Чацвер, 16 Ліпень 2020 09:26

2020 г. — 165 гадоў з дня нараджэння Яўгена Аляксандравіча Рагоўскага (1855–1911), фізіка, метэаролага, прафесара Пецярбургскага і Харкаўскага ўніверсітэтаў

Яўген Аляксандравіч Рагоўскі нарадзіўся ў 1855 г. у г. Кобрыне Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці) у сям’і гарадскога ўрача, род якога паходзіў з патомнай шляхты Гродзенскай губерні.У 1874 г. Яўген Рагоўскі закончыў Беластоцкае рэальнае вучылішча, у 1876 г. паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. Праз год здаў за курс гімназіі і паступіў на матэматычнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе слухаў лекцыі Д. Мендзялеева, П. Чэбышава, Ф. Петрушэўскага, І. Боргмана, А. Хвольсана.

У 1882 г. Яўген Рагоўскі закончыў курс універсітэта са ступенню кандыдата. Затым усё жыццё спалучаў працу выкладчыка і вучонага. Па заканчэнні ўніверсітэта Яўген Аляксандравіч выкладаў матэматыку і фізіку ў Пакроўскай жаночай гімназіі ў Санкт-Пецярбургу і адначасова займаўся падрыхтоўкай для атрымання прафесарскага звання ў фізічнай лабараторыі пад кіраўніцтвам прафесара Ф. Петрушэўскага пры Пецярбургскім універсітэце.

Рускім фізіка-хімічным таварыствам быў камандзіраваны на станцыю Падсонечная Маскоўскай губерні для фотаметрычных вымярэнняў у складзе камісіі па даследаваннях поўнага сонечнага зацьмення, якое назіралася 7 жніўня 1887 г.

У 1903 г. Рускім астранамічным таварыствам за працы «О составе атмосферы солнца и планет и их температуре» і «Ещё о температуре и составе атмосфер солнца и планет» (1899) Я. А. Рагоўскі быў удастоены прэміі і медаля імя імператара Мікалая Аляксандравіча. У тым жа годзе абараніў дысертацыю «О внешней теплопроводности серебряных проволок в воде» на ступень магістра фізікі.

З 1891 г. Я. А. Рагоўскі выкладаў фізіку і матэматычную геаграфію ва Увядзенскай мужчынскай гімназіі. З 1885 да 1904 г. быў памочнікам рэдактара фізічнай часткі часопіса «Журнал Руского физико-химического общества» і на працягу некалькіх гадоў кіраваў практычнымі заняткамі студэнтаў у фізічнай лабараторыі Пецярбургскага ўніверсітэта. Навуковыя працы вучонага, якія друкаваліся ў «Журнале Руского физико-химического общества», «Nature», «Astron. Nahhrichten» і інш., прысвечаны такім пытанням, як будова зямной атмасферы, тэмпература і склад атмасферы Сонца і планет, сонечная радыяцыя, кінетычная тэорыя газаў. Вучоны праводзіў фотаметрычныя назіранні.

На працягу 1903–1904 гг. Я. А. Рагоўскічытаў лекцыі па кінетычнай тэорыі газаў у Пецярбургскім універсітэце ў якасці прыват-дацэнта, адначасова працаваў у гімназіях. Чытаў публічныя лекцыі аб тэрмаэлектрычнасці, аб Сонцы, а таксама публічны курс гідрастатыкі.

У 1904 г. Яўген Аляксандравіч выбіраецца на пасаду прафесара кафедры фізікі і метэаралогіі Імператарскага Харкаўскага ўніверсітэта, дзе выкладаў такія дысцыпліны, як метэаралогія і механічная тэорыя цяпла. Адначасова ў 1907–1908 гг. чытаў курс эксперыментальнай фізікі ў Харкаўскім ветэрынарным інстытуце.

У 1906 г. Я. А. Рагоўскі прыняў удзел у пасяджэнні камісіі па даследаванні Сонца пры Імператарскай Акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу. У 1909 г. прыняў удзел у II Метэаралагiчным з’ездзе (Санкт-Пецярбург). Я. А. Рагоўскі з’яўляўся пажыццёвым членам Рускага фізіка-хімічнага таварыства і сапраўдным членам Рускага астранамічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу, французскага фізічнага таварыства ў Парыжы і Харкаўскага матэматычнага таварыства.

Працаваў у сваёй лабараторыі па пытанні аб зменах спектра вадарода ад працягласці дзеяння моцных разрадаў. Папярэднія звесткі аб сваіх вопытах паслаў на I Мендзялееўскі з’езд (1907). Выпрацаваў план вопытаў і амаль усё падрыхтаваў для іх (факультэт адпусціў неабходныя сродкі для набыцця прыбораў), але хвароба прыпыніла яго работы.

У 1909–1910 гг. захварэў на пляўрыт, па рэкамендацыі ўрачоў паехаў лячыцца ў Швейцарыю (камуна Мантро), затым у Крым. Пасля працяглай хваробы Яўген Аляксандравіч Рагоўскі заўчасна памёр 6 лютага 1911 г. у Ялце. Засталася добра падабраная бібліятэка кніг па фізіцы і матэматыцы, якую праўленне Харкаўскага ўніверсітэта набыло для фізічнага і матэматычнага семінараў. Бібліятэка была змешчана ў асобным пакоі, упрыгожаным партрэтам прафесара.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоування і інфармацыі

 

Асноўныя працы Я. А. Рагоўскага

  1. О температуре небесного пространства / Е. А. Роговский // Метеорологический вестник. 1909. № 8 ; № 9.
  2. История преподавания метеорологии / Е. А. Роговский // Физико-математический факультет Харьковского университета за первые сто лет его существования. Харьков, 1908. С. 249–258.
  3. О разности температур на границе соприкасающихся тел / Е. А. Роговский // Журнал Русского физико-химического общества. 1903. Т. ХХХV.
  4. Еще о температуре и составе атмосфер солнца и планет // Е. А. Роговский // Известия Русского астрономического общества. 1899. Вып. VII, № 7–9. С. 8 ; Вып. VIII, № 1–3. С. 32–45.
  5. О составе атмосфер солнца и планет и их температуры / Е. А. Роговский // Известия Русского астрономического общества. 1898. Вып. VII, № 1. С. 2, 10–34.
  6. Лучистая теплота / Е. А. Роговский // Энциклопедический словарь Ефрона-Брокгауза. Санкт-Петербург, 1896. Т. ХVIII. С. 118–125.
  7. Кинетическая теория газов / Е. А. Роговский // Энциклопедический словарь Ефрона-Брокгауза. Санкт-Петербург, 1895. Т. ХV. С. 70–75.
  8. Отчет о фотографических измерениях во время полного солнечного затмения 7 августа 1887 г. / Е. А. Роговский // Журнал Русского физико-химического общества. 1888. Т. ХХ. С. 47–77.
  9. О температуре небесных тел / Е. А. Роговский // Журнал Русского физико-химического общества. 1885. Т. ХVII. С. 77, 314–325.
  10. О строении земной атмосферы и общих законах теории газов / Е. А. Роговский // Журнал Русского физико-химического общества. 1884. Т. XVI. С. 25–48, 185–212, 255.
  11. О температуре и составе атмосфер солнца и планет / Е. А. Роговский // Журнал Русского физико-химического общества. 1884. Т. XVI.
  12. О строении земной атмосферы и общей теории газов / Е. А. Роговский // Журнал Русского физико-химического общества. 1882. Т. ХIV. С. 276–277.

 

Аб жыцці і дзейнасці Я. А. Рагоўскага

  1. Рагоўскі Яўген Аляксандравіч / В. А. Гапоненка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 202.
  2. Рагоўскі Яўген Аляксандравіч (1855–1923) // 250 асоб з Беларусi ў дыялогах культур : даведачнае выданне. Мінск, 2008. С. 77–78.
  3. Роговский Евгений Александрович // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Санкт-Петербург, 1907. Доп. т. ІІ а. С. 540–541.
  4. Е. А. Роговский : [некролог, воспоминания А. П. Грузинцева о пребывании Е. А. Роговского в Харьковском университете и список печатных работ// Сообщения Харьковского математического общества. Харьков, 1913. Т. 13, № 6. С. 242–246.
  5. 165 гадоў з дня нараджэння Я. А. Рагоўскага (1855) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 147.
  6. Рагоўскі Яўген Аляксандравіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2017. С. 117–119.
  7. Курачук, С. Кобринское слово сказано и в науке / Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2017. 20 июля. С. 5.
  8. Барысюк, У. Талент і праца землякоў : [у даведніку «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур»кабрынчан у першую чаргу зацікавіць ураджэнец горада Я. Рагоўскі] / Уладзімір Барысюк // Кобрынскі веснік. 2009. 15 ліпеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 935 разоў