая.
Чытаць 883 разоў