Серада, 08 Ліпень 2020 09:34

1 мая 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Міхайлавіча Папова (1920–1988), удзельніка партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну, заслужанага настаўніка БССР

Мікалай Міхайлавіч Папоў нарадзіўся 1 мая 1920 г. у вёсцы Навасяргееўка Арэнбургскай вобласці (Расія) у сям’і селяніна-земляроба. Быў студэнтам-завочнікам, працаваў настаўнікам. Запаветнай марай было атрымаць ваенную адукацыю, стаць камандзірам. Мікалая Папова па яго просьбе ў 1939 г. двойчы выклікалі ў райваенкамат, але прызыўная камісія залічвала ў рэзерв, бо ў школах не хапала настаўнікаў.

 

Нарэшце, 15 верасня 1939 г. Мікалай Папоў быў накіраваны ў Бабруйскае ваеннае пяхотнае вучылішча. Вучоба давалася лёгка. Курсант добра страляў, выдатна ведаў матэрыяльную частку зброі, воінскія статуты. Доўгія паходы, штотыднёвыя кросы, частыя вучэбныя трывогі загартоўвалі характар курсанта. 10 чэрвеня 1941 г. яму было прысвоена званне лейтэнанта.

Мікалай Папоў быў накіраваны ў 15-ы стралковы полк 49-й Чырвонасцяжнай дывізіі, які размяшчаўся пад г. Высокае (цяпер Камянецкі раён), за два кіламетры ад дзяржаўнай граніцы. Да месца службы прыбыў 19 чэрвеня 1941 г. А 21 чэрвеня малады афіцэр атрымаў водпуск і пачаў збірацца ў родны Арэнбург. Аднак дамоў Мікалай Папоў так і не паехаў — пачалася вайна. На пазіцыі палка абрушыўся агнявы шквал нямецкай артылерыі. Прыкладна тры чвэрці асабовага саставу палка загінула. Астатнія салдаты пасля няроўнага бою пачалі адыходзіць. Камандаванне на сябе ўзяў старшы лейтэнант Свірыдаў.

Мікалай Папоў апынуўся ў акружэнні, укрываўся ў в. Заруддзе Іванаўскага раёна. Зімой 1941–1942 гг. ён пазнаёміўся з многімі мясцовымі людзьмі, сярод іх знайшоў нямала аднадумцаў, сапраўдных патрыётаў: Антона Іосіфавіча і Алену Якаўлеўну Бандарукоў, Антона Сідаравіча і Вольгу Міхайлаўну Шумакоў, Аляксандра Аляксандравіча і Алену Андрэеўну Кухарчукоў. Апошняя аказала неацэнную дапамогу Мікалаю Папову ў арганізацыі партызанскай групы. Яна пазнаёміла лейтэнанта з хлопцамі, якія пражывалі ў Дастоеўскім сельсавеце: А. С. Еслікавым, Б. Ф Рысавым, К. Версуновым, І. К. Бураком. Яны сталі першымі байцамі групы. З дапамогай А. А. Кухарчук падполышчыкі здабылі ручны кулямёт і патроны. Па яе дакладнай інфармацыі яны ведалі, што робяць і што плануюць акупанты не толькі ў Застружанскай гміне, але і ў Іванаве.

Спачатку састаў групы Мікалая Папова быў невялікі — 9 чалавек, але камандзір паставіў задачу: колькасна вырасці, добра ўзброіцца і ў ноч на 5 мая 1942 г. выйсці на практычныя справы. Першай удала праведзенай баявой аперацыяй было вызваленне юнакоў і дзяўчат, мабілізаваных на работу ў Германію з в. Беразляны.

25 ліпеня 1942 г. група лейтэнанта М. М. Папова ў колькасці 36 чалавек улілася ў партызанскі атрад імя М. Ц. Шыша, якім камандаваў Міхаіл Іванавіч Герасімаў, стала трэцім узводам атрада.

Пасля прызначэння М. І. Герасімава камандзірам партызанскай брыгады імя В. М. Молатава атрад імя М. Ц. Шыша ўзначаліў М. М. Папоў. Слаўны баявы шлях прайшоў партызанскі атрад пад камандаваннем Мікалая Папова. За перыяд з 8 красавіка 1942 г. да 1 мая 1944 г. байцы яго атрада знішчылі 76 варожых эшалонаў, 76 паравозаў, 480 вагонаў, 1125 платформаў, забілі 4335 і паранілі 875 немцаў, разграмілі 38 гарнізонаў, 24 паліцэйскія ўчасткі. Удзельнічалі ў 42-дзённай абароне Дняпроўска-Бугскага канала.

У гэтым немалая заслуга М. М. Папова, чалавека небывалай мужнасці і гераізму. Сваімі дзеяннямі, асабістым прыкладам у баі ён усяляў у падначаленых упэўненасць у перамозе, выхоўваў у байцоў смеласць, кемлівасць, цярплівасць і вынослівасць. Тады маладому камандзіру было ўсяго 22 гады. За баявыя заслугі Мікалай Міхайлавіч узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, медалямі «За отвагу», «Партизану Отечественной войны» I ступені, «За победу над Германией».

Пасля вайны М. М. Папоў застаўся жыць і працаваць на Палессі. 16 гадоў працаваў загадчыкам раённых аддзелаў народнай адукацыі ў Століне (1944–1953) і Драгічыне (1955–1960), дырэктарам школы ў в. Ліпнікі Драгічынскага раёна (1960–1967). Абіраўся дэпутатам Драгічынскага раённага Савета. За плённую педагагічную дзейнасць Мікалаю Міхайлавічу прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР» (1968), уручаны знак «Отличник народного образования», медалі «За трудовое отличие», «За доблестный труд», «Ветеран труда».

М. М. Папоў памёр 1 чэрвеня 1988 г. Ліпніцкай сярэдняй школе ў 2004 г. было прысвоена яго імя, на фасадзе будынка ўсталявалі барэльеф з выявай партызанскага камандзіра і памятную пліту ў яго гонар. 5 мая 2019 г. у Ліпніцкай СШ імя М. М. Папова ўрачыста адкрыты абноўлены музейны пакой.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Лабада, В. «Камандзір атрада» : [Мікалай Міхайлавіч Папоў] / В. Лабада // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 218–219.
  2. Папоў Мікалай Міхайлавіч // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 424.
  3. Отряд Н. Т. Шиша// Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 182–183.
  4. Атрад імя М. Ц. Шыша // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 269.
  5. Папоў М. М. // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 165, 168, 172, 209, 243, 245, 291, 424.
  6. О подвигах, о доблести, о славе... / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. – Иваново : Ивановская районная типография, 2015. – 349 с.
  7. Нордман, Э. Б. Не стреляйте в партизан… : [воспоминания партизана Пинского соединения] / Эдуард Болеславович Нордман. – Минск : Беларусь, 2007. – 200 с., [6] л. ил.
  8. Шубитидзе, И. Г. Полесские были : [воспоминания о партизанском движении на Полесье, упоминается Н. М. Попов] / И. Г. Шубитидзе. – Минск : Беларусь, 1974. – 272 с.
  9. Рассафонов, А. В Липниках открылась обновленная комната памяти : [5 мая состоялось торжественное открытие комнаты памяти Н. М. Попова в средней школе д. Липники] / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2019. 14 мая.
  10. Шафран, Г. Дастойнае iмя — вясковай школе : [пра ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкi ў гонар партызанскага камандзiра, настаўнiка М. М. Папова (1920–1977) на будынку Лiпнiцкай СШ iмя М. М. Папова] / Галіна Шафран // Драгiчынскi веснiк. 2011. 8 верасня.
  11. Сяргей, А. Гарэла зямля пад нагамі акупантаў : [згадваецца М. М. Папоў] / Аляксей Сяргей // Драгiчынскi веснiк. 2011. 26 сакавіка.
  12. Кинчак, С. Установлена фамилия еще одного героя : [из воспоминаний Н. М. Попова] / Светлана Кинчак // Драгічынскі веснік. 2011. 8 лютага.
  13. Кинчак, С. Партизанские и жизненные дороги Николая Попова / С. Кинчак // Чырвоная звязда. Іванава, 2010. 7 мая. С. 3.
  14. Крейдич, А. Увековечено имя партизана : [об открытии мемориальной доски в честь партизанского командира, учителя Н. М. Попова на здании школы д. Липники Дрогичинского района] / Анатолий Крейдич // Заря. 2004. 4 сентября.
  15. Партызанскімі сцежкамі : [М. М. Папоў] // Чырвоная звязда. Іванава, 1987. 9 мая.
Чытаць 1155 разоў